Сні́тка 1 ‘расліна, Aegopodium L.’ (ТСБМ, Ласт., Касп., Меер Крыч., Сцяшк.; мін., віц., Кіс.; ашм., бярэз., мін., шчуч., навагр., Сл. ПЗБ; ЛА, 1), сны́тка ‘тс’ (Нас., Бяльк.; маг., Кіс.; Дэмб. 1; бялын., Нар. сл.; круп., Сл. ПЗБ, ЛА, 1), сніць, шныць ‘маладыя лісточкі агароднай расліны’ (Гарэц.). Укр. сні́тка, снить, снит, сни́тка, рус. снить, сни́тка, сныть, сны́тка. Дыял. прасл. (усх.-слав.) *snětь/*snitь — рэканструкцыя Мяркулавай (Очерки, 62 і наст.), якая супастаўляе іх з польск. śniat ‘ствол дрэва’ (XVII ст.), чэш. snět ‘галіна’, snítek, snítka ‘калода’, славац. дыял. snět ‘ствол дрэва’, sneto ‘галіна’, а таксама ўкр. закарп. snit, snita ‘калода’, якія ўзводзяцца да і.-е. *snoi̯t‑, суадноснага з *snei̯t‑ ‘рэзаць’. Параўн. гоц. sneiꝥan, ст.-в.-ням. snīdan, ням. schneiden ‘рэзаць’. Матывацыя — тоўсты ствол расліны (“дудка”). Гл. Махэк₂, 564. Іншая версія — параўнанне з прасл. *snětъ ‘галаўня (у збажыне)’ (гл. сняцей), што не супадае па значэнні; гл. Фасмер, 3, 698–699 з літ-рай.

Сні́тка 2 ‘птушка пліска’ (ПСл). Да сі́тка (гл. сітаўка) з устаўным ‑н‑.

Сні́тка 3 ‘невялікая луста, скібка’ (Скарбы). Няясна. Магчыма, да сніт ‘дошка’ (гл. снет) або непасрэдна з ням. Schnitt ‘разрэз’, Schnitz ‘кавалак, скрыль’, сюды ж, відаць, і выраз выстругало его, як снітку (пра бягунку) (Федар. 4, 345).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

жва́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Поўны жыццёвых сіл; бадзёры, рухавы; проціл. вялы. Мірон быў больш разважлівы, спакойны хлопец, а Віктар — жвавы, імклівы. Маўр. Зіна была ўся ў бацьку: жвавая, гаваркая, знаходлівая, у грамадскім жыцці актыўная, у сяброўстве — чулая, спагадлівая. Кавалёў. // Ажыўлены, выразны, жыццярадасны (пра вочы, твар). Энергічным і жвавым рабіўся твар старшыні. Якімовіч. [Ніканор] пастарэў.. Толькі вочы — маладыя і жвавыя. Бядуля. // Рэзвы, вясёлы, гуллівы. Птушак жвавых шчэбет хвілі не сціхаў, Кружыўся з белым кветак пылам. Купала. На процілеглай ад ложка сцяне скакаў жвавы зайчык, як бы дражнячыся з намі. Сабаленка.

2. Бойкі, ажыўлены, шумны (пра гаворку). Завязалася жвавая, перасыпаная жартамі і смехам размова. Краўчанка.

3. Поўны руху, ажыўлення, дзейнасці. У маладым калгасе адразу занялося жвавае, бадзёрае жыццё. Зарэцкі. — Усё-такі падабаецца ён мне, Мінск. Жвавы, шумлівы, заклапочаны. Мележ. // Хуткі па тэмпу, шпаркі. Жвавыя рухі. □ Жвавым не па гадах подбегам Клім кінуўся да плота. Шахавец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паваро́т, ‑у, М ‑роце, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. паварочваць — павярнуць (у 1, 3–6 знач.) і паварочвацца (у 1 знач.) — павярнуцца (у 1, 2 знач.). // Поза, у якой знаходзіцца цела або частка цела. [На фотакартках] са сцяны, у розных паваротах, паглядалі прыгожыя маладыя твары. Ракітны. // Пераход ад адной пары года да другой. У леце пачыналася ўжо тая ледзь значная змена, той паварот часу, калі жыццё прыроды ідзе на спад. Колас.

