перацягну́ць, ‑цягну, ‑цягнеш, ‑цягне; зак.

1. каго-што. Цягнучы, перамясціць з аднаго месца ў другое або цераз што‑н. Перацягнуць гарматы на новыя пазіцыі. Перацягнуць канапу ў другі пакой. □ Лодку [хлопцы] перацягнулі цераз дарогу каля моста без асаблівай цяжкасці. Брыль. // Разм. Перавезці, перанесці ўсё, многае. [Тарэнта:] — За зіму лес перацягну, а з вясны, як адсеюся, пачну зруб ставіць. Галавач.

2. перан.; каго. Разм. Угаварыць або прымусіць перайсці ці пераехаць куды‑н.; пераманіць на чый‑н. бок. Перацягнуць сябра з цэха ў лабараторыю. □ [Вэня:] — Памятаеце, як я ўспомніў пра вас і перацягнуў вас з мястэчка сюды? Чорны. Зелянюк пачуў гамонку, выйшаў пацікавіцца, паслухаць, разгаманіўся сам і нарэшце перацягнуў усіх да сябе. Зарэцкі. Адам Некраш перацягнуў на бок партызан батальённага ўрача, немца Ганса (прозвішча не памятаю). Дзенісевіч.

3. перан.; каго-што. Разм. Паступова выкрадаючы, прысвоіць сабе ўсё, многае. Перацягнуць да сябе чужое дабро. □ — Бач, які ты сквапны, гатоў усё калгаснае перацягнуць сабе. Федасеенка.

4. што. Спец. Перанесці частку набору з адной старонкі на другую.

5. што. Працягнуць што‑н. далей, чым трэба. Перацягнуць лінію.

6. што. Апусціцца ніжэй пад уздзеяннем большага цяжару; пераважыць. Адна шаля перацягнула другую. □ Банжын думае раму партала, на якой будзе стаяць і вежа, і электраматоры, падняць наверх у гатовым выглядзе. А пад’ёмнік.. абавязкова перакуліцца. Рама цяжэйшая — перацягне. Шыцік. // перан. Дабіцца перавагі над кім‑, чым‑н., аказацца больш важкім, значным. Набытая мазалём капейка перацягне лёгкі рубель.

7. каго. Аказацца мацнейшым у спаборніцтве, пры якім праціўнікі цягнуць што‑н. у розныя бакі.

8. каго-што. Вельмі туга перавязаць, сцягнуць чым‑н. Надзя адарвала яшчэ шкумат ад сваёй кашулі, перацягнула рану, уссунула валёнак. Бураўкін.

9. што. Нацягнуць што‑н. тужэй або яшчэ раз. Перацягнуць шыны на колах. Перацягнуць канапу.

10. чым. Разм. Балюча ўдарыць чым‑н. гнуткім; хвоснуць. Перацягнуць па спіне бізуном. □ Яўхім роў так, нібы яго рэзалі. — Уставай, гад, бо лейцамі перацягну! Чарнышэвіч.

11. што. Перарабіць, нерашыць (пра скураны абутак). Перацягнуць боты.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хілі́ць, хілю, хіліш, хіліць; незак.

1. што. Нагінаць верхнюю частку чаго‑н.; надаваць чаму‑н. нахіленае становішча; нахіляць. Ой ты, вецер, сціхні, не шумі! Не хілі былінку ніцма-ніц, Дай паслухаць вольны спеў крыніц. Пушча. Не хіліць вецер куст ракіты, Не свішча сумна, як удзень... На гай, на поле і на хаты Спаўзае ночы лёгкі цень. Чарот. Ты бачыў, як шугае бура, А дуб не хіліць галавы, Стаіць крапак сярод суседзяў, Як непахісны вартавы. Прануза. Ніжай і ніжай хіліла сваю галаву, Зачараваную музыкай колаў, Марына. Куляшоў. / у безас. ужыв. Цемень у .. вачах [Кастуся] кружылася, і ўсяго яго хіліла на левы бок. Чорны.

