страсяну́цца, ‑сянуся, ‑сянешся, ‑сянецца; ‑сянёмся, ‑сеняцеся; зак.

1. Здрыгануцца, скалануцца, задрыжаць (ад моцных удараў, выбухаў і пад.). Наверсе столь так страсянулася, што бярвенні ўгары рассунуліся, выйшлі са сваіх гнёздаў. Мележ. Раптам моцна страсянуўся карабель, нешта сарвалася са сцяны і, упаўшы на стол, пырснула мне на рукі шклом. М. Стральцоў. На шнурах вісела ўзрыўчатка і палалі канаты. Агонь бег да ўзрыўчаткі, і праз некалькі секунд усё страсянулася і грукнула страшным узрывам. Чорны.

2. Мімаволі скалануцца, уздрыгнуць (ад страху, узрушэння і пад.). Мартын злёгку страсянуўся, але пастараўся схаваць ад дзеда Талаша сваё хваляванне. Колас. Як увайшоў муж,.. [Матрона] страсянулася ўсім сваім дробным целам, але на яго не азірнулася. Зарэцкі.

3. Страпянуцца, выпростваючыся, абтрасаючыся і пад. Калматы Званок моўчкі прасунуўся ў наш кружок каля машыны і з асалодай, рыўком страсянуўся, сыпапуўшы .. процьмай халодных кропель. Брыль. Пасля таго як цырымонія сустрэчы была закончана, сабачка стаў на ногі, страсянуўся і, азіраючыся на разведчыкаў, падаўся ў глыб лесу. Няхай.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сту́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Незак. да стукнуць (у 1–3 знач.).

2. Рабіць стук, шум пры ўдарах, штуршках; удараць са стукам. На дварэ стараставай сядзібы шорхаў гэбель, шыпела піла, стукалі малаткі. Самуйлёнак. Гаспадыня вынесла ў сенцы талеркі, графінчык, нешта рабіла там, тупала, стукала посудам. Арабей. / Пра механізмы і іх часткі. Ля клуба стукаў рухавік. Пташнікаў. У .. цішыні неяк ненатуральна гучна стукаюць ходзікі — нібы падкрэсліваюць імклівасць кожнай хвіліны. Шыловіч. / Пра аўтаматычную зброю. Гранаты рваліся бесперастанку раз за разам, і дробна стукалі аўтаматы. Чорны. / Пра сэрца, пульсуючую кроў. Ад бегу і шпаркай хады шчокі .. [Макаркі] разгарэліся, як мак, і сэрца стукала моцна і часта. Колас. // безас. Пра адчуванне шуму, штуршкоў, удараў (у галаве, вушах і пад.) пры моцна пульсуючай крыві. У скронях стукала, як малаткамі. Лобан.

3. Удараць (у дзверы, акно і пад.), стукам выказваць просьбу ўпусціць куды‑н. Ціток стукаў у бляшаны верх кабіны і прасіўся: — Дай ногі выпрастаць. Ды перакусім. Б. Стральцоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

таі́цца, таюся, тоішся, тоіцца; незак.

1. Скрываць што‑н. ад іншых, не расказваючы, не выказваючы што‑н.; праяўляць скрытнасць. За час свайго замужжа Ганна прывыкла таіцца, хаваць у душы і пакутны боль, і тугу, і надзеі. Мележ. Вера кінула таіцца перад Надзяй сваёй службай, расказвала ёй аб парадках у камендатуры. Лынькоў. З нашага дзесятага класа болей ніхто не быў закаханы, і мы з трывогай глядзелі на гэтых двух [Славу і Вераніку], якія так упарта таіліся адзін ад другога. Навуменка. І от пасля першай гэтай гаворкі.., у якой, што тут таіцца, была пэўная доза с[е]нтыментальнасці, сяброўкі пачалі набываць кожная свой звыклы выгляд. Чорны.