2. Месца, дзе дарога, рака, вуліца і пад. паварочвае, адхіляецца ўбок. Выйсці з-за павароту. □ Праз колькі хвілін параход схаваўся за паваротам ракі. Краўчанка. Машына рванулася ўперад і знікла за паваротам. Чарнышэвіч.

3. перан. Поўная змена ў развіцці, у становішчы, у ходзе чаго‑н. Паварот у жыцці. Паварот падзей. Паварот размовы. □ Варвара і разгубілася і абрадавалася адначасова ад такога нечаканага павароту справы. Васілевіч.

•••

Ад варот паварот — катэгарычная адмова на чыю‑н. просьбу, зварот.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

схі́льны, ‑ая, ‑ае; да чаго, з інф.

1. Які мае схільнасць да чаго‑н. Схільны да навукі. □ Горш за ўсё .. [Васіль Паўлавіч] ненавідзіць людзей, схільных да якіх-небудзь махінацый, ашуканства. Кулакоўскі. Большасць вучоных схільна думаць, што кашалот даваў нырца ў пошуках харчу і выпадкова натрапіў на кабель. Матрунёнак. // Які мае задаткі да чаго‑н. Схільны да меланхоліі. Схільны прастуджвацца.

2. Які выказвае прыхільнасць, слабасць да чаго‑н. Адны — рыбалку паважаюць — Ля пелькі з блешняй могуць векаваць. Другія — ў даміно казла ганяюць. А трэцім падабаецца спяваць. Трапляюцца і схільныя да пляшкі. «Вожык». [Ванда Адамаўна:] — Яны, маладыя, схільны да ўсяго новага. Грамовіч.

3. Які мае які‑н. намер, жаданне; гатовы да чаго‑н. [Камсорг] бачыў, што сход не схільны асуджаць учынак Былінскага. Шахавец. Ён, як кадравы ваенны, камандзір, быў схільны не толькі весці разведку, але і распачынаць партызанскую вайну тут, у стэпах. Няхай.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Асаве́ц 1 ’асінавы лес’ (Прышч., Яшкін), асавок ’маладыя асіны на расчышчаным месцы, групкі дрэў сярод поля, каля дарогі’ (Жучкевіч, Топон., 108). Ад аса ’асіна’ (гл. асіна) праз прыметнік асобы ’асінавы’ з дапамогай суфіксаў ‑ец, ‑ок. Параўн. тапонім Асінец.

Асаве́ц 2 ’ссунутая зямля па беразе, па касагоры’ (Яшкін), Грынблат (Весці АН БССР, 1965, 4) звязвае мясцовыя назвы тыпу Асавец і пад. з дзеясловам соваць (асоўвацца). Частка гэтых назваў звязваецца з аса ’асіна’, што датычыць іншых, то трэба ўлічыць яшчэ ўкр. осовн, осовня, осовна ’схіл гары, павернуты да сонца’ (Марусенка, Полесье, 239), якія, аднак, можна супаставіць з асоння ’тс’. Ст.-рус. осовьць азначае ’звычайная дарога’ (магчыма, але не абавязкова, па яру, па берагу, які асоўваецца, ці ўзгорку); балг. осое, серб.-харв. осој ’ценявы бок’, мак. осој ’вільготнае месца, дзе не грэе сонца’, славен. osoje, osovie ’ценявы бок, халадок’. Паўднёваславянскія словы адлюстроўваюць праслав. корань *soi̯‑, што захаваўся таксама ў выглядзе *sě‑ ў рус. сень, бел. засень. Так ці іначай наўрад ці тут можна выключыць шматразовыя народнаэтымалагічныя змены (параўн. укр. осоння пры сонце, сонечко), у тым ліку сувязі з сонцам, а потым з асоўваннем. Магчыма, што асавец першапачаткова азначала проста ’халадок’, а потым стала выкарыстоўвацца і як назва асінніку, і як назва дарогі, і як назва ценявога боку гары і наогул узгорка.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

млець, млею, млееш, млее; незак.

