Трынь-трава́, сін. тынь-трава́ ‘глупства, нічога не вартая рэч або справа’ (Нас.). Сюды ж адносяць і трын-трава (гл.). Параўн. рус. варонеж. трынь‑трава́ ‘пра нягоднага, дрэннага чалавека’ (1848 г., СРНГ). Нягледзячы на шматлікія спробы этымалагізацыі, застаецца «цёмным» словазлучэннем, асабліва адносна першай часткі, гл. Фасмер, 4, 112. Пры ўліку адмоўнай характарыстыкі найбольш прымальнай застаецца сувязь з тры́на ‘сенная труха’ (гл.), параўн. укр. три́нити ‘пераўтвараць у труху’, г. зн. ‘перацёртая трава’, гл. Кошалеў, Език и литература, 1964, 4, 101–106. У рамках падобнага падыходу Арол (4, 111) збліжае архаізм трынь з літ. trũnys ‘гнілы, збуцвелы’ роднасным з *tryti ‘церці’ (Смачынскі, 692). Гл. і тынь-трава.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ты́паць (ты́пъць) ‘ісці (пра маленькіх дзяцей)’ (мёрск., Нар. лекс.), ‘ісці, лёгка ступаючы (пра дзяцей, старых)’ (лаг., Стан.), сюды ж ты́птацца (тыптъцца) ‘хадзіць вельмі ціха’ (мёрск., Нар. лекс.), тыпты́сь ‘дрыжэць, трэсціся’ (драг., Жыв. НС). Параўн. укр. ти́пати ‘павольна ісці’, рус. ти́пать ‘хадзіць на дыбачках (на пальчыках)’, польск. cipać ‘ісці ціха, несупынна (пра дождж)’, н.-луж. typotaś ‘дробненька тупаць’, славен. típati ‘дакранацца, кранаць’, харв. tipati ‘тс’. Прасл. *tipati ‘ціха пастукваць, ціха ісці’, магчыма, анаматапеічнага паходжання, суадноснае з прасл. *tъpati ‘тупаць’, *te(p)ti ‘біць’, *tъpъtati ‘таптаць’ (Фасмер, 4, 60; ЕСУМ, 5, 570). Стой (Бязлай, 4, 182) параўноўвае з літ. tipénti ‘хадзіць на пальчыках, на дыбачках (у тым ліку пра дзяцей, якія вучацца хадзіць)’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ты́шчыцца разм. ‘пралазіць, прабірацца з цяжкасцю; лезці куды-небудзь’ (ТСБМ, Шат.; лаг., Гіл.), ‘хавацца, залазіць у шчыліну, у дзірку; зашывацца’ (маладз., Янк. Мат., Варл.), ты́шчыць ‘соваць’ (Шат.), ‘рыць, успорваць зямлю’: svińnia tyščuć łoh (Варл.). Няясна. Мажліва, адзіны захаваны ў сучасных славянскіх мовах адпаведнік ст.-слав. тъщати сѧ ‘спяшацца, імкнуцца, старацца, сіліцца’, паколькі старое рус. тщи́ться ‘тс’, ст.-серб. таштати се ‘тс’ лічацца запазычаннямі праз царкоўнаславянскую мову (ESJSt, 17, 1007), як і ст.-бел. тщитися ‘старацца’, адзначанае выключна ў рэлігійных тэкстах (ГСБМ). Магчыма, што захаванню архаізма ў абмежаваным арэале садзейнічалі фармальна і семантычна блізкія літ. kýščioti ‘соваць, усоўваць, запіхваць’, зваротнае kìštis ‘умешвацца’ няяснага паходжання (Смачынскі, 292).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Су- — прыстаўка. Пры ўтварэнні іменных часцін мовы абазначае сумеснасць, саўдзел (субясе́днік, сунайма́льнік), сукупнасць, зборнасць (сузо́р’е, сукве́цце), падабенства ці няпоўную адпаведнасць у адносінах да прадмета або з’явы, выражанай у асноўвай частцы слова (сугле́й, суглі́нак, супе́сак), суадноснасць пэўнай якасці паміж прадметамі (сугу́чны, суразме́рны), збліжэнне, супадзенне ў прасторы або ў часе (суча́сны, суме́жны), унутранае адзінства чаго-небудзь (суцэ́льны); пры ўтварэнні дзеясловаў абазначае сумеснасць, суправаджэнне або ўстанаўленне суадносін паміж чым-небудзь (суіснава́ць, сумясці́ць). Прыіменная прыстаўка; у некаторых славянскіх мовах вельмі рана пачала змешвацца з прэфіксам *sъ‑ (гл. с‑, са‑, з‑), параўн. укр., рус. су‑, со‑, польск. są‑, ст.