Зрачы́, зраку́ць (3 ас. мн. л.), зрок (прощ. ч. адз. л.) ’пашкодзіць дурным вокам, сурочыць’ (Сл. паўн.-зах.). Укр. уст. зречи́ ’сказаць’, зректи́ся ’адракацца’, польск. zrzec się ’адмовіцца, адрачыся’, чэш. zříci se ’тс’, славац. zriecť sa ’тс’, в.-луж. zrěčėć ’пагутарыць, абмеркаваць, дамовіцца’, славен. izréči ’выгаварыць, выказаць’, серб.-харв. изрѐћи, ѝзрећи ’выказаць, аб’явіць’, макед. изрече ’тс’. Ст.-слав. издрешти ’выказаць’. Ст.-рус. изречи ’тс’ (XI–XII стст.). Бел. дыял. зрачы, верагодна, з jьz‑rek‑ti (корань rek‑, гл. рэч) мае асаблівае семантычнае развіццё: відаць, jьz‑rek‑ti ’выказаць’ азначала ’выказаць словы, што могуць пашкодзіць’ (параўн. таго ж кораня сурочыць), а потым наогул ’зрабіць шкоду без фізічнага ўздзеяння’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Кадзі́ла 1 ’металічны сасуд на доўгіх ланцужках, у якім у час набажэнства курыцца ладан або іншыя пахучыя рэчывы’ (БРС. ТСБМ, Бяльк.). Слова не выглядае як народнае, хоць, відавочна, вядома ў гаворках. Відаць, запазычанне з царк.-слав. кадило ’тс’, якое са ст.-слав. кадило ’фіміям’ да прасл. kadidlo, вытворнага з суф. ‑(i)dlo ад kaditi гл. Трубачоў, Эт. сл., 9, 109.
Кадзі́ла 2 ’шматгадовая травяністая лекавая расліна сямейства губакветных з белымі пахучымі кветкамі’ (ТСБМ). Маецца на ўвазе расліна Melitis melissophyllum — кадзіла дробналістае; на Беларусі вядомая толькі ў некалькіх замкнёных арэалах (напр., у Белавежскай пушчы); народныя назвы невядомы. Па гэтых прычынах відавочнае рус. запазычанне. Рус. кадило ’тс’, магчыма, да кадить. Гл. кадзіць.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Касцю́м ’касцюм’ (ТСБМ, БРС). Гэта слова сустракаецца і ў гаворках, куды яно патрапіла з літаратурнай мовы (параўн., напр., касцю́м, кусцю́м ’тс’ у Сл. паўн.-зах., 2, 435). Непасрэднай крыніцай запазычання для бел. літаратурнага касцюм трэба лічыць рус. костюм ’тс’. У рус. мову гэта слова трапіла, відаць, у канцы XVIII ст. прама з франц. costume (якое, акрамя ’касцюм’, мела таксама значэнне ’звычай, звычка’). Крыніцай франц. слова з’яўляецца італ. costume ’касцюм’, ’звычка’ (і, далей, лац. consuetudo ’звычка, звычай’). Як культурнае слова гэта лексема вядома ў многіх еўрапейскіх мовах. Гл. коратка ў Фасмера, 2, 349; падрабязна ў Шанскага, 2, К, 355. Параўн. яшчэ Слаўскі, 2, 529–530.