смалі́ць 1, смалю, смоліш, смоліць; незак., што.

Мазаць, насычаць смалой. Смаліць лодку. Смаліць канат. □ [Шура:] — Двух чалавек на станцыю. Смаліць шпалы. Майстар загадаў. Навуменка.

смалі́ць 2, смалю, смаліш, смаліць; незак., каго-што.

1. Выклікаць адчуванне апёку, смылення; апякаць. [Арцём і Міхалка] палілі запалку за запалкай, злаваліся, што запалкі псуюць і пальцы смаляць. Бядуля. Шурпатая ў калгасніцы далонь. Смаліў яе мароз, Паліў яе агонь. Жычка. // безас. Пра адчуванне смылення, пякоты. [Сцяпан:] — Смаліць нешта ў грудзях. Мележ. Твар, шыю, плечы, рукі смаліла агнём. Юрэвіч.

2. Абпальваючы агнём, знішчаць шэрсць, рэшткі пуху і пад. Смаліць парсюка. Смаліць курыцу.

3. Прыпякаць, пячы (пра сонца). Кожны дзень — сонца, і так смаліць, што на дарогах не гразь ужо, а пыл, калі вецер пачынаецца. Савіцкі. Смаліла сонца, трэскаліся губы ад смагі, павекі апухалі ад бяссонніцы. Грахоўскі. / у безас. ужыв. На дварэ смаліць, горача.

4. Разм. Курыць. Таццяна Андрэеўна падумала: «Яму няможна курыць, а ён усё самасад смаліць...» Шамякін. Зіму і лета дзед не злазіць з печы. Хіба толькі злезе накрышыць сякерай на лаве тытуню, які ён смаліць за комінам без [пера]дыху. Васілевіч.

5. Разм. Паліць, спальваць што‑н. — Неба чырвонае, дзень і ноч смаляць, душагубы, — сказаў Мікола. Шчарбатаў.

смалі́ць 3, смалю, смаліш, смаліць; незак.

Разм. Біць, удараць. Фурман чуць не зляцеў з воза, а потым прыпаў галавою ў перадок і смаліў пугаўём каню па клубах. Крапіва.

смалі́ць 4, смалю, смаліш, смаліць; незак.

Разм. Страляць. Добра відаць, як з яліны адна за другой бзыкаюць у неба тры іскрынкі: патрулі смаляць уверх, баяцца высунуць з ямы галовы. Карпюк. Ляцяць наперад [гітлераўцы] на ўвесь дух і час ад часу смаляць з вінтовак і з аўтаматаў. Паслядовіч.

смалі́ць 5, смалю, смаліш, смаліць; незак.

Разм. Рабіць што‑н. хутка, спрытна, умела. [Зыгмусь:] — Азірнуўся я — смаліць за мною верхам на кані кудлаты мужык без шапкі, толькі касмыкі на галаве трасуцца. Колас. Нават стары Пахілка пайшоў з касою: смаліць — любата зірнуць. Савіцкі. [Мікола:] Аўгіння, там Пятрок з дзяўчатамі вальса смаліць, а ты тут сядзіш! Губарэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стол, стала, м.

1. Прадмет мэблі ў выглядзе шырокай гарызантальнай дошкі на высокіх падпорах (ножках), часам з шуфлядамі, тумбачкамі, на які кладуць, ставяць што‑н. Пісьмовы стол. Кухонны стол. Чарцёжны стол. □ З поля гадзінкаю шэрай Вярнуся, сяджу за сталом, Краплюся паціху вячэрай, Лучынка міргае агнём. Купала. Маці паставіла на стол усяго, што толькі было ў іх. Чорны. Зайшоў у свае сцены, і тут табе ўсё: вось твой стол, сядай за яго і што хочаш — еш, чытай, пішы, лічы. Ракітны.

2. У выразах, якія абазначаюць: прыём ежы, яда. За сталом (у час яды). Садзіцца за стол (садзіцца есці). Уставаць з-за стала (уставаць, кончыўшы есці). Ісці да стала (ісці есці). Запрашаць да стала (запрашаць есці). Накрыць (на) стол (прыгатаваць усё для яды). Прыбраць са стала (пасля яды прыбраць посуд, рэшткі яды). Сабраць на стол (прыгатаваць, паставіць усё неабходнае для яды). □ Не хачу з імі [багатымі] быць за сталом, На сваё паніжэнне глядзець, Як, мінаючы чаркай з віном, Ад парогу накажуць сядзець. Купала. Адным словам, Сымон Карызна сеў за стол у добрым гуморы. Зарэцкі. Стол накрылі ў пакоі, які займалі немцы. Новікаў. // Сталаванне, харчаванне. К вечару другога дня .. [Кастравіцкі] знайшоў сабе стол — у вёсачцы, размешчанай па суседству з біястанцыяй. Навуменка.

3. Страва, ежа; тое, што гатуюць, падаюць для яды. Затраты на стол. Рабіць разнастайныя свой стол. // з азначэннем. Від стравы, ежы; рэжым харчавання. Вегетарыянскі стол. Дыетычны стол.