-чэш. sú‑, чэш. sou‑, славац. su‑, в.-луж., н.-луж. su‑, славен. so‑, серб.-харв. су‑, са‑, балг. су‑, съ‑, макед. са‑, со‑, ст.-слав. сѫ‑, соу‑ (сѫпрѫгъ, сѫсѣдъ, соумракъ). Прасл. sǫ‑ этымалагічна адпавядае прыстаўцы *sъn‑ або *sъ‑ у дзеясловах (гл. з‑). Праславянскае з першаснага *som‑, роднаснае ст.-прус. san‑ — прыстаўка пры назоўніках, sen — прыназоўнік, літ. sán‑/sam‑, są‑, гоц. sama‑, ст.-інд. sam‑, sa‑, авест. ham‑, ha‑, арм. ham‑. Гл. ESSJ SG, 1, 240; 254–255; Фасмер, 3, 791 з літ-рай; Бязлай, 3, 281; Борысь, 539; Махэк₂, 534; ЕСУМ, 5, 461. Пазней су‑ з дзеясловаў, утвораных ад назоўнікаў з прыстаўкай су‑ тыпу суседзіць < сусед, распаўсюдзілася на іншыя дзеясловы і зрабілася словаўтваральнай дзеяслоўнай прыстаўкай; гл. Борысь, Prefiks., 146–148. Заўважна тэндэнцыя пашырэння прыст. су‑ ў запазычаннях з рускай мовы замест прыст. са‑ са значэннем сумеснасці, якія ўспрымаюцца як калькі-пераклады з рускай мовы (Садоўскі, Беларусіка, 19, 231).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Су́ка1 ’самка сабакі’, ’лаянкавае слова (звычайна ў адносінах да жанчыны)’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Стан., Федар. 4, Арх. Вяр., Сл. ПЗБ, ТС), сука́ ’тс’ (віц., маг., Жыв. св.; Растарг.), памянш. су́чка ’тс’ (Жыв. св.), суко́ба лаянк. ’сука’ (шчуч., Сл. ПЗБ). Укр., рус. су́ка, ст.-рус. сука, польск. suka, палаб. sauко́ ’распусніца’, чэш. дыял. suka ’сука; злая жанчына’, славац. suka ’тс’. Прасл. дыял. (паўн.-слав.) *suka ’самка сабакі’. Слова няяснага паходжання. Параўноўваюць з індаеўрапейскай назвай сабакі: літ. šuõ, усх.-літ. šunis, лат. suns, ст.-прус. sunis, ст.-інд. çúvā, çvā, авест. spā, лац. canis, гоц. hunds і г. д., якія з’яўляюцца кантынуантамі і.-е. *ḱuōn ’сабака’; гл. Траўтман, 310; Мюленбах-Эндзелін, 3, 1123 і наст., Фасмер, 3, 798. Супраць па фанетычных прычынах Борысь (586). Трубачоў (Происх., 21–22) такое набліжэнне таксама лічыць недаказаным, паколькі гэта супярэчыць развіццю славянскіх асноў на ‑n, параўн. і.-е. *kamōn > слав. kamy, kamykъ. Спасылаючыся на Брукнера (525), які прыводзіць ст.-польск. (XVII ст.) sula ’сука’, ён выдзяляе ў слове суф. ‑ka. Махэк₂ (592) прапаноўвае паходжанне ад падзыўных воклічаў, напр. н.-луж. tśu‑tśu на сабак. Іншыя версіі таксама малаверагодныя: рэканструкцыя і.-е. *pḱeukā і набліжэнне да ст.-інд. paçukā ’дробная скаціна’ або прасл. *sǫka і меркаванні аб запазычанні польск. *suka з усходнеславянскіх моў (Петарсан, AfslPh, Зб. 139 і наст.).