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Кацёлка ’драўляны кружок, круг’; ’драўлянае кола, якое качаюць дзеці дзеля забавы’; ’усё, што нагадвае сабой круг, кола’ (ТСБМ, БРС), таксама ’круг на навоі, які стрымлівае ніткі, каб не рассоўваліся’, ’шапка сланечніка’ (Бяльк.). Сюды ж, відавочна, качу́лка (Касп.), кацю́лька ’круглы кусок палкі, якая падкладваецца пад вілы, каб лягчэй падаць у печ гаршчок’. У Нас. каце́лка ’плоская акругленая дошчачка для катання, для дзіцячай гульні’, каце́ль ’коўзанка’; ’вырубленае з лёду круглае сядзенне, на якім катаюцца’. Утварэнне ад дзеяслова *kotiti ’каціць’ або *katati ’катаць’ суфіксам *‑elь. Адносна словаўтварэння параўн., напр., прасл. *kotelь — фармацыя на ‑*elь ад дзеяслова *kotiti (гл. Трубачоў, Эт. сл., 11, 199–200). Кацёлка і інш. утвораны, відаць, па гэтай мадэлі.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ска́рга ‘незадаволенасць, нараканне’, ‘заява аб непрымальных дзеяннях ці з’явах’ (ТСБМ, Нас., Др.-Падб., Байк. і Некр., Сержп.), скарга́ (Гарэц.), ска́рка ‘тс’ (Мал.). Укр. ска́рга, ст.-рус. (XIV ст.) скарга ‘тс’. Ва ўсходнеславянскіх мовах запазычанне з польск. skarga з прычыны наяўнасці ‑ар‑ (Карскі, Белорусы, 146; Кюнэ, Poln., 96; Фасмер 3, 633). Этымалогію гл. скардзіцца. Ст.-бел. скарга, скаркга запазычана ўжо ў XIV ст. з ст.-польск. skarga (Булыка, Лекс. запазыч., 53).
Скарга́ 1 ‘чапяла’ (Сцяшк.). Не вельмі яснае слова, параўнальны матэрыял адсутнічае. Відаць, нейкая кантамінацыя з словам качарга́ (гл.).
Скарга́ 2, скірга́ ‘прыдзірлівая, з’едлівая асоба’, ‘скупы чалавек’ (ТС), сюды ж скоргану́ць ‘злосна сказаць’ (там жа). Гл. карга.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Сно́ўдаць, сно́ўдацца ‘хадзіць, рухацца туды і сюды (часцей без мэты)’, ‘бадзяцца’ (ТСБМ, Ласт., Байк., Касп., Сцяшк., Варл., Жд. 3, Сл. ПЗБ; гродз., З нар. сл.; мёрск., Нар. лекс.), ‘снаваць’ (Байк. і Некр.), сну́дацца ‘тс’ (Шат.), сно́ўдацца, сны́даць ‘тс’ (Касп.), сна́ўдацца ‘валачыцца’ (Ян.), снаўда́цца ‘тс’ (Сл. ПЗБ). Сюды ж снаўда́ль ‘хто ходзіць без справы’ з літ. snaudãlius ‘соня’ (там жа). Лаўчутэ (Балтизмы, 73) адносіць да балтызмаў, параўн. літ. snaudà, snaudala ‘чалавек, які любіць паспаць’ < snausti ‘драмаць’, ‘быць павольным, марудным’. Розніца ў значэннях узнікла, відаць, пад уплывам снаваць ‘хадзіць туды і сюды’ (гл.). Гл. таксама Свобада, Studies in Slavic Linguistics and Poetics, N. Y. — London, 1968, 246. Гл. наступнае слова.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Спрат ‘начынне’ (Нас., Байк. і Некр., Сцяшк.), ‘памяшканне, месца для захоўвання, сховішча’, ‘месца, дзе можна схавацца’, ‘тайнік’ (ТСБМ, Варл., Сл. ПЗБ), ст.-бел. спрятъ ‘хатні скарб, гаспадарчыя прылады, начынне’ (Ст.-бел. лексікон). Паводле Булыкі (Лекс. запазыч., 186), ст.-бел. спратъ (спрадъ, спретъ) ‘інвентар, маёмасць, рэчы’, ‘прадмет дамашняга туалету’, ‘месца захавання’ з ст.-польск. sprzęt ‘тс’. Польскае слова з’яўляецца аддзеяслоўным назоўнікам ад прыставачнага sprątać, што да прасл. *prętati (гл. пратаць); параўн. Борысь, 572, адкуль, відаць, і спронт ‘шапік для посуду’ (Сл. рэг. лекс.). Няясныя адносіны да серб.