Буза́1 ’падонкі, мут, асадак; азаддзе’ (БРС, Нас., Касп., Яруш., Бяльк.), ’бруд, мут на вадзе’ (КЭС, лаг.), ’пустазелле сярод зярнят’ (Шат.). Укр. буза́ ’татарскі напітак з проса; бруд у нямытай авечай шэрсці; асадак у вадкасці’. Рус. буза́ ’напітак; мутная вадкасць; дрэнны суп; мутная вада ў рацэ; іл, гразь і г. д.’. Запазычанне з цюрк. моў (параўн. тат. buza ’напітак з проса і да т. п.’ < перс.; Локач, 31). Міклашыч, 25; Бернекер, 105; Фасмер, 1, 232; Дзмітрыеў, Тюрк. эл., 21; Шанскі, 1, Б, 214–215. Шмат значэнняў у выніку метафарызацыі. Параўн. буза́2.

Буза́2 ’рачны і азёрны іл; гразь; разведзеная гліна; твань з травой на дне вадаёма, гразкае балота’ (Яшкін), буза́, бузяна́е балота (полац., гл. Талстой, Геогр., 192), рус. (пск.) буза́. Перанос назвы ежы, напіткаў на геаграфічныя аб’екты. Параўн. буза́ ’астаткі вадкасці; напітак буза; адходы’. Падрабязней Талстой, Геогр., 192 (там і некаторыя семантычныя паралелі). Гл. таксама Макіенка, Зб. Ларыну, 102. Паводле Нік. Очерки, 103, адсюль паходзіць бузава́ць, ’пэцкаць, муціць, тускліць; мяць, псаваць адзенне’ (БРС, Бір. Дзярж., Бяльк., Касп., Шат.), буза́ніць. Але параўн. і бузава́ць ’біць’.

Буза́3 ’скандал’ (БРС). Рус. буза́ ’тс’, укр. буза́рус.?). Не вельмі яснае слова. Па адной версіі, метафарызацыяй з буза́ ’напітак’ (так Трубачоў, Дополн., 1, 233; супраць Шанскі, 1, Б, 215). Шанскі, там жа, мяркуе, што буза́ ’скандал’ < польск. buza ’лаянка, вымова’ (падрабязней гл. пад бузава́ць ’біць’). Ад буза́ ’скандал’ утворана бузі́ць, рус. бузи́ть (гл. Трубачоў, Дополн., 1, 233; наўрад ці ёсць сувязь з англ. арго boose ’моцны напітак’, boosy ’п’яны’, аб гэтым Трубачоў, там жа).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пра́сла1, пра́сло, пра́смо, пра́сно ’частка агароджы-паркана паміж двума слупамі’ (ТСБМ, Янк. 3., Сцяшк. Сл.; слуц., КЭС, Др.-Падб., Шат., Гарэц., ТС), ’пралёт плота на даўжыню жэрдак’ (Бір. Дзярж.; Шымк., Собр. і Шушк.), ’плот з неабчасанага колля’ (Сл. Брэс.), ’частка сцяны паміж вокнамі’ (Сцяшк. Сл.), ’праход у плоце’ (паўн.-усх. КЭС; Касп.), ’жэрдка, якой закладваюць праход у агароджы’ (Сл. ПЗБ, Сл. Брэс.), ’частка застаронка’ (Сл. ПЗБ), ’некалькі жменяў зжатага збожжа’ (Сл. ПЗБ), ’вузкі ўчастак зямлі’ (трак., Сл. ПЗБ), ’паласа, якую камбайн займае за адзін раз’ (Сл. ПЗБ), ’пасма пражы пры тканні’ (Др.-Падб.). Рус. пря́сло ’частка калаўроту; частка агароджы, паркана’; укр. пря́сло ’звяно плятня’, польск. przęsło ’частка паркана паміж двума слупамі; ярус’, чэш. přáslo ’тс’, славен. préslo, préslica ’станок, станіна, да якой прымацоўваецца пража; калаўрот; частка млыну’. Прасл. *pręslo. З *pręd‑slo, звязанага з прасці (Фасмер, 3, 395 і наст.). Роднасныя з лат. sprieslis ’скляпенне’, англ.-сакс. sprindel ’крук’ (Траўтман, 278; Мюленбах-Эндзелін, 3, 1022; Прабражэнскі, 2, 144). Махэк₂ выводзіць *pręslo з *(s)pręg‑slo, ад кораня, які ў літ. sprengto ’уціскаць нешта да вузкай шчыліны’ і ў слав. *pręgo (гл. упрэгці). Бязлай (3, 115) славен. prẹ́slo ’калаўрот; верацяно’ лічыць амонімам да слоў са значэннем ’звяно плота’, апошняе да *prętslo ад *prętati (гл. пратаць), на думку Куркінай (Этимология–1994–1996, 204), беспадстаўна.

