карава́й, ‑я, м.

Вясельны абрадавы пірог круглай формы. Віншаваць са шчасцем пойдуць [людзі] маладых, Каравай пшанічны панясуць да іх. Кляўко. Адно хіба не хапала таго, каб мы з Ірай сталі пад вянец, а астатняе ўсё было: нават дзялілі каравай. Сабаленка. // Вялікая булка, спечаная для якой‑н. урачыстасці, свята. Ваша свята — наша свята! І выносяць залаты Каравай нам з першай хаты Украінскія браты. Панчанка. На чужы каравай рота не разявай. Прыказка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скава́насць, ‑і, ж.

Уласцівасць скаванага (у 2 знач.); адсутнасць свабоды, лёгкасці ў дзеянні або ў праяўленні чаго‑н. Неяк хутка асвойтаўшыся, Хрысціна разгаварылася, і яе першая скаванасць мінулася, а просты твар набыў нейкую асаблівую жывасць, нават узнёсласць. Кухараў. Хацелася быць прыгожым, як і ўсе тут, умець трымаць сябе вольна, без гэтай няёмкай скаванасці. Карпаў. Яе сталі віншаваць, і толькі цяпер пакінула Таццяну скаванасць, шчаслівая ўсмешка азарыла яе твар. Марціновіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ранцавальнікі ’валачобнікі’ (баран., пруж., Бел. фальк. у суч. зап. (Брэс.), 57). Хутчэй за ўсё з *ралцавальнікі (гл. ра́лца2). Сумніўна вывядзенне дзеяслова ранцавацьвіншаваць песняй’ з ра́нец ’заплечная торба’ (“chodit z rancem, určenym pro dary”, гл. Slavia, 43, 1, 54). Не выключана аднак запазычанне, параўн. каш. ramcowac ’стукацца ў дзверы; крычаць’, в.-луж. rancować ’валачыцца’ (< ням. ranzen ’спарвацца (пра сабак)’), гл. SEK, 4, 172, 220; Шустар-Шэўц, 2, 1206.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

насле́днік, ‑а, м.

1. Асоба, якая атрымала спадчыну або мае права на яе атрыманне. Прамы наследнік. Законны наследнік. □ Не шанцавала майму бацьку на сыноў.. А што гэта за гаспадар без наследніка. Скрыган. // Разм. Дзіця, сын. Віншаваць з наследнікам. □ — Ну, Валюха, як наш наследнік? — Вадзім абняў .. [жонку] за плечы, прыхінуў да сябе. Гаўрылкін.

2. перан. Пераемнікі, прадаўжальнікі якой‑н. справы. Наследнікі рэвалюцыйных традыцый. □ [Навум:] — Рыгор Піліпавіч забыўся, што мы наследнікі не толькі беларускай культуры, але і лепшага, што стварыла чалавецтва наогул. Мікуліч.

•••

Наследнік прастола — сын манарха або наогул асоба, да якой павінна перайсці ўлада ў манархічнай дзяржаве.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

віта́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

1. Звяртацца да каго‑, чаго‑н. з прывітаннем. Толькі.. [Алесь] зноў узяўся за рычагі, як у другі раз пачуўся свіст і з-за алешыны, смеючыся і вітаючы яго паднятай рукой, выйшаў Васіль. Краўчанка. Цябе я, мора, не вітаю, Дзень добры не прыношу ў дар. Хадыка.

2. Сустракаць каго‑, што‑н. добразычліва, прыхільна, выказваючы павагу, грамадскае прызнанне. Вітаць герояў-касманаўтаў. □ Госці дружна заапладзіравалі, вітаючы прамову Івана Кузьміча. Каршукоў. Высока ў небе ўзвіліся жаваранкі, спевам сваім вітаючы нараджэнне дня. В. Вольскі. Краіны савецкае знатных людзей Вітае сягоння сталіца. Кляшторны. // Ухваляць, падтрымліваць што‑н. Вітаць смелае пачынанне. Вітаць прапанову.

