Бу́рбалка1 ’пузыр, баўдыр на вадзе’ (БРС, Бір. Дзярж., Некр., Сцяшк. МГ, Янк. II, Мядзв., Шат., Нас., Касп.), бурбо́лка (Бяльк.), бу́рбаліць ’дзьмуць у ваду, каб з яе выходзілі бурбалкі’ (Бір. Дзярж.), ’пускаць праз ваду бурбалкі’ (КЭС), бурбуле́ць ’моцна кіпець’ (Юрч.), бурбо́ліць ’булькаць’ (Касп., Нас.), бурба́ліць ’пузырыцца’ (Шат.). Рус. дыял. бу́рболка, бурбы́лка, польск. burbulka, burbułka. Лічыцца запазычаннем з літ. burbuliúoti, burbuolė̃, bur̃bulas (да этымалогіі балт. слоў гл. Фрэнкель, 1, 44–45 пад bir̃bti: усё гукапераймальнае). Варш. сл. 1, 235; Блесэ, SB, V, 11; Кіпарскі, Лекс. балтызмы, 13 (< лат. bur̂bulis); Лаучутэ, Лекс. балтызмы, 22. Але праблема больш складаная, чым думаюць, таму што ўся група слоў гукапераймальнага паходжання, і могуць існаваць незалежныя славянскія ўтварэнні (аб складанасці пытання гл. Урбуціс, Baltistica, V (1), 1969, 51; V (2), 1969, 160, 161).

Бу́рбалка2 ’жоўтая вадзяная лілія’ (Шат.). Таго ж паходжання, што і бу́рбалка1 (гл.). Назва гэтай кветкі часта ўтвараецца ад слоў са значэннем ’пузыр, баўдыр, глечык і да т. п.’ Параўн. глечыкі, кушынкі, гарлачыкі, булдоўка, жбанкі і г. д.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Верэ́я ’верая’ (Сцяшк. МГ), верая́ ’шула, слуп у плоце’ (БРС), укр. верея́ ’шула; вось, на якой ходзяць дзверы’, рус. верея́, сарат. ’шула ў дзвярах, якое падтрымлівае страху хлява’, валаг. ’слуп у дзвярах’, бранск., разан. ’трама, бэлька’, арханг. ’шула азярода’, свярдл. ’вертыкальная вось матавіла’, паўн.-дзвін. ’абарачальны слуп у весніцах’, арханг. ’дзверцы ў плоце’, ст.-рус. верея ’бэлька, брус’; ’шула’; ’жардзіна, якою закрываюць вароты’, польск. wierzej ’аднастворкавая брамка’, wierzeja ’двухстворкавая брамка з дошак’; ’дзверы ў гумне’, ст.-польск. wierzejny ’агульны, адкрыты’, чэш. veřejný ’тс’, veřej(e) ’палавінка дзвярэй’, славац. veraj, verej ’створка дзвярэй, варот’, veraje ’вушакі’, славен. veréja ’слуп, вушак’ і ст.-слав. верѣꙗ ’засаўка’. Прасл. лексема, утвораная ад ver‑ (> ver‑ti ’закрываць, замыкаць, заціскаць’) пры дапамозе суф. Nomina agentis ж. р. ‑ěja. Мае і.-е. адпаведнікі: літ. var̃tai ’дзверы’, оск. veru ’вароты’, ст.-інд. vr̥tiḥ ’плот, агароджа’, лац. aperio ’адчыняю’ (гл. Развадоўскі, Wybór, 2, 205; Траўтман, 352; Вальдэ, 50; Фасмер, 1, 298; ЭСРЯ, 1, В, 29; Махэк, 684).