4. які або чаго. Аддзел ва ўстанове, а таксама сама ўстанова, якія займаюцца спецыяльным колам пытанняў. Стол рэгістрацыі шлюбаў у ЗАГСе. Стол даведак. Пашпартны стол. // Форма абслугоўвання насельніцтва. Стол заказаў. Стол раскрою.

•••

Адрасны стол — установа, якая рэгіструе асоб, што пражываюць у пэўнай мясцовасці, і выдае даведкі пра іх месцажыхарства.

Стол знаходак — установа, у якую здаюць знойдзеным рэчы для перадачы іх уладальнікам.

За круглым сталом — пра сустрэчу, нараду і пад., калі ўдзельнікі маюць аднолькавыя правы і пры абмеркаванні якіх‑н. пытанняў выказваюцца ў пэўным парадку.

Пад стол пяшком хадзіць гл. хадзіць.

Садзіць за стол гл. садзіць.

Царскі стол — пра багаты пачастунак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

узо́р, ‑у, м.

1. Малюнак, у якім спалучаюцца ў поўным парадку лініі, колеры, фігуры і пад. На стале, засланым абрусам з адмысловымі ўзорамі, роўнымі слупкамі ляжалі кнігі. Шамякін. [Дзед] замыславатымі тоненькімі інструментамі выбіваў на медзі разнастайныя ўзоры. Бядуля. Шура зрэзаў дзве арэшыны, аздабляе палкі ўзорамі. Навуменка. // Пра перапляценне, размяшчэнне чаго‑н. (святла, ценю, ліній і пад.), якое ўтварае ці нагадвае такі малюнак. Узоры маршчынак на твары. □ Цені ад .. [дрэў] клаліся на густую траву дзіўным узорам. Чарнышэвіч. А гэтым часам пры сасонцы Гадзюка грэецца на сонцы, — Блішчыць на ёй узор лускі. Крапіва. Валя з уздыхам загортвае вокладку, доўга ў задуменні глядзіць у расшытае срэбнымі марознымі ўзорамі акно... Васілевіч.

2. Паказальны або пробны экземпляр якога‑н. вырабу, прадмета і пад. Узоры тканін. Узоры паперы. □ Вось і шыльда майстэрні з залатымі літарамі на цёмна-зялёным шкле. Побач — невялікая люстраная вітрына, поўная ўзораў жаночага ўбрання. Машара. Мінеральныя злучэнні, узоры якіх Бурмакоў і Павел прынеслі з сабой, аказаліся падобнымі да зямных. Шыцік. Вёз бацькавага пісьма, без узору яго почырку нельга было рабіць якія-небудзь вывады. Шыловіч.

3. Паказальны прыклад чаго‑н. (якіх‑н. якасцей, дзеянняў і пад.). І вось зноў Крамлёўскі палац. На гэты раз яго запоўнілі жанчыны. Іх было многа-многа, з усяе краіны. Гэта ўсе тыя, хто паказвае ўзоры працы. Сабаленка. Я. Колас напамінаў .. пра «вялікі моўны запас, які незаслужана забыты намі». Сваёй пісьменніцкай практыкай ён паказаў узор творчага падыходу да скарыстання гэтага запасу. Юрэвіч. // Што‑н. дасканалае, вартае пераймання. І. Мележ шырока абапіраецца на традыцыі класічнага і савецкага раманаў, на лепшыя ўзоры нацыянальнай прозы. Гіст. бел. сав. літ. А. Александровіч бярэ за ўзор вершы Купалы. «Полымя». // Увасабленне якой‑н. якасці, уласцівасці. Але ў цэху ведаюць: калі Галя ставіць кляймо моўчкі, — гэта значыць, што дэталь з’яўляецца ўзорам дакладнасці. Васілёнак. Новы манеўр .. [Пацяроба] мог быць за ўзор геніяльнае прастаты і рашучасці. Зарэцкі.

