жыццё, ‑я, н.

1. Асобая форма руху матэрыі, якая ўзнікла на пэўным этапе яе развіцця і прадстаўлена вялікай колькасцю асобных арганізмаў. Узнікненне жыцця на Зямлі.

2. Фізіялагічны стан усяго жывога ад зараджэння да смерці. Што ні кажы, а жыццё, ужо само па сабе, ёсць радасць, вялікае шчасце, бясцэнны дар. Колас. Чалавеку жыццё раз даецца. Чорны. // Функцыяніраванне арганізма, звязанае з яго ўзнікненнем, развіццём і разбурэннем. Хлопчык ляжаў на ложку без усялякіх адзнак жыцця. Шамякін.

3. Паўната праяўлення фізічных і духоўных сіл; душэўны ўздым, натхненне. І гучыць яно [роднае слова] ў полі і ў кузні, За рулём і ў рабочым страі — Скрозь, дзе нашы гарачыя будні, Дзе жыццё на пярэднім краі. Гілевіч. Ты вольным стаў, наш край, цяпер, К жыццю Кастрычнікам прызваны. Колас.

4. Час існавання каго‑н.; век. Свае худыя, так мала ў жыцці цалаваныя рукі,.. [маці] трымала мазалямі да мазалёў. Брыль. Жыццё пражыць — не поле перайсці. Прыказка. // якое або дзе. Перыяд у існаванні каго‑н., абмежаваны рамкамі прабывання дзе‑н. Партызанскае жыццё. □ Доктар усё жыццё змагаўся за ўзорную чысціню ў сялянскіх хатах. Шамякін. // Сукупнасць усяго перажытага і зробленага чалавекам. Апанасу ўспомнілася ва ўсіх драбніцах яго жыццё. Кавалёў.

5. таксама мн. (жы́цці, ‑яў). Пра жывую істоту як носьбіта жыцця. Тыдні заступалі і адыходзілі, а хвароба трымала ў агідных кіпцюрах маладое жыццё. Мурашка.

6. Умовы і спосаб існавання каго‑н.; быт. Савецкі лад жыцця. Заможнае жыццё. Сямейнае жыццё. □ [Сяляне] па-новаму працавалі і будавалі сваё жыццё. Залескі.

7. чаго або якое. Існаванне ў развіцці, у руху (пра народ, дзяржаву, установу і пад.). Літаратурнае жыццё. Мірнае жыццё краіны. / Аб прыродзе, неарганічным свеце, фізічных целах і пад. Жыццё зямлі. Жыццё акіяна. Жыццё лесу.

8. Навакольная рэчаіснасць; быццё. Сувязь навукі з жыццём. □ І вось перамянілася жыццё, перамяніўся і погляд на яго, на рэчы, на самую прыроду. Чарнышэвіч. Строгай мяжы паміж летуценнем і сапраўдным жыццём панна Ядвіга не ведае. Бядуля.

9. Рух, ажыўленне, якія ўтвараюцца жывымі істотамі. Злева чулася гаманлівае жыццё галоўнай вуліцы. Шыцік.

•••

Корань жыцця гл. корань.

Аддаць жыццё за каго-што гл. аддаць.

Выклікаць да жыцця гл. выклікаць.

Дараваць жыццё каму гл. дараваць.

Даць жыццё каму гл. даць.

Жыццё-быццё — тое, што і жыццё (у 6 знач.).

Загубіць жыццё гл. загубіць.

Кончыць жыццё гл. кончыць.

Не ад добрага жыцця — з гора, з бяды.

Не даваць жыцця каму гл. даваць.

Не на жыццё, а на смерць — не шкадуючы жыцця, самым рашучым чынам.

Паміж (між) жыццём і смерцю — у вельмі небяспечным для жыцця становішчы.

Паплаціцца жыццём гл. паплаціцца.

Пуцёўка ў жыццё гл. пуцёўка.

Пытанне жыцця або смерці гл. пытанне.