1. Траціць прытомнасць, свядомасць; абміраць. Маладыя мужчыны і хлопцы сёння пакідалі сем’і і кіраваліся ў горад.. Леапольд Гушка прыйшоў з Адасём дадому збірацца.. Маці млела на ганку. Чорны.

2. Слабнуць, дранцвець, нямець (пра часткі цела). Глянуўшы наперад, у .. дарожную далячынь, Данік адчуў, як ад няспыннага напружання ў яго пачалі млець рукі, заныла спіна. Краўчанка. Толькі вылазячы з чоўна, Саша адчула, які перажыла страх, калі ўбачыла самалёты, — ногі былі як чужыя, млелі і не згіналіся ў каленях. Шамякін. // Знемагаць, нясілець ад гарачыні, спёкі. Парыла так, што ў Куранях і навокал усё млела ў духаце. Мележ.

3. перан. Заміраць ад якога‑н. моцнага пачуцця. [Серж] аж млеў ад шчасця, бачачы, як машыну акружылі натоўпам яго аднакласнікі. Чорны.

4. У кулінарнай справе — доўга парыцца ў накрытай пасудзіне. [Пятро:] — Вось бы сюды чыгунок бульбяных аладак, што цэлы дзень млеюць у сале ў гарачай печы. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Весялу́ха 1 ’вясёлая жанчына, жанчына з вясёлым норавам, ахвотніца павесяліцца’ (КТС, БРС, Янк. II, Сцяшк., КЭС); ’вясёлая старая жанчына’ (Рас.), укр. веселу́ха, рус. пск., смал., маск., варон. веселу́ха, веселу́шка ’вясёлая жанчына’. Утворана ад прыметніка весел‑ (< vesel‑ъ) і эмацыянальна афарбаванага суфікса ‑ух‑а (< ‑ux‑a).

Весялу́ха 2 ’вясёлка’ (КТС, ДАБМ, к. 312, Сцяшк. МГ, Некр., Янк. II, Яшк.), хойн., мазыр. веселу́ха ’тс’ (Мат. Гом.), укр. веселу́ха, рус. смал., бранск., тул., арханг. веселу́ха ’тс’. Старая назва, утвораная ад vesel‑a і экспрэсіўнага суф. ‑ux‑a. Гл. таксама вясёлка.

Весялуха 3 (жарт.) ’гарэлка’ (КТС), укр. веселу́ха, рус. разан. веселу́ха, пск. веселу́шка ’тс’ — пераноснае ад весялуха 1 (гл.).

Весялуха 4 ’жартаўлівая кароткая песня, частушка’, сюды ж ду́дка‑весялу́шка (КТС). Рус. варон. веселу́шка ’кароткая танцавальная частушка’. Пераноснае з весялуха 1 (гл.).

Весялуха 5 ’грыб’ (лоеў., Мат. Гом.). Утворана пры дапамозе суф. ‑уха і вясёлка; параўн. слаўг. вясёлка ’апенька летняя, Kuehneromyces mutabilis’ (Яшкін, вусн. паведамл.), узд. ’нейкі грыб з віду порхавак’ (КЭС), якое, магчыма, з *вясёнка < вясенняя апенька.

Весялу́ха 6 ’лес з павіслых бяроз, Betula pendula Roth.’; ’бярэзнік’ (дубр., крыч., Яшк.), сюды ж лёзн. весяльні́к ’лес з бяроз. Betula verrucosa Ehrh’. (Яшк.). Рус. пск., смал. вясёлка ’кучаравая бяроза з гладкімі бліскучымі лістамі’, пск. весёльнік ’лес з маладых бярозак’. Да вясёлы (гл.): галіны бярозы і маладыя бярозкі выкарыстоўваюцца ў час вясенняга свята тройцы, ствараючы святочны настрой, радасць, весялосць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

пры́нцып, ‑у, м.