Су́ка2 ’прыстасаванне для ўкладкі доўгага бярвення, калі пярэдняя вось аддзяляецца ад колаў, а “сука” укладваецца на гэту вось’ (Шат.), су́кі мн. л. ’малыя драўляныя санкі’ (Сл. рэг. лекс.). Гл. сучка2.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трапе́за1 (trapeza, trepeza) ’ламачча, хвораст’; ’багна’; ’вельмі дробнае збожжа’, ’мізэрны чалавек’ (Лапіч, Term. geogr.), трэбэза (trebeza) ’тс’ (там жа), трэбэза́ ’густы зараснік на балоце ці рацэ’ (Бес.). Параўн. польск. дыял. trapeza ’балота, твань’, trabeza ’багна, балота, зарослае хмызняком’, сюды ж, магчыма, і айконім Trpeza (Косава і Метохія). Грунтуючыся на семантыцы, Лапіч (БЛ, 11, 64) бачыць тут уплыў літ. trapùs ’крохкі, слабы’, што цяжка давесці. Няясна; магчыма параўнаць з рус. дыял. (паўн.-рус.) дребь ’балоцістая мясціна, парослая кустамі або лесам’, ’непраходнае балота’, ’багна, твань’, дре́би ’балота, парослае лесам, нетры’, відаць, роднасныя літ. drebė́ti ’дрыжэць, трэсціся’, лат. drebêt ’тс’ (SP, 4, 216, 225, 245), адносна варыянтнасці *trep‑/*dreb‑ гл. Махэк₂, 129. Па фанетычных прычынах немагчыма суаднесці са славен. trebež ’выкарчаванае месца, навіна’ (гл. церабіць).

Трапе́за2 ’агульны стол для яды ў манастыры’, ’сам прыём яды за такім сталом’, ’сама яда’ (ТСБМ, Кольб.), аргат. тра́пез ’стол’ (Бандалетаў, Этимология–1980, 72). Праз царкоўнаславянскую са ст.-слав. трапеза, трапѣза, трепеза ’абедзенны стол’, ’гасціна, частаванне’, што з грэч. τράπεζα, якое са ст.-грэч. τράπεζα ’стол, абедзенны стол’, ’абед, яда’, а апошняе — з τέτταρα ’чатыры’ або τρεῑς ’тры’ і πέζα ’нага’ < ’дошка на трох ці чатырох нагах (ножках) — у выніку гаплалогіі ‑τα‑ выпала (Фасмер, 4, 94; Скок, 3, 492). Першае ўпамінанне Гамера: на шматлюдных банкетаваннях адзін стол служыў для некалькіх гасцей. На Балканах пасля прыняцця хрысціянства гэты грэцызм пашыраўся пераважна сярод манахаў у манастырах, цэрквах на ўсходнеславянскай тэрыторыі таксама ўжываўся як царкоўны тэрмін. Аргатычны тэрмін, відаць, з новагрэч. τραπέζι ’стол’ (Бандалетаў, там жа).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Не́рат ’рыбалоўная прылада з лазовых дубцоў або сеткі’ (Нас., Гарэц., Маш.; бых., Рам.; бабр., Шн., Анік., Бяльк., Шат., Сцяшк., Сл. ПЗБ), ’рыбалоўнае начынне звычайна з лазовых пруткоў у выглядзе доўгага кошыка з лейкападобнай адтулінай і без крылляў’ (Яшкін, З жыцця, 128), ’жак без крылляў’ (Дэмб.), нерат альбо норат ’спецыяльнае рыбалоўнае прыстасаванне, звязанае з шнуркоў з гнутымі драўлянымі рабрынамі ўсярэдзіне, з адтулінай спераду, што звужаецца ў адну кропку’ (Мядзв.), не́рэт, неро́та ’рыбалоўная стаўная пастка з адным глухім заходам (з нітак або лазовая)’ (Крыв.), няро́та ’тс’ (Сержп. Грам., 51), неро́та ’сплеценая з лазы снасць на ўюноў’ (ТС), не́рат ’спецыяльная сетка для лоўлі рыбы і птушак’ (Шат.), но́рат ’рыбалоўная прылада’ (полац., Шн.), ’від рыбалоўнай прылады; вераўчаная сетка браць сена ў дарогу’ (Касп.), на́рат, нарот, нярот, но́рат ’тс’ (Сл. ПЗБ), нераток ’вяровачны мяшок для сена каню ў дарогу’ (Сцяшк. Сл.), укр. не́рет ’від рыбалоўнай сеткі’, рус. не́рот, неред, нерёд, нереда, нерёда, нерёто, норот ’тс’. Звязваюць з літ. nérti ’вязаць, плесці’, nerinỹs ’вяроўка, сетка’, лат. nor̂ts ’від сеткі’ (параўн. Буга, 2, 503; Бязлай, 2, 227), пра што сведчыць і семантыка беларускіх слоў, у тым ліку ’прыстасаванне для сушкі снапоў’ (Нар. сельскагасп. тэхн. беларусаў. Мн., 1974, 60); параўн. це́нято ’рыбалоўная сетка’ (*tęti ’вязаць’); у сувязі з гэтым, відаць, больш аддаленая сувязь з укр. не́рти, нру ’даваць нырца’, рус., ц.-слав. поньрѣти, поньру ’апускацца ў ваду’ і пад., гл. Фасмер, 3, 65, хаця ў літ. nérti аб’яднаны абодва значэнні: ’вязаць’ і ’даваць нырца’. Гл. таксама Варбат, ОЛА, 1975, 132–136.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Магчы́, магці́ ’быць у стане’, ’мець магчымасць’ (Гарэц., ТСБМ, Шат., Бяльк.), ’верагоднасць дзеяння’, ’мець сілы выканаць’ (Сл. ПЗБ, ТСБМ, Шат., Бяльк.), махчы́ (Мал.), драг. можтэ́, можу́ (КЭС); укр. могти́, могчи́, мочи́, можу; рус. мочь, могу, ст.-рус. мочи, могу; польск. móc, mogę; н.-луж. móc, mogu; в.-луж. móc, móžu; чэш. moci, mohu (разм. můžu); славац. môcť, môžem; славен. móči, morem; серб.-харв. мо̀ћи, мо̀гу, макед. може, балг. мо́га; ст.-слав. мошти, могѫж. Прасл. mogťi, mogǫ з’яўляюцца рэліктам непадвоенага перфекта атэматычнага дзеяслова (гл. Трубецкой, Slavia, 1; Ваян, RÉS, 14, 27; Траўтман, KZ, 46, 180; Фрэнкель, IF, 53, 57; Бернекер, AfslPh, 38, 269). Таксама як і адзіны адпаведнік і.-е. *māgh‑/*mōgh‑ ’быць у стане’ ў герм. мовах: гоц., ст.-в.-ням. magan, mag, ням. mag, mögen (Махэк₂, 371), гэты славянскі дзеяслоў не мае самастойнага рэальнага значэння, а толькі вызначае пэўную акалічнасць пры дзеі. Збліжаецца некаторымі вучонымі з літ. magė́ti ’хацецца’, māgulas ’шмат які’ (Буга, РФВ, 72, 192), параўн. чэш. moc ’многа’, ст.-інд. mahān ’вялікі’, maha‑raja ’вялікі цар, махараджа’, лац. magaus ’вялікі’, літ. magùs ’жаданы’, mė́gti ’мне падабаецца’, mokė́sti ’магчы’, лат. mêgt ’тс’ (Эндзелін, RS, 11, 37). Гл. таксама Фасмер, 2, 635–636; Брукнер, 342; Скок, 2, 446–247 з л-рай; Бязлай, 2, 190. Сюды ж мага́ (гл.), магу́тны (гл.), маге́нне ’магчымасць, сіла’ (Нас.), магчыма ’можа, быць можа’ (ТСБМ, Гарэц.), магчымасць, магчымы ’які можа здарыцца, адбыцца’, ’які можна здзейсніць’ (ТСБМ, Гарэц., Касп.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мазоль ’патаўшчэнне скуры ці пухір з вадкасцю на руках або нагах’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ), мазуль ’тс’ (Шат.; карэліц., Шатал., Нар. лекс.; жлоб., Мат. Гом.), мозу͡оль ’язва, рана’ (Бес.), кам. мозы́ль (Шатал.). Укр. мозі́ль, мозо́ля, м́озуль; рус. мозо́ль, мозго́ль, музо́ль; польск. mozół ’цяжкая праца’, mozoła, modzel; н.-луж. mózol, в.-луж. mozl; чэш. mozol, mozoul, mozour, усх.