характэ́рны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адметныя, рэзка выяўленыя, своеасаблівыя рысы. Толькі ад вагранак і электраплавільнай печы далятала характэрнае патрэскванне ды прыглушана гула вентыляцыя. Карпаў. Пан быў вельмі абураны, задрыжаў яго характэрны падбародак. Бядуля.
2. Уласцівы пэўнай асобе, прадмету, з’яве. Характэрнаю рысаю стылю [Бядулі] з’яўляецца спалучэнне бытавізму з паэтычнасцю. Адамовіч. Трэба было ўнесці ў гэтую справу тую наладжанасць, тую празрыстую яснасць, якія былі характэрны для любой справы, за якую б ні браліся бальшавікі. Лынькоў.
3. У мастацтве — уласцівы пэўнаму народу, эпосе, грамадскаму асяроддзю. Характэрныя танцы. Характэрныя ролі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цяплі́цца, цепліцца; незак.
1. Слаба, невялікім полымем гарэць. У гушчары на невялікай палянцы цепліцца з сухога галля касцёр. Няхай. // Слаба свяціцца. У акне Аўдзеевай хаты цепліўся слабы агеньчык лямпы, дзверы былі зачынены. Дуброўскі.
2. перан. Быць, мецца, праяўляцца ў малой, нязначнай ступені (пра жыццё, надзею, пачуццё і пад.). І толькі па стогну .. можна было меркаваць, што ў распластаным целе цепліцца яшчэ жыццё. Якімовіч. І радасць цепліцца ў сэрцы, Што гэтым незабыўным днём Нам шчасце выпала сустрэцца З узнятым сцягам над Крамлём. Танк.
3. Зал. да цяпліць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чы́ннасць, ‑і, ж.
1. Кніжн. Дзейнасць. Тым жа часам камсамольская ячэйка і яе сакратар набывалі ў Затонні ўсё большае значэнне, у меру таго, як разгортвалі яны сваю чыннасць. Колас. Першым актам чыннасці вясковых камсамольцаў было зруйнаванне «святога калодзежа». Навуменка.
2. Уласцівасць чыннага (у 2 знач.). Колькі чыннасці, пагляньце, Колькі важнасці ў хадзе! Туфлі рыпаюць пад глянцам: «Прэч з дарогі! Туз ідзе!». Гілевіч. А ў залах тых чынна. Манішкі і фракі. Не верце ў чыннасць! Вось доларам бразнуць — І зноўку на мір наш пачнуцца атакі. Панчанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шпа́ла, ‑ы, ж.
1. Брус, які кладзецца ўпоперак чыгуначнага насыпу як апора пад рэйкі. Пахла мазутам, пагрэтымі за дзень шпаламі, жвірам і нечым асаблівым, станцыйным. Карпаў. Ідзе Сцёпка, дзе чыгункаю па шпалах, а дзе вузенькаю сцежкаю. Колас. Адноўлены Касцюковіцкі райпрамкамбінат пачаў вырабляць шпалы для Беларускай чыгункі. Лыч.
2. Знак адрознення старшага каманднага саставу ў Савецкай Арміі (да 1943 г.), які меў форму прамавугольніка. Наперадзе ўсіх ішоў высокі чалавек, на пятліцах камандзірскай гімнасцёркі ў яго было па чатыры «шпалы», а на рукаве гарэла пяціканцовая зорка палітработніка. Лупсякоў.
[Ад гал. spalk — падпорка.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шы́бенік, ‑а, м.
1. Пакараны смерцю праз павешанне; павешаны на шыбеніцы. Як той і шыбенік, на сценцы Вісіць скрыпка на цвіку. Бядуля.
