Іро́нія. Крыніца запазычання: грэч. εἰρωνεία ’пытанне’, потым ’пытанне, якое ставіць у тупік’, ’тонкая насмешка’, адкуль лац. ironia. У бел. мову слова трапіла праз рус. (Крукоўскі, Уплыў, 77). У рус. з 10‑х гадоў XVIII ст. (Біржакова, Очерки, 365) з польск., улічваючы націск (Фасмер (2, 139) не выключае магчымасці французскага ці нямецкага пасрэдніцтва, Шанскі (2, I, 114–115) называе французскую крыніцу).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сурма́1 ’хімічны элемент’, ’чорная фарба для валасоў, броваў і пад.’, сурмі́ць ’фарбаваць сурмой’ (ТСБМ). Праз рус. сурьма ’тс’ з цюркскіх моў, параўн. тур., крым.-тат. sürmä ’сурма’ ад sür ’фарбавальнік’, тат. sørmä ’сурма’; гл. Фасмер, 3, 809 (з літ-рай). У народнай мове не распаўсюджана, параўн. іншыя назвы: антымон ’сурма’ (Некр. і Байк.), антымонія ’тс’ (Ласт.), параўн. таксама анцімонія, гл.

Сурма́2 ’старажытны народны музычны інструмент у выглядзе доўгай драўлянай трубы’ (ТСБМ), су́рма ’духавая труба’ (ЭШ), ’морда’ (Сл. рэг. лекс.), сурма́ч ’сігналіст, які падае сігнал сурмою, грае на сурме, трубач’ (ТСБМ), ст.-бел. сурма ’духавы музычны інструмент’ (Ст.-бел. лексікон), сурмач ’трубач’ (там жа). Укр. сурма́, рус. сурна́ ’тс’, славац. surma, surmita ’труба пастухоў авец’. Бел. сурма запазычана ў сярэдзіне XVII ст. са ст.-польск. surma (XVI ст.), якое праз тур. surna з пярс. sūmāj ’святочная флейта’ (Булыка, Лекс. запазыч., 167). Гл. таксама ЕСУМ, 5, 480; Брукнер, 526; SWO, 714.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Здзек ’зняважлівыя паводзіны’. Рус. зах.-бранск. зде́ки ’здзекі’. Параўн. рус. смал., пск., калін., зах.-бранск. здекаться ’свавольнічаць, насміхацца, здзекавацца’, алан. здекнуться ’ўперціся’, валаг. дековаться ’здзекавацца’. Рус. издеваться традыцыйна ўзводзіцца да jьz‑dě‑va‑ti‑sę з коранем dě‑, як у дзець (гл.), семантычна праз ц.-слав. выраз издѣти имѧ ’даць (утварыць) імя, мянушку’ (Зубаты, 1, 1, 93) ці праз сувязь з раздевать: ’зняважыць, зняўшы адзенне’ (Пізані, Paideia, 8, 1953, 2, 112). Ст.-слав. издѣꙗти (издѣти) азначала ’зрабіць, утварыць’, што з дадаткам значэння ’выносіць’ захавалася ў ц.-слав. издѣти, издѣвати. Значэнне ’рабіць, утварыць’ адлюстроўваецца не ў дзець, а ў іншых адгалінаваннях кораня dě‑ (гл. дзея). Але магчыма звязаць здзек і з іншым коранем, што мае значэнне ’ствараць’, *zьd‑ (гл. здань). Бел. здзек утворана з суфіксам ‑к‑ (як знак, язык, гл. Мейе, Études, 335–337) ад дзеяслоўнай асновы jьz‑dě‑ti ці zьd‑ě‑ti. (Фасмер, 2, 122; Шанскі, 2, И, 30).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Інтарэ́с ’увага, цікавасць да каго-, чаго-н.’, ’імкненні, мэты; патрэбы’, ’карысць, сэнс’ (ТСБМ, Касп.), интэре́съ ’справа, патрэба’ (Нас.), інтэ́рас ’справа, дзелавая патрэба’, ’занятак гандлем; крама’ (ТСБМ), ’выгадная справа’ (Шат.), ’зацікаўленасць’ (Касп.). Ст.-бел. интересъ ’карысць, здзелка’ (1568 г.) запазычана з польск. interes; интересоватисе ’займацца фінансавай справай, старацца’ (1686 г.) < польск. interesować się (Булыка, Лекс. запазыч., 80, 81). Польск. interes ’інтарэс, зацікаўленасць’, ’справа’, ’гандлёвая справа’, ’карысць’ праз ням. Interesse узыходзіць да с.