Малы́, малэ́й ’невялікі’, ’нязначны па колькасці’, ’меншы, чым патрэбна’, ’кароткі’, ’слабы’, ’неістотны, нязначны’, ’малалетні’ (ТСБМ, Яруш., Шат., Бяльк., Растарг., Сл. ПЗБ, ТС; драг., КЭС), Малы Воз ’Малая Мядзведзіца’ (паст., Сл. ПЗБ), малое ’дзіця’ (Нас., Шат.). Ст.-бел. малъ, малый ’невялікі, дробны, невысокі’, ’малады, малалетні’, ’кароткачасовы’, ’малапрацяглы’, ’колькасна нязначны, небагаты’, ’нікуды не варты, нязначны’, ’ледзь прыкметы, слабы’. Укр. мали́й, рус. ма́лый, мало́й, польск. mały, палаб. molĕ, н.- і в.-луж. małki, в.-луж. mały, чэш., славац. malý, славен. mȃli, mál, серб.-харв. ма̏о, макед. мал, балг. малък, ст.-слав. малъ. Прасл. malъ ’малы, невялікі’. Самымі блізкімі і.-е. паралелямі з’яўляюцца ст.-в.-ням. small, ням. schmall ’вузкі’, ’тонкі’, ’бедны’, smalaz vihu ’дробная скаціна’, гоц. smals ’малы, нязначны’, ст.-грэч. μῆλον ’дробная скаціна, авечкі’, ірл. míl ’жывёла’, лац. malus ’дурны, благі’ (з ’малы, недастатковы’), а таксама франц. māla ’карова’, гал. maal ’цялушка’, ст.-ісл. smale ’дробная скаціна’, — і.-е. *(s)mōl‑/*(s)mēl ’дробная скаціна’ (Бернекер, 2, 13; Голуб-Копечны, 215; Брукнер, 320; Махэк₂, 349; Фасмер, 2, 564; Бязлай, 2, 163–164). Скок (2, 375) дапускае гукаперайманне як крыніцу разглядаемай лексемы. Мартынаў (Балто-слав.-итал. изогл., 30) мяркуе аб пранікненні іт. malos у зах.-балт. арэал.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Се́ран ‘шарон, цвёрды слой снегу пасля адлігі’ (Нас., Гарэц., Касп.; докш., Гіл., Янк. Мат.), се́ран, се́рен, се́рана, сяро́н, сяру́н, серані́ла, серанок, се́рань ‘тс’ (Сл. ПЗБ; віц., маг., гом., ЛА, 2), се́рън ‘тс’ (Нар. сл.), серано́к (Бяльк.), сі́рна (Шатал.) ‘тс’. Укр. сере́н, рус. серён, се́рен, се́рень ‘тс’, ст.-рус. серенъ ‘шарон’, серенъ ‘белай масці (аб кані)’, рус.-ц.-слав. срѣнъ ‘белы’, польск. śron, śrzon, szron ‘іней, шэрань’, чэш. stříň ‘першы тонкі лёд на вадзе’, славац. srieň ‘іней, шэрань’, славен. srȇň, srẹ̑nj ‘іней; шарон’. Прасл. *sernъ або *sernь. Роднасныя літ. ser̃kšnas, šer̃kštas ‘светла-шэры’, лат. sērns, sērksnis м. р., sę̄rsna ж. р. ‘шэрань; іней, галаледзіца; шарон’, ст.-ісл. hjarn ‘замёрзлая маса снегу’; гл. Траўтман, 303; Мюленбах—Эндзелін, 3, 722, 820. 831; Торп, 78; Фасмер, 3, 608; Махэк₂, 588. Сной₁ (602) славянскія словы і роднасныя ўзводзіць да і.-е. *kʼer‑s‑no ‘светлы, шэры’. Борысь (607) удакладняе, што слав. *sernъ — гэта субстантываваны прыметнік *sernь ‘белы, сіваваты’, а дыял. *srenь — той жа прыметнік, субстантываваны пры дапамозе суф. ‑jь (*sern‑jь). Выказаную здагадку Тапарова (Балтийские яз., 46) адносна магчымага запазычання рус. се́рин ‘шарпак’ з літоўскай адводзіць Анікін (Опыт, 275), бачачы паміж ім і літ. šer̃kšnas толькі генетычную сувязь.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

высо́кі, ‑ая, ‑ае.