Пра́сла2 ’агульная назва любой агародніны’ (бых., Касп., Янк. Мат.). Семантычны регіяналізм. Ад прасла1, як агародніна ад агарод < гарадзіць, г. зн., ’тое, што за праслам, за агароджай’; параўн. таксама пра́сла ’некалькі жменяў зжатага збожжа’, ’вузкі ўчастак зямлі’ (Сл. ПЗБ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Па́сма, па́смо, па́сьмо ’некалькі нітак ці валокнаў, складзеных уздоўж’, ’трыццаць нітак’, ’пучок валасоў’ (ТСБМ, Маш., Шат., Касп., Бяльк., Бір. Дзярж.; Сл. ПЗБ, Мат. Гом., Сл. Брэс., ТС; слуц. КЭС), ’змятая жменя льну’ (Яруш., Бес., Уладз., Мядзв.), ’галун’ (Яруш.), ’12 пар нітак у кроснах’ (КЭС, лаг.), каслаўка, пучок’ (КЭС, лаг.; Ян.), ’мера палатна ў шырыню’ (кобр., Сл. Брэс.; Ян.), глус. па́сьмяне ’трыццаць нітак’ (Янк. Мат.). Укр. па́смо, рус. пасмо, пасманка, пасменка, па́сменный, пасмёнок, пасменник, польск., н.-, в.-луж. pasmo, чэш., славац. pásmo, славен. pásmo, серб.-харв. па̏смо, макед. пасмо́, балг. пасмо́. Паводле Фасмера (3, 212), прасл. pasmo, якое з’яўляецца роднасным да лат. puõsms, puõsmis ’прасла ў плоце’. Трубачоў (Ремесл. терм., 102–103) лічыць, што прасл. pasmo — другасная форма ў адносінах да больш поўнай pasmę (Р. скл. pasmene), а лат. puõsms ’дробка льну, адбеленая ад кудзелі’, як і літ. põsmas ’пасма’, запазычаны са слав. моў. Адносна апошняга гэтаксама мяркуе і Махэк₂ (436). Аткупшчыкоў (Из истории, 260) сумняваецца ў старажытнасці суфікса ‑*men‑ у гэтым слове і лічыць, што рус. пасменка — больш позняе паводле свайго ўтварэння з другасным суфіксам ‑men‑. Аднак гэтаму, відаць, супярэчыць і наяўнасць бел. глус. па́сьмяне. Адносна этымалогіі прасл. pasmę (< *patsmnen) Трубачоў (Ремесл. терм., 102) выказвае дапушчэнне яго роднаснасці з герм. *faþma‑ ’пэўная колькасць пражы’ (> ст.-в.-ням. fadum, суч. ням. Faden ’нітка’) < і.-е. *pet‑/*pot‑. Іншыя ў якасці роднасных прыводзяць ст.-іран. afsman‑ ’верш (у гатах), вершаваны радок’, пачатак якога afs‑ узыходзіць да pas‑. Гэты корань у авесце азначае ’блытаць; путаць, умацоўваць адно на адным’ (Махэк₂, 436).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ро́жа1 ’ружа’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Бес., Мал., Шат., Бяльк., Стан., Байк. і Некр., Растарг., Нар. Гом., ТС), ’шток-ружа, сляс, Alcea rosea L.’, ’мальва пагрэбаваная, Malva neglecta Wallr.’, ро́жа лясная ’лясная мальва, зінзівер, Malva silvestris L.’ (Кіс.), ро́жа садо́вая ’ружа (з песні)’ (Ян.), ро́жа ’мальва’ (Нас., Растарг., Мат. Гом.), ’шыпшына’ (ПСл), ’вяргіня’ (Сл. Брэс.), ’від кветкі, ружа’ (зэльв., Нар. словатв.), ’дэкаратыўная расліна з вялікімі яркімі кветкамі’ (Скарбы), ро́жавы ’светла-чырвоны, ружовы’ (Гарод., Стан., Др.-Падб., Байк. і Некр.). З польск. róża < ст.-чэш. ruože, róže ці с.-в.-ням. rôse, якія з лац. rōsa ’ружа’. У сярэднявеччы была вельмі пашыраная ў манастырскіх садах. Першакрыніцай лац. rōsa і ст.-грэч. ῥόδον былі, відаць, іранскія мовы (Фасмер, 3, 493), параўн. ст.-іран. *u̯ṛda, з якога развілося перс. gul ’ружа’ (Сной у Бязлай, 3, 202). Фрыск (3, 661) у якасці роднаснага слова прыводзіць араб. warada ’цвісці, распускацца’. Гл. таксама ESJSt, 13, 779.

