калупа́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Разм.

1. Капацца, корпацца ў чым‑н., дастаючы што‑н. [Дзеці] калупаліся ў шчылінах скал, ловячы маленькіх рыбак. Маўр. Чухноўскі ўзяў запалку з парабка.., што ляжаў на стале, і стаў калупацца ёю ў люльцы. Пестрак. // перан. Корпацца ў чым‑н., важдацца з чым‑н. Хлапец.. пусціўся на святло і хутка ўбачыў, што шафёр нечага калупаецца ў маторы. Кулакоўскі. Камера лопнула, і.. [Міхась] доўга калупаўся з колам. Кавалёў.

2. перан. Займацца справай, якая патрабуе карпатлівай, працяглай працы; рабіць што‑н. няўмела і марудна. З самага ранку і да вечара калупаўся Мікіта ля хаты, каля стагоў і хлява. Галавач. // у чым. Залішне старанна аналізаваць, разбіраць што‑н. нязначнае, дробязнае. Нецікава было весці далей гутарку ў гэтым тоне і калупацца ў людскім брудзе. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

замо́к, ‑мка, м.

1. Прыстасаванне для запірання на ключ чаго‑н. (дзвярэй, чамаданаў і пад.). Дзвярны замок. Вісячы замок. Унутраны замок. // Засцежка на бранзалеце, ланцужку і пад. // Разм. Від засцежкі ў адзенні. Замок-маланка.

2. Спец. Дэталь у некаторых відах агнястрэльнай зброі, пры дапамозе якой робіцца выстрал. Замок гарматы. □ [Дубінін] з кулямётам пачаў адпаўзаць .., а калі выбіўся з сілы, кулямёт укінуў у варонку ад бомбы, а замок узяў з сабою. Гурскі.

3. Спосаб злучэння частак драўляных канструкцый. Рубіць вугал у замок.

4. У архітэктуры — цэнтральны камень аркі, скляпення.

•••

За сямю (дзесяццю) замкамістаранна схаваны, надзейна ахоўваецца.

Пад замком (на замку) — замкнуты. Сельмаг цэлы дзень на замку, бо прадаўшчыца таксама пайшла за жняяркай. Брыль.

Сядзець пад замком гл. сядзець.

Трымаць пад замком гл. трымаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скры́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Прадмет, які складаецца з чатырох сценак і днішча, зробленых з дошак, фанеры, металу і інш. (звычайна з вечкам), і служыць для захоўвання, укладвання і пераносу чаго‑н. Грузавік быў нагружаны бочкамі, скрынкамі, рагожнымі кулямі. Хадкевіч. Знайшоўшы ў скрынцы стала кавалак хлеба, падаў усё гэта [ваду і хлеб] матцы. Якімовіч. [Павел:] — Я знайшоў у возеры жалезную скрынку. Там грошы... Ваданосаў. Старанна ў скрынкі Іх [дубкі] зноў пасадзілі, Вадой палілі І ад спёкі прыкрылі. Нядзведскі. // Такі ж прадмет, прызначаны для якой‑н. пэўнай мэты. Грашовая скрынка. Снарадная скрынка. □ Самае лепшае — не пасылаць пісьма праз воласць, а проста апусціць яго ў скрынку паштовага вагона. Колас. Каб стрымаць сябе,.. [Лясніцкі] сеў, але пальцы нервова забарабанілі аб скрынку радыёстанцыі. Шамякін. / Разм. Пра кузаў аўтамашыны, калёс.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

церабі́цца, цераблюся, цярэбішся, цярэбіцца; незак.

1. Рабіць дробныя, частыя рухі рукамі і нагамі (пра чалавека), канечнасцямі (пра жывёлу), вызваляючыся ад каго‑, чаго‑н., з чаго‑н. Мухі старанна ўвіхаюцца каля яго і рады, што Петрык не вельмі цярэбіцца. Крапіва. Царкоўны стараста.. стаяў і спакойна пазіраў, як Мадэст церабіўся ў гразі і не мог вывалачы з балота ног. Колас. Недзе з алешыны, з камля, падала на ваду і бездапаможна церабілася чорная малюсенькая мурашка. Адамчык.

2. Чысціцца дзюбай (пра птушак). [За канавай] сядзела і церабілася чародка белых качак. Ракітны.

3. Абл. З цяжкасцю, намаганнямі ісці, рухацца. [Партызаны] сталі асцярожна церабіцца да азярка. Навуменка. Неяк раз, толькі пачынала днець, Мірон церабіўся дамоў — паспець звесці вочы, пакуль маці пачне штурхаць пад бок. Кудравец.

