Канава́л ’лекар без спецыяльнай ветэрынарнай адукацыі, які займаецца лячэннем і накладаннем коней і быкоў’, ’дрэнны ўрач, невук у медыцыне’ (ТСБМ, Бяльк., Янк. 1; мазыр., З нар. сл.; навагр., Нар. словатв.). Укр. коновал, рус. конова́л, арханг., ленінград., наўг. конева́л. Ст.-рус. коневалъ, коновалъ (XVI ст.). Запазычана са ст.-польск. konawał ’тс’ (Фасмер, 2, 311), якое з koń ’конь’ і walić ’паваліць’, напр. рус. вали́ть (каня, быка) ’пакладаць’ з першаснага значэння ’той, хто валіць (кладзе) каня перад пакладаннем’. Аднак Слаўскі (2, 426) гэту лексему адносіць у разрад прасл. (паўн.-слав.) konovalъ. І Трубачоў (Эт. сл., 10, 194) разглядае яе як прасл. разам з іншымі, падобнымі да яе: konoderъ ’каналуп’, konokradъ ’канакрад’, konopasъ ’канапас’, konoščipъ ’мядзведка, Grillotalpa vulgaris’ konovęzь ’канавязь’, konovodъ ’канавод’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ке́бка ’пячурка ў печы’ (Сл. паўн.-зах.). Параўн. укр. кабиця ’круглая яма пад ганчарнай печчу, летняя кухня’, рус. кабица ’летняя кухня, будка сабакі, логава зайца’. Укр. ковбиця ’наглыбленне для попелу ў печы’, кобиця ’паглыбленне пад прыпечкам’. Украінскае слова не мае надзейнай этымалогіі. Запазычанне з тур. kabig ’вялікі кол’ неверагодна па значэнню, са шв. kabyss ’камбуз’ — па гісторыка-культурных прычынах (гл. ЕСУМ, 2, 332, 481). Бел. кебка ў гэтых этымалогіях не ўлічваецца. Існуе, аднак, рус. кибитка ў значэнні ’цагляны каркас рускай печы, у якую складаюць гаршкі пасля абпалу’. Апошняе значэнне супадае з першым значэннем укр. кабиця. Адсюль можна меркаваць, што крыніцай разглядаемых слоў і рус. кибитка была тая ж цюркская лексема kibit, käbit ’будка’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кляве́ц ’малаток для насякання млынавых камянёў, для кляпання кос’ (ТСБМ, Янк. I, Яруш., Мядзв., Гарэц., Нік. Очерки, ЭШ, рук., Бяльк., Касп., Сл. паўн.-зах.). Укр. клевець, рус. клевец, ст.-рус. клевець ’тс’, польск. klewiec ’тс’. Польская форма, відаць, са старажытнарускай. Такім чынам, можна гаварыць толькі аб усходнеславянскай інавацыі. Фармальна здаецца ўтварэннем з дапамогай вельмі прадуктыўнага суфікса ‑ьcь ад klьvati. Аднак, паколькі суфікс ‑ьcь можа ўтвараць назоўнікі ад прыметнікаў (slěpьcь < slěpъ, mъrtvьcь < mъrtvъ), верагоднай з’яўляецца і іншая этымалогія: *kъlevъ + ‑ьcь > kъlevьcь > klevьcь. У сваю чаргу *kъlevъ прыметнік, утвораны рэгулярна (суфікс ‑evъ) ад kъl ’зуб’. Цікава, што рус. клевец мае значэнне ’зуб у баране, граблях’. Адносна ўтварэнняў на ‑ьcь параўн. SP, 1, 99–100; Мартынаў, Прасл. дерив., 29.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вы́дра1 ’жывёла, Lutra vulgaris’ (БРС, Нас., Бес.). Рус. вы́дра, укр. ви́дра, ст.-рус. выдра, польск. wydra, в.-луж. wudra, н.-луж. hudra, чэш., славац. vydra, серб.-харв. ви̏дра, славен. vídra, балг., макед. ви́дра. Роднасным з’яўляецца літ. ū́dra ’выдра’, ст.-прус. wudro, лат. ûdris, ст.-інд. udráḥ ’вадзяная жывёла’, авест. udrā‑ ’выдра’, грэч. ὕδρος, ὕδρα ’гідра, вадзяная змяя’, ст.-ісл. otr ’выдра’, ст.-в.-ням. ottar ’тс’. Назва ўтворана ад назвы вады; параўн. грэч. ὕδωρ ’вада’, рус. вада (Траўтман, 334; Вальдэ, 449; Фасмер, 1, 367; Шанскі, 1, В, 222).