4. Форма, від якога‑н. прадмета. Паміж сучасных архітэктурных ансамбляў, .. дзе пануе шкло і бетон, раптам праглядвае невялікі дом дарэвалюцыйнага ўзору. «Маладосць». Ішлі немаладыя ўжо дзядзькі з вінтоўкамі самых розных узораў, ішлі разведчыкі з аўтаматамі, медыцынскія сёстры з сумкамі цераз плячо. Дзенісевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пе́рці1, перць ’ісці, лезці куды-небудзь, не зважаючы на перашкоды (ТСБМ), ’гнаць, выганяць’ (ТСБМ; Нас.; сміл., Станк.), ’хутка ехаць, бегчы’ (Шат.), ’прагна есці’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ), ’падаць (пра снег)’, (петрык., Мат. Гом.), ’напіраць, груба сунуць з сілай; перамяшчаць з энергіяй, рухацца з імпэтам’ (мсцісл., З нар. сл.), ’ісці (пра дым, пыл)’ (дзятл., Сл. ПЗБ), пе́рцца, пе́рца ’ціснуцца, пхнуцца’ (Бяльк.), ’выходзіць масай, напорам (пра дым, пару)’ (Юрч. СНЛ), пе́рціся ’выбівацца на паверхню (пра расліны)’ (ТСБМ). Укр. пе́рти ’перці, напіраць; гнаць; рухацца, ісці’, ’выпіраць (паветра, дух)’, пе́ртися ’лезці, напіраць’; рус. пере́ть ’ісці, прасоўвацца праз перашкоды; бегчы’, ’хутка ехаць’, ’напіраць, ціснуць’, ’есці’, польск. przeć ’напіраць, націскаць’, ’імкнуцца да чаго-н., настойліва дамагацца’, ’пяцца, тужыцца’, славен. pẹ́riti ’устаўляць зубы ў граблі, спіцы ў кола, шчаціну ў дратву’, серб.-харв. (на)пѐрити ’накіраваць, навесці’, ’утаропіцца’, ’намерыцца’, макед. (па)пери ’накіраваць, рушыць’, (на)перкува ’напіхваць’, балг. (па)пе́ря, (па)пе́рвам ’узвышацца’, ц.-слав. (на)перити ’пракалоць, прабіць, прадраць’. Прасл. *perti, *periti, роднаснае ст.-грэч. πείρω (< *perі̯о), περάω ’прарываюся, пранікаю, праходжу’, περόνη ’востры канец, джала, вастрыё’, πόρος ’праход’, ст.-інд. píparti ’перавозіць, суправаджае’, гоц. farjan ’ехаць’, лац. portus ’прыстань’ і інш. (Траўтман, 215; Покарны, 816; Фасмер, 3, 240; Бязлай, 3, 26 і 130–131; Куркіна, Этимология–1968, 95). Сной (гл. Бязлай, 3, 26) мяркуе, што прасл. *periti, хутчэй за ўсё, з’яўляецца дэнамінатывам.

Перці2 ’несці з цяжкасцю, везці што-н. цяжкае’ (Нас., Серб., ТСБМ, ТС, Юрч. Сін.; міёр., Нар. лекс.; сміл., Станк.; в.-дзв., Сл. ПЗБ), ’хутка несці цяжкую ношу на вялікую адлегласць’ (Растарг.), драг. прэ́тытэ ’тс’ (Лучыц-Федарэц, вусн. паведамл.); параўн. славен. pŕitati ’ўзяць/браць ношу на спіну; напружвацца, рабіць намаганні’, ’няўклюдна лезці’, серб.-харв. пр̏тити ’несці на спіне’. Апошнія суадносяць (Сной, гл. Бязлай, 3, 13 1) з прасл. *pъrtъ/*pьrtъ ’кавалак палатна’, а таксама ’вяроўка, рэмень’, параўн. славен. pŕča ’вяроўка, якой прывязваюць скаціну на пашы’, чак. op̏rta ’вяроўка з ліпавага лыка’. Скок (3, 58) серб.-харв. пр̏тити звязвае з пр̏тен ’ільняны, палатняны’ і pratež ’тавар, багаж’, для якіх аднаўляе корань і.-е. *per‑ з пашыральным суф. ‑t‑. Куркіна (Этимология–1975, 19–23) для групы слоў вакол серб.-харв. пр̏тити прапануе ў якасці зыходнай аснову *pъrtъ ’вяроўка, шнур, рэмень’, збліжаючы яе з літ. spartas ’стужка, завязка, абруч’, ст.-грэч. σπάρτον ’ліна, канат, вяроўка’. Тады развіццё семантыкі праходзіла наступным шляхам: ’вяроўка, шпур, рэмень’ > ’груз, ноша’ > ’цягнуць’.