Ро́жа2 ’інфекцыйная хвароба Erysipelas — вострае запаленне скуры і лімфатычнай сеткі скуры’ (ТСБМ, Сцяшк., Бір. Дзярж., Бяльк., Касп., Шат.; нараўл., Арх. ГУ; ашм., Стан.; Байк. і Некр., Мат. Гом., ТС, Сл. ПЗБ), ’хвароба ў свіней’ (ЛА, 1). З польск. róża ’тс’ < róża ’ружа’ з прычыны чырвона-ружовага колеру скуры пры гэтай хваробе (Праабражэнскі, 2, 209; Фасмер, 3, 493; Голуб-Ліер, 427). Дарэчы, лац. назва ўзыходзіць да ст.-грэч. ἐρυςυιέλας ’рожа’, якое з ἐρυθρός ’чырвоны’ і πελ‑ ’шкура, скура’ (Голуб-Ліер, 153).

Ро́жа3 абраза, ’морда’ (беласт., Сл. ПЗБ). Відаць, з рус. ро́жа ’фізіяномія, морда, твар, выгляд’, якое з прасл. *rodja < *rodъ > род1 (гл.). Параўн. стараж.-рус. рожаи ’выгляд, твар’, рожаистъ ’прыгожы’, лат. raža ’вялікая сям’я’, ’ураджай’ (Фасмер, 3, 492).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Про́сты ’элементарны, аднародны па саставу’, ’не складаны для разумення’, ’грубы па якасці’, ’няхітры, адкрыты, неганарлівы’, ’звычайны, негатунковы’, ’прамы, роўны’ (ТСБМ, Нас., Шат., Касп., Гарэц., Бір. Дзярж., Шн. 2, Выг., Шатал., Сл. ПЗБ, ТС, Клім.), ’свабодны’ (Нас.), ’слабы, некруты (аб пражы)’ (Уладз.), ст.-бел. простый ’свабодны, вольны’ (Ст.-бел. лексікон). Рус. просто́й, укр. про́стий, ст.-рус. простъ ’прамы, адкрыты, свабодны, просты’, ст.-слав. простъ ’прамы, просты’, польск., в.-луж. prosty, н.-луж. pšosty, чэш., славац. prostý ’просты, прамы’, серб.-харв. про̏ст ’няхітры, просты; дараваны, памілаваны’, славен. pròst ’натуральны, свабодны, звычайны, просты’, балг., макед. прост ’просты, нявыхаваны’. Прасл. *pro‑stъ ад pro‑ (гл. пра- і *sto‑). Апошняе параўноўваюць з літ. ãpstas ’багацце’, apstùs ’багаты, шчодры, шырокі’, atstùs ’аддалены’, лат. nuôst ’прэч’ (< *nuo‑stu), ст.-інд. sụṣthú‑ ’які знаходзіцца ў добрым стане’, оск. trstus ’сведка’, ст.-в.-ням. ewist ’аўчарня’. Першаснае значэнне *prosthos ’тое, што выступае; той, які выступае’, параўн. ст.