У жыцці не... — ніколі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Жы́дкі ’вадзяністы, негусты, тонкі’. Рус. жи́дкий ’вадкі’, в.-луж. židki ’негусты’, н.-луж. žydki ’тс’, чэш. уст. židký ’вадкі’, славен. žídek ’негусты, вадкі, мяккі, слабы’, серб.-харв. жи́дак, жи̏дак ’негусты, тонкі (пра сцябло і да т. п.); балг. дыял. жѝтък ’вадзяністы, негусты’. Ц.-слав. жидъкъ ’вадкі’. Ст.-рус. жидкий ’негусты, вадкі’. Прасл. *židъkъ утворана з суф. прыметніка *‑ъk‑ (як салодкі і інш.). І.‑е. корань *g​eid(h) ’жыжа, гразь’: грэч. δεῖσα ’гразь’, арм. gēǰ ’рэдкі’. Покарны, 1, 469; Фасмер, 2, 53; БЕР, 1, 549. Непераканаўчыя паралелі з герм. і іншых і.-е. моў прыводзіў Младэнаў (160); цікавыя, але няпэўныя балт. паралелі (літ. giẽdrùs, giẽdras ’ясны, празрысты’) дае Махэк₂ (727): іх адносяць да і.-е. кораня *g​hei (Покарны, 1, 488; Фрэнкель, 128), сувязь з якім слав. кораня семантычна няпэўная. Прапанова Ваяна (BSL, 31, 44) пра суадносіны *židъkъ з *žica, *žila (семантычна вадкігнуткі) не абгрунтоўвалася.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жэ́рдка, жэрдзь ’ачышчаны ад галля ствол або галіна дрэва’. Рус. жердь, жердка ’тс’, укр. же́рдка ’гарызантальная галінка’, польск. żerdź, żerdka ’жэрдка’, в.-луж. žerdź ’жэрдка; штанга’, н.-луж. žerdka, žerź ’тс’, чэш. žerď, žerďka, славац. žrď, žŕdka, славен. žr̂d, žr̂dka, серб.-харв. дыял. жр̏т, балг. дыял. жерд, жърд, жъ́рда ’жэрдка’. Ст.-слав. жръдь ’кій, кап’ё’, ст.-рус. жердь (XI ст. у копіі XV ст.). Прасл. *žьrdь звязана чаргаваннем галоснага з *gordъ (гл. горад, азярод); параўн. ст.-в.-ням. gerta ’прут’. Фасмер, 2, 47; Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 285–286; Аткупшчыкоў, Из истории, 121; Геаргіеў, Introduction to the History of the I. E. Languages, 1981, 44–45; БЕР, 1, 557; Скок, 602–604; Голуб-Копечны, 444; Покарны, 1, 444. І.‑е. корань *gherdh‑ ’ахватваць, гарадзіць’. Іначай Махэк₂, 726: *žьrd звязана з града, рус. гряда, грядка, што менш верагодна, паколькі не тлумачыць адсутнасці насавога. Гл. яшчэ жэрасць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Здра́да ’пераход на бок ворага’. Рус. смал., варонеж., паўд., зах. зра́да, укр. зра́да ’здрада’, польск. zdrada, чэш., славац. zrada. Ст.-бел. здрада, зрада (з 1509 г.). У Насовіча здра́да ’здрада’, але зра́да ’агульная згода’, ’змова’, ’здрада’. Форма з устаўным ‑д‑ толькі ў бел. і польск., верагодна, бел. здрада < польск. zdrada ужо ў ст.-бел. (Булыка, Запазыч., 120). Форма ўключае корань rad‑ ’савет’ (гл. рада), прэфікс з‑ (< *jьz‑), відаць, гэта аддзеяслоўны (jьzraditi) назоўнік. Параўн. ням. з блізкай унутранай формай Ver‑rat ’здрада’ = ’раз + рада’. Значэнні ’згода’, ’змова’ звязаны з унутранай формай. У групе zr‑d устаўное (Карскі, 1, 353) у выніку уяўнай архаізацыі. Здрадца з суф. ‑ца (Гіст. лекс., 99), як і здрада, з польск. у ст.-бел. Меркаванне пра рад < *ręd (Крыўчык, Труды яз., 35) не адпавядае зах.-слав. фактам, дзе rad не можа быць з ręd. Брукнер, 650; Голуб-Копечны, 439; Махэк₂, 505; Фасмер, 2, 105.