2. што. Спец. Нахіляць набок (самалёт, судна і пад.). Вецер хіліць лодку.

3. каго-што. Ахопліваць, адольваць каго‑н. (пра сон, дрымоту). Станіслава хіліць сон, але спаць нельга, заснеш — загінеш. Мікуліч. / у безас. ужыв. Міканора і самога хіліла на дрымоту. Мележ. Стомленасць і ціхі шэпт хвой хіліў да сну, але партызаны сіліліся перамагчы дрымоту. Шчарбатаў.

4. перан.; на што. Хіліцца, набліжацца да чаго‑н. Лета хіліць на спад. Навуменка. / у безас. ужыв. Паколькі хіліла на вечар, Парфен налягаў з усіх сіл, каб паспець звеяць першую гару намалочанага. Кавалёў.

5. перан.; што і без дап. Накіроўваць да чаго‑н. (думку, справу і пад.). — Дакуль вам жыць пры сястры, — здагадаўся аграном, куды хіліць гаворку хлопец. Пальчэўскі. Я ўважліва слухаў старога, браў у рукі рэчы і не разумеў, да чаго ён хіліць. Хомчанка.

6. перан.; каго да каго-чаго. Прыцягваць, прывабліваць сабой каго‑н. Магчыма, мае значэнне і тое, што ў памяці нашай Касач звязаны шмат з чым, што не надта хіліць да вясёлай балбатні. Адамовіч. // безас. Гарнуць, цягнуць да каго‑, чаго‑н. Яго хіліць да кніжак. □ Тая акалічнасць, што гэты незнаёмы чалавек цікавіцца настаўнікам, хіліла дзяцей да Нявіднага. Колас.

•••

Куды вецер хіліць гл. вецер.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кот (род. ката́) м. кот;

марскі́ к. — морско́й кот;

чаро́тавы к. — камышо́вый кот;

кату́ па пяту́ — от горшка́ два вершка́;

два каты́ ў адны́м мяшку́ — два кота́ в одно́м мешке́;

глядзе́ць, як к. на са́ла — гляде́ть, как кот на са́ло;

купі́ць ката́ ў мяшку́ — купи́ть кота́ в мешке́;

як к. напла́каў — как кот напла́кал; с гу́лькин нос;

жыць як к. з саба́кам — жить как ко́шка с соба́кой;

гуля́ць у ката́ і мы́шку — игра́ть в ко́шки-мы́шки;

цягну́ць ката́ за хвост — тяну́ть кота́ за хвост;

кату́ жа́ртачкі, а мы́шцы смерцьпосл. ко́шке шу́тки, а мы́шке смерть;

міну́лася кату́ ма́сленіца — не всё коту́ ма́сленица;

