Пабае́шка ’біта для гульні ў гарадкі’ (Сцяшк. Сл.), ’шляга з тоўстым канцом, пры дапамозе якой колюць дровы’ (Шатал.), пабавешка, пабаешка ’доўбня, юрок; някемлівы чалавек’ (Сл. ПЗБ), пабавешка ’палка з тоўстым канцом, якую ўжываюць у якасці малатка’ (Інстр. II), паббиня ’тс’ (Шатал., Сл. ПЗБ). Ад пабіць < біць (гл.) з рэгулярнымі суфіксамі -ешка, -ня і аблаўтам у корані (параўн. бой). Адносна суфіксацыі параўн. Сцяцко, Словаўтв., 40, 153.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кон1 ’месца, дзе ставяцца фігуры, якія трэба выбіваць (пры гульні ў гарадкі і г. д.)’ (ТСБМ), ’галоўнае месца дзеяння на пляцоўцы, на якім стаяць удзельнікі гульні’ (Нар. словатв.). Гл. кон3.

Кон2 ’гульня ў мяч’ (Ян.). Гл. кон1.

Кон3 ’чарга, лёс’ (Нас.). Укр. кін ’месца гульні’ і ’месца смяротнай кары’, рус. кон ’рад, чарга’, ’канец, мяжа, рубеж’, ст.-рус. конъ ’тс’, серб.-харв. ко̏н ’пачатак і канец’, ст.-чэш. kon ’канец’, н.-луж. kón ’тэрмін, момант’. Прасл. konъ зберагло рэфлексацыю толькі ў частцы славянскіх моў, у іншых яго выцесніла вытворнае konьcь. Разглядаемае слова знаходзіцца ў рэгулярных апафанічных адносінах з прасл. čęti (гл. пачаць). Гл. Трубачоў, Эт. сл., 10, 195–196.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Клёк1 ’розум, развага’, ’косны мозг’ (ТСБМ, Нас., Шат., Грыг., Янк. БП, Сцяшк., Гарэц., Бяльк., Ян.). Да клёк2 (гл.) семантычны пераход: ’жыццёвая сіла’ > ’розум’.

Клёк2 ’жыццёвая сіла, сокі, клейкасць’ (ТСБМ, Нас., Шат., Бяльк., Мядзв., Мат. Гом., З нар. сл., Ян.), ’расол ад селядцоў’ (Сл. паўн.-зах., Сцяшк.). У гэтым значэнні слова трэба разглядаць як кантамінацыйнае ўтварэнне на аснове крак (гл. кракавіна) і клей2 (гл.). Параўн. бел. кракавіна ’жабурынне’, польск. klej ’тс’, рус. клёк ’тс’. Параўн. таксама Грынавецкене і інш. LKK, 16, 170.

Клёк3 ’дзіцячая гульня, палачка’ (Мат. Гом., Сцяц., Нар. словатв., Ян.). Укр. кльок ’дзіцячая гульня «свінка»’, рус. клёк ’гульня ў гарадкі’, клёка ’драўляны брусок для гэтай гульні’. ЕСУМ (2, 471) сцвярджае генетычную сувязь з клюк ’дзіцячая гульня, драўляны гак’. Гл. клюка.

Клёк4 выкл.-дзеясл. форма: «Нам клёк у грудз[e]: здагадаліса…» (Янк. II). Гукапераймальнае. Параўн. ст.-рус. клекати ’біцца (пра сэрца)’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

згуля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак.

1. Правесці якую‑н. гульню, пагуляць у што‑н. Згуляць у хованкі. Згуляць у гарадкі. Згуляць у валейбол. Згуляць у лато. / што. Аб правядзенні партыі ў якой‑н. гульні або часткі гульні. Згуляць партыю ў шахматы.

2. што. Наладзіць, справіць што‑н. Згуляць вяселле. □ Каласы адспявалі, Іх пажалі, сабралі, Бараду завязалі Ды дажынкі згулялі. Броўка. // Разм. Пратанцаваць, станцаваць (танец). — А ўчора на танцах.. адна нішто сабе была, — сказаў Картыжоў. — Згуляў я з ёю пару танцаў. Чыгрынаў.