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Зялёны. Рус. зеленый, укр. зеле́ний, польск. zielony, серб.-луж. zeleny, чэш., славац. zelený, славен. zelèn, серб.-харв. зѐлен, балг. зелѐн, макед. зелен. Ст.-слав., ст.-рус., ст.-бел. зеленъ. Прасл. zelenъ адлюстроўвае суфіксальнае (з прыметнікавым суфіксам ‑en‑) развіццё кораня *zel, прадстаўленага ў зелле, зелкі. І.‑е. корань мае від *gʼhel‑; у іншых і.-е. мовах розныя галосныя элементы (*gʼhlē, як грэч. χλωρός ’жоўта-зялёны’; параўн. χολέρα ’халера’). Форма з ‑e‑ ў балт. словах са знач. ’зелянець’: літ. žélti, лат. zel̂t. Параўн. літ. žãlias, лат. zalʼš, ст.-прус. saligan ’зялёны’, авест. zaranya ’золата’, zairi ’жоўты’, ст.-в.-ням. gluoen ’гарэць’, ням. glühen ’блішчэць’. Таго ж кораня зала́, золата. Фасмер, 2, 92; Шанскі, 2, З, 84; БЕР, 1, 632; Скок, 3, 648; Голуб-Копечны, 435; Саднік-Айцэтмюлер, 336; Махэк₂, 714; Траўтман, 364–365; Покарны, 1, 429–430; Сураўцава, ЭИРЯ, 8, 151–152. Параўн. жоўты, жоўкнуць, дзе варыянты гэтага кораня.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Зяць ’муж дачкі’. Рус., укр. зять ’муж дачкі, сястры, залоўкі’, польск. zięć, палаб. ząt, чэш. zeť, славац. zať, славен. zèt ’муж дачкі’, серб.-харв. зе̏т, балг., макед. зет ’муж. дачкі ці сястры’. Ст.-слав. зѧть. Ст.-рус. зять. Прасл. zętь. Літ. žéntas ’зяць’, лат. znuôts ’зяць, сваяк’, грэч. γνωτός ’сваяк, брат’, ст.-інд. jñātíṣ ’сваяк’. Да і.-е. *gʼen‑ ’нараджаць’, адкуль *gʼenǝt‑. Трубачоў, История терм., 128–131; Фасмер, 2, 112; Шанскі, 2, З, 116; Махэк₂, 715; Скок, 3, 651–652; БЕР, 1, 636–637. Шаўр (Etymologie, 56–59) звяртае ўвагу на верагоднасць сувязі *zęt‑ з пастуляваным Іллічам–Світычам (Проблемы индоевр. языкозн., 1964, 7) і.-е. *gʼam‑ ’жаніцца’, не выключаючы разам з тым сувязі з і.-е. *gʼen(ǝ) ’нарадзіць — ведаць ад нараджэння’, на якую указваў Ісачанка, Зб. Гаўранку, 125–127 Трэба ўлічваць гіпатэтычнасць пабудовы Ілліча–Світыча, які лічыў, магчыма, што і.-е. корань < сяміцк. *d̯‑m, які этымалагізуецца праз ’запрагаць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пры́гаць, пры́гнуць ’скакаць, скокнуць’ (Бяльк.), прыга́ць ’тс’ (Янк. 2); таксама перан. пры́гаць ’знаходзіцца ў перыядзе цечкі (пра карову)’ (чач., ЛА, 1). Агульная ўсходнебеларуская лакалізацыя зафіксаваных форм паказвае на запазычанне з рус. пры́гать. У рускай мове лічыцца ўласным утварэннем ад прасл. кораня *pryg‑ < *prūg‑, які з’яўляецца працягам і.-е. *preu̯‑/*prou̯‑/*prŭ‑ з фармантам ‑g‑ (Чарных, 2, 77). Без гэтага фарманта корань (часткова ў назалізаванай форме) рэалізуецца таксама ў назоўніку пружы́на, прыметніку пры́ткі1 (гл.), дзеяслоўнай аснове рус. пряг‑ (< *pręg‑, параўн. напрягать). Роднасныя неславянскія ўтварэнні знаходзяць перш за ўсё ў балтыйскіх мовах з пачатковым s‑: літ. sprùgti, (is)sprùkti, sprùkstu ’ўцячы, выслізнуць’, лат. sprùga, sprūgt, sprùku ’тс’ (Фасмер, 3, 390–391; Чарных, 2, 77; там жа гл. іншыя, больш далёкія паралелі і крытычны агляд папярэдняй літ-ры). Гл. таксама пры́жыць2.