насі́цца, як к. з селядцо́мпогов. носи́ться, как ку́рица с яйцо́м

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

Паўзці́, драг. поўзтэ́ ’павольна перамяшчацца па паверхні, рухаючыся ўсім целам, на жываце, на карачках; слацца па паверхні, чапляючыся за што-н.’ (ТСБМ, Шат., Сл. ПЗБ, ТС). Укр. повзти́, рус. ползти́, польск. pełzać, pełznąć, чэш. plazit se, plznouti, славац. plaziť sa, славен. pólzati ’паўзці’, plȇzati ’узбірацца’, polzéti ’коўзацца’, pláziti ’датыкацца, кратаць што-н.’, серб.-харв. пу̏зати, пу́зити, макед. ползи, балг. пълзя́, пле́зя, ст.-слав. плъзати, плъзати, плѣсти, плѣсти. Прасл. pьlzti (polzíti sę, pelzati) < і.-е. *pel‑g̑h‑/*polg̑h‑/*pḷg̑h‑, якія маюць іншыя варыянты гэтага кораня: *plou̯‑ (ст.-слав. плоути ’плыць’, літ. plústi ’паплыць’, ст.-інд. plávate ’плыве, ляціць’) і з суфіксам ‑g‑ *plou̯g‑ (прасл. plugъ ’плуг’, чэш. plouhatiцягнуць па зямлі’, ст.-польск. płużyć ’швэндацца’). І.‑е. варыянты *pel‑g̑h‑/*pleu̯‑gh‑ адлюстраваны ў формах: прагерм. felgan/flogan (ст.-англ. fielg, ст.-в.-ням. felga ’ўзаранае поле’, ’барана’ — бел. паўзу́ха ’плуг’, ст.-ісл. fliugą ’ляцець’ і інш. — гл. В. Мартынаў, Лекс. взаим., 175–178). Беручы пад увагу семантычную прыкмету ’слізганне па паверхні, пакіданне следу’, Анікін (Этимология–1980, 41–49) суадносіць прасл. pelz‑/polz‑/pьlz‑ з герм. *fulge‑ ’ісці ўслед’, ’ісці па следу’ < ’след’ < ’паўсці, коўзацца’ і з кельц. (брыцк.) *olg(os) ’след, ісці па следу’, новабрэтонск. heul ’вынік, працяг’, кімрск. ol ’след, тыл’, olaf ’апошні’. Сюды ж паўзу́н ’дзіця, якое яшчэ не ходзіць, а толькі поўзае’ (ТСБМ, Нас.), ’земляная жаба’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ), ’вазон’ (раг., Мат. Гом.), ’бярозка палявая, Convolvulus arvensis L.’ (Касп.), ’плывун’ (швянч., Сл. ПЗБ), паўзун палявы, кам. пувзу́н ’вязель стракаты, Coronilla varia L. (брэсц., гродз., Кіс.; Выг.), паўзу́ха ’павітуха, Cuscula L.’ (шум., Сл. ПЗБ), паўзу́чік ’гарлянка. Ajuga reptans L.’ (петрык., Мат. Гом.), паўзунцы ’вазон’ (Ян.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пяць1 ’лічба пяць’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Стан., Сл. ПЗБ), пʼяць ’тс’ (ТС), укр. пʼять, рус. пять, польск. pięć, чэш. pět, славац. рäť, каш. ṕińc, в.-луж. pjeć, н.-луж. pěš, палаб. pąt, славен. pẹ̑t, серб.-харв. pȇt, балг. пет, макед. пет, дыял. пент, ст.-слав. пѧть. Прасл. *pętь ’пяцёрка’, лічыцца вытворным ад *pętъ ’пяты’; роднаснае прус. penckts ’пяты’, літ. penkì ’пяць’, лат. pìeci ’тс’, гоц. fimf, ст.-в.-ням. fimfto, ням. fünfte ’тс’; сюды ж таксама ст.-інд. páñca, грэч. πέντε, лац. quīnque ’тс’ (Фасмер, 3, 426; Шустар-Шэўц, 2, 1074; Махэк₂, 447; БЕР, 5, 191; Глухак, 476–477; Сной₂, 509–510; ESJSt, 11, 643–644; ЕСУМ, 4, 652–653). Пра першасны назоўнікавы характар лічэбніка, на думку Банькоўскага (2, 569), сведчаць фразеалагізмы — польск. вілен. ni pięć, ni dziewięć, адпаведна ні ў пяць, ні ў дзесяць ’дрэнна і непапраўна (зрабіць)’ (Шат.), паралельныя да літ. nei penki, nei devyni ’ні тое, ні сее’.

Пяць2 ’напружваць, напінаць’ (ТСБМ), ’ціснуць, перці; пнуць, піхаць’ (Нас.), пя́цца ’напружвацца; праціскацца; тужыцца’ (Нас.; Сержп.; смарг., Сл. ПЗБ), пʼяцца ’пнуцца’ (ТС), пя́стысь, пясты́сь ’напружвацца’ (Сл. Брэс.); укр. пʼя́сти ’нацягваць’, рус. пять, польск. piąć, чэш. píti, славац. pnuť, в.-луж. pjeć, н.-луж. pěś, серб.-харв. пе́ти ’ўзнімаць’, славен. pẹ́ti ’нацягваць’, балг. пъ́на. Прасл. *pęti, *рьnǫ ’напружваць, напінаць’, роднаснае літ. pìnti ’плясці, скручваць’, лат. pît ’тс’, грэч. πένομαι ’працаваць’, гоц. spinnan ’прасці’, на аснове якіх рэканструюецца і.-е. *(s)pen‑цягнуць, нацягваць’ (Махэк₂, 447; Фасмер, 3, 292; Шустар-Шэўц, 2, 1075; Глухак, 477–478; Сной₂, 510–511). Мартынаў (Язык, 81) лічыць, што першапачатковае тэрміналагічнае значэнне ’звіваць, прасці’, змененае пад уплывам прасл. *plesti (гл. плясці), што пераняло першаснае значэнне. Гл. таксама і пнуць, пнуццца.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