2. Разм. Свавольнік, балаўнік, гарэза. [Сын] у мяне такі ўжо шыбенік, забаўку знайшоў — у дзверы стукаць, — апраўдвалася маці. Сачанка. // Бандыт, якога чакае шыбеніца; галаварэз. — Што ты робіш, шыбенік! — нема загаласіў стары. Корбан. — Трэба было затрымаць тут гэтага шыбеніка і — аман. Бажко. Самога Яўхіма Халусту не спыніў бы Лявон, і бо баяўся былога панскага аканома. Не спыніў бы і яго малодшага сына Мікалая — шыбеніка і злодзея. Чарнышэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Ве́ра. Ст.-рус., ст.-слав. вѣра, рус. ве́ра, укр. ві́ра, польск. wiara, чэш. víra, балг. вя́ра, серб. ве̏ра і г. д. Прасл. *věra ’вера’. Сюды ж і прасл. *věrьnъ ’верны’ (ст.-рус. вѣрьныи, рус. ве́рный, бел. ве́рны, укр. ві́рний, польск. wierny, чэш. věrný, ст.-слав. вѣрьнъ, балг. ве́рен, серб. ве̑ран і г. д.), а таксама дзеясловы тыпу *věriti, *věrovati ’верыць’: ст.-рус. вѣрити, вѣровати, бел. ве́рыць, укр. ві́рити, рус. ве́рить, ве́ровать, польск. wierzyć, чэш. věřiti, ст.-слав. вѣровати, вѣрити, балг. вя́рвам ’веру’, ве́ря се ’бажуся, клянуся’, серб. ве̏ровати ’верыць’, ве̏рити ’засватаць’ і г. д. І.‑е. *u̯ēr‑: лац. vērus ’сапраўдны, верны’, гоц. tuz‑wērjan ’сумнявацца’ (tuz — частка з адмоўным значэннем), ст.-в.-ням. wār (ням. wahr) ’сапраўдны, верны, надзейны і да т. п.’, wāra ’праўда; вернасць і г. д.’ Таксама параўноўваюць з авест. var‑ ’верыць’, varəna‑ ’вера’ (у такім выпадку трэба б было зыходзіць з кароткага галоснага ў і.-е. праформе). Параўн. Фасмер, 1, 292–293.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Во́лат ’гігант, асілак’ (БРС, Касп., Гарэц., КТС). Рус. волот, дыял. велет ’тс’, укр. ве́лет, велетень ’тс’, ст.-рус. волотъ, ц.-слав. влатъ ’гігант’, зах.-слав. Veletabi ’племя вільцы ў Макленбургу’ (= *veletove). Было некалькі спроб высветліць этымалогію гэтага слова, але галоўная цяжкасць — хістанне o/e — застаецца нявырашанай. Брукнер (AfslPh, 42, 138) велет звязвае са ст.-слав. велии ’вялікі’, а варыянт волот лічыць больш позняй аналагічнай формай. Сабалеўскі (РФВ, 64, 117) спрабаваў тлумачыць хістанне галосных як розныя асіміляцыі, але гэтага недастаткова. Міклашыч (394) супастаўляе з с.-лац. Veletabi, назвай заходнеславянскага племені. Дапускаецца роднасць з лац. valeo ’я ў сілах, здаровы’, тахар. A wäl‑ ’панаваць’, тахар. B walo, wlo ’пан, гасудар’ (Бенвеніст, Festschr. Н. Hirt, 2, 234). Версія Шахматава (AfslPh, 33, 87 і наст.), паводле якой слова запазычана з кельц. (параўн. ірл. flaith ’валадар’), памылковая па фанетычных прычынах (Фасмер, 1, 344). Аб сувязі тэрмінаў волот, велет з волос, велес гл. Іванаў, Тапароў, Иссл., 62 і наст.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Галіна́ (БРС, Шат.). Параўн. у Насовіча голина ’галіна дрэва, асабліва без лісця’. Утварэнне суфіксам *‑ina ад *golъ ’голы’ (параўн. адносна семантыкі галлё, гл.). Форма *golina са значэннем ’галіна, галінка’, здаецца, толькі беларуская. У рус. гаворках голина́ — гэта ’голае месца, голая зямля’, ’аўчына са збрытай шэрсцю, на якой вышываюць’ (гл. СРНГ), ва ўкр. мове голина́ ’адборны зерневы хлеб, акрамя аўса’ (Грынч.). Таму можна лічыць бел. галіна́ самастойным утварэннем, пашыраным толькі на бел. тэрыторыі.