-інд. prastha‑ ’горная раўніна, плошча’, ірл. ross ’лес, мыс’ (гл. Фасмер, 3, 380). Іншыя версіі: Міклашыч (321) выводзіў слав. *prostъ з *prostrъ ’разасланы’ і набліжаў да прастор і роднасных; Махэк₂ (485) роднаснымі славянскаму слову лічыў літ. prantù, pratau, pràsti ’прывыкаць’ (г. зн. *prostъ з *prot‑tos), аднак пры гэтым цяжка вытлумачыць яго семантыку. Паводле Аткупшчыкова (Балто-слав. иссл., 1984, 94–95), роднаснае літ. prãstas, лат. prasts ’просты; дрэнны’, літ. pràsti ’прывыкаць’, таксама Банькоўскі, 2, 788. Трубачоў (ЭССЯ, 13, 137–138) адносіць другую частку слова да *stojati (гл. стаяць) аналагічна да ku‑stъ ’куст’. Гл. таксама Шаўр, Slavia, 50, 52–60; Гомалкава, Studia Etym. Brun., 1, 71. Паводле Сноя₂ (586), першасная семантыка — ’які стаіць спераду’, параўн. про́сто ’насупраць’: просто хаты (ТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Каме́ль1 ’ніжняя частка дрэва, расліны, якая прылягае да кораня’, ’перавязаны канец снапа, веніка і да т. п.’, ’аснова, тоўсты бок якой-небудзь рэчы’ (Нас., Маш., Мядзв., Бяльк., Сцяшк., ТСБМ, Гарэц., Бір. Дзярж.; КЭС, лаг.; Нік. Очерки; віц., Хрэст. дыял.; Федар. I; Растарг.; Сл. паўн.-зах.), ’каржакаваты, прысадзісты, здаровы чалавек’ (Др.-Падб.), камёлак ’тое ж аб дзецюку, аб кавалку дрэва’ (Нас., Бяльк., Юрч.), камлява́ты, камлякава́ты ’дужы, мажны’ (добр., Мат. Гом.; іўеў., Сцяшк. Сл.; віл., гродз., Сл. паўн.-зах.), шкл. камлюшок ’сцёрты венік’ (Мат. Маг.), камлі́, камле́, камлюкі́ ’валакно з ніжняй часткі трасты льну’, ’пачаскі з ніжняй часткі трасты льну’ (Сл. паўн.-зах.). Укр. коме́ль, рус. раз., наўг. ка́мель, паўн.-рус., калуж., арл. ко́мель ’камель раслін, дрэў’, ’ствол дрэва’, перм. ко́мень ’ствол дрэва’; польск. аструдск., варм.-мазурск. komle ’пачаскі пасля першага часання жмені льну ад каранёў’. Такім чынам, лексема пашырана на прыбалт. арэале, і суф. ‑ель можна лічыць роднасным да ст.-прус. ‑elis, літ. ‑ė̃lis. Утворана ад komъ > ком, камя́к (гл.). Параўн. таксама літ. kamė́nas, kamíenas ’камель дрэва’, лат. kamans ’тс’. Літ-py гл. Фасмер, 2, 302, Шанскі, 2 (К), 228.