клони́ть несов.

1. (что-л.) хілі́ць; (наклонять) нахіля́ць, вярну́ць; (склонять) схіля́ць; (нагибать) нагіна́ць; (гнуть) гнуць;

ло́дку клони́ло на́бок ло́дку хілі́ла (нахіля́ла, вярну́ла, схіля́ла) на бок;

ве́тер клони́л дере́вья ве́цер нагіна́ў (гнуў) дрэ́вы;

2. перен. (к чему) хілі́ць (на што, да чаго, куды); гнуць (да чаго, куды); (влечь) цягну́ць (на што, да чаго, куды); (вести) ве́сці (да чаго, куды); (направлять) кірава́ць, скіро́ўваць (на што, да чаго, куды); вярну́ць (да чаго, куды);

клони́ть ко сну хілі́ць на сон;

я сра́зу догада́лся, к чему́ он кло́нит я адра́зу здагада́ўся, куды́ ён гне (хі́ліць);

он кло́нит разгово́р к тому́, что́бы… ён вядзе́ (кіру́е, ве́рне) размо́ву да таго́, каб…;

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

На́маразень ’падоўжны брусок, які набіваецца на капылы ў санях’ (Сл. ПЗБ; карэл., Нар. лекс.), на́маразні мн. (шчуч., Сцяшк. Сл.; Сл. ПЗБ; Сержп. Грам.), на́марзень (ТСБМ), на́марзня, на́мерзня (Сл. ПЗБ; Мат. Гом.), на́марзні (Бяльк., Сл. ПЗБ), на́мярзні (Сл. ПЗБ), на́морожэнь, на́морозень (Маслен.), на́маражня, на́морожня (Мат. Гом., Маслен.; лунін., Шатал.; ельск., КЭС; Сл. ПЗБ, ТС), на́маражні (Пятк., Сл. ПЗБ), на́маржні (Сл. ПЗБ), намарзня ’вяровачная пятля на капыл саней, якой прымацоўваецца аглобля’ (дзярж., Нар. сл.), укр. на́морозень, на́моржень, рус. сіб. на́морзни, на́морожни. Цікавы выпадак народнай этымалогіі, якая грунтуецца на іншай назве дэталі саней, параўн. усту́жьіна ’вязок у санях на першых капылах’ (гарадоц.., Нар. лекс.), палес. сту́зэнь, сту́жені, сту́дні ’тс’ (Маслен.), рус. сту́жень ’вязок, пры дапамозе якога гнутыя высокія галоўкі палазоў прымацаваны да першых капылоў у санях са стуженем або ўсходнееўрапейскіх санях’ (гл. Вийрес, Из истории саней в Прибалтике//Проблемы этнич. истории балтов. Тезисы межресп. конф. Рига, 1985, 129). Элемент стуж‑ (студ‑), што паходзіць ад сту́га ’палоска, сувязь, мацаванне’ (< *s^tęgay да тугі, цяга, цягну́ць, гл. Фасмер, 3, 786), быў атаясамлены з адпаведным элементам у стуж‑а ’сцюжа’, стуж‑ны ’халодны’, у выніку чаго стала магчымай яго субстытуцыя (замена) блізкім па сэнсу элементам мароз і стварэнне паўкалькі на́маразень, дзе прэфіксацыя на- адлюстроўвае надзяванне дэталі зверху на капыл, а суфіксацыя, як у ёту‑ жень, параўн. той жа словаўтваральны тып у іншай назве дэталі — на́даўбень (гл.), у якім адлюстравана «тэхналогія» вырабу дэталі. Можна меркаваць, што магчымасць для дээтымалагізацыі назваў са стуж‑ узнікла ў выніку замены скручаных з гібкіх прутоў вязоў «даўбанымі» вязамі, якія ўжо не сцягвалі капылы з галоўкамі, параўн. палес. сцягі, усцяглі — іншыя назвы разглядаемай дэталі. Знешнім стымулам для стварэння паўкалькі стаў вобраз з намярзаючага на дэталь снегу ці льду, параўн. на́морожня ’намаразь’ (ТС). У плане адноснай храналогіі назва намаразень больш новая ў параўнанні з назвамі на стуж‑ і сцяг‑, аднак больш старая за назвы тыпу на́даўбень, на́дубень і пад.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сцяг1 ’палотнішча на дрэўку як дзяржаўная або вайсковая эмблема’ (ТСБМ, Гарэц., Байк. і Некр., Ласт.). Укр. стяг ’тс’, рус. стяг ’тс’, дыял. паўн. ’жардзіна’, стараж.-рус. (XI ст.) стѧгъ ’баявы сцяг’. Усх.-слав.стѧгъ лічыцца запазычаннем са ст.-сканд. stǫng ’дрэўка, шост’, ст.-швед. stang ’тс’ (гл. Фасмер, 3, 790 з аглядам літ-ры). Паводле іншай версіі, слова спрадвечнаславянскае і звязана з серб.-харв. сти̏јег ’сцяг’, ст.-серб. стегь ’тс’, балг. дыял. стяг ’вясельны сцяг’, што да прасл. *stěgъ, якія параўноўваюцца са сцежар, стажар (гл.) і роднаснымі. Меркаванні пра ўзвядзенне да прасл. *stęgъ (Ягич, AfslPh, 5, 665; Младэнаў, 616) непрымальныя па фанетычных прычынах. Гл. Фасмер, там жа; Кіпарскі, Gemeinslav., 160; Скок, 3, 334; ЕСУМ, 5, 460.

