Ву́згалавак ’плашка, у якой замацоўваюцца ручкі ў возе’ слонім., ваўк., маст., бераст., свісл., шчуч. (Сцяц., Словаўтв.), ву́зголовок ’тс’ (палес., Маслен.), ву́згалаўка ’тс’ (Янк. II), узгалавак ’тс’ (Сержп., Грам.). Народны тэрмін хутчэй за ўсё ўзнік шляхам метафарычнага пераносу з бытавой сферы, пра што могуць сведчыць адпаведныя словы ў іншых слав. мовах; параўн. польск. wezgłówek ’падушка’, серб.-харв. у́зглавак ’тс’, балг. възгла́вка ’тс’, а таксама іншую назву той жа дэталі паду́шка, аднак адсутнасць нетэрміналагічнага ўжывання слова ў беларускай мове дазваляе бачыць у ім самастойнае ўтварэнне тыпу узмежак, згодна Карскаму (2–3, 91), з прыназоўнікавага спалучэння уз галавы́ ’каля галавы’, дзе галава́ — пярэдняя частка воза ці адна з дэталей у ім; параўн. гало́ўкі ’загнутыя канцы палазоў’ і ву́згалавак ’пярэдняя частка саней’ (Сцяц.); сувязь тэрміналагічнай і бытавой сферы ўжывання дэманструюць узгалава́шка ’дэталь у возе’ (Пятк., 1) і маг. гылыва́шкі ’галовы, узгалоўе, месца ў пасцелі, дзе ляжыць галава’ (Бяльк.). Параўн. таксама рус. головя́шка ’пярэдні загнуты канец саннага полаза’. Сцяцко (Словаўтв., 179) разглядае ву́згалавак як прыставачна-суфіксальнае ўтварэнне ад галава́. Параўн. ву́згалаўе.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