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ве́тла ’лаза’ (мазыр., Мат. Гом.), рус. літар. ветла́ ’вярба, Salix pendula’, калін. ’пустазелле ў аўсе’, разан. ветла́к ’белая вярба’, смал., маск. ветли́на ’вярба’, урал. ве́тли́на ’бульбоўнік, націна буракоў, гароху’, укр. ветла́, вутла́, ветли́на́ ’вярба, Salix viminalis’; ’жоўтая вярба, Salix vitellina’, ветли́нка ’Gorgonia viminalis’, польск. wietla, wietło ’галіна’ (Варш. сл.). Усходнеслав. утварэнне ад вет‑ (< vět‑ < viti ’віць’) і суф. ‑ьл‑а, магчыма, пад балцкім уплывам; параўн. літ. vytẽlė ’лаза, дубец’, vytìs ’тс’, výtulas ’звязка’, vỹturti ’звіваць, абверчваць’, лат. vîtuõls ’вярба’, vītne ’гірлянда; вусікі гароху’ і інш. Гл. Траўтман, 347; Мюленбах-Эндзелін, 4, 648; Фасмер, 1, 306; Шанскі, 1, В, 79; КЭСРЯ, 57. Махэк₂ (687) дае прасл. форму ў выглядзе vьtъla < і.-е. *vitulā і прыводзіць тапанімічныя назвы з чэшскай і польскай моўных тэрыторый, якія не адносяцца да ве́тла. Сюды ж ветліца. Гл. яшчэ Праабражэнскі, 1, 80. Як і Гараеў, 46, ён дае vьt‑l‑a < vi‑ti. Рудніцкі (1, 373) мяркуе, што ўкр. ветли́на магло ўзнікнуць як вынік адаптацыі навуковага лац. тэрміна (Salix) vitellina.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вожык (БРС, Нас., КТС, Шат., Касп.). Рус. ёж, укр. їж, ст.-рус. ожь, ожик, польск. jeż, каш. jež, в.-луж. jěž, н.-луж. jež, чэш. ježek, серб.-харв. је̑ж, славен. jež, балг., макед. еж. Прасл. ezi̯o. Роднасныя: літ. ežỹs, лат. ezis ’вожык’, ст.-в.-ням. igil (н.-в.-ням. Igel) ’вожык’, арм. ozni, грэч. ἐχῖνος ’вожык’. Далей, магчыма, роднасна грэч. ἔχις ’змяя’, арм. ’тс’, ст.-інд. áhi ’змяя’, г. зн. першапачаткова гэта была табуістычная назва ’пажыральнік змей’ (Петарсан, Kelt. Gr., 1, 99; Покарны, 144, 292 і наст.; Голуб-Копечны, 153; Фасмер, 2, 10; Махэк₂, 226; Слаўскі, 1, 572 і наст.). Другія даследчыкі асноўным значэннем протасл. ezi̯o лічаць ’калючы’ і ўзводзяць да і.-е. кораня *egh‑ ’калоць, пракалоць’ (Бернекер, 266 і наст.; Праабражэнскі, 1, 212 і наст.; Машынскі, JP, 37, 299; Шанскі, 1, Д, 252; там жа падрабязна гл. літаратуру). Аб пачатковым о‑ ва ўсходнеславянскіх мовах гл. Шахматаў, Очерк, 141; Ільінскі, Slavia, 2, 232 і наст.; Бернштейн, Фонетика, 225 і наст.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Во́лас1 (БРС, Бір., Шат., Касп., КТС). Рус., укр. во́лос, ст.-слав. власъ, польск. włos, в.-луж. włós, н.-луж. łos, каш. vłos, чэш., славац. vlas, серб.-харв. вла̑с, славен. lȃs, балг., макед. влас. Прасл. volsъ. Роднасныя авест. varəsa‑ ’волас чалавека або жывёліны, асабліва на галаве’, с.-перс. vars ’волас’, ст.-інд. válśaḥ ’галінка’, магчыма, грэч. οὖλος ’кучаравы’ або λάχνη, λάχνος ’воўна’, літ. valaĩ мн. л. ’валасы конскага хваста, вуда’, а таксама ст.-рус. володь ’волас’, ц.-слав. владь, рус. дыял. во́лоть ’ніць, волас’, бел. валотка ’колас, мяцёлка проса і г. д.’ (Траўтман, 340; Лідэн, Stud., 48; Фасмер, 1, 342; Махэк₂, 693; Шанскі, 1, В, 151).