1. Вялікі, працяглы знізу ўверх; проціл. нізкі. Высокі дом. □ На парозе паказаўся высокі стары ў цёмнай кашулі,.. з люлькаю ў зубах. Якімовіч. Велізарны, высокі, ясна асветлены зал быў перапоўнены. Самуйлёнак. Над намі шушукаюцца высокія гордыя хвоі. Бядуля. // Які знаходзіцца на значная вышыні над узроўнем мора. Высокая мясцовасць. Высокія горы.

2. Значна большы за сярэднюю норму. Высокія тэмпы развіцця. Высокі ўраджай. Высокая тэмпература. □ Напярэдадні майскага свята механічны цэх.. узяў самыя высокія абавязацельствы. Шыцік.

3. Добры па якасці; выдатны. Высокае майстэрства. Высокая культура. Высокая тэхніка.

4. Выдатны па свайму значэнню, вельмі важны; пачэсны, шаноўны. Высокая ўзнагарода, пасада. Высокі гонар. Высокі госць.

5. Поўны глыбокага значэння, незвычайны па свайму зместу. Высокія ідэі. Высокая мэта. □ Напоўнены сэрцы Пачуццём высокім; Нас гордасць шугае Патокам глыбокім. Колас.

6. Вытанчаны, рафінаваны. Высокае мастацтва. Высокая культура.

7. Тонкі, рэзкі (пра гукі). Высокі голас. Высокая нота. □ З дынаміка пачуліся перарывістыя гукі: то высокія, то нізкія. Шыцік. З кузні ляцеў звон сухі, высокі. Пташнікаў.

•••

Высокі стыль — стыль, уласцівы ўрачыстай паэзіі, прозе.

Высокія шыроты — шыроты, далёкія ад экватара, блізкія да полюсаў.

Птушка высокага палёту гл. птушка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

саро́мецца, ‑еюся, ‑еешся, ‑еецца; незак.

1. Адчуваць сорам, няёмкасць за свае паводзіны, учынкі і пад. [Максім] лавіў сябе на тым, што зайздросціць Мікодыму, і саромеўся гэтага. Машара. Пра гісторыю з лыжамі Воўка саромеўся расказваць у класе. Кавалёў. Пасля.. [Саша] прызналася, што саромелася свайго беднага ўбрання: яна была з беднай сям’і, расла без маці. Шамякін.

2. Адчуваць няёмкасць, бянтэжыцца, канфузіцца. Анежка ж, апынуўшыся ўпершыню на такой адзіноце з.. [Алесем], саромелася і таксама маўчала. Броўка. З імі быў Пеця Зварыкін — ціхі, непрыкметны юнак з доўгімі рукамі, якіх ён вельмі саромеўся і таму заўсёды трымаў за спіной. Васілёнак. // з інф. Не адважвацца рабіць што‑н. з-за няёмкасці, сарамлівасці. [Санька] падцягваць саромеецца, бо вельмі ж у яго тонкі голас супраць баса дзядзькі Якуба. Якімовіч. Валя саромеецца хадзіць на гэтыя вечарынкі і сядзіць вось так доўгімі вечарамі. Шамякін.