*Суня́тла, суня́тло ’трайня ў возе’ (Маслен.), сыня́тлочастка воза, развілка’ (Маслен., Тарн.), ’адтуліна, куды ўваходзіць дышаль’ (кобр., Горбач, Зах.-пол. гов.), свыня́тло, свіня́тло ’доўгая жэрдка, у канцы раздвоеная, якая злучае задок і перадок воза’ (Маслен.; брэсц., ЛА, 2; Бел.-укр. ізал.), ’раздвоеная жэрдка, што мацуецца да разворы’ (Маслен.). Укр. дыял. суня́тло, свиня́тло, синя́тло, сня́тлочастка воза, развілка, трайня, развора’ (Нікан., Трансп.). Беларуска-ўкраінскі рэгіяналізм няяснага паходжання. Дзендзялеўскі (Sslav., 22, 295) мяркуе, што тэрмін утвораны ад асновы дзеепрыметніка залежнага стану *су‑йнят‑ьл‑о ’тое, што аб’ядноўвае, злучае (задок і перадок воза)’, гл. няць. У такім выпадку варыянт свіня́тло (свыня́тло) — вынік народнаэтымалагічнага збліжэння са свіння, гл. Аднак рэдкая фіналь ‑тло (адносна фарманта ‑tlo, параўн. Трубачоў, Этимология–1963, 38) і варыянтнасць асновы слова сведчаць, хутчэй за ўсё, на карысць запазычання, параўн. серб. дыял. са̀јтне, са̀јнтали, санита́ли, са̀нтал ’планка ў драбінах воза’, іншая назва ауфсајтне ’тс’ (германізм?), гл. Војвођанска коларска терминологија. Нови Сад, 1984, 195.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прыдзе́лаць ’прырабіць, прыбудаваць’ (Бяльк.), прыдзе́лаць, прыдзя́лаць ’прымацаваць, прымацоўваць’ (рагач., Сл. ПЗБ). Усходнебеларускі арэал фіксацыі гэтых дзеясловаў, а таксама шырокая распаўсюджанасць карэляту прырабі́ць (гл.) сведчаць, хутчэй, на карысць запазычання з рус. приде́лать. Падаецца, аднак, што гэта другасная, больш позняя з’ява, таму што наяўнасць добра вядомых у жывой народнай мове аддзеяслоўных субстантываў з коранем ‑дзел‑ немагчыма трактаваць інакш, як на карысць спрадвечнасці ўласнай дзеяслоўнай пары дзе́лаць/прыдзе́лаць (< прасл. *dělati, гл. ЭССЯ, 4, 231–232), якая была паступова выціснута семантычна ідэнтычнай рабі́ць/прырабі́ць, параўн. прыдзе́л ’прыбудова да хаты’ (Бяльк., Мат. Маг.), прыдзе́лак ’тс’ (Мат. Маг.) ’унутраная перагародка ў хаце, канявая сцяна’, ’сенцы (частка хаты, якая не абаграваецца)’ (калінк., чавус., ЛА, 4), прыдзе́лок ’жылое памяшканне, прыбудаванае да хаты’ (Шушк.), ’прыбудова (да хаты, хлява)’ (Ян.), прыдзе́лак ’скрынка ў куфры’ (баран., Сл. ПЗБ). Параўн. ст.-рус. придѣлъчастка праваслаўнага храма з самастойным прастолам’, рус. дыял. приде́л ’асобнае памяшканне ў доме’, ’пярэдні пакой у хаце, святліца’, приде́лок ’жылая прыбудова да хаты’, ’прыбудова да двара, хлява’, укр. палес. придєл, придє́лок ’прыбудова да асноўнай будовы’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жэ́рабя ’ўмоўны знак пры вызначэнні парадку, чарговасці і да т. п.’ Балг. жрѐбие ’тс’. Параўн. рус. жребий (< ст.-сл.), дыял. же́ребей, же́ребий, укр. же́реб ’тс’, жеребій ’пэўная частка поля’ (Жэлях.), славац. žreb ’жэрабя’, ’латарэйны білет’, славен. žrêb ’жэрабя’, серб.-харв. жре̑б, жри̏јеб, ждре̑б ’тс’, макед. ждре̂б ’тс’. Ст.-слав. жрѣбъ, жрѣбии ’жэрабя’. Ст.-рус. жеребей ’жэрабя, доля, частка; карцечны шрот’. Ст.-прус. girbin ’лік’; параўн. літ. ger̃bti ’шанаваць’ (Параўн. прасл. *čьtǫ ’шаную’ і ’лічу’), ням. kerben ’рабіць зарубкі’, грэч. γράφω ’пішу’. Першапачаткова жэрабя ’кавалак дрэва з зарубкай (надпісам, лікам)’, ці ’адрэзак зямлі’. Бел. форма з суфіксам ‑я (< *‑ę < *‑ent) адлюстроўвае, відаць, невялікі памер гэтага кавалка шляхам аднясення да групы малых істот (і прадметаў). Зыходнае прасл. *žerb‑ < і.-е. *gerbh‑ ’рабіць рысы і г. д.’ Покарны, 1, 392; Фасмер, 47–48; Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 297; Скок, 3, 672–673; БЕР, 1, 554; Траўтман, 87; Тапароў, E–H, 242; Хэмп, Этимология, 1981, 37.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Не́ба, не́бо ’нябёсы’ (Яруш., БРС, ТСБМ, Бяльк., ТС, Ян.), ’паднябенне’ (Бяльк., Пятк. 2, ТС, Ян.), ’скляпенне ў печы’ (Мат. Маг., Шушк., ТС, Ян., браг., петрык., Шатал.), ’верхняя частка ткацкага станка, на якую падвешваюць ніты і набіліцы’ (браг., Нар. сл.), укр. не́бо ’нябёсы’, рус. не́бо, нёбо ’нябёсы; верхняя частка скляпення ў печы; верх бярлогі’, польск. niebo ’нябёсы’, чэш. nebe ’тс’, славац. nebo ’тс’, в.-луж. njebjo ’тс’, н.-луж. njebjo ’нябёсы, паднябенне’, славен. nebȏ ’нябёсы; паднябенне; балдахін’, серб.-харв. не̏бо ’нябёсы; паднябенне; балдахін’, балг. небе́, не́бо ’нябёсы’, макед. небо, небе ’тс’, ст.-слав. небо, род. скл. небесе ’тс’. Прасл. *nebo адносілася да балта-слав. асноў на ‑es, роднаснае літ. debesis ’воблака’, лат. debess ’неба’ (з другасным d), ст.-інд. nábhas ’туман, пара, неба’, грэч. νέφος ’воблака’, лат. nebula, с.-в.-ням. nebul ’туман’, хец. nepiš ’неба’ (да і.-е. *nebh‑ ’імгла, воблака’), гл. Покарны, 315; Фасмер, 3, 53; Махэк₂, 392; Бязлай, 2, 217; Шустар-Шэўц, 13, 1007.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жыве́ц1 ’жывая рыбка, якая насаджваецца на кручок пры лоўлі буйной драпежнай рыбы’ (ТСБМ). Рус. живе́ц ’жывая насадка (у тым ліку рыбка, чарвяк)’, укр. живе́ць ’насадка ў выглядзе рыбкі’, польск. żywiec ’насадка, жывая рыбка; жывёла, прызначаная для забою; расліна Dentaria’, уст. ’чалавек жывога характару’, ’жывая істота’, славен. žívec ’жывая істота’, ’нерв’, серб.-харв. жи́вац ’нерв’, балг. живе́ц ’пульс; цэнтр; завусеніца, мяса пад пазногцем’. Ст.-рус. живецъ ’жывы чалавек’. Відаць, яшчэ прасл. утварэнне ад кораня *živ‑ і суфікса *‑ьcь‑ (як *starьcь), які ўтвараў наз. ад прыметнікавых асноў. Значэнне, відаць, ’істота, прабываючая ў жывым станс’ (у адрозненне ад *mrьtvьcь); першапачаткова магло не быць адрознення розных істот (параўн. *junьcь ’малады бычок; юнак’) з пазнейшай спецыялізацыяй.