Каме́ль2, мазыр. коме́ль ’бязрогая карова’ (З нар. сл.), каме́зы ’тс’ (смал., КЭС), камёзы ’лабаты, бязрогі’ (Гарэц., Др.-Падб.), камёзасць (Гарэц.). Укр. комо́лий, рус. комо́лый, коматый ’тс’, перм. комёл ’бязрогі бык’; ст.-польск. komoły, польск. gomoły, в.-луж. gomoły, чэш. komolý, chomolý, мар. gomoľa ’бязрогая карова’, славен. komȏł ’бязрогі’, komólčen ’локцевы’, серб.-харв. ко̀молац ’локцевая косць’. Прасл. komolъ роднаснае да komъ ’камяк’. І.‑е. адпаведнікі: ст.-в.-ням. hamal, ст.-англ. hamola ’скалечаны’: ст.-грэч. κολοβός ’бязрогі’, хец. karmalussāi ’застацца пакалечаным, нерухомым’ (Махэк₂, 271; Фасмер, 2, 304; Слаўскі, 1, 315; Трубачоў, Эт. сл., 10. 174–175).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пе́рад ’пярэдняя частка чаго-небудзь’, перада́, перадок, пірадок, пэрэдо́к, пырыдо́к, пярадок ’тс’ (ТСБМ, Др.-Падб., Бір. Дзярж., Сцяшк. Сл., Бес., Нас., Шат., Сл. ПЗБ, ТС; Варл.; Карскі 2-3, 438); перадок, пірадо́к ’кароценькая лавачка перад сталом’ (віц., Шн. 3; Касп.), пірядок ’невялікі ўслон’ (Сл. ПЗБ), перады́ ’перад бота, кашулі’ (вільн., Сл. ПЗБ); пе́рад ’адборнае, перадавое зерне’ (раг., паст., Сл. ПЗБ; мін., маг., гом., ЛА, 2); пе́рад(а) ’спераду’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ; Варл.), ’напярэдадні’ (віл., лід., Сл. ПЗБ), ’уперад, раней, у мінулым’ (маладз., Жыв. сл.), пе́рат ’у параўнанні з…’ (зэльв., Жыв. сл.), пе́радам ’даўней, калісьці’ (Сцяшк. Сл.), перад ’пад’ (ТС), пе́рад пе́радам ’перад сабой’ (Ян.). Укр., рус. пе́ред, стараж.-рус. передь, польск. przed(e), в.-луж. před, н.-луж. pśed, чэш. před, славац. pred, славен. prêd, pred‑, серб.-харв. пред(а), макед., балг. пред, ст.-слав. прѣдъ. Прасл. *per‑dъ, першая частка якога генетычна ўзыходзіць да і.-е. *per‑ (авест. parō ’спераду, перад’, ст.-грэч. πάρος ’наперад, раней’, ст.-інд. purā ’тс’, гоц. faúro, ням. vor ’перад’), а ‑dъ узята з *роdъ (Махэк₂, 491), альбо з і.-е. *dhē (Бернекер, KZ, 57, 240); Вондрак (Vergl. gr., 2, 298), а яшчэ раней Зубаты (IF–Anzeiger, 22, 57) у якасці такой узмацняльнай часціцы прыводзяць ст.-інд. bahirdhā ’без’ /bahir; Станг (ScSl, 3, 236) супастаўляе ‑dъ у прасл. nadъ, podъ, perdъ, zadъ з прус. ‑dau: pirsdau ’перад’, sirsdau ’сярод’, pansdau ’потым’ (ESSJ, 1, 127–128). Для перадокпрасл. *perdъkъ. Сюды ж перадавы́ ’плытагон, які кіруе плытом’ (віл., віц., Нар. лекс.); перадаво́е, перэдовое, перэдко́вое, перэдко́вэ ’лепшае зерне’ (петрык., глус., лельч., ЛА, 2); перадаві́к ’той, хто дасягнуў найбольшых вынікаў у сваёй дзейнасці (ТСБМ) < рус. передовик ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ла́зня, ла́зьня ’памяшканне, дзе мыюцца і парацца’ (Нас., Гарэц., Мядзв., Мал., Бяльк., Касп., Шат., Грыг., ТСБМ, Сл. паўн.-зах.), ’сушня, будынак, у якім труць лён’ (Бір. Дзярж., КЭС, лаг.; саліг., З нар. сл.). Укр. лаз́ня ’лазня’, ’хаціна з маленькім уваходам’, ’яма для захоўвання збожжа’, рус. ла́зня ’падвал’, ’лесвіца’, ’лаз у яму’, ст.