Вы́дра2 ’хітры, пранырлівы чалавек’ (Нас., Мат. Гом.). Пераноснае значэнне выдра1, але не выключана магчымасць і ўтварэння ад выдраць, выдзіраць; параўн. вырва.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вы́паратак (БРС). Рус. дыял. вы́пороток ’неданосак’, таксама лаянка ў адносінах маленькіх, але дзёрзкіх дзяцей, укр. ви́пориток ’неданосак, мёртванароджаная жывёліна’, польск. wyprótek, wyporek ’тс’, чэш. spratek ’цялё-неданосак’. Ц.-слав. испрътъкъ ’infans exsectus’ (Міклашыч, Lex. paleosl., 267). Фасмер (1, 369) і інш. (Мацэнаўэр, LF, 13, 19 і наст.; Міклашыч, 258) лічаць расшырэннем дзеепрыметніка на ‑to‑ ад пароць, як, напрыклад, рус. взятка. Аднак паколькі існуе форма рус. за́порток ’тухлае яйцо’, то параўноўваюць і са ст.-інд. pr̥thukaḥ ’дзіця, хлопец’, асец. firtʼon ’жывёла’, грэч. πόρτις, πόρταξ, πόρις ’цялё, цялушка’, ст.-в.-ням. farro, far ’бык’, літ. periù ’выседжваю (птушанят)’ (Праабражэнскі, 2, 110; Клюге, 147). Махэк₂ (571) таксама ўказвае на другасны характар збліжэння слав. слоў з porjǫ, porti.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Надоечы ’нядаўна, днямі’ (ТСБМ, Мат. Гом., Янк. 2, Ян.), надоячы ’тс’ (Бяльк., Пятк.), надойчы ’тс’ (Сцяшк.), надовечы, надовячы ’тс’ і ’сягоння раніцай’ (Нас., Янк. 2, Мат. Гом., Сцяшк. Сл., Ян.), надоіч ’днямі’ (Сл. ПЗБ), надое ’тс’ (Жд. 2), рус. бран., смал. надоичи, надойчи, надовичи. Найбольш блізкімі да названых зыходнымі словамі маглі быць формы тыпу бел. нагда, рус. онады, оноды ’тс’ (< onogъda/‑dy, гл. ESSJ SG, 2, 525), расшыраныя партыкуламі, што ўзыходзяць да указальных займеннікаў і овъ. Карскі (2–3, 71) і Шуба (Прыслоўе, 63) лічаць ‑чы суфіксам, больш правільным было б разглядаць яго ў якасці ўзмацняльнай партыкулы (параўн. ESSJ SG, 1, 305). Магчыма, збліжэнне канца слоў з прыслоўямі тыпу рус. давеча ’недавно’, параўн. надавяча (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ляпёха1 ’кавалак гразкай зямлі’ (Інстр. 1). Відавочна, роднаснае з рус. разан., свярдл. ’круглы, плоскі ком гразі, каравячага памёту’. Параўн. і балг. лепешка ’тс’. Да ляпі́ць (гл.).