3. (звычайна з адмоўем). Не цырымоніцца з кім‑н.; дзейнічаць бессаромна, бесцырымонна. — Жылаваты чалавек ты, браце! — падумаў Лабановіч: — Нават за напісанне ліста не саромеешся браць сала. Колас. Не саромеўся [Андрэй] нахлусіць сябру пяць карабоў з коптурам, каб толькі выставіць сябе перад ім ад важным і смелым. Пальчэўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ветхі ’стары, старажытны, старадаўні, трухлявы’ (КТС), укр. ве́тхий, рус. ве́тхий ’тс’, ленінгр. ’хваравіты’, кастр. ветха́ный ’стары, зношаны’, ст.-рус. ветъхый ’стары, паношаны, трухлявы; даўні, спрадвечны; дахрысціянскі, паганскі’ (з XI ст.), польск. уст. wietki ’гнуткі, хрупкі, слабы, тонкі, шчуплы’, wiotchy ’стары’; ’гнуты, слабы, далікатны’, н.-луж. wjatki ’пацёрты, зношаны’, wiatły ’тс’; ’стары (аб будыніне)’, в.-луж. wjetki ’стары, трухлявы, паношаны’, чэш. vetchý ’стары, старадаўні, трухлявы, слабы’; ’рэдкі (аб палатне)’, славац. vetchý ’зношаны, трухлявы; стары, слабы, хваравіты, не валодае сабою’, серб.-харв. вѐт, вѐтах ’стары’, макед. ветов ’стары, паношаны, пацёрты’, балг. вехт, ве́хът, ве́тав, ветък, вехток ’тс’, ст.-слав. ветъхъ. Прасл. vetъхъ. Мае і.-е. адпаведнікі: літ. vẽtušas ’стары, састарэлы’, лат. vecs ’стары, старажытны, старадаўні’, лац. vetus, vetus‑tus ’састарэлы’, грэч. ἔτος, Ϝἔτος, алб. vjet ’год’, ст.-інд. vatsá ’тс’, vatsás ’гадавалы’, сагдз. wtšnyy ’стары’ > іран. *wat(u)šana‑ (гл. Траўтман, 356; Сэмерэні, Word, 8, 50; Мюленбах-Эндзелін, 4, 517; Вальдэ-Гофман, 2, 776; Праабражэнскі, 1, 80; Брукнер, 623; Голуб-Копечны, 414; Махэк₂, 686; Фасмер, 1, 307; КЭСРЯ, 57; Шанскі, 1. В, 80). Рэканструюецца як і.-е. *u̯etuso‑ (wetuso‑) ’стары, састарэлы’ (Персан, IF, 26, 63; БЕР, 1, 139). Буга (РФВ, 67, 246) і Эндзелін (Слав.-балт. эт., 52) выводзяць літ. vẽtušas з *u̯etukʼsos. Гл. таксама ве́тах.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ля́мец1, ляме́ц, ля́мац, ля́мяц, ля́міц, ле́мыц, ля́мэць ’тоўсты, шчыльны матэрыял, звалены з воўны, шэрсці’ (ТСБМ, Грыг., Гарэц., Уладз., Нас., Шат., Касп., Растарг., ТС, Сл. ПЗБ; КЭС, лаг.), ’пракладка з лямцу ў хамуце пад хамуцінай’, ’лёгкая пракладка з саломы ці лямцу пад клешчамі’, ’падхамутнік’, ’потнік’, ’від хамута’ (Маслен., Бяльк., Нас., Сл. ПЗБ, Касп.), ’лямка, шляя’ (Др.-Падб.), ’ярмо, цяжкая работа’ (Мат. Гом.), ’ільняны або саламяны абруч, на які паляшучкі накручвалі валасы’ (Малч., Тарн., Маш., Сержп. Грам.; мазыр., Шпіл.), ля́мцы ’непрычасаныя валасы’ (клец., Нар. лекс.), ’каўтун’ (Мат. Гом.), ля́мчыцца ’збівацца ў камяк, каўтуны’, ля́мчыць ’валіць воўну’ (Нас.; КЭС, лаг.; ТСБМ, ТС), ля́мец ’пласт гною, сена і інш.’ (жытк., Нар. словатв.; ТС). Укр. ля́мець, рус. ля́мец ’тс’, польск. lamec ’тс’, lemiec, чэш. límec, lémec ’каўнер’. Няясна. Фасмер (2, 551) рус. лексему выводзіць з польск. lemiec ’каўнер’, адкідаючы версію Бернекера (1, 700), які ўзводзіць гэту лексему да франц. lame ’палоска, тонкі дрот’. Слаўскі (4, 39) дапускае бел. мову ў якасці крыніцы для запазычання з польск. lamiec або з ням. Lahn‑tresse ’стружка, галун з шоўку’. Карловіч (Wyr. obce, 335) і Брукнер (290) лічаць крыніцай с.-в.-ням. lîm ’рамка, аблямоўка’. Махэк₂ (326) лічыць роднасным (да чэш. lem ’тс’) грэч. λῶμα ’аблямоўка’.