-рус. лазня (з XII ст.), якое, несумненна, паўднёва-заходняга паходжання (гл. Філін, Происх., 571); польск. łaźnia ’лазня’ (з XV ст.), н.-луж., в.-луж. łaznja ’лазня, ванна’, чэш. lázeń ’тс’, ’купанне’, lázně ’курорт’, паўд.-чэш. lazna ’стаў’. Паўн.-слав. дыялектызм. Прасл. laznь і lazьnja ўзніклі ў розныя часы: першасны дэрыват laz‑nь (як kaz‑nь); laz‑ьnja, утвораная ад lazьnъ(jь) < lazъ, параўн. укр. лазня піч, ст.-польск. (XVI ст.) co dalej to wyszsze jako w laźniej ’а далей — усё вышэй, як у лазні’ (Слаўскі, 5, 72). Да ла́зіць (гл.). Параўн. ст.-рус. влазити, влѣзти въ баню. Лазня першапачаткова азначала месца, куды лазілі: уніз → у яму (дзе была печ), уверх на палок у лазні (Машынскі, Kult., 1, 607–608; Бернекер, 697; Брукнер, 308; Шрадэр, Reallexikon, 1, 74; Зяленін, AfslPh, 32, 601). Іншыя версіі падлягаюць сумненню: паводле Махэка₂ (322), прасл. laznь трэба чляніць la‑znь, у якім la‑ < і.-е. *lavǝ‑, параўн. лац. lavāre ’мыць, мыцца’, хец. lā‑ ’тс’. Гэта прыняў і Вахрас (ScSl, IX, 1963, 166–167), дапускаючы, што сувязь з лазіць другасная. Ёстэррайхер (16, 10) звязвае лазню з lazъ ’выкапаная яма’. Міклашыч (161) памыляецца, калі выводзіць яе са ст.-грэч. λάσανον, лац. lasanum ’сасуд’. Кіслоўкі мяркуе, што касцюк. лазня — паланізм (КЭС). Гл. яшчэ Краўчук, УМШ, 1960, 6, 50–62.

Ла́зня2 ’прыстасаванне для лазання на дрэва’ (Інстр. 1), рус. лазня ’лесвіца, драбіна, лескі’. Да ла́зіць (гл.) (аб суф. ‑ня гл. Сцяцко, Афікс. наз., 58).

Ла́зня3 ’дзіцячая гульня’ (ТС). Няясна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ве́хаць1 ’пучок, скрутак саломы, травы, рагожы, ануч, якім мыюць посуд, шаруюць брудныя рэчы’; ’мачалка’; ’жмут, жменя саломы, сена і пад’. (КТС, БРС, Нас., Бір. Дзярж., Шат., Грыг., Др.-Падб., Сцяшк. МГ, КЭС, Касп., Растарг., Бяльк.; маладз., Мат. АС; Бес., Мат. Гом.; бых., Янк. Мат.), навагр. вехець (Кліх), сюды ж вехцік ’тс’ (КТС, Нас., Сцяшк., Мат. Гом.), вехцевы ’які належыць да вехаць’ (Нас.). Укр. ві́хоть ’вехаць; пучок саломы; жмут саломы, які адлятае ад страхі ў час пажару’, рус. вехоть ’вехаць’; ’пучок саломы, сена’, ст.-рус. вѣхъть ’жмут саломы, мачалка, вехаць’ (з XI ст.), польск. wiecheć ’жменя саломы ці сена’; ’саламяная мятла’, н.-луж. wjekś, в.-луж. wěchć ’жмут саломы’, чэш. věchet ’пучок саломы, сена’, věchýtek ’вехцік’, славац. vecheť ’вехаць, мачалка’, славен. vẹ́het ’пучок сена’, ст.-слав. вѣхъть. Прасл. věxъtь утворана ад věxъ (параўн. бел. вёх, укр. віх, рус. вех ’цыкута ядавітая’) і суф. ‑ъtь, якому ў балтыйскіх мовах адпавядае суф. ‑ùtis, параўн. ст.-прус. nagutisслав. nogъtь ’пазногаць’, а таксама лексемы з другасным пеяратыўным значэннем: літ. vaikùtis ад vaĩkas ’дзіця’, žmogùtis ад žmogùs ’чалавек’ і інш. і, магчыма, прасл. lapъtь ’лапаць’, серб.-харв. ла́пат ’латка’ (Мартынаў, Дерив., 43–44). Гэта яшчэ балта-славянская інавацыя. Гл. Слаўскі, 5, 157–158; Атрэмбскі, Gramatyka, 2, 263. Крукоўскі (Уплыў, 12) мяркуе, што лексема вехаць — запазычанне.