-лац. interesse ’мець важнае значэнне’, ’прымаць удзел’ (субстантыў ужываўся як юрыдычны тэрмін, адкуль значэнне ’выгада, карысць’), гл. Слаўскі, 1, 464. У рускую мову слова трапіла ў Пятроўскую эпоху праз польскую ці нямецкую з першапачатковым значэннем ’выгада, справа, карысць’ (Шанскі, 2, I, 97–98; Фасмер, 2, 136); значэнне ’ўвага, зацікаўленасць; займальнасць’ (1777 г.) пад уплывам франц. intérêt (Біржакова, Очерки, 261, 364). Бел. інтэ́рас паказвае на польскую крыніцу (параўн. семантыку, націск). Форма інтарэ́с замацавалася пад уплывам рускай мовы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сута́на ’верхняе адзенне каталіцкага святара’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк., Цых.). З польск. sutan(n)a ’тс’, запазычанага ў канцы XV ст. з італ. sotanna ’спадніца, ніжняе адзенне’ ад sotto ’пад’, магчыма, праз франц. soutane ’раса’, першапачаткова ’доўгае адзенне з вузкімі рукавамі’, на якое зверху апраналі іншае (Брукнер, 527; Длугаш-Курчабова, 477). Ст.-бел. сутана ’тс’ (1686 г.) з польск. sutana ’тс’ (Булыка, Лекс. запазыч., 183).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сці́пны ’паважны; скромны, сарамлівы’ (Нік., Оч.), ’лоўкі, акуратны’ (Касп.), ’хто ўмее добра працаваць’ (докш., ушац., Пан.), ’працалюбівы’ (Шат.). Відаць, узыходзіць да чэш. vtípný ’вынаходлівы, кемлівы, лоўкі, дасціпны’ няяснага паходжання (выводзяць з *tipati ’ўпіхваць, уціскаць’, гл. Борысь, 121), верагодна, праз польскае пасрэдніцтва, дзе пераважаюць формы *stip‑ з прыстаўкай (Басай-Сяткоўскі, Słownik, 50). Гл. дасціпны, досціп (гл.) з выпадзеннем ў (Станкевіч, Язык, 1029), параўн. ст.-бел. недовсципъ, недовтипъ ’някемлівасць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сэнс ’унутраны лагічны змест, значэнне’, ’разумная аснова, прызначэнне, мэта’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Байк. і Некр., Шат., Касп., Гарэц.), ’розум, толк, лад’ (Нас.): людзі кажуць сэнс (Сержп.). Праз польск. sens з лац. sēnsus ’сэнс’, sentiō ’адчуваю’ (Кюнэ, Poln., 96 з літ-рай). Ст.-бел. сенсъ з 1592 г. са ст.-польск. sens (Булыка, Лекс. запазыч., 132). Аб рус. сенс < польск. sens гл. Фасмер, 3, 601.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сірэ́на ‘гукавы сігнал; прыстасаванне для падачы гукавых сігналаў’ (ТСБМ), сырэ́на ‘тс’ (Некр. і Байк.). Запазычана з франц. sirène ‘тс’, што выводзіцца з лац. Sīrēn(a) ‘казачная істота’ < грэч. Σειρήν ‘міфічны персанаж, што сваімі спевамі заманьваў мараходаў’, не выключана сувязь з лац. sȳrinx ‘дудка, чараціна’. Беларускае слова трапіла праз рускую і польскую мовы, гл. адпаведна рус. сирена, польск. syrena (Фасмер, 3, 626; ЕСУМ, 5, 241).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сістэ́ма ‘лад’, ‘сувязь элементаў паміж сабой, размешчаных у пэўным парадку’ (ТСБМ), сыстэ́ма ‘тс’ (Ласт., Некр. і Байк., Стан.). Запазычанне з заходнееўрапейскіх моў праз рус. систе́ма ‘тс’ ці польск. systema, system ‘тс’. У значэнні ‘нервовая сістэма’ з’яўляецца ў пачатку XX ст. (Крамко, Гіст. мовы, 2, 146). Франц. système з лац. systēma ад грэч. σύστημα ‘складанне, укладанне’; гл. Фасмер, 3, 628; Брукнер, 512; ЕСУМ, 5, 244.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Такт ’мерны рух; лад; пачуццё меры’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк.), тахт ’рытм, рытмічнае суправаджэнне’ (Сл. ПЗБ, Цых.), та́хта ’тс’ (Стан.). Запазычана з заходнееўрапейскіх моў, відаць, праз польск. takt ’рытм; далікатнасць’, ’рытм (у музыцы, руху)’, што з лац. tāktus ’дотык; адчуванне дотыку’ (ЕСУМ, 5, 506; Фасмер, 4, 13; Голуб-Ліер, 476; Брукнер, 564). Сюды ж такто́ўны ’які мае такт’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)