Ля́мец2 ’гультай’ (Мат. Гом.). У выніку семантычнага пераносу з ля́мец1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пісктонкі, высокі гук’ (ТСБМ, Яруш.), піскатня́ ’працяглы многагалосы піск’, піскнуць, піснуць — аднакратнае ад пішча́ць (ТСБМ), пі́скыць ’пішчаць раз-пораз’ (Юрч. СНЛ), піскаце́ць ’пішчаць’ (гродз., З нар. сл.), ’вішчаць (пра свіней)’ (гродз., ЛА, 1), ’шчабятаць (пра ластаўку)’ (Скарбы), піска́ты ’пісклявы’ (беласт., Сл. ПЗБ). Укр. пи́скати, писк, рус. писк ’тс’, ц.-слав. пискати; польск. piskać ’пішчаць’, ’шыпець’, в.-луж. piskać ’пішчаць, вішчаць’, ’скрыпець’, ’свісцець’, ’іграць на музычным інструменце (дудцы)’, чэш. pískati ’свісцець’, ’дудзець (на дудзе)’, славац. pískať ’тс’, pisk, piskot ’піск’, славен. písk ’свіст’, pískati ’свісцець’, серб.-харв. пи̏ска ’піск, віскат’, пи̏скав ’пісклявы, рэзкі’, ’свісцячы гук’, макед. пискот ’піск. віскат’, писка ’пішчаць’, ’свісцець’, ’шыпець’, балг. пискам ’пішчаць’, ’плакаць’, ’шчыкаць, цвыркаць’, ст.-слав. пискати ’іграць на жалейцы’. Прасл. *piskъ, *piskati, утвораныя ад гукапераймальнай асновы *pi‑, параўн. літ. pyškė́ti ’ляскаць (пугай), ’трашчаць (аб лёдзе), лат. pį̃kstet ’пішчаць’, лац. pipāre, pipiāre, pīpilāre ’пішчаць’, ст.-грэч. πίπος ’птушанё’, πιππίξω ’пішчу’, ст.-інд. picchōrā, picchōlā ’дудка, флейта’, ісл. píska ’шаптаць, шалясцець’ (Праабражэнскі, 2, 62; Фасмер, 3, 271; Бязлай, 3, 41; Брукнер, 415 ). Махэк₂ (451) дапускае далучэнне ‑sk-інтэнсіва да асновы *pi‑ (> *pi‑sk‑ati), першасным значэннем якой было ’свісцець’, як і ў ням. pfeifen. Суф. ‑sk‑, як у трэск, плеск, нырск, ляск(ат) і інш. Сюды ж піску́лька ’вадаплаўная птушка атрада гусепадобных’ (ТСБМ), пі́кот ’цісканне (пра ўюноў у лавушцы)’ (ТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сму́глы1 ‘з больш цёмнай афарбоўкай (у параўнанні са звычайным колерам) скуры’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Касп., Сцяшк.; іўеў., Сл. ПЗБ), сюды ж смуго́лы ‘блякла-чырвоны, ружаваты’, смуго́ль ‘загарэлы, зрудзелы на сонцы’ (Барад.). Укр. смугли́й, рус. сму́глый, рус.-ц.-слав. смугльныи ‘цёмны’, серб.-харв. смугао. Лічыцца роднасным літ. smáugti ‘ціснуць, душыць’, с.-в.-ням. smouch ‘дым’, англ.-сакс. sméocan ‘дыміць’, англ. to smoke ‘дыміць, курыць’, грэч. δμύχω ‘вару; смажу на слабым агні’ і інш., гл. Фасмер, 3, 693 з іншай літ-рай. На падставе існавання формы смяглы (гл.) Брандт (РФВ, 24, 181) і інш. дапускалі чаргаванне галосных *smǫg‑:*smęg‑, якія працягваюць і.-е. *(s)mū̆k(h)/(*s)meuk(h)‑/(*s)meug(h)‑ ‘дыміць, павольна спальваць; дым’; гл. ЕСУМ, 5, 330. Міклашыч (311), Праабражэнскі (2, 340) меркавалі таксама аб сувязі са смага (гл.), як у пары хмура/хмара. У Огледна св. (69–70) выводзіцца з прасл. *smugъ, акрамя серб. смуг ‘попельна-шэры’, прадстаўленага і ў бел. смуга ‘імгла, імжа’, як варыянта да *smǫglъ, што паходзіць ад незахаванага *smǫgnǫti. Гл. таксама Рачава, Studia Etym. Brun., 3, 326.