Ве́хаць2 ’стары венік, дзяркач’ (Бяльк.) узнікла ў выніку пераносу значэння па функцыі вехаць1 ’пучок, скрутак саломы, травы, якім мыюць посуд, мэблю’ → ’сцёрты дзяркач, якім шаруюць лавы, падлогу’; параўн. яшчэ польск. wiecheć ’мятла з саломы’.

Ве́хаць3 ’падмазка, кавалачак сала падмазваць скавараду’ (Бяльк.) утварылася ў выніку пераносу значэння паводле падабенства: ве́хаць ’скрутак, жмут анучак, наматаны на палачку, якім мэкаюць у тлушч і размазваюць па патэльні’ → ’падмазка, кавалачак сала’. Сюды можна аднесці і ве́хаць ’шматок, невялікая колькасць’, якое ўзнікла ў выніку абагульнення значэння ’скрутак, пучок саломы’; параўн. польск. wiecheć ’кавалак (напр., мяса)’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

На́маразень ’падоўжны брусок, які набіваецца на капылы ў санях’ (Сл. ПЗБ; карэл., Нар. лекс.), на́маразні мн. (шчуч., Сцяшк. Сл.; Сл. ПЗБ; Сержп. Грам.), на́марзень (ТСБМ), на́марзня, на́мерзня (Сл. ПЗБ; Мат. Гом.), на́марзні (Бяльк., Сл. ПЗБ), на́мярзні (Сл. ПЗБ), на́морожэнь, на́морозень (Маслен.), на́маражня, на́морожня (Мат. Гом., Маслен.; лунін., Шатал.; ельск., КЭС; Сл. ПЗБ, ТС), на́маражні (Пятк., Сл. ПЗБ), на́маржні (Сл. ПЗБ), намарзня ’вяровачная пятля на капыл саней, якой прымацоўваецца аглобля’ (дзярж., Нар. сл.), укр. на́морозень, на́моржень, рус. сіб. на́морзни, на́морожни. Цікавы выпадак народнай этымалогіі, якая грунтуецца на іншай назве дэталі саней, параўн. усту́жьіна ’вязок у санях на першых капылах’ (гарадоц.., Нар. лекс.), палес. сту́зэнь, сту́жені, сту́дні ’тс’ (Маслен.), рус. сту́жень ’вязок, пры дапамозе якога гнутыя высокія галоўкі палазоў прымацаваны да першых капылоў у санях са стуженем або ўсходнееўрапейскіх санях’ (гл. Вийрес, Из истории саней в Прибалтике//Проблемы этнич. истории балтов. Тезисы межресп. конф. Рига, 1985, 129). Элемент стуж‑ (студ‑), што паходзіць ад сту́га ’палоска, сувязь, мацаванне’ (< *s^tęgay да тугі, цяга, цягну́ць, гл. Фасмер, 3, 786), быў атаясамлены з адпаведным элементам у стуж‑а ’сцюжа’, стуж‑ны ’халодны’, у выніку чаго стала магчымай яго субстытуцыя (замена) блізкім па сэнсу элементам мароз і стварэнне паўкалькі на́маразень, дзе прэфіксацыя на- адлюстроўвае надзяванне дэталі зверху на капыл, а суфіксацыя, як у ёту‑ жень, параўн. той жа словаўтваральны тып у іншай назве дэталі — на́даўбень (гл.), у якім адлюстравана «тэхналогія» вырабу дэталі. Можна меркаваць, што магчымасць для дээтымалагізацыі назваў са стуж‑ узнікла ў выніку замены скручаных з гібкіх прутоў вязоў «даўбанымі» вязамі, якія ўжо не сцягвалі капылы з галоўкамі, параўн. палес. сцягі, усцяглі — іншыя назвы разглядаемай дэталі. Знешнім стымулам для стварэння паўкалькі стаў вобраз з намярзаючага на дэталь снегу ці льду, параўн. на́морожня ’намаразь’ (ТС). У плане адноснай храналогіі назва намаразень больш новая ў параўнанні з назвамі на стуж‑ і сцяг‑, аднак больш старая за назвы тыпу на́даўбень, на́дубень і пад.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)