2. Хавацца, скрывацца. [Бацька] таіўся да гэтага часу, цураўся сваёй сям’і... Дамашэвіч. За кожнай кудлатай елкай, магчыма, тоіцца вораг. Жычка.

3. Існаваць у скрытым выглядзе; не праяўляцца яўна. На гэтых прасторах вады, пад цёмнаю навіссю панурых лясоў таяцца грозныя замыслы паўстаўшага сялянства. Колас. І не ведаў ніхто, што ў вачах гэтых бура тоіцца, Што ўвесь ён [Саша] напоен нянавісцю спаленых сёл. Панчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тану́ць, тану, тонеш, тоне; незак.

1. Апускацца пад ваду на дно пад дзеяннем сілы цяжару. Жалеза тоне. Дрэва не тоне. □ Паведамлялася, што эсмінец вядзе бой з варожымі самалётамі, што эсмінец пашкоджаны і тоне. Кулакоўскі. // Гінуць, паміраць, ідучы на дно. «Нехта тоне, — здагадаўся Валодзька. — Трэба хутчэй ратаваць...» Гамолка. // перан. Гінуць, трацячы жыццёвыя сілы, волю пад уздзеяннем неспрыяльных умоў. Партыя хутка асушыла прышчэпаўскія балоты ў зямельных установах, дзе танула раней любая ініцыятыва, любая добрая задума. Лынькоў.

2. у чым. Апускацца ў што‑н. мяккае, сыпкае, вязкае і пад.; засядаць, вязнуць у чым‑н. Тануць у гразі. Тануць у балоце. □ Пыл на дарозе быў, што прысак, ногі танулі ў ім. Шамякін. // перан. Станавіцца мала прыкметным сярод чаго‑н., закрывацца чым‑н. Крайнія хаты танулі ў густым тумане. Навуменка. Дарога ў маёнтак танула ў кустах чаромхі і бэзу. Хомчанка. / Пра гукі. Бывалі моманты, калі надыходзіў перарыў у громе, і тады чулася стральба кулямётаў дзесьці ў полі, на захад ад горада, пасля зноў усё танула ў выбухах артылерыйскіх разрываў. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

то́ўпіцца, ‑піцца; незак.

1. Збірацца дзе‑н. вялікай групай, утвараць натоўп. Людзі неўзабаве тоўпіліся ля кухні. Чорны. Каля невялікага доміка, што выпадкова ўцалеў паміж руін, тоўпіліся незнаёмыя людзі. Няхай. Ля параднага ўваходу тоўпяцца сямікласнікі — іх на вечар не пускаюць, ён для старэйшых класаў — ад восьмага да дзесятага. Навуменка. / Пра жывёл, птушак, насякомых. Рыбіны пачынаюць тоўпіцца і шукаць выйсця. Грахоўскі. / Аб прадметах. Вакол тоўпіліся меднастволыя сосны. Кухараў. Наверсе тоўпіліся змрочныя каменныя калоны, а за імі — уваход у нязграбную прыземістую будыніну. Б. Стральцоў. / Пра думкі, пачуцці і пад. Розныя думкі тоўпіліся ў галаве, але ўсе яны былі пякучыя, і сэрца ныла, ныла. Марціновіч. Малюнкі з пражытага, з мінулага тоўпяцца, праплываюць карагодам, вярэдзяць сардэчныя раны. Місько.

2. Абл. Умяшчацца дзе‑н., у чым‑н. [Аўтобус] быў малы, і ў Востраве на прыпынку не маглі ўсе сесці — не тоўпіліся. Пташнікаў. / Пра думкі, радасць і пад. — Добры дзень, Вера! — голасам, у якім не тоўпілася радасць, прамовіў Мікалай. Дамашэвіч. Не тоўпілася ў яго местачковай галаве, каб яго сястра Фрэйда зрабілася свінаркай. Бядуля.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тушы́ць 1, тушу, тушыш, тушыць; незак., што.