Во́лас2 ’незажываючая рана’ (Мат. Гом., Інстр. II). Рус., укр. во́лос ’гнойны нарыў на пальцы’. Параўн. і чэш. živý vlas ’ніткавы чарвяк’. Да волас1. Па павер’ю ўсе гнойныя запаленні, язвы і нарывы ўзнікаюць ад вадзянога ніткаватага чарвяка, які быццам бы ўтварыўся з конскага воласа (Дабр.). Аб сувязі з воласам гл. Іванаў, Тапароў, Иссл., 52 і наст. Параўн. таксама валасень.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Во́трыны, вотрана ’адходы пры ачыстцы зерня’ (Яруш., Касп., Бяльк., Мядзв., Шн., Жд., 1, Шатал.), во́трына ’пустыя каласы і дробная салома, якія застаюцца пасля малацьбы’ (Нік., Оч., 102), Рус. во́тря, во́трина ’тс’, укр. три́ни ’перацёртая салома’, польск. trzyny ’апілкі’, чэш. oteřiný, tříny (sena) ’дробныя рэшткі сена, якія рассыпаліся’, славац. oteriny ’апілкі’, серб.-харв. три̏не ’мякіна’, славен. trica ’адходы пры ачыстцы льну’, балг. три́ци ’мякіна’. Прасл. trina, trini (параўн. літ. trinù, trìnti ’праціраць, пілаваць, зношваць адзежу’, лат. trinu, trît ’тс’. Да terti (гл. цярэць) (Праабражэнскі, 2, 167; Фасмер, 3, 172; Брукнер, 579; Махэк₂, 658 і наст.). Семантыка і словаўтварэнне іншаславянскіх адпаведнікаў сведчаць супраць гіпотэзы Тапарова (Прус., 174) аб магчымасці аднясення рус. і бел. слоў да кораня *vě(ja)ti (г. зн. вотрыны ’тое, што адвеяна’; параўн. рус. отве́й, отве́в ’дробнае шалупінне, якое атрымліваецца пры веянні’) і выдзялення тут суф. ‑tr‑. Да кораня ter‑, як мяркуе Кошалеў, адносіцца рус. трын-трава (ЕіЛ, 19, 4, 105). Адносна форм без ‑ін‑ гл. атора.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Воўк (БРС, Нас., Касп., Шат., Бяльк.). Рус. волк, укр. вовк, ст.-рус. вълкъ, ст.-слав. влькъ, польск. wilk, каш. vêlk, vilk, в.-луж. wjelk, н.-луж. weľk, чэш., славац. vьklъ, серб.-харв. ву̑к, славен. vȏłk, балг. вълк, макед. волк. Прасл. vьlkъ. Роднаснае літ. vil̃kas, лат. vìlks, гоц. wulfs, алб. ulk, ст.-інд. vr̥̄́kas, авест. vəhrka‑, грэч. λύκος, лац. lupus (запазычана з сабін.) (Траўтман, 359; Вальдэ, 447; Уленбек, 291; Богач, LF, 33, 103 і наст.; Шпехт, KZ, 66, 26 і наст.). Узыходзіць да і.-е. ue̯l‑ ’рваць’, г. зн. воўк ’той, які разрывае, раздзірае’ (Праабражэнскі, 1, 92; Фасмер, 1, 338; Шанскі, 1, В, 148). Сюды ж валачыць (гл.). У грэч. λύκος і лац. lupus, якія ўзыходзяць да і.-е. *lukos, адбылася табуістычная метатэза (Трубачоў, ВСЯ, 3, 123). Абаеў (ОЯФ, 1, 592 і наст.) указвае на верагоднасць захавання спрадвечна лац. *vulcus, *volkus ’воўк’ у Vulkānus ’бог Вулкан’. Карнуа (Трубачоў, Дополн., 338) параўноўвае апошнюю лексему з грэч. Ϝελχανός ’Зеўс у крыцян’ і хец. u̯alh̯‑ ’біць’, адкуль этрус. vel, velx.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вуж1 (БРС, Нас., КТС, Шат., Касп., Грыг.). Рус. уж, ужа́, укр. вуж, ст.-рус. вужь, польск. wąż, węża, чэш., славац. užovka, н.-луж. huž ’змяя, чарвяк’, славен. vȏž. Прасл. *ǫžь. Роднаснымі з’яўляюцца літ. angìs, він. скл. añgì ’ядавітая змяя’, лат. ùodzs, uôdze ’гадзюка’, ст.-прус. angis ’змяя’, лац. anguis ’змяя’, ст.-в.-ням. unc ’змяя’, ірл. esc‑ung ’вугар’ (г. зн. вадзяная змяя). Звязана з вугор1 (гл.) (Траўтман, 8; Фрэнкель, 10; Фасмер, 4, 150 і наст.).