Прыга́ць, пріга́ць ’прагна есці’ (жытк., Нар. словатв.; ТС). Дыялектны фанематычны варыянт дзеясловаў пра́гнуць, прэ́гці (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ры́пацца ’рухацца’ (Янк. Мат.), ’ёрзаць, рухацца’ (Гарэц.), ры́пнуць ’хутка пайсці’ (рэч.), рус. рыпаться ’безпаспяхова спрабаваць зрабіць што-небудзь’, дыял. рыпать, рыпе́ть ’рыпець’, укр. ри́пати ’рыпець’, ри́патися ’часта адчыняць дзверы’, польск. rypać ’шыбаваць’, ’уцякаць’, саст. ’біць нагой’, ’рыпець’, чэш. rýpati ’калупаць што-небудзь’, ’тыкаць’, ’піхаць’ > ’чапляцца да каго-небудзь’, ’крыўдзіць’, rypati se ’калупацца’, славац. rýpať ’капаць’ > ’чапляцца да каго-небудзь’, чэш. rypati ’капаць, рыць’, vyrypovat ’ісці пружыністым, спешным крокам’, в.-луж. rypać ’калупаць’, н.-луж. rypaś, балг. рѝпам ’падкідваю ўверх’, ’падскокваю, скачу’. Прасл. *rypati ’рыць, рваць, капаць’. І.‑е. база *reup‑ ’ламаць’, ’вырываць’, ’рваць’, ’раздзіраць’, з расшыральнікам ‑s‑: *reups‑: *rups‑: *ryps‑; корань *reu‑ (: *rw‑) ’рыць’, ’капаць’ (Покарны, 1, 868–870; Куркіна, ОЛА, 135; БЕР, 6, 261–263 з літ-рай). Параўн. літ. ruõpti ’капаць’, raūpti ’выдзёўбваць’, ’раскалупваць’, rupěti ’клапаціцца’, ст.-в.-ням. roubon (ням. rauben) ’рабаваць’, лац. rumpo ’рву’, ’разрываю’, ст.-інд. ropayati ’абламвае’ (Чарных, 2, 130–131).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жо́ўкнуць ’рабіцца жоўтым, жаўцець (пра зеляніну)’ (ТСБМ). Рус. же́лкнуть, укр. жо́вкнути, польск. żółknąć, славац. žltnúť, дыял. žlknuť, балг. жлътвам се, серб.-харв. жу̏тнути ’жоўкнуць’, чэш. žluknouti ’набываць непрыемны запах і горкі смак, псавацца (пра тлушч)’, славен. žółgniti, žółkniti ’псавацца (пра арэхі, муку і г. д.)’. Балг., серб.-харв., славац. формы з ‑t‑ адлюстроўваюць кантамінацыю з жоўты (гл.). Для іншых рэканструюецца прасл. *žьlknǫti са значэннем ’псавацца, горкнуць, жоўкнуць (пра зеляніну)’, дзе ‑nǫ‑ti — дзеяслоўныя суфіксы. Элемент *žьlk‑ (Брукнер, 665) выступае ў значэнні ’горкі’ (жоўклы агурок, жаўкляк таксама, як і тлушч, і арэхі, горкі); ён, аднак, ужо адлюстроўвае ўплыў *žьlt‑. Зыходнай слав. формай можна лічыць *zьlknǫti. Магчыма, такая форма адлюстравана ў чэш. дыял. zelknouti, zliknút ’жоўкнуць’, zalklý ’затхлы’, якія прыводзіць Махэк₂, 729. Менавіта ад формы *zьlk‑ ’горкі’ ўтвораны адцягнены назоўнік ад прыметніка на > ‑ь: *zьlčь ’жоўць’, адлюстраваны ў ранейшых. ст.-слав. помніках як злъчь. Назва жоўці (гл.) потым зазнала ўплыў слова жоўты, як і жоўкнуць. І.‑е. адпаведнікам для *zьlk‑ ’горкі’, магчыма, трэба лічыць занатаваную у Покарнага (1, 434) форму gʼhēlā: ст.-інд. hālā ’гарэлка’, грэч. χάλις ’неразбаўленае віно’. Але магчыма, што сюды і корань gʼhel‑ (Покарны, 1, 429), прадстаўлены грэч. χολος ’жоўць, злосць’, ст.-в.