Га́ліна ’асобная паляна ў лесе, асобная чыстая прастора сярод кустоў’ (Цэнтр. і Усх. Палессе) (Яшкін). Падрабязна аб гэтай групе слоў, зыходным для якіх з’яўляецца *galo, *galь з цэнтрам пашырэння ў Палессі, гл. Талстой, Геогр., 104–110. Зыходным для гэтага геаграфічнага тэрміна трэба лічыць прасл. *golъ ’голы’ (*gal‑, *gol‑ — гэта старое чаргаванне галосных, яшчэ з праславянскай эпохі). Такім чынам, першаснае значэнне слова было ’адкрытая, незарослая, голая мясціна’. Магчыма, сюды адносіцца і га́лка ’месца паміж кустамі, дае расце трава’ (Яшкін), але гэта не зусім надзейна, таму што корань *gal‑ аб’яднаў, здаецца, зусім не роднасныя па паходжанню словы.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Гаплі́к ’кручок (у адзежы)’ (БРС, Касп., Нас., Бяльк., Шатал.). Ст.-бел. гапликъ ’засцежка’ (гл. Булыка, Запазыч., 79). Зыходным для бел. (ст.-бел.) слова з’яўляецца, паводле Булыкі (там жа), Рудніцкага (563), ст.-польск. heftlik < ням. Heftel. Але пры такім тлумачэнні няяснай застаецца форма бел. слова (у прыватнасці, а замест е). Гэта а ёсць і ў іншых мовах: укр. гапли́к ’тс’ (з XVI ст., гл. Цімчанка, I, 508, які прыводзіць зыходнае ням. Haftel), рус. дыял. га́плик, гаплю́к ’кручок на вудачцы’ (якое Фасмер, 1, 392, правільна тлумачыць з зыходнага ням. Haftel, Heftel праз польск. heftlik). Вытворным ад гаплі́к з’яўляецца зафіксаванае ў Бяльк. гаплі́чка ’драцяная пяцелька’. Форма гаплю́к ’гаплік’ (Бяльк., Сцяц. Словаўтв., Сцяшк. МГ), якая сустракаецца (Бяльк.) і са значэннем ’малы чалавек’ (гэта — бясспрэчная метафара: ’кручок’ — ’малы чалавек’), узнікла адаптацыяй да вядомага ў слав. мовах суфікса ‑юк. Неверагодным было тлумачэнне Карскага (гл. Сцяц. Нар., 124): гаплю́к запазычана з цюрк. моў (відаць, на падставе, як мяркуе Сцяцко, там жа, ацэнкі элемента ‑юк у якасці цюркскага).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
[Бага́цце] ’агонь, вогнішча, касцёр’. Існаванне гэтага слова ў бел. мове вельмі праблематычнае. Фасмер, 1, 101–102; Трубачоў, Проспект, 39, не ўказваюць крыніцу. Вядомыя слоўнікі бел. мовы (уключаючы і дыялектныя) яго не знаюць. Рус. дыял. бага́ть, бага́тье, укр. бага́ття ’вогнішча’. Паходжанне слова спрэчнае. Звычайна збліжаюць з грэч. φώγω ’пяку, смажу’, ст.-в.-ням. bahhan (ням. backen) ’пячы’ і г. д. Гл. Бернекер, 38; Фасмер, 1, 101–102; Трубачоў, Проспект, 39. Але багацце з яго марфалагічнай структурай не здаецца старым словам. Больш верагодная сувязь з бага́ты; матывацыя тут вылучалася розная: 1) Патабня, ЖСт., 1891, 111, 117 (міфалагічнае ўяўленне агню золатам, багаццем); гл. Зяленін, Табу, 2, 59 і наст.; Гаверс, Tabu, 65 (першапачаткова багацця < *bogatъ ’багаты’; Фасмер (ZfslPh, 20, 454) лічыць гэта народнай этымалогіяй); 2) Ільінскі (ИОРЯС, 23, 128) лічыў, што назва (< багацця < *bogatъ ’багаты’) узнікла ў прымітыўным быту, калі вогнішча часта было сапраўдным багаццем. Не пераконвае Корж, ЗНТШ, 6, 117–118, які ўкр. бага́ття параўноўвае з серб.-харв. бо̀жић ’пень, які запальваюць на каляды’ і выводзіць ад бог (Дажь‑богъ).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)