Перці3 ’праць бялізну’ (глыб., Сл. ПЗБ), пе́раць ’тс’ (карэліц., бяроз., чэрв., там жа), перць ’тс’ (ветк., Мат. Гом.). Да праць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скамаро́х1 ‘у Старажытнай Русі і ў пазнейшым часе — вандроўны акцёр’ (ТСБМ, Ласт.), ‘вандроўны музыкант’, часта ‘музыка, скрыпач на вясковым вяселлі’ (Шымк. Собр., Байк. і Некр., Др.-Падб., Янк. БП, Пятк. 2, Рам. 8), ст.-бел. уласнае імя Р. скл. Демьянца Скомороха (1540 г., Лінгв. дасл.), сюды ж скамаро́шнік ‘вандроўны цыркач з мядзведзем, мядзведнік’ (віл., смарг., Сл. ПЗБ), скамаро́ха ‘тс’ (Нас.), ‘музыка’: усяк спляша, да ні ўсяк скамарох (Бяльк.). Рус. скоморо́х ‘вандроўны музыкант, скакун, камедыянт’, дыял. ‘вядзьмар’, скоморо́шина ‘тс’, стараж.-рус. (XI ст.) скоморохъ, серб.-ц.-слав., рус.-ц.-слав. скомрахъ, ст.-польск. skomrośny, skomroszny ‘бессаромны, нястомны’, skowryśny, skowrośny ‘вясёлы, жвавы’. Цёмнае слова, ніводная этымалогія не з’яўляецца пераканаўчай. Крыніцай лічылі грэч. σκώμμαρχος ад σκώμμα ‘жарт, штукі’, гл. Кірпічнікаў, Сб. ОРЯС 52, 1 і наст.; Фасмер, ИОРЯС 12, 2, 276; Фасмер, Этюды, 184 і наст. Аднак іншыя даследчыкі ўказваюць на тое, што слова нідзе не засведчана. Выводзілі таксама з іт. scaramuccia ‘камедыянт, штукар’ на падставе таго, што скамарохі часта носяць “лацінскую адзежу”; так Сразнеўскі, 3, 374. Супраць Фасмер (3, 648). Спробы славянскай этымалогіі: ад прыстаўкі sko‑ і дзеясл. марочыць; Мацэнаўэр, LF 20, 13 і наст.; Брукнер, 494. Пераважаюць “гукапераймальныя” версіі, напрыклад, сувязь з в.-луж. skomorićрабіць недазволены ўчынак’, што мае гукаімітатыўны характар (Ільінскі, ИОРЯС, 23, 2, 243), паводле Шустара–Шэўца (1292), звязана з камолы (гл. камель2). Фасмер (3, 648) прыводзіць яшчэ славен. skomúcati ‘выдаваць незразумелыя гукі’, skomodrati ‘вішчэць’, якія звязаны з рус. скомлить ‘ныць, скавытаць’. Сюды ж можна дадаць балг. радоп. скомичем ‘плакаць, хліпаць’, серб. пірот. скомл́чем ‘мармытаць, невыразна гаварыць’, каш. skamřec ‘навязліва прасіць, клянчыць’, якое Борысь узводзіць да *skom‑ъr‑ (SEK, 4, 276), варыянт якога *skomorъ Львоў (Этимология–1972, 111) лічыць зыходным для разглядаемага слова. Нельга выключыць і цалкам імітатыўную версію паходжання слова, якую прапанаваў Немец (Slavia, 57, 246 і наст.; Studia Etym. Brun., 1, 38) з *sko‑morsk‑, роднаснага рус. морщить (гл. моршчыцца), што звязана з старажытным выкарыстаннем масак для адпуджвання злых сіл. У сувязі з гэтым параўн. скамурдзіцца ‘скрывіць морду’ (гл.). Істотнымі матывацыйнымі момантамі варта лічыць “музычныя” і “знешнія” прыкметы, гл. Жураўлёў, Язык и миф, 178–179 (там жа агляд іншых версій).

Скамаро́х2 ‘гаркушка, гальян звычайны, Phoxinus phoxinus (L.)’ (Жук., на Дняпры; Жыв. св.). Рус. дыял. скоморо́х ‘тс’. Да скамарох. Параўн. апісанне рыбы ў Сабанеева (Жизнь, 496): “Последний [гальян] всегда отличается необычайной пестротой и поэтому названия скоморох и красавка гораздо более идут к нему, нежели… гольян”. Параўн. аўдотка (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тума́к1 ‘удар па патыліцы’ (Нас., Шат., Байк. і Некр.; брагін., Нар. словатв.), ‘моцны ўдар’ (в.-дзв., хойн., Шатал.), ‘удар кулаком’ (зах.-пал., Бел. дыял. 3, Растарг.), ‘кухталь’ (Некр. і Байк., Яўс., Юрч. Фраз. 2, Мат. Гом.), тума́ка ‘тс’: даў яму тумаку (Бел. літ. XIX ст.), тумакі́ ‘штуршкі, кухталі ў спіну ці ў бокі’ (Мядзв.). Укр. тума́к ‘штуршок, кухталь’, рус. тума́к ‘удар, штуршок кулаком’. Слова няяснага паходжання, асабліва з улікам тумак2 і тумак3. Фасмер (4, 119) не прымае прапанаваную Патабнём (РФВ, 4, 213) і Гараевым (380) версію пра сувязь з літ. stùmti (з s‑mobile) ‘штурхаць, біць, рухаць, замыкаць на засаўку’, а таксама з марыйск. tumak ‘дубіна’ (Маркаў, РФВ, 73, 102). Сувязь з укр. товкмачити ‘біць, калаціць, трэсці’ (ЕСУМ, 5, 674), а таксама з рус. токма́чить ‘біць, таўчы’ выглядае больш прывабнай (гл. такмачы). На базе фразеалагізма рус. дать по шапке ‘пабіць’ Арол (4, 116) збліжае з тат. tumag ‘шапка’.