1. Асноўнае, зыходнае палажэнне якой‑н. тэорыі, вучэння, навукі і пад. Прынцыпы знешняй палітыкі СССР. Прынцыпы пралетарскага інтэрнацыяналізму. Дэмакратычны прынцып кіраўніцтва. □ — Не турбуйцеся, — адказаў я. — Работа рэдакцыі абумоўлена святымі прынцыпамі нашага савецкага друку — выступаць толькі з праўдай. Ракітны. Змагаючыся за стварэнне масавай палітычнай арганізацыі, В. Тарашкевіч прызнае кіруючую ролю Кампартыі ў рэвалюцыйным руху і сам як камуніст умела і творча ажыццяўляе гэты прынцып. Палуян. // Асноўны закон якой‑н. дакладнай навукі. Прынцып сусветнага прыцягнення.

2. Унутранае перакананне ў чым‑н., норма або правіла паводзін. Гаварыў [бацька] пра свае маладыя гады, выкладаючы мне пры гэтым некаторыя свае жыццёвыя прынцыпы. Таўлай. Назанскі ніколі не адступаўся ад свайго правіла — кожны дзень свежая кашуля. Гэта быў яго жалезны прынцып: у свежай кашулі, гаварыў ён, працуецца лепш. Гаўрылкін.

3. Асноўная асаблівасць канструкцыі якога‑н. механізма, прыбора. Гучнагаварыцель зроблены па прынцыпу тэлефона. □ [Мірон:] — Пастукаем аб камень, зробім насечкі, каб не слізгала. Так сказаць, па прынцыпу пілы. Маўр.

•••

У прынцыпе — у асноўным, у агульных рысах.

[Ад лац. principium — пачатак, аснова.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

са́ма, часціца.

1. Ужываецца ў спалучэнні з якаснымі прыслоўямі для абазначэння найвышэйшай ступені. Як ні разважала [Хадоська], усё выходзіла: сама лепш, пэўна, тут, у Юравічах, астацца. Мележ. [Засуліч:] — Я зараз кончу сваю ролю. Ну, можа, якіх сама больш дзесяць хвілін. Зарэцкі. [Сусед] заўсёды, чытаў нешта такое старое-старое: кніга, што ляжала перад ім, сама меней мела гадоў сто. Дамашэвіч.

2. У спалучэнні з дзеясловамі выражае самы пачатак чаго‑н., якога‑н. дзеяння. Прыцемак сама што пачынаў ахінаць горад. Васілёнак. Цяпер.. [зайцы] маладыя, сама пачынаюць гарцаваць надвячоркамі. Кулакоўскі. // У канструкцыях, якія паказваюць, што толькі пачатае дзеянне сутыкнулася з сустрэчным. Сама што я заснуў, а мяне пабудзілі. □ Але сама што.. [Магдалена] намерылася стаць пры печы за гаспадыню, як адчыніліся з сянец дзверы. Чорны.

3. У канструкцыях са значэннем: у самую пару, у самы раз, у гэты час, якраз цяпер. Над полем узлятае чародка шпакоў. Яны цяпер сама жыруюць. Навуменка. Цёплая майская ноч п’яніла галовы духмяным пахам квецені — сама што цвілі сады. С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стальны́, ‑ая, ‑ое.

1. Які мае адносіны да сталі, звязаны з апрацоўкай і збытам сталі. Завод спецыялізуецца па стальному ліццю. «Маладосць». // Зроблены са сталі. Стальны нож. □ [Танк] закружыўся на адной гусенічнай стальной стужцы і задыміў. Машара. Заўтра выйду на золку Я да рэек стальных і сустрэну сяброўку Між людзей дарагіх. Прыходзька.

2. Падобны колерам на сталь, светла-шэры з адлівам. Пані Свідэрская ўся аж скаланулася, заўважыўшы ў .. [вачах незнаёмага] стальны, бязлітасны бляск. Паслядовіч. Вада ў рэчцы як бы пагусцела і пабыла стальны адліў. Карпаў.

3. перан. Моцны, дужы. Стальныя мускулы. □ Ён [дзяцел] стальную Дзюбу мае, Караедаў Ён знішчае. Дзеружынскі. [Дым:] — На лабавых, казаў .. [камандзір звяна], можа весці бой толькі сапраўдны знішчальнік са стальнымі нервамі. Алешка. // Стойкі, непахісны. Стальная кагорта. □