3. Віншаваць. Вітаць з надыходзячым святам. □ [Пятрусь:] — Цяпер можаш мяне вітаць — школу скончыў на «выдатна». Краўчанка.

4. без дап. Абл. Заходзіць, наведвацца. Варона гонар свой збаўляе, Ды зноў да сметніка вітае. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

А́ці выклічнік, абазначае ўдзячнасць (Нас., КСТ), ’добры дзень, дзякую’ (Гарэц.), ацькі, ацінькі, ацічку памянш. ад аці, дзіцячае слова ’дзякую’ (Касп., Гарэц., Бяльк., КСП), ацкі, аценькі дзіцячае слова, дзіцячы паклон; удзячнасць’ (Нас.), аця ’ўдзячнасць’ (Нас.), аціць, 1 ас. адз. л. а́чу ’дзякаваць, вітаць’ (Гарэц.), дзіцячае ’кланяцца; дзякаваць’ (Нас.), ацю ’дзякую’, пааціць (Карскі, Белорусы, 144), рус. аття ’дзякую’, атить ’маліцца’ (рус. гаворкі на тэрыторыі Літвы), польск. aciu ’дзякую’ (у дзіцячай мове) з т. зв. «пальшчызны крэсовай» і ўсходніх раёнаў Польшчы, aczowaćвіншаваць, калядаваць’ з XVII ст. (Брукнер, 2), літ. ãčiū, ačiúoti ’дзякую, дзякаваць’. Этымалогія няясная. Няма падстаў адносіць ’беларускае слова да паланізмаў, гэтаму пярэчыць геаграфія слова на польскай тэрыторыі; Зданцэвіч (LP, 8, 1960, 335) лічыць літуанізмам у польскіх гаворках на беларускай аснове; Буга (Rinkt., 3, 306), выказвае сумненні адносна паходжання слова. З беларускай мовы выводзяць слова Фрэнкель, 1, і складальнікі акадэмічнага слоўніка літоўскай мовы (LKŹ 1, 1). Урбуціс (Baltistica, V (1), 1969, 48 і наст.), адзначаючы больш шырокае ў параўнанні з іншымі мовамі ўжыванне слова ў літоўскай мове, у прыватнасці — у мове дарослых (на думку Брукнера, 2, пазнейшае), для беларускага слова дапускае магчымасць запазычання з літоўскай мовы, чаму, аднак, пярэчыць геаграфія слова на рускай тэрыторыі (перм., Даль). Апошняе Фасмер (1, 96) звязвае з комі atʼtʼі ’дзякуй’ (загадная форма ад atʼni дзякаваць’), дапускаючы магчымасць запазычання рускага слова, аднак гэтаму пярэчыць шырокая ўжывальнасць слова на беларускай тэрыторыі. Усё сведчыць пра тое, што гэта спецыфічнае ўтварэнне дзіцячай мовы, паходжанне якога, як і іншых т. зв. дзіцячых слоў, застаецца няясным.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ці́снуць 1, ‑ну, ‑неш, ‑не; незак.