Спыняць гарэнне чаго‑н.; гасіць. Сястра ўжо тушыла святло на калідоры. Асіпенка. Паравозы выпускала пару, тушылі топкі. Лынькоў. [Ігар] тушыў папяросу, тыкаючы яе ў дно сподка. Карпюк. // перан. Спыняць, заглушаць (якія‑н. пачуцці, каханне і пад.). Успамін пра брата астуджвае Васілісін голас, тушыць яе добрую ўсмешку, абуджае даўнюю крыўду і злосць. Васілевіч. Урэшце .. [Яраш] мог бы заклікаць на дапамогу сябра і разважлівую, спакойную Валянціну Андрэеўну, якая неаднойчы ўжо тушыла ўспышкі Галінай хваравітай рэўнасці. Шамякін. // перан. Не даваць развівацца, пашырацца чаму‑н. Хай льюцца песень грэлі Ад сэрца, ад душы. Яны людзей сагрэлі, Не буду іх тушыць. Пушча. / у вобразным ужыв. Зоры не паспявалі з’явіцца ўваччу, як успышка святла зноў тушыла іх. Чорны.

•••

Тушыць (гасіць) мяч — ударам зверху прызямляць (у валейболе, тэнісе і пад.).

Снег саломаю тушыць — рабіць якую‑н. бязглуздзіцу, глупства.

тушы́ць 2, тушу, тушыш, тушыць; незак., што.

Варыць на малым агні ў закрытай пасудзіне. Тушыць капусту. Тушыць мяса. Тушыць агародніну.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фабры́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да фабрыкі (у 1 знач.). Гулкі фабрычны Гудок пранясецца, Сілай крынічнай Работа пальецца. А. Александровіч. Там-сям па кругавіне горада стаялі, бы вытачаныя, фабрычныя трубы з хвастамі цёмнага дыму. Колас. // Зроблены, выраблены на фабрыцы. У Колі чамадан фабрычны, фанерны, а ў Грышы самаробны. Пальчэўскі. Даўно ніхто не каштаваў фабрычнага тытуню. Навуменка. [Ядвіся] пачала звязваць у хатуль свой пасаг: тонкія фабрычныя кашулі, плацці, шэсць даматканых ручнікоў. Асіпенка. Немалады лупавокі цівун быў апрануты па-панску: у рыжай світцы і клятчастых штанах з сукна фабрычнага вырабу. Якімовіч. // Які працуе, служыць на фабрыцы. Трэці дзень не спыняюцца вулічных масавыя дэманстрацыя і рэвалюцыйныя выступленні нью-йоркскіх беспрацоўных і фабрычных рабочых. Чорны. У спіску лепшых работнікаў.. падполля на адным з першых месц значыцца сям я фабрычнага каваля Яркіна. Брыль. // Які існуе пры фабрыцы, звязаны з дзейнасцю фабрык, іх кіраваннем і пад. Фабрычная сталовая. Фабрычны інтэрнат. □ І ўспомнілася [Мядзведзьку] свая даўнішняя братва, вясёлая фабрычная камсамолія. Лынькоў.

2. Такі, дзе ёсць фабрыкі; прамысловы. Фабрычны пасёлак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

халадзе́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.

1. Станавіцца халодным, халаднейшым. Ночы халадзеюць. □ Замірае лета, Заціхаюць далі, Сірацее рэчка, Халадзеюць хвалі. Колас. / Пра чалавека перад смерцю. Пятнаццацігадовы хлапец чуў, як халадзее рука бацькі, як з кожнай хвілінай астывае яго кроў, як падступае смерць. Самуйлёнак. Твар [старой] халадзеў — Наталля, хоць і не спрактыкаваная, але бачыла, што патухае жыццё. Чорны.

2. Адчуваць холад; мерзнуць. Прыйшлі сёстры, каб раздаць зелле і зрабіць перавязкі. Рукі ў сясцёр мерзлі, халадзелі. Галавач. Ліў дождж, але Марусаў ужо не звяртаў па яго ўвагі: пінжак быў мокры, халадзела спіна, чвякала вада ў чаравіках. М. Стральцоў.

3. Адчуваць холад ад моцнага хвалявання, страху і пад. Назіраючы, з якой страшэннай сілай вырываюцца іскры з вагранкі, [Міхаіл] халадзеў і хваляваўся. Карпаў. Сіліцца Вольга прачнуцца — і не можа, халадзее ад страху: заснула! Місько. / у безас. ужыв. Ад гэтых успамінаў халадзела ў грудзях, сціскала горла, на вачах наварочваліся слёзы. Жычка.

•••

Кроў халадзее (у жылах) — тое, што і кроў ледзянее (стыне) (у жылах) (гл. кроў).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чмы́хаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. З шумам выпускаць паветра праз ноздры. Праз паўгадзіны Клава бачыла, як нядаўна звязаны і скрыўлены жандар чмыхаў, як лось, мыючыся каля бочкі з вадою. Чорны.

2. Усміхаючыся, смеючыся, плачучы, утвараць гук носам ці губамі. Сям-там пачалі мужчыны чмыхаць, хлопцы шаптацца ды дзяўчаты падраготваць. Мурашка. Пад самае ранне прыехала з горада Хадося і, распрогшы кабылу, за хлявом.. доўга паціху чмыхала, уздрыгваючы плячыма, сморкала ў фартух, закрывала твар. Галавач.

3. З шумам выпускаць праз пэўныя адрэзкі часу паветра, пару, адпрацаваныя газы. Недалёка грукатаў цягнік. Нават чуваць было, як ён натужна сон і чмыхаў. Новікаў. Адсюль ужо былі бачны першыя хаты Затокаў і чутно, як чмыхае каля клуба рухавічок. Жычка.

4. перан. Разм. Сердаваць, злавацца, выражаючы незадаволенасць чым‑н. — Цьфу ты, нацыя бабская... — нездаволена чмыхаў дзед. — Ты да яе [Палаткі] як чалавек, а ў яе сваё ў галаве... Лынькоў. Камендант нездаволена чмыхаў, стоячы на паравозе, а Пецік увіхаўся каля Трапезы. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шале́нства, ‑а, н.

1. Вострая інфекцыйная хвароба жывёлы і чалавека, якая паражае цэнтральную нервовую сістэму і перадаецца ўкусам шалёнай жывёлы; вадабоязь. Прышчэпкі супраць шаленства.

2. Крайняя ступень раздражнення, гневу; раз’юшанасць. Праз якое паўгадзіны Мацвей Кірылавіч выбег з кабінета, як і той раз, калі яго давёў амаль да шаленства Вінцэнт Барташэвіч. Сабаленка. У прыпадку дзікай злосці і шаленства Анісім ірваў і пхаў у печ усё, што хоць чым напамінала яму жонку. Сачанка. / у вобразным ужыв. Так доўга цягнулася маладое шаленства, радаснае і пакутнае. Чорны. // перан. Вельмі бурнае, інтэнсіўнае праяўленне свайго дзеяння, сілы. Юнацтва — лета. Шаленства фарбаў, Адценне гукаў, Смуга настрояў. Свірка. Што нам пурга, шаленства дзікіх ветраў? Ёсць мэта, ёсць работа, ёсць загад! Звонак. Шаленства ракі не бясплённае: яно ператвараецца ў сілу, у электраэнергію, у святло. «Маладосць».

3. Учынак, пазбаўлены здаровай разважлівасці, выкліканы прыхамаццю, капрызам. Жадаў ім [каханым] шчасця ў падарожжы светлым Плыта ўладальнік. А яны яму, Як сябру па шаленству аднаму — Удачы ў вандраванні кругасветным. Куляшоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)