Жыве́ц2 ’прырослая частка пазногця’ (Сл. паўн.-зах.). Польск. дыял. żywiecчастка цела вала, напр., пад хвастом’, балг. дыял. живе́ц ’мяса пад пазногцем’, ’завусеніца’, жувѐц ’белая частка ногця’. Параўн. серб.-харв. жи́вац ’нерв’, балг. живѐц ’пульс’, славен. žívec ’нерв’, укр. живе́ць ’карэнні, парасткі, з якіх вырастаюць новыя расліны’. Відаць, рэфлекс прасл. *živьcь, маючага значэнне ’частка жывога цела’, ’жывая частка цела (у супрацьпастаўленні пазногцю)’, утворанага ад прыметніка *živъ суфіксам *‑ьcь.

Жыве́ц3 ’пласт грунту, з якога б’е крыніца’, ’месца, дзе сачыцца вада’ (Яшкін), ’жоўты пясок’, ’мох’ (Бяльк.). Рус. табол., гом., еніс., сіб. живе́ц ’крыніца, каля якой збіраюцца рыбы’, ’незамярзаючая рэчка’, укр. живе́ць ’крыніца’, ’пласт грунту’, польск. дыял. żywiec ’неўражайны пласт грунту’, в.-луж. žiwc ’палявы шпат’, чэш., славац. živec ’тс’, славен. žívec ’палявы шпат’. Магчыма, познепраслав. утварэнне *živ‑ьcь, дзе *živ‑ выступае ў знач. ’ваданосны’ (параўн. жываток, жывавод) для абазначэння ’крыніцы’, ’ваданоснага слою грунту’, адкуль перанос на пароду (пясок), на рэчку, балота (дзе расце мох).