Тума́к2 ‘дурань, недалёкі чалавек’ (Юрч. Фраз. 2), ‘някемлівы чалавек’ (Мат. Гом.), ‘дурань, цёмны неадукаваны чалавек’ (Яўс., ТС), ‘тупы, неразвіты чалавек’ (беласт., Сл. ПЗБ), ‘дурань, тупіца’ (Рэг. сл. Віц.), ‘недарэка’ (Руб.), ‘тупы, абмежаваны чалавек’ (Юрч. Вытв.), тумачо́к, тумачо́чак ‘дурань, недалёкі чалавек’ (Юрч. СНЛ). Параўноўваюць з рус. разан. тумата́ ‘слепата, цемната’ і далей праз апошняе значэнне да ‘неразвітасць, неадукаванасць, дурасць’, што не выключае сувязі з марыйск. тума́к ‘дубіна’ (Жураўлёў, Язык и миф, 120). Грунтуючыся на рэканструкцыі рус. дыял. тума́ ‘лухта, глупства, дзіва’ (Даль), укр. тума́ ‘хмуры, маўклівы чалавек’, як *top‑ma ‘тупы розум, тупы чалавек’ < *topitiрабіць тупым’, Ліўканен (Отглаг. сущ., 169) мяркуе пра зыходнае значэнне ‘тупы розум’. Сюды ж таксама славен. túmpast ‘тупы, недалёкі’ (Сной₂, 791), якое выводзіцца са славен. tȍp < прасл. *tǫ̑pъ ‘тупы, неразумны, абмежаваны’.

Тума́к3 ‘помесь зайца-беляка з зайцам-русаком’ (ТСБМ), ‘фарбаванае футра зайца’ (там жа), ‘звярок, пушыстую шкуру якога вырабляюць на каўняры’ (Нас.). Укр., рус. тума́ ‘метыс, напаўрускі-напаўтатарын, паўукраінец-паўтурак’, укр. тума́ ‘жывёла змешанай пароды’, тум ‘свойская жывёла палепшанай пароды’, тума́к ‘помесь беляка і русака’, ‘фарбаванае футра зайца’, ‘куніца лясная, Martes martes L.’, рус. тумак ‘метыс’, ‘падфарбаванае футра зайца’, ‘сібірскі тхор’, польск. tumak ‘куніца’, tumaki ‘футра з куніцы’ (запазычаны праз рус. мову). Запазычанне з цюркскіх моў, параўн. тат. тӯма ‘прыплод’, ‘нашчадак’, канцавое ‑к мяркуецца з цюрк. tuma‑g у якасці памяншальнага суфікса, гл. Анікім 565; іншыя меркаванні ў Фасмер, 4, 119; ЕСУМ, 5, 674; Шыпава, Сл. тюрк., 333–334; Дабрадомаў, Этимология–1970, 103–115.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

полага́ться несов.

1. (надеяться) спадзява́цца (на каго, на што); (рассчитывать) разлі́чваць (на каго, на што); (доверять) давяра́ць; (доверяться) давяра́цца (каму, чаму), здава́цца (на каго, на што); (быть уверенным) быць упэ́ўненым (у кім, у чым);

полага́ться на свои́ си́лы спадзява́цца на свае́ сі́лы;

полага́ться на чью́-л. по́мощь спадзява́цца на чыю́е́будзь дапамо́гу;

на него́ мо́жно полага́ться яму́ мо́жна давяра́ць (давяра́цца), у ім мо́жна быць упэ́ўненым, на яго́ мо́жна спадзява́цца;

2. (употребляется в 3 лице в знач. «причитается») нале́жыць;

ка́ждому полага́ется немно́го де́нег ко́жнаму нале́жыць тро́хі гро́шай;

3. (употребляется в 3 лице в знач. «приличествует»); (следует) нале́жыць; (надо) трэ́ба; (в обычае) заве́дзена; (при употреблении с отрицанием в знач. «нельзя») не́льга, нямо́жна; (в знач. «не разрешается, не дозволено») не дазваля́ецца, не дазво́лена;

так поступа́ть не полага́ется так рабі́ць нямо́жна;

взять всё, что полага́ется узя́ць усё, што трэ́ба (што нале́жыць);

здесь кури́ть не полага́ется тут куры́ць не дазваля́ецца.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

страстьI ж.

1. (сильное чувство) гара́чае (мо́цнае) пачуццё; (увлечение) захапле́нне, -ння ср.; (влечение) ця́га, -гі ж.; (склонность) схі́льнасць, -ці ж., прыхі́льнасць, -ці ж.; (рвение) заўзя́тасць, -ці ж.; сла́басць, -ці ж.; (охота) ахво́та, -ты ж.; (желание) жада́нне, -ння ср.; (азарт) запа́л, -лу м., аза́рт, -ту м.;

стра́сти у спо́рщиков разгоре́лись пачу́цці ў спрача́льнікаў разгарэ́ліся; спрача́льнікі прыйшлі́ ў аза́рт;

ма́ло-пома́лу но́вое заня́тие обраща́ется у него́ в страсть ма́ла-пама́лу но́вы заня́так перахо́дзіць у яго́ ў захапле́нне;

де́лать что́-л. со стра́стью рабі́ць што-не́будзь з запа́лам (з захапле́ннем, заўзя́та);

страсть к теа́тру ця́га да тэа́тра, захапле́нне тэа́трам;

страсть к аза́ртным и́грам ця́га (схі́льнасць, сла́басць) да аза́ртных гу́льняў;

2. (сильная любовь) жарсць, род. жарсці ж.; страсць, род. стра́сці ж.; (гара́чае, мо́цнае, нястры́мнае) каха́нне, -ння ср.; па́лкасць, -ці ж.;

быть охва́ченным стра́стью быць ахо́пленым гара́чым (нястры́мным) каха́ннем;

3. чаще мн., уст., рел. (страдание) паку́та, -ты ж., му́ка, -кі ж., мучэ́нне, -ння ср.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

уйти́ сов.