4. Зал. да церабіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адсу́нуць, ‑суну, ‑сунеш, ‑суне; зак., што.

Перасунуць на нейкую адлегласць што‑н. ад каго‑, чаго‑н. Патржанецкі хлёбнуў чаю і адсунуў ад сябе шклянку. Чарнышэвіч. Як толькі замільгалі ў акне чырвонаармейскія шапкі, «дзяўчына» старанна ўзялася месці хату. Адсунула стол і пачала вымятаць з-пад кута. Крапіва. // Адводзячы ўбок, адкрыць што‑н. Адсунушы завалу, Міхалка чуў, што Скуратовіч выйшаў у чыстыя сенцы, адсунуў зас[а]ўку ў дзвярах. Чорны. // Сунучы, адхінуць, адсланіць. Ларыса села пры акне, адсунула фіранку і пачала глядзець у сад. Мурашка. // перан. Зрабіць, менш важным, менш значным. Будзённае жыццё падхапіла Находню імклівай плынню і заняло яго думы, адсунуўшы на задні план асабістае. Хадкевіч. // перан. Вылучыцца, дасягнуць значных поспехаў, апярэдзіўшы іншых. [Купрыян:] — Ну, ты, брат Мікіта, і дока! Але ж і на выдумкі хват! Усіх інжынераў далёка Пакінуў, адсунуў назад! Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сумле́нна, прысл.

З годнасцю, як належыць. На судзе .. [Клінцэвіч] трымаўся смела і бадзёра, як чалавек, які сумленна выканаў свой абавязак перад партыяй і народам. Машара. Я ведаю толькі, што вашы сыны Сумленна, па-людску загінулі. Аўрамчык. [Лена:] — Жыві, Алесь, сумленна, любі людзей, рабі для іх усё, што можаш зрабіць, а шчасце само прыйдзе. Ваданосаў. // Старанна, шчыра. Працу [бабка Параска] любіла і працавала сумленна, бо іначай ёй нельга было жыць. Колас. Міша Грузд сумленна выканаў даручэнне. Адрас Віці, які яму далі ў настаўніцкай, нельга было ні забыць, ні пераблытаць. Жычка. // Без хітрасцей, выкручвання. [Міхал:] — Наадварот, я хачу, каб іх [законы] выконвалі сумленна. Карпаў. // Без падману, ашуканства, хлусні. Мы працавалі горача, каб ты Стаў сапраўды, рубель наш, залатым! Зароблены сумленна, ты ў хаты Нясеш усё, чым наш Саюз багаты. Панчанка. [Дзядзька Іван:] — Не ўмеў [зяць] сумленна з працы жыць, дык цяпер вось разлічваецца... Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

яць, ‑я, м.

Назва літары «ѣ» у царкоўнаславянскім і дарэвалюцыйным рускім алфавіце, што абазначала гук, які пазней у беларускай мове супаў з «е». Шыльды з цьмянымі залачонымі надпісамі, часамі яшчэ з цвёрдымі знакамі і яцямі, старанна абвяшчалі, што за аднымі дзвярыма знаходзіцца майстэрня гадзіннікаў, за другімі — бакалея. Скрыган. Думаеце, сапраўдная грамата такая лёгкая. Не, ты спачатку папацей, патлумі сабе галаву, каб у яе ўвайшло, дзе трэба «яць» паставіць, дзе «фіту». Навуменка.

•••

На яць хто-што — вельмі добры, выдатны па сваіх якасцях. [Васіда:] — Вось, прашу! Дакуменцікі на яць! Лепш, чым сапраўдныя... С. Александровіч.

На яць (рабіць, зрабіць што‑н.) — вельмі добра, беззаганна, як патрабуецца. — Ну як жа, хлопцы, рэйд? Усё ў парадку, Міхась? — апошнім запытаннем звяртаецца.. [дзядзька Мірон] да свайго брыгадзіра. — На яць! А то што ж бы мы за гаспадары з табою былі? Скрыган.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

душа́, -ы́, мн. ду́шы і (з ліч. 2, 3, 4) душы́, душ, ж.

1. Унутраная, псіхічная сутнасць чалавека, яго свядомасць.

Глыбока запасці ў душу.

2. Сукупнасць характэрных рыс, уласцівых чалавеку, а таксама чалавек з тымі ці іншымі ўласцівасцямі.

Добрая д.

Чалавек адкрытай душы.

3. перан., чаго. Натхніцель, арганізатар чаго-н.