Сму́глы2 ‘гонкі (пра дрэва)’ (брасл., Сл. ПЗБ). З польск. smukły ‘высокі і шчуплы; тонкі, стройны’, якое ад ст.-польск. smuknąć ‘пагладзіць, дакрануцца’; гл. Борысь, 564.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

пакры́ць, ‑кры́ю, ‑кры́еш, ‑кры́е; зак., каго-што.

1. Накрыць, услаць чым‑н. паверхню чаго‑н. Я думаў пра тое, што хутка прыйдзе зіма і пакрые пушыстым снегам зямлю. Ігнаценка. Адшапацеў над Бугам лістапад, Лістота дол астуджаны пакрыла. Лось. // Ахапіўшы, закрыць сабой што‑н. Хмары пакрылі неба. Туман пакрыў зямлю. // Выступіць, распаўсюдзіцца па паверхні чаго‑н. Чырвань пакрыла твар.

2. Зрабіць дах над чым‑н. Пакрыць дом чарапіцай. □ [Гаварушка:] — Свінарнік кончылі? [Шафёр:] — Так бы і кончылі. Дранкі пакрыць не хапіла. Лобан.

3. Нанесці на якую‑н. паверхню тонкі слой якога‑н. рэчыва. Пакрыць сцены фарбай. Пакрыць падлогу лакам.

4. Заглушыць, зрабіць нячутным (пра гукі). Гром апладысментаў пакрыў апошнія словы Кацярыны Казіміраўны. «Звязда».

5. Замяніць, папоўніць што‑н. патрачанае, зрасходаванае і пад. Пакрыць растрату.

6. Утаіць які‑н. учынак, віну, віноўніка чаго‑н. і пад. [Ураднік:] — Шэльма! Хто яго правяраў бы, каб ён пахаваў па-людску гэтую няшчасную? Ніхто! Я са свайго боку пакрыў бы гэтую справу. Чарнышэвіч.

7. Прайсці, праехаць і пад. якую‑н. адлегласць за пэўны час. Лыжнік пакрыў двухкіламетровую дыстанцыю за 10 хвілін.

8. У картачных гульнях: пакласці вышэйшую карту, чым тая, з якой хадзілі. Пакрыць валета тузам.

9. Апладніць (пра жывёл).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

то́ўсты, ‑ая, ‑ае.

1. Вялікі, значны ў аб’ёме, папярочным сячэнні; проціл. тонкі. Тоўстае дрэва. Тоўстыя ніці. Тоўстая кніга. □ Гудзіла расхіляе халат і раскручвае доўгую, тоўстую вяроўку. Колас. Ля невялікага млына, які выглянуў з-за тоўстых вербаў, .. пад коламі машыны расхістанымі дошкамі прагрукатаў масток. Корбан. // Зроблены з матэрыялу, які мае значнае папярочнае сячэнне. Тоўстая шклянка. □ [Ладымер] скінуў тоўстую суконную камізэльку і сеў за стол чакаць вячэры. Чорны.

2. Які мае мажную, паўнацелую фігуру. Дні праз тры пасля прыезду Васіль прыйшоў брацца на партыйны ўлік, яму адразу сказалі: — А мы табе ўжо і работу знайшлі, як толькі даведаліся, што ты прыехаў. — Сказаў гэта вясёлы тоўсты чалавек. Шамякін. // Вялікі, мясісты, пухлы (пра часткі цела, твару). Тоўстыя губы. Тоўстыя ногі. □ Маня набірала ў прыгаршчы вады і са смехам палівала на хлопчыка, лёгенька шлёпала яго па тоўстых ручках. Васілевіч. [Лапінка:] — А Раман Дуля — ух ты, у новым кажушку, грудзі ўперад, сцёгны тоўстыя, .. халявы блішчаць, бах на калені... Брыль.

3. Нізкі, густы (пра голас, гук). — А Мядзведзь з лесу, — бабуля робіць тоўсты мядзведжы голас: «Я ў лесе, я ў цёмным, прыйду к табе вячэраць!» Брыль.

•••

Тоўстая кішка гл. кішка.

Тоўсты часопіс гл. часопіс.

Тоўсты кашалёк гл. кашалёк.

Тоўстыя кішэні ў каго гл. кішэнь.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)