1. (пойти) пайсці́; (выйти) вы́йсці; (отойти) адысці́; (отдалиться) адысці́ся; (зайти) зайсці́; (направиться) накірава́цца, пада́цца; (исчезнуть) зні́кнуць; (покинуть) пакі́нуць; (перестать заниматься чем-л., делать что-л., быть кем-, чем-л. и т. п.) пераста́ць быць (займа́цца, рабі́ць і да таго́ падо́бнае);

2. (убежать, скрыться, спастись) уцячы́, мног. паўцяка́ць; (избежать) пазбе́гнуць, уні́кнуць; (уклониться) ухілі́цца; (избавиться) пазба́віцца; (отделаться) адчапі́цца, адкара́скацца;

3. (не препятствовать, посторониться) сысці́, саступі́ць;

уйти́ с доро́ги сысці́ (саступі́ць) з даро́гі;

4. (израсходоваться) пайсці́, вы́йсці; (истратиться) быць вы́даткаваным, быць стра́чаным; (пропасть) прапа́сці; (вытечь — о жидкостях) разг. вы́цечы; (при кипении) пабе́гчы, вы́бегчы;

5. (углубиться) паглы́біцца;

6. (пройти — о времени) прайсці́, міну́ць;

7. (о часах) спяша́цца;

часы́ ушли́ вперёд гадзі́ннік спяша́ецца;

уйти́ в о́бласть исто́рии адысці́ ў гісто́рыю, стаць гісто́рыяй;

уйти́ в себя́ паглы́біцца ў сябе́;

далеко́ не уйдёшь далёка не по́йдзеш;

уйти́ вперёд абагна́ць, апярэ́дзіць;

уйти́ далеко́ пайсці́ далёка;

душа́ ушла́ в пя́тки душа́ апыну́лася ў пя́тках.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

цягну́ць, цягну, цягнеш, цягне; незак.

1. каго-што. Узяўшы за край, канец чаго‑н., перамяшчаць, набліжаць да сябе з сілай, намаганнем. Цягнуць канат. □ [Зёлкін:] (цягне за ручку дзвярэй). Замкнёна. Крапіва. [Дзеці] давай скакаць вакол маці і цягнуць за фартух і спадніцу. Бядуля. // Імкнуцца завесці, наблізіць да сябе, да якога‑н. месца. Малы.. лавіў неспадзеўкі сваю ўласную нагу і цягнуў яе ў рот. Крапіва. / у перан. ужыв. Кожны млын на сваё кола ваду цягне. Прымаўка. // Ухапіўшы, трымаючы за што‑н., прымушаць каго‑н. ісці з сабой ці за сабой. Пніцкі трымаў.. [цыгана] пад руку і цягнуў наперад. Чорны. Насустрач беглі жанчыны, цягнулі за рукі дзяцей. Лынькоў. Каза ленавата спускаецца ўніз і цягне за сабой Марыльку. Кулакоўскі. // Замацоўваць, пракладваць паступова ў пэўным напрамку (провад, трубы і пад.). Цягнуць лінію сувязі. Цягнуць трубаправод.

2. каго-што. Перамяшчаць за сабой з сілай, намаганнем, не адрываючы ад паверхні; валачы. Усе будаваліся, кожны як мог — на кані, на валах, а сёй-той і на сабе — цягнуў з лесу бярвенне, жэрдкі, плахі. Сачанка. Раз’юшаны Франц трымаў адной рукой за адарваны каўнер Эдзіка, а другой цягнуў, як якую качаргу, па зямлі вінтоўку. Даніленка. // Пакідаць за сабой (след, баразну і пад.). Чалавек сядзеў на санках бокам, ногі яго цягнулі па белай роўнядзі перарывістую баразну. М. Стральцоў. А ліс-хітрэц, выжыга чуткі, Па снезе цягне шнур раўнюткі: Слядок з слядочкам супадае, Бы лапка тут адна ступае. Колас.

3. што. Выцягваць, працягваць у якім‑н. напрамку (шыю, рукі і пад.). Чарада індыкоў і качак цягнула шыі праз плот да яды. Чорны. Дзюбку цягне з гнязда птушаня, просіць есці. Барадулін. // Накіроўваць куды‑н. у час росту (лісты, кветкі і пад.). А дзівосны дзівасіл Цягне кошыкі з бурштыну Пад блакітны небасхіл. Агняцвет.

4. што. Падаўжаць або пашыраць выцягваннем, нацягваннем. Цягнуць шкурку зайца. // Спец. Вырабляць выцягваннем. Цягнуць дрот. // Спец. Апрацоўваць, выцягваючы для атрымання дроту, ніцей. Цягнуць серабро.