Сцяг2 ’азярод, прыстасаванне для прасушкі збожжа ў снапах’ (барыс., Жд. 2; барыс., Шатал.): ширѣй, вышей сцяги ў поли (барыс., Шн.), sciehi, sciahi ’тс’ (барыс., Маш.). Вузкалакальны тэрмін, паводле знешняга падабенства (робіцца з жэрдак і слупоў), відаць, да папярэдняга, гл.

Сцяг3 ’туша забітай жывёліны’ (Нас., Байк. і Некр.), ст.-бел. стяг ’мера колькасці мяса’ (Ст.-бел. лексікон). Рус. паўн. стяг ’туша каровы або вала’, стяг свежины ’туша без скуры і без галавы’, стараж.-рус. стѧгъ ’тс’. Выводзіцца з съ‑ і *tęgnǫtiцягнуць’; гл. Сабалеўскі, ИОРЯС, 30, 442; Фасмер, 3, 790–791; параўн. яшчэ версію Борыся аб польск. ścięgno (гл. сцягно).

Сцяг4, ’рад будынкаў, што прымыкаюць адзін да аднаго’ (Варл.), ’рад, чарада, паласа, шарэнга’ (полац., Нар. лекс.; Сл. ПЗБ), ’шмат, цуг’ (Барад.), ’абшар, плошча, пляц’ (віл., Сл. ПЗБ; полац., Нар. лекс.), адны́м сця́гам ’адзін за адным’ (клец., Бел. дыял.), сцяж ’абшар’ (Бяльк.), ’рад’ (Сл. ПЗБ), у сцяж ’у адзін рад’ (драг., Нар. сл.), сцяг гаравы ’горны хрыбет’ (Стан.), сюды ж стаг ’рад будынкаў, якія знаходзяцца пад адной страхой’ (беласт., Сл. ПЗБ) са стратай мяккасці ‑т‑. Да цягнуцца, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тарнава́ць1 ’малаціць перавернутыя неразрэзаныя снапы’ (Нас.), ’малаціць неразвязаныя снапы’ (Байк. і Некр.), ’малаціць перакуленыя неразрэзаныя снапы’, ’адбіваць калоссе і адкідваць яго ўбок’ (Касп., Стан.). Параўн. рус. дыял. тарнава́ть ’малаціць збожжа ў снапах, папераменна іх пераварочваючы’, торно́вка ’малацьба звязаных снапоў’. Гл. тара́ніць ’біць, разбіваць цэпам перавязь у снапоў дзела лепшага абмалоту’ (гл.), паводле Насовіча (Нас.), звязана з таран2 (гл.). Няясна. Рускія словы выводзяць са сторновать ’тс’, якое суадносяць са стернь (Праабражэнскі, 2, 385; Фасмер, 4, 84), гл. сцёран2, стырня, або са сторона (Новое в рус. этим., 219), гл. старана.

Тарнава́ць2 ’табаніць, прычальваць, прыставаць да берага’ (Ласт.), ’кіраваць, накіроўваць у пэўным напрамку’ (віл., шальч., Сл. ПЗБ), ’тармазіць, затрымліваць (плыт)’ (віл., іўеў., брасл., Сл. ПЗБ), тарнава́цца ’швартавацца’ (карэліц., ЖНС). З мовы плытагонаў, параўн.: “Гануля тарнуй: выкрык плытнікаў на Нёмане, азначаючы каманду прыбіваць плыт да берагу” (Ласт., 698). Няясна; мяркуюць пра сувязь з ням. steuern ’кіраваць’ (Сл. ПЗБ, 5, 90). Гл. таксама тарно, тарнавы.

Тарнава́ць3 ’біцца ў канвульсіях’: тарну я кунвурсія; тарнуе (пра эпілепсію) (чэрв., Сл. ПЗБ; ЛА, 3), ’трэсціся ў ліхаманцы’ (Жд. 1), ’турбаваць, хваляваць’ (Растарг.), тарнава́цца ’калаціцца ад злосці, страху’ (Жд. 1), ’мардавацца’ (жлоб., Нар. словатв.), ’неспакойна стаяць, кідацца ва ўсе бакі’ (чач., ЖНС), ’насіцца, бегаць’ (Ян.), ’гарэзіць, шумець (пра дзяцей)’ (ветк., Ск. нар. мовы), сюды ж таранава́ць ’пра стан, калі чалавек неспакойна сябе паводзіць’ (там жа). Запазычанне, параўн. польск. дыял. tarny ’мурашкі, дрыжыкі (на целе)’, tarnieć ’дранцвець’, tarnąć ’церпнуць’, што, паводле Брукнера (566), з першаснага *tarpnąć, гл. цярпець, церпнуць.

Тарнава́ць4 ’прыстасоўваць, прымяняць’ (Стан.), ’адносіць; рабіць прыгодным для выкарыстання, прымянення’: ён гэта тарнуе да мяне (віл., Стан.), тарнава́цца ’прыстасоўвацца’ (Гарэц., Байк. і Некр.), ’уладкоўвацца, размяшчацца’, ’прыстасоўвацца, дапасоўвацца’ (віл., Стан.). Наватвор 20‑х гадоў на базе тарнаваць3 з першасным значэннем ’турбаваць, хваляваць’; зафіксавана ў першым выданні слоўніка братоў Гарэцкіх (Гарэц. 1) у прыставачным дзеяслове прытарно́ўваць ’прыстасоўваць, дапасоўваць’, параўн. у сучасным ужыванні тарнаванае мастацтва ’ўжытковае, прыкладное мастацтва’ (Беларусіка, 19, 226), з далейшым развіццём значэння ’дастасоўвацца, датычыцца’.