3. (звычайна з адмоўем). Разм. Страціць які‑н. час дарэмна; прагуляць. Каваль быў працавіты чалавек, ён не мог згуляць ані хвіліны. Чорны. Усю зіму на конях, на трактары, якому Заранка не давала згуляць ні хвіліны, вазілі на поле гной, тралявалі з балота торф. Сабаленка. // Застацца незасеяным (пра поле, ніву). — Не бойся: людзі не сядзяць, Зямля не будзе нас чакаць, Не запустуе, не згуляе! Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Поп1 ’праваслаўны святар’ (ТСБМ), ’святар’ (ТС); укр. піп, рус. поп, балг. поп, с.-харв. по̏п, славен. pòp, чэш., славац., польск., в.-луж. pop, палаб. püöp ’святар; настаўнік’. Са ст.-польск. pop < ст.-в.-ням. pfaffo ’святар; поп’ < познелац. papa ’тс’ < лац. papas ’настаўнік’ < грэч. πάππος ’дзед, продак’ (Фасмер, 3, 327; Чарных, 2, 56). Банькоўскі (2, 698) адмаўляе сувязь з апошнім, мяркуючы, што першапачаткова назва адносілася да паганскага святара, параўн. поп ’снегавік’ (ТС).

Поп2 ’адуванчык, Taraxacum’ (Мат. Гом.), папо́к, пупо́к ’тс’ (Кіс.), папы́, папкі́, папа́ўка ’нівянік, Leucanthemum (Кіс.), папы́, папакі́ ’скабіёза, Scabiosa’ (Кіс., ЭПБ), папкі́, по́пікі ’паўночнік, Knautia’ (Касп., Кіс.), папо́ўнік ’пірэтрум, Pyrethrum’ (ЭПБ), ’вятроўнік, Filipendula’ (Касп., Кіс.), ’баркун, Melilotus’ (Кіс., ЭПБ), папо́к ’канюшына, Trifolium’ (Бяльк.). Найбольш імаверна, названы гэтыя расліны так паводле вонкавага выгляду іх суквеццяў ад пуп (гл.) з пераходам у > o/а, параўн. яшчэ бел. пуп ’бацюшка’ (ЖНС), што, магчыма, звязана з уплывам лексемы поп (гл. поп1) і магло прывесці да ўзнікнення такіх назваў, як ксёндз ’адуванчык’ (Кіс.). Параўн. яшчэ рус. пупо́к ’кветкавая галоўка’, пуповник ’расліна, Scabiosa arvensis’, пупавка ’рамонак’, попо́к ’упрыгожанне спінкі ложка ў выглядзе шарыка’. Польск. pępawa ’адуванчык’. Банькоўскі (2, 538) таксама ўзводзіць да *pǫp‑ava < *pǫp ’пуп’. Па першасную матывацыю ’нешта пукатае, шарападобнае’ паказвае і назва бабок (гл.). Інакш гл. папаўка.

Поп3 ’пер’е цыбулі, часнаку’ (Мат. Гом.). Хутчэй за ўсё да пуп (гл.). Параўн. пупо́к ’калок, які мацуецца да касся’ (Жд. 3, Мат. Гом.), пупо́к ’зашпілька з кавалачка дрэва’, іншыя назвы для гэтай рэаліі цу́рка, па́лачка (ЛА, 4), пупны ’адросткі пер’яў’ (ЛА, 1), параўн. яшчэ ду́дкі, тру́бкі, па́лкі (ЛА, 1). Сюды ж, відаць, укр. піп ’вертыкальна пастаўленая цурка’, рус. поп ’цурка ў гульні, якую збіваюць палкамі’, ’прадмет, які стаіць старчаком’, попы́гарадкі’, балг. по́пак, по́пок, по́пък ’пень’, по́покь, по́пук ’пуп’, чэш. popek ’жалезны калок для рэгуляцыі глыбіні арання’. Магчыма, ранейшае значэнне пуп ’прадаўгаваты кавалак пупавіны, які пакідаюць пры яе пераразанні’ > ’адсечаны кавалак дрэва, цурка, калок’ > ’старчак, цурубалка’. Параўн. пуп (гл.). Фасмер (3, 327) лічыць этымалагічна тоеснымі поп ’цурка’ і поп ’святар’, але не дае матывацыю. Паводле Будзішэўскай (SFPS, 26, 119–122), балг. поп ’слуп, на які апіраецца верх страхі’ — у выніку замены першапачатковага *dědъ ’тс’ пад уплывам хрысціянства (гл. поп1); паводле БЕР (5, 522), выводзіцца з попник, попницъ ’тс’ ад *pьnǫ, pęti, гл. пяць, што сумнеўна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)