5. каго-што. Сілай цягі перамяшчаць за сабой, везці. Сёстры, маткі спіны гнулі, На сабе плугі цягнулі. Броўка. Болей не знаем Сох на загонах, — Трактар нам цягне Плугі, бароны. Купала. Буйвалы.. павольна цягнулі скрыпучую арбу. Самуйлёнак. // і без дап. Быць здольным перамяшчаць што‑н., мець тую або іншую сілу цягі (пра машыны, жывёлу і пад.). Гняды часта фыркаў, але цягнуў добра, без натугі. Чыгрынаў. // Адцягваць уніз, перамяшчаць у пэўным напрамку сілай цяжару, сілай цячэння і пад. Мокрае адзенне і рухацца перашкаджала і ўніз цягнула. Маўр. Вада круціла [Надзю], шалёна кідала ў бок, уладна цягнула на дно. Лынькоў. // перан. Выклікаць, мець што‑н. вынікам. [Слабасць канфлікту] звычайна цягне за сабой слабасць кампазіцыі, вяласць сюжэта, схематызм і бледнасць у паказе дзеючых асоб. «ЛіМ».

6. каго-што. Разм. Несці што‑н. цяжкае або ў вялікай колькасці. Летняя ноч кароткая, а цягнуць камень праз лес цяжка. С. Александровіч. Мне не было ніколі ў галаве, Што буду я .. Цягнуць к варожым штабам на плячы Гранат цяжкія звязкі, Скрынкі з толам. Астрэйка.

7. што. Прыкладаючы сілы, намаганні, несці якія‑н. абавязкі, выконваць якую‑н. работу (звычайна цяжкую). Скончыўшы школу, Якім пайшоў у калгас на сталую работу і ўсё цягнуў нароўні з дарослымі мужчынамі. Дуброўскі. // каго-што. Дапамагаць у вучобе, службе; садзейнічаць поспеху. [Язэпа] мучыла адна думка: чаму Гаравы выбраў іх калгас, каб цягнуць яго ў перадавікі па раёне? Асіпенка. Не той наперадзе, хто адагнаў, а той наперадзе, хто за сабою цягне. Прымаўка.

8. каго-што. Даставаць адкуль‑н., падымаючы на паверхню. Узлез [Банадысь] на лёд, растапырыў ногі, упёрся каленьмі ў тын, прысядаў і цягнуў ваду. Чорны. [Дзядзька:] — Цягну, а ён [шчупак] аж гне вудзільна, Ну, чуць не вырве яго з рук. Колас. // Вымаць, выцягваць (тое, што засела, замацавалася). Цягнуць цвік. // Разм. Вымаць, даставаць што‑н. з сярэдзіны. [Астап:] — Давай, дачка, цягні з печы, што ў цябе там. Лынькоў.

9. што і без дап. Смактаць, уцягваць (што‑н. вадкае). Невядома было, адкуль яны [сосны] цягнулі смалу на адным чэрствым жоўтым пяску. Пташнікаў. [Пятрусь:] — Ён [камар] давай гэта носам торкаць, шукаць сабе шчыліны. Чакай, думаю, цягні. Брыль. // Піць, уцягваючы губамі; піць павольна. Стрэлачка смешна пакручвала галавой, узмахвала хвосцікам і, зажмурыўшыся, з асалодай цягнула з бутэлькі малако. Даніленка. Нейкі час мы моўчкі цягнулі піва, цягнулі павольна, глыток за глытком. Васілёнак. Дэголевец .. павольна цягнуў з бакала [віно]. Шамякін. // Убіраць у сябе (дым); курыць. Дзядзька нездаволена соп і цягнуў густы дым цыгарэты. Пянкрат.

10. каго-што. Разм. Прымушаць ці пераконваць ісці, ехаць і пад. з сабой, за сабой куды‑н. Цягнуць на каток. □ Марынка цягнула Яўгена ў кіно, у тэатр, у парк, на які вечар ці канцэрт. Хадкевіч. // перан. Схіляць на чый‑н. бок, на якія‑н. пазіцыі. Рыгор, мусіць, ужо так і думае, што Верамейчык цягне за багатага. Крапіва. // перан. Прыцягваць да адказнасці, аддаваць пад суд. [Полька:] — А нас у суд цягнуць — пакража з узломам. Грахоўскі.

11. каго-што. Вабіць да каго‑, чаго‑н., куды‑н. Зусім іначай жыў Анісім зімою, калі лес цягнуў у свае прыціхлыя, заснежаныя сховы і нетры кожнага, у каго хоць калі білася ў жылах кропля паляўнічай крыві. Сачанка. Раней мяне сюды [у музей] цягнула таямнічая маўклівасць старажытных рэчаў. Карпюк. Грыбы цягнулі ў лес мяне, Хоць ногі ў лагчыне зяблі. Свірка. / у безас. ужыв. Мяне цягнула ў гэтыя ўрочышчы, карцела даведацца, а што далей, там, за імі. Марціновіч. Ніну ўсё больш і больш цягнула да Васіля Кузьміча. Лобан. // безас. каго-што да чаго і з інф. Мець імкненне да якога‑н. занятку. Андрэя Завацкага не дужа цягнула да навукі. Ваданосаў. Вучоная кар’ера .. не спакусіла Адама, яго больш цягнула да гаспадаркі. Кудраўцаў.