Д. ўсёй справы.

Д. кампаніі.

4. Пра чалавека (як адзінку лічэння; разм.).

У хаце ні душы.

Сям’я з пяці душ.

На душу насельніцтва.

5. (звычайна з займеннікам «мая»). Сяброўскі фамільярны зварот да каго-н. (разм.).

Паслухай, д. мая.

6. перан., чаго. Самае галоўнае, сутнасць чаго-н.

Песня — д. народа.

Раскрыць душу навукі.

Аддаць богу душу (разм.) — памерці.

Выматаць душу (разм.) — давесці да поўнай знямогі.

Душа ў пятках апынулася (разм.) — пра моцны раптоўны страх.

Жыць душа ў душу (разм.) — дружна, у поўнай згодзе.

З адкрытай душой — шчыра, нічога не тоячы.

З дарагой душой (разм.) — ахвотна, з задавальненнем.

За мілую душу (разм.) — з задавальненнем, ахвотна, не задумваючыся.

Ні капейкі за душой (разм.) — зусім без грошай.

Працаваць з душой — з задавальненнем, ахвотна, старанна.

Стаяць над душой у каго (разм.) — неадступна вісець над кім-н., назаляючы сваёй прысутнасцю.

|| памянш.-ласк. ду́шачка, -і, ДМ -чцы, мн. -і, -чак, ж. (да 1, 2 і 5 знач.).

|| прым. душэ́ўны, -ая, -ае (да 1 знач.).

Душэўныя хваробы.

Душэўная трывога.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

апрацава́ць, ‑цую, ‑цуеш, ‑цуе; зак., каго-што.

1. У працэсе вытворчай аперацыі абрабіць што‑н. Апрацаваць дэталь. □ Са шкурамі было шмат клопату: трэба было зняць іх, крыху апрацаваць, падсушыць. Маўр. // Уздзейнічаць чым‑н. з мэтай надаць патрэбныя якасці, уласцівасці. Апрацаваць што-небудзь кіслатой. // Спец. Ачысціць, дэзінфіцыраваць. Няўпэўненымі рухамі [Саша] апрацавала .. чорную ранку, з дапамогай Анатоля старанна забінтавала. Шамякін. // Разм. Зрабіць артылерыйскі абстрэл або бамбардзіроўку пазіцый непрыяцеля.

2. Падрыхтаваць для пасеву, пасадкі. Адзін толькі «Свецік» Назара Трацюка апрацаваў сёлета.. тысячу восемсот гектараў! Паслядовіч.

3. Надаць чаму‑н. завершаны выгляд; зрабіць больш дасканалым. [Крушынскі і Стэфка] разам меркавалі.., разам апрацавалі праграму. Бядуля. Вось вам верш, які мой сусед апрацаваў, пакуль мы з вамі гутарылі. Крапіва.

4. Разм. Уздзейнічаць на каго‑н. у пажаданым кірунку, схіліць на свой бок. [Платон:] — Не ведаю я, як можна апрацаваць шляхціца, калі ён, можна сказаць, нарадзіўся мужыцкім ворагам. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

запаве́тны, ‑ая, ‑ае.

1. Які па-асабліваму цэніцца, старанна аберагаецца. На зямлі куточак запаветны, Родны ўтульны матчын агародчык... Кляўко. Зграя сабак ахоўвае Скарбы, дабро запаветнае. Дзяргай. // Патаемны, вядомы не ўсім. Каля непрыкметных Сцежак запаветных Раніцай вясковай Я знайшоў падкову. Танк. // Дарагі для каго‑н., задушэўны. У .. [Ермакова] тады жыла запаветная мара — стаць лётчыкам. Мележ. // Жаданы, доўгачаканы. Якуб.. прыйшоў у атрад з вінтоўкай, якую ён сам раздабыў і збярог да гэтага запаветнага часу. Брыль.

2. Атрыманы ў спадчыну ад мінулых пакаленняў; старадаўні. Запаветныя песні. □ Серадзібор можа нават пахваліцца, што там ніхто не замыкае дзвярэй нанач.. Так гэты запаветны звычай пачаў вяртацца і пасля вайны. Пестрак. // Казачны, легендарны. Усё жыццё шукаў мой дзед прыгонны Ад шчасця запаветныя ключы. Звонак.

3. Звязаны з запаветам, наказам, тайнай умовай. [Ганна Сяргееўна] аб многім хацела сказаць людзям, каб не забыцца, і дзецям запаветнае слова сказаць, калі з ёю што здарыцца. Няхай.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)