1. каго-што і на што. Налягаць сваім цяжарам на каго‑, што‑н. [Паранены:] — Здыміце процівагаз, ён цісне плячо мне. У процівагазе бінт, дастаньце яго... але раней вы можа дасталі б вады мне... — ціха гаварыў ён засмаглымі, пачарнелымі ад пылу губамі. Лынькоў. // З сілай налягаць на каго‑, што‑н.; націскаць. Жанчыны аднастайна згіналі нагу ў палене, з усёй сілы ціснулі ёю на тупы, загнуты край рыдлёўкі, потым увішна пераварочвалі чорны пласт зямлі. Асіпенка. Мікалай Сямёнавіч не стаў адразу ціснуць на запалую ў гняздзе кнопку званка. Пінчук. // Спец. Дзейнічаць сілай напружання. Газ цісне на сценкі пасудзіны. // Сілаю, цяжарам набліжаць да чаго‑н.; прыціскаць. Рэчавы мяшок з акрайцам хлеба і адной бляшанкай кансерваў ціснуў.. [Адама] да зямлі, як каменная гара. Паслядовіч. Да Міколы падсаджваецца тоўсты чалавек, і Мікола адчувае, як нахабна цісне ён яго да сцяны. Гаўрылкін. // перан. Прыгнятаць, выклікаць адчуванне цяжкасці. А сум цісне і цісне сэрца, і я супастаўляю створаныя мною характар і вобраз жанчыны з вобразам тае, з якой мы апынуліся на розных берагах. Дуброўскі. Надвор’е неяк цісне на цябе, псуе настрой. Васілёнак. // перан. Аказваць уплыў на каго‑н., звычайна непажаданы. — Ты ж ведаеш, што на мяне таксама ціснулі. Таму і кажу: самае вернае — нейкі разумны кампраміс. Савіцкі.

2. каго-што. Сціскаць, мяць. Насця Закрэўская.. ціснула ў пальцах крэйду, глядзела на слупок выпісаных ёю на дошцы лічбаў. Чорны. // Моцна абнімаць. Сябры ціснулі адзін аднаго ў абдымках. Кухараў. І ціснуў да сябе Пятрусь дзяўчыну. Нікановіч. // Перашкаджаць дыханню (пра адчуванне болю ў грудзях, сэрцы). Цісне кашаль грудзі — Маці занядужала. Глебка. / у безас. ужыв. Нясцерпна ціснула ў грудзях, калола пад лапаткай. Кандрусевіч.

3. што і без дап. Быць цесным, сціскаць цела (пра адзежу, абутак). Новыя чаравікі ціснуць. □ Каўнер ціснуў горла, замінаў гаварыць. Мележ.

4. што. Выціскаць (сок). Ціснуць сок з яблыкаў. // Разм. Рабіць (віно, гарэлку) саматужным спосабам; гнаць. Насадзіўшы вінаград, [Ной] Ціснуў сам і піў віно. Крапіва.

5. каго-што. Наступаючы, прымушаць здаваць свае пазіцыі, адступаць (пра войскі). — Зводка — цуд! — радасна ўсклікнуў Косця. — На ўсіх франтах нашы ціснуць фашыста. Курто.

6. Павялічвацца, узмацняцца (пра холад, мароз). Ціснуў мароз, і па ўсім было відно, што зіма, не ў прыклад мінулым, будзе суровая. Лупсякоў.

7. Разм. Ужываецца для абазначэння інтэнсіўнага, энергічнага руху або дзеяння. Цяпер наш дзядзька не чытае, А больш пад ногі паглядае Ды кіне вока, ці не блісне Жаданы шнур, ды далей цісне. Колас. [Марат:] — А ты сябруеш з ім [Санеевым]. Давай, Алег, не адкладвай. Цісні да яго. Ярашэвіч.

8. каго-што. Разм. Змяшчаць у якім‑н. выданні, друкаваць. Ціснуць артыкул. // Канчаць, завяршаць якую‑н. творчую работу. Ціснуць дысертацыю.

•••

Ціснуць капейку — а) зарабляць грошы. [Буднік:] — Казённай службы саромецца не трэба. Служы, Мікіта! Цісні капейкі! Галавач; б) збіраць грошы, не траціць.

Ціснуць на (усе) педалі — прыкладаць усе намаганні для дасягнення, выканання чаго‑н.

Ціснуць руку — а) націскаць руку пры сустрэчы, развітванні. Я матулю сваю абдымаю, Свайму бацьку я цісну руку. Астрэйка; б) віншаваць. Кастуся віншавалі. Давалі яму хто што мог. Прыходзілі камандзіры, ціснулі руку. Ваданосаў.

ці́снуць 2, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

1. Аднакр. да ціскаць (у 1 знач.).

2. Зак. да ціскаць (у 3, 4 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)