Вуж2 ’прывязка, якой прымацоўваецца біч да цапільна’ (ДАБМ, 829, 138); ’тоўстая вяроўка’ (Хрэст. дыял., 333); ’частка хамута, гуж’ (Сцяц.). Гл. вужышча. У формах вужва, ужва (ДАБМ, к. 259) ‑ва нельга вытлумачыць іначай, як з гужва (гл.); параўн. прасл. *gǫžьvь, дзе яно заканамернае. Верагоднай з’яўляецца і роднасць *gǫžь і *ǫza (Бернекер, 1, 343; Брукнер, 137; Праабражэнскі, 1, 167), асабліва калі тлумачыць г як пратэзу (Якабсон, Word, 8, 1952, 388); параўн. вугнявіць‑гугнявіць, укр. вуж‑гуж і г. д. Інакш гл. Фасмер, 1, 471.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жале́за1 Рус. желе́зо, укр. залі́зо, польск. żelazo, чэш., славац., в.-луж. železo, н.-луж. zelezo, палаб. zilʼozü, балг. желязо, макед. железо, серб.-харв. жѐлезо, славен. želę́zo ’тс’. Ст.-слав., ст.-рус. желѣзо ’тс’. Літ. geležìs, лат. dzèlz(i)s ’тс’, ст.-грэч. χαλκός ’медзь’. Покарны (1, 435) дае праформу *ghel(ē̆)ĝh‑. Паводле Трубачова (ВСЯ, 2, 1957, 31–34), які адкідвае думку некаторых папярэднікаў (Мейе, Общеслав., 408) пра запазычаны характар слова, яно звязваецца са словамі, што абазначалі камяні, косці (перанос па падобнасці і функцыі): польск. głaz, рус. глаз ’каменьчык’ > ’вока’, ст.-слав. желы, бел. жаўлак (гл.), грэч. χέλῦς ’чарапаха’, галава (гл.). Тады выдзяляецца і.-е. корань *ghel‑ ’камень’. Улічваючы польск. żeliwo ’чыгун’, ‑z‑о (< *‑gʼh‑) мае суфіксальны характар (Шанскі, 1, Ж, 281). Гл. яшчэ Фасмер, 2, 42–43; Траўтман, 83; БЕР, 535 (дзе этымалогія Трубачова кваліфікуецца як няпэўная).

Жале́за2 ’жалезная рэч’ (у тым ліку ’свяцільня’) (Сл. паўн.-зах.). Пераноснае, паводле матэрыялу, ад жале́за1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жы́ла ’крывяносны сасуд’, ’частка зямной кары, запоўненая пародай або вадой’, ’асобны провад кабелю’. Рус., укр., балг., макед. жила, польск. żyła, в.-луж. žila, н.-луж. žyła, чэш. žila, славац. žila, славен. žíła ’жыла’, серб.-харв. жи̏ла ’галінка кораня, жыла, бізун’. Ст.-слав. жила ’крывяносны сасуд’, ст.-рус., ст.-бел. (Скарына) жила ’тс’. Літ. gýsla, ст.-прус. ‑gislo (у складаным слове pettegislo), лат. dzīsla ’жыла’, арм. ǰil ’жыла’, лац. fīlum ’нітка, валакно, ткань; сухажылле’. І.‑е. *g​hīslo‑, адкуль балт., слав., а таксама арм. і лац. Покарны, 1, 489; Фасмер, 2, 54–55; Мейе, Études, 420; БЕР, 1, 545; Скок, 3, 680; Тапароў, E–H, 250–251; Траўтман, 87, 90; Ачаран₂, 4, 127; Вальдэ-Гофман, 497; Эрну-Мейе, 235. Таго ж кораня жычка (гл. Брукнер, 669 і наст.). Махэк₂ (727), як і некаторыя іншыя, спрабуе пашырыць кола і.-е. роднасных слоў герм., у прыватнасці ням. Geissel ’бізун’, што, аднак, выклікае сумненні. Шанскі (1; Д, Е, Ж) не выключае (спасылаючыся на Пагодзіна, Следы, 276) магчымасці сувязі жыла з жыць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)