Жыве́ц4 ’дрэнна вырабленая скура’ (Сл. паўн.-зах.). Рус. ярасл. живе́ц ’жоўта-зялёны слой у скуры ў выніку недастатковага дублення’, укр. живе́ц ’слой у скуры’. Відаць, усх.-слав. ’утварэнне з суф. ‑ьць ад прыметнікавай асновы жив‑ у знач ’не высахлы’.

Жыве́ц5 ’шнур у ткацкім станку, да якога прывязваюць ніці’ (Сл. паўн.-зах.). Рус. паўд. живе́ц ’сырамятны рэмень, што прывязваюць да сядла ззаду’, укр. дыял. живе́ць ’раменьчык з драўляным кійком, што замацоўваюць да невада’, ’кальцо ў ярме’, ’раменьчык, вакол якога пляцецца пуга’. Усх.-слав. ці асобнае бел. утварэнне ад асновы жыв‑ы ’рухомы’ з суфіксам ‑ец (‑ьць).

Жыве́ц6 ’нявыляжалы лён’ (Сл. паўн.-зах.). Параўн. серб.-харв. жѝвѝца ’кастрыца’, рус. ніжнегар. живи́га ’нявыляжалы лён’. Улічваючы іншаслав. суадносныя словы з тым жа коранем, але іншымі суфіксамі, відаць, уласна бел. утварэнне з суф. ‑ец паводле тыпу гнілец, сырэц (гл. Сцяцко, Афікс. наз., 102). Аснова жыв‑ы бярэцца ў знач ’не засохлы, не завялы’ (ТСБМ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

клін, ‑а, м.

1. Завостраны ўнізе і расшыраны ўверсе кусок дрэва або металу, якім расколваюць або заціскаюць што‑н. Дубовы Клін. Забіць клін у палена.

2. Вузкая трохвугольная ўстаўка ў сукенцы і іншым адзенні. Уставіць кліны ў спадніцу.

3. У гарматным затворы — частка механізма, які закрывае адтуліну артылерыйскай гарматы перад выстралам. Тырчэла пятка патрона, заціснутага клінам затвора. Шамякін.

4. чаго або які. Пра ўсё, што мае трохвугольную, завостраную з аднаго боку форму. Жураўліны клін. □ Тодар Шалюта сядзеў моўчкі, апусціўшы галаву з касым клінам валасоў на лбе. Дуброўскі.

5. у знач. прысл. клі́нам. Звужаючыся к аднаму боку. А над полем, што клінам упіралася аж у самую раку, у блакіце нябёс, трымцелі і нязмоўчна звінелі жаваранкі. Ляўданскі.

6. Частка зямельных угоддзяў, якая вылучаецца па якой‑н. прымеце. Азімы клін. Правы клін. Пасяўны клін. // Участак зямлі ўвогуле. За лугавінай пачынаўся чорны клін ворыва. Савіцкі. Праплыў, нібы зарава пажару, бярозавы гай, чырвоны клін скошанага поля грэчкі. Хомчанка.

•••

Забіць (загнаць) клін гл. забіць.

Куды ні кінь — усюды клін — за што ні вазьміся, чаго‑н. не хапае, усё не ладзіцца.

Свет клінам (не) сышоўся гл. свет.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кут, ‑а, М куце, м.

1. Месца, дзе сыходзяцца ўнутраныя бакі прадмета; частка памяшкання, прастора паміж дзвюма сценамі. Хадзіць з кута ў кут. □ Валерый ужо сам звярнуў увагу на фатаграфіі, што займалі ўвесь кут і яшчэ далей разбягаліся па сцяне. Б. Стральцоў. // Самае пачэснае месца за сталом на покуці. Сівой барадзе Месца на куце. Лось. — Кут дарагому госцю, — гаварыў [поп] ужо ў пакоі і піхаў сілком Шклярскага на кут за сталом. Галавач.

2. Частка пакоя, якая здаецца ў наймы. Заўсёды ў .. [Альбіны Сільвестраўны] жыла дзяўчына або дзве, спалі на адным ложку. І выбірала сабе яна пераважна студэнтак. Цяпер гэты кут пуставаў. Ракітны.