-харв. спра̏т ‘паверх’, якое Путанец (Rasprave, 29, 242–245) разглядае як метатэзу *stropъ (гл. строп 2), а вакалізм о > а тлумачыць уздзеяннем субстрата. Сумніўна.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Страм ‘сорам’ (Бяльк., Жд. 2, Мат. Маг., Шатал., Юрч.; віц., маг., брэсц., гом., ЛА, 3), сюды ж страмі́ць ‘сарамаціць’ (Ян., Нар. Гом., ТС), ‘знеслаўляць’ (Бяльк.; брасл., Сл. ПЗБ), страмі́цца ‘саромецца’ (ТС, Бяльк.; ашм., швянч., лаг., Сл. ПЗБ), ‘сарамаціцца’ (Бяльк., Сл. ПЗБ), стра́мно ‘сорамна’ (ТС), страмны́ ‘бессаромны’ (Мат. Гом.), страмні́к ‘бессаромнік’ (Ян.), страмці́ць экспр. ‘гаварыць недарэчнае’ (Сл. ПЗБ), страмо́цыя ‘сорам’ (драг., Нар. словатв.). Параўн. укр. страм ‘сорам’, рус. дыял. страм. У беларускай, відаць, з царкоўнаславянскай, параўн. ц.-слав., ст.-слав. срамъ з устаўкай ‑т‑, што магло адбыцца яшчэ ў царкоўнаславянскай, паколькі гэтая з’ява (стр < ср) мае ўніверсальны характар у гаворках ваколіц Салуні (параўн. Младэнаў, БЕ, 27, 6, 471–473). Гл. таксама срам.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Трасі́на ‘дрыгва, топкае балота’ (шчуч., ЛА, 2), ‘багна’ (Мат. Гом., Цых.), ‘плаў на балоце, каля возера, дзе калышацца верхняе покрыва’ (слонім., навагр., ЛА, 2), трэсіна́ ‘топкае месца на балоце’ (бяроз., драг., ЛА, 5), трасі́на ‘тс’ (хойн., Шатал.; карэліцк., лельч., лоеў, ЛА, 2), трасы́на ‘тс’ (пін., ЛА, 2), трясі́на́ ‘тс’ (шуміл., віц., чэрык., клім., ЛА, 2). Укр. дыял. трасі́на ‘дрыгва’, рус. тряси́на ‘наплаўнае балота, зыбучае месца, дзе глеба (з раслін) хістаецца і пад нагой выступае вада’. Да трэсці (гл.), першапачатковымі, відаць, былі формы з канцавым націскам з прасторавым значэннем тыпу цаліна́, навіна́, цвердзіна́ і пад., аднак у арэальным плане размежавання формаў не назіраецца. Гл. і трахіна.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Тэ́ртус ‘гул, шум; жах’ (Касп.), ‘клопат’ (Сцяшк. Сл.), tertes ‘спрэчка, блытаніна, непаразуменне’: u ich byŭ tertes za lon (Арх. Федар.). Параўн. укр. тарта́с ‘шум, галас’, турту́с ‘стук, грукат’, польск. tertas, tartas ‘шум, галас, мітусня, неразбярыха’, чэш. tartas ‘тс’, славац. tartas ‘тс’. Лічыцца словам гукапераймальнага паходжання, гл. Брукнер, 566 (параўноўвае з славен. tertranje ‘галас’), Махэк₂, 636 (аналагічна да чэш. экспр. varvas, tarvas, harvas з канцавым ‑s, як у halas), ЕСУМ, 5, 525 (пранікненне з польскай мовы). Паводле Чэкмана (Гісторыя, 115), па фанетычных прычынах паходзіць з мовы ідыш як мэтлух, вэрхал і пад. Да апошняга параўн. ід. tertl‑mertl ‘від гульні ў карты’ (Астравух, Ідыш-бел. сл.), відаць, імітатыўнага паходжання.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)