12. безас. каго-што на што і да чаго. Адчуваць патрэбу ў чым‑н., хіліць на што‑н. (пра які‑н. фізічны, псіхічны стан). У аўтобусе — доўгім і раскошным — калыхала ззаду і цягнула на сон. Пташнікаў. А цяпер Андрэя не цягнула да жартаў. Ён сядзеў у гурце каля агню, курыў, а думкі луналі далёка. Чарнышэвіч. // з інф. Хацець, мець жаданне. [Няміру] ўсё цягнула пайсці зноў глянуць на попелішча свае хаты. Чорны. Сцяпан усё мацней і мацней захапляўся Маяй. Цягнула падысці да яе, загаварыць, але ён не знаходзіў прычыны. Дуброўскі.

13. што. Разм. Патрабаваць, вымагаць (грошы). Кажуць, быў вялікі хабарнік гэты царскі служка. Цягнуў і з жывога і з мёртвага, хто яго не ведаў! В. Вольскі. // і без дап. Незаконна браць, прысвойваць што‑н.; красці. Саўка не з тых вартаўнікоў, якія самі цягнуць і другім патураюць. Ермаловіч.

14. што і без дап. (са словамі «клін», «шнур» і пад.). Ісці, рухацца ў пэўным парадку. Жураўлі па небу цягнуць клін З родных месц к цяплу, На дальні поўдзень. Астрэйка. Касцы ідуць то грамадою, То шнурам цягнуць, чарадою, То паасобку, то па пары. Колас.

15. Слаба дзьмуць, рухацца, ісці (пра паветра). З акна цягнула свежае паветра, відаць былі зоры. Гурскі. // безас. чым. Веяць, абдаваць (цяплом, холадам, якім‑н. пахам і пад.). Ад вады цягнула холадам, хвалі, невысокія, прасвечаныя па-шкляному наскрозь сонцам, мякка цмокалі ў бераг. Хомчанка. А з гары цягнула пахам ліповага цвету, дбайна назапашанага Рагінаю на доўгую зіму. Адамчык. Ад грубкі цягне прыемным цяплом. Гаркавата пахнуць асінавыя дровы. Каршукоў. // што. Прыносіць з сабой (пра паветра). Узнімаўся вецер, цягнуў вострую свежасць. Чорны.

16. што. Марудна рабіць, занадта доўга займацца чым‑н. Цягнуць судовую справу. // без дап. Марудзіць з ажыццяўленнем чаго‑н. Сімон не любіў доўга цягнуць, калі датычылася справы. Самуйлёнак. [Эма:] — Збірайся [Таня], а я пайду за рамізнікам. Вырашылі, дык няма чаго цягнуць. Машара.

17. што. Павольна, марудна гаварыць, спяваць і пад. Бурат .. на невялічкім мангольскім коніку аб’язджае незлічоную атару і цягне бясконцую стэпавую песню. Корбан. Адно Рыгор сядзеў на прызбе пад грушай і цягнуў жахлівае апавяданне. Сабаленка. Я люблю, калі мужчыны, Чаркі звёўшы, у цішы Забываюць пра маршчыны — Цягнуць песню ад душы. Свірка. / у перан. ужыв. Лес адвечны бесканечны Цягне, цягне гоман свой. Купала.

•••

За вушы цягнуць каго — памагаць таму, хто сам не стараецца, не імкнецца што‑н. рабіць.

Ледзь ногі цягнуць — тое, што і ледзь ногі цягаць (гл. цягаць).

Цягам цягнуць — праз сілу, жывасілам валачы каго‑н.

Цягнуць (спяваць) адну і тую ж песню — паўтараць адно і тое ж.

Цягнуць валынку — марудзіць з ажыццяўленнем якой‑н. справы.

Цягнуць воз — выконваць усю асноўную работу.

Цягнуць жылы з каго — мучыць, знясільваць, зморваць; вымотваць непасільнай работай, празмернымі патрабаваннямі.

Цягнуць за душу каго — даймаць, назаляць чым‑н. непрыемным, нудным.

Цягнуць за язык — змушаць расказаць што‑н., адказаць; прымушаць выказацца.

Цягнуць (разводзіць) каніцель — а) рабіць, гаварыць, выконваць і пад. што‑н. аднастайна, нудна; займацца чым‑н. аднастайным, нудным; б) марудзіць, зацягваць якую‑н. справу, здзяйсненне чаго‑н.

Цягнуць ката за хвост — нудна, наўмысна павольна гаварыць.

Цягнуць лямку — займацца цяжкай аднастайнай справай, працай.

Цягнуць на вяроўцы каго — памагаць з усіх сіл заняцца якой‑н. дзейнасцю таму, хто не здольны да гэтай дзейнасці або не хоча ёю займацца.

Цягнуць руку чыю, каго — падтрымліваць каго‑н., чые‑н. погляды, думкі.

Цягнуць рызіну (гуму) — адцягваць, адкладваць якую‑н. справу, работу і пад. надаўжэй; марудліва, павольна гаварыць, рабіць і пад. што‑н.

Цягнуць ярмо — бесперапынна і цяжка працаваць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)