3. Жыллё, прыстанак, месца жыхарства (звычайна ў спалучэннях «свой кут», «мець кут» і пад.). І тут у першы раз Міхала Вось гэта думка напаткала: Купіць зямлю, прыдбаць свой кут, Каб з панскіх выпутацца пут. Колас.

4. перан. Мясцовасць, звычайна глухая, далёкая. Глухі кут. □ — Каб гэты дзікі кут не быў добрым прытулкам для звяроў, — сказаў Віктар, — тады і нам не прыйшлося б тут Сядзець. Маўр.

•••

Мядзведжы кут (куток) — пра аддаленае, маланаселенае, глухое месца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рэ́шта, ‑ы, ДМ ‑шце, ж.

1. Частка чаго‑н., якая засталася, не выкарысталася; астача, астатак. Саша, даўшы пакаштаваць соку Ленцы, панесла рэшту Лялькевічу, які бандарнічаў пад паветкай. Шамякін. Салдаты дзялілі свой паёк на дваіх, а рэшту аддавалі дзецям і жанчынам. Кухараў. // Тое (тыя), што асталося (асталіся) пасля падзелу, адыходу каго‑, чаго‑н. [Сушко:] — Скажы, дзе рэшта з вашай кампаніі і дзе хаваецца награбленае вамі дабро? Колас. Уся рэшта групы — восем чалавек — трымалася чынна, не выскаквала з гутаркамі. Пестрак. — Гэтымі днямі выезд у поле, — гаварыў Апанас. — Мусіць, Нахлябічавы і Сегенецкага коні самая сіла. [Якуб:] — Самая сіла. Рэшта ўсё — так сабе. Чорны.

2. Частка якога‑н. адрэзка часу ці адлегласці, якая засталася яшчэ нявыкарыстанай ці непераадоленай. А вось рэшту дня дык ужо дома .. [Ганку] не ўтрымаеш. Якімовіч. Садовіч захапіўся новаю ідэяю і ўсю рэшту дарогі гаварыў аб ёй з высокім пафасам. Колас.

3. Здача. — Малады чалавек! — паклікаў яго прадавец. — Вы ж хоць рэшту вазьміце. Ваданосаў.

•••

У рэшце рэшт — у канчатковым выніку, нарэшце. — Якая, у рэшце рэшт, мне справа да ўсяго гэтага?! — ускіпеў Балуеў. Гурскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пад’ём, ‑у, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. падняць (у 1–5 і 7 знач.) і падняцца (у 1 знач.).

2. Участак дарогі, які ідзе ўверх. На пад’ёме Высокай гары я дагнаў чалавека з фурманкай. Брыль. З пад’ёму цягнік імчаў хутка. Федасеенка.

3. Выпуклая верхняя частка ступні ад пальцаў да шчыкалаткі. Высокі пад’ём. Нізкі пад’ём. □ Ніна была ў кароценькім жакеце з чорным, пад коцік, каўняром, у хустцы. На нагах туфлі з раменьчыкам на пад’ёме. Арабей. // Частка абутку, якая аблягае гэтае месца нагі. Боты не блішчалі, а ў пад’ёме былі разрэзаны, каб можна было іх абуваць, калі мокрыя. Карпюк.

4. Сігнал да ўставання або да паходу. Прайграць пад’ём. □ — Пад’ём! Загасіць касцёр, — крыкнулі мы на хаду, схапілі свае рэчы і падаліся ў лес. Няхай. О, як жа звязана трывала Усё ў жыцці адным вузлом: Не зналі б мы цаны прывалам, Калі б не гралі нам пад’ём. Непачаловіч.

5. Тое, што і пад’ёмнік. Руднічны пад’ём.

6. У граматыцы — ступень набліжэння языка да паднябення. Гукі сярэдняга пад’ёму.

•••

Лёгкі на пад’ём гл. лёгкі.

Цяжкі на пад’ём гл. цяжкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)