-ням. galla ’тс’. ‑к‑ звычайна — пашырэнне кораня. Магчыма, без гэтага пашырэння корань прадстаўлены ў *zъlъ (гл. злы), які ў Покарнага (1, 489–90) семантычна не вельмі верагодна аднесены да сям’і *g̑h​uel ’згінацца’: не выпадкова так шырока вядома пераноснае значэнне *žьlčь ’злоба’. Іншыя тлумачэнні: Махэк₂ (729) супастаўляў žluknouti (бел. форму ён не ўказваў) з рус. ёлкийбел. ёлкі, ёлкнуць, гл.) і выводзіў žluknouti з jьz‑jьlъk‑nǫti. Фасмер (2, 43 і 45), спасылаючыся на познюю фіксацыю желкнуть, схільны лічыць яго прадуктам трансфармацыі желтый, а ўзнікненне ‑к‑ на месцы ‑т‑ тлумачыць праз форму *žьltlъ (адкуль желклый), у якой, відаць, адбылася дысіміляцыя. Так ці іначай форма жоўкнуць*zьlčь > жоўць) у далейшым семантычна развівалася побач з жоўты і пад яго моцным уплывам.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жураве́ль1 ’птушка Grus grus’, жура́ў (ТСБМ), жураве́й (зэльв., Сцяц.), жо́равель, жура́ўль, жораў (Сл. паўн.-зах.). Рус. жура́вль, пск., пецярб., арханг., алан., валаг., цвяр., маск., дан., наўг., смал., пск., калуж., тул. жу́ра́в, уладз. жураве́й, дыял. жураве́ль ’тс’, укр. журавель, журав ’тс’, польск. żuraw, в.-луж. žoraw, н.-луж. žorawa, чэш. žeráv, славен. žerjàv, серб.-харв. же̏рав, балг. жѐрав ’тс’. Ц.-слав. жєравь, жєравль, ст.-рус. журавль, же̏равь, жаравль ’тс’. Літ. gervè, лат. dzērve, ст.-прус. gerwe, лац. grūs, а таксама грэч. γέρανoς, ням. Krahnich, арм. krunk, кімр. garan ’тс’ адлюстроўваюць той самы і.-е. корань з рознай суфіксацыяй (‑u‑ і ‑n‑). Корань *ger‑ меў гукапераймальны характар і значэнне ’крычаць’. Фасмер, 2, 678; Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 299; Траўтман, 87; Тапароў, E–H, 223–227; Фрэнкель, 137; Мюленбах-Эндзелін, 1, 548; Вальдэ-Гофман, 1, 624; Покарны, 1, 383–384. Семерэньі (ВЯ, 1967, 4, 16) паспрабаваў рэканструяваць злажэнне *gerā avis літ. ’журавель — птушка’, якое ў выніку сцягвання дало gerāvis. Так ці іначай прасл. *žerav‑, адкуль з суфіксам ‑j‑ ва ўсх.-слав. жеравль > жеравель > жоравель і да т. п. Узнікненне ‑у‑ не атрымала тлумачэння. Калі не ўбачаць тут адлюстравання фанетычных змен (зразумелых для польск., дзе, паводле арфаграфіі Брукнера, 666, żóraw), але няясных для ўсх. славян, бо тады ўсх. слав. формы магчыма тлумачыць хіба што як запазычаныя з польск., магчыма выказаць дапушчэнне аб кантамінацыйным уздзеянні з журба1, журыцца, паколькі ў народнай паэзіі журавель звязваецца з тугой і смуткам.

Жураве́ль2 ’прыстасаванне пры калодзежы для даставання вады’, жура́ў (ТСБМ). Рус. жура́вль, дыял. жура́в, жураве́ль, укр. жураве́ль, жура́в (Грынч.), польск. żuraw, славац. žeriav ’тс’, серб.-луж. žorawa ’від прадзільнага стрыжня’, славен. žerjáv ’кран, лябёдка’. Ст.-рус. жеравецъ ’тс’. Форма жураў адлюстроўвае яшчэ прасл. ці ранні слав. сем. перанос паводле формы ад жураў, журавель. Аналагічны перанос адбыўся ў балт., ням., ст.-грэч., венг. Булахоўскі, Нариси з загального мовознавства₂, 1959, с. 13; Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 229; Тапароў. E–H, 224.

Жураве́ль3, жура́ў ’бутэлька на 3 літры’ (Мат. Гом.). Відаць, сем. перанос паводле формы (высокая бутэлька).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)