-чэш. hlomouz; славац. mozoľ, славен. mozólj ’пухір ад апёку’, серб.-харв. шток. мозо̏л ’мазоль’, макед. мозол, балг. мазол, ст.-слав. мозоль ’сіняк’. Прасл. mozolь. Цупіца (KZ, 37, 398); Сольмсен (IF, 13, 137) параўноўваюць прасл. mozolь са ст.-в.-ням. masar ’нарасць на дрэве’, mâsa ’рубец, шрам’, грэч. μώλωψ (< mōsl‑) ’мазоль, шышка’. Матцэнаўэр (LF, 10, 334) і Младэнаў (302) набліжаюць mozolь да новав.-ням. Maser ’пражылак, узор на дрэве’ і літ. mãzgas ’вузел’, mezgù, mégsti ’вязаць’. Ільінскі (RS, 6, 222) параўноўвае са ст.-інд. mahánt‑, авест. mazant‑, алб. math, madhi, грэч. μέγας, лац. magaus, гоц. mikils ’вялікі’. Брукнер (346) дадае да літ. яшчэ ст.-в.-ням. masca, ням. Masche ’пятля’ (< і.-е. *mezg‑ ’плесці, вязаць’), гаворачы аб чаргаванні зычнай кораня ‑з‑ > ‑zg‑, ‑zd‑, ‑dz‑. Махэк₂ (377) сыходнай формай лічыць дзеяслоў mozgoliti ’ціснуць, рабіць мазалі’ (параўн. бел. мазголіць), якое ў выніку метатэзы паходзіць ад glomoziti (бел. гламаздзі́ць ’біць па галаве’ і інш.). Ад яго glomoz, glomuz (параўн. усх.-чэш. hlomouz, якое пасля адпадзення g‑ (> h‑) і метатэзы пераўтварылася ў mozol‑. Сюды ж бел. мазольны, мазолісты, мазалёвы ’набыты працай, намаганнямі’, ’які вымагае цяжкой працы’, ’які мае мазалі’ (Нас., ТСБМ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Малако, молоко́, мылако ’белая пажыўная вадкасць, якая выдзяляецца груднымі залозамі жанчын і самак млекакормячых для выкармлівання дзяцей’, ’семявая вадкасць рыб’, ’семявыя залозы рыб’, ’белаваты сок некаторых раслін (напр., канапель)’, ’вадкасць з некаторых пладоў’ (ТСБМ, Бес., Крыв., Вешт., Бяльк., Яруш., Сл. ПЗБ; полац., Нар. сл.), карм. ’корм для пчол’ (Мат. Гом.), глыб., слаўг. малачко, мылачко ’падкормка для лічынак пчол’ (З нар. сл.). Укр. молоко́, рус. молоко́, моло́ки, польск. mleko, каш. mlóu̯ko, н.- і в.-луж. mloko, чэш. mléko, славац. mlieko, славен. mlẹ́ko, серб.-харв. мле́ко, mlijȅko, макед. млеко, балг. мляко, ст.-слав. млѣко. Прасл. melko і molko (паводле ўсх.-слав. дадзеных). Лексічнае пранікненне прагерм. meluk‑, якое да і.-е. *melg̑‑ (гоцк. miluks) у прасл. мову (Міклашыч, 187; Уленбек, AfslPh, 15, 489; Хірт, РВВ, 23, 341; Лёвэ, KZ, 39, 316; Сэмерэньі, KZ, 75, 180; Мартынаў, Лекс. взаим., 73–74), супраць чаго Брукнер (KZ, 45, 104), Эндзелін (KZ, 44, 66), Бернекер (2, 33) і інш., супастаўляючы прасл. melko з літ. mal̃kas ’глыток’, лат. màlks, màlka ’піццё залпам’ (і.-е. *melk‑ ’мокры, вільготны’), і ў якасці семантычнай паралелі прыводзяць літ. píenas, ст.-інд. páyas ’сок, вада’, слав. piti ’піць’. Абаеў (Этимология–84, 14) мяркуе, што «чыста» слав. форма melzivo атрымала герм. воблік шляхам перакрыжаванай ізаглосы. Аб магчымым запазычанні прасл. melko з прагерм. meluk‑ гл. Трубачоў, Дополн., 2, 646. Гл. яшчэ Скок, 2, 442–443; Бязлай, 2, 188–189. Сюды ж молоко́ вужо́вэ, бу́слово молоко ’малачай кіпарысавы, Euphorbia cyparissias L.’ (Бейл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)