Тарнава́ць5цягнуць, несці, везці цяжкае ці вялікае’ (Мілк.). Відаць, звязана з тараніць3 ’несці’, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тупы́ ‘недастаткова навостраны, якім цяжка рэзаць, пілаваць, калоць, нявостры’ (ТСБМ, Ласт., Бяльк., Касп., Байк. і Некр., Ян., ТС, Сл. ПЗБ): хочацца хлеба, ды нож туп (Юрч. Крыл.), ‘шырокі, круглы (пра галаву, морду)’, ‘які прыйшоў у стан атупення, абыякавы, бяссэнсавы’, ‘не востры, глухі, ныючы (пра боль)’, ‘глухі, не звонкі (пра гукі)’ (ТСБМ), ‘нячуйны (пра сабаку)’ (Ян.), ‘някемлівы, разумова абмежаваны, неразвіты’ (ТСБМ, Некр. і Байк.; астрав., Сл. ПЗБ, Нас., Вруб., Байк. і Некр.), ‘павольны, гультаяваты’ (паст., лід., брасл., Сл. ПЗБ), тупу́ ‘лянівы, ціхі’ (ТС), ст.-бел. тупый ‘якім цяжка рэзаць, пілаваць, калоць’, ‘разумова абмежаваны, няздольны, някемлівы’, ‘бяссэнсавы (пра погляд, твар)’ (ГСБМ). Укр. тупи́й, рус. тупо́й, стараж.-рус. тупъ, польск. tępy, н.-, в.-луж. tupy, чэш., славац. tupý, славен. tȍp, харв. tûp, серб. ту̂п, балг. тъп, макед. тап. Прасл. tǫpъ ‘нявостры, вышчарблены’, відаць, развілося з і.-е. *tompo‑, параўн. літ. tampýtiцягнуць, расцягваць’, tem̃pti ‘тс’, лат. tiept ‘нацягваць, рабіць тугім’, ст.-ісл. þambr ‘тоўсты, надуты’, ‘нацягнуты (пра цеціву)’, ст.-грэч. τέμνω ‘рэжу’ ўзыходзіць да і.-е. асновы *ste(m)p‑/*ste(m)b‑ і роднаснага і.-е. *stm̥bo‑ ці *(s)tomp‑, *stomb‑ (Фасмер, 4, 122), рэалізаванага ў ст.-в.-ням., ням. stumpf ‘тупы’, ‘без бляску’, ‘някемлівы’; і.-е. *stm̥bo‑ першапачаткова абазначала ‘пакалечыць, урэзаць, вышчарбіць, укараціць, пабіць, прыціснуць’ (Сной₂, 772) і адлюстравалася яшчэ ў ст.-грэч. στέμβω ‘б’ю, таўку, цісну’, ст.-в.-ням. stampf ‘таўкач’, ст.-в.-ням. stumbal ‘абрубак, абрэзак’. Мяркуецца, што значэнні ‘нявостры’ і ‘няздольны, дурны’ ўзыходзяць да праславянскага перыяду (Якубовіч, Drogi słów, 295). Гл. яшчэ Брукнер, 570; Махэк₂, 661; Скок, 3, 524; ЕСУМ, 5, 677; Арол, 4, 117. Сюды ж ту́па ‘павольна’ (гл.), тупава́то ‘туга, дрэнна’ (Зайка Кос.), тупі́ца ‘тупая (затупленая) сякера, каса’ (гл.), тупы́ця ‘тс’ (кам., ЛА, 2), тупі́чка ‘тс’ (Юрч. СНЛ), тупі́ць ‘рабіць тупым’ (ТСБМ, Байк. і Некр.); ту́пянькі ‘тупы (носік у яйку)’ (маладз., Сл. ПЗБ), тупава́ты ‘не зусім востры’ (лід., там жа), тупʼё ‘тупая частка нажа’ (шчуч., там жа), тупі́ла ‘тупы нож, сякера’ (Юрч. Вытв.), ‘тупы, няздольны чалавек’ (там жа; слонім., Сл. рэг. лекс.), тупе́нь ‘няздатны да навукі’ (Нас., Байк. і Некр.), тупа́к ‘тс’ (маладз., Янк. Мат.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)