Ляпёха2, лыпэ́ха ’поўная жанчына’, ’тоўстая нехлямяжая жанчына’, ’гультай’, ’непрыгожая жанчына з шырокім тварам’, ляплёха ’тоўстая жанчына, як вылепленая’ (Бяльк., Клім.; браг., Мат. Гом.; драг., Нар. лекс.; міёр., З нар. сл.; брасл., Сл. ПЗБ). Бел.-рус. ізалекса. Параўн. рус. пск., цвяр., смал., разан., валаг., алан., кур., тул. лепёха ’тс’. Узнікла ў выніку семантычнага пераносу з ляпёшка ’ляпёшка’, якое з прасл. lěpexa ’тс’. Аналагічна іншыя словы, што называюць розныя віды печыва: бу́лка, пы́шка, драг. у выразе: сыдэ́ть бы роўге́ня — аб поўнай прыгожай жанчыне. Сюды ж міёр. ляплёха ’тоўстая, як вылепленая’ (З нар. сл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ма́зу́р1 ’від танца’ (Інстр. III) запазычана з польск. mazur(ek) ’мазурскі танец’, таксама як і ўкр. мазу́р. У рус. і чэш. мовах мазурка, mazurka — ж. р., як полька, венгерка (Фасмер, 2, 558; Махэк₂, 356). У сучасных бел. гаворках таксама мазу́ркарус.), параўн. ваўк. мазурка ’тс’ (Сл. ПЗБ). Значэнне ’чарнарус’ (Нас.) — да ма́зу́р ’паляк паўн.-усх. Польшчы’ < польск. mazia ’балота’.

Ма́зур2 ’з запэцканым тварам, брудны’, ’смуглы’ (Нас., Шат.) і мазура́ка ’мурза, неахайны’ (Нікан.) утвораны пры дапамозе суф. ‑ур (з экспрэсіяй зніжанасці), ‑ур‑ака ад мазаць (гл.) (Сцяцко, Афікс. наз., 70). У іншых слав. мовах аналагічна: укр. замазу́ра, замазуха, в.-луж. mazuch, рус. мазу́рина ’пляма іншага колеру на поўсці ў сабакі’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лапаву́хі, лыпаву́хі ’аблавухі’ (Шат., ТСБМ, Яўс.; паўн.-усх., КЭС) ’някемлівы, непаспешлівы’ (ТСБМ), рус. наўг., валаг. лопоу́хий ’кіжлай, цяльпук, цюхцяй’, ’разява’, ’ёлуп’, а ў літаратурнай мове і ’аблавухі’. Бел.-рус. ізалекса старажытнай пары. Балтызм, параўн. літ. lapaaũsis ’лапавухі’, ’разява’. Ёсць і інш. балт.-усх.-слав. ізалекса: літ. aplėpaũsis, nulėpaũsis, лат. ļutausis, lutàusisбел. віславухі, рус. вислоухий ’аблавухі; павольны, някемлівы, няўклюдны’. Першая частка звязана са значэннем ’вісець, абвісаць’. Такі ж сэнс і ў літ. luzgaũsis (дзе luzgė — ’галіна павіслай бярозы’). У ідэнтычных (паводле семантыкі) лексемах польскай, украінскай і паўднёва-славянскай моў першая частка звязана з klepati: польск. klapouchy, укр. клапоухий, капло(в)ухий, славен. klapoúch, серб.-харв. кле̏мпав, балг. клепоу́х ’аблавухі’, макед. клапушест ’нязграбны, няспрытны’. Сюды ж лыпаву́шка, лыпаву́шына ’аблавушка’ (Яўс.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бурла́к ’бурлак’ (БРС, Нас.), ’парабак, батрак’ (КЭС), ’здаравенны чалавек’ (Нас.), ’лайдак, гультай’ (КЭС). Укр. бурла́к, бурла́ка ’бабыль, бяздомны чалавек, халасцяк’. Рус. бурла́к ’работнік на рачных судах; селянін на заработках; здаравенны хлопец; халасцяк; валацуга’. Польск. burłak (< укр.). Вельмі цёмнае слова. Версіі пра запазычанне (з тат. мовы або з с.-в.-ням.; агляд іх гл. Фасмер, 1, 245–246; Шанскі, 1, Б, 233) пераконваюць слаба. Шанскі, там жа, хоча выводзіць яго з рус. *бурло ’крыкун’ (< бурло ’найбольшы звон на званіцы’). Але гэта вельмі няпэўна. Рудніцкі (1, 263) бачыць сувязь з дзеясловам слав. *burliti ’бурліць’ (параўн. укр. бурли́‑голова ’неспакойны чалавек’, бурлі́й ’крыкун, баламут’). Вельмі няпэўным з’яўляецца вывядзенне Шанскім (там жа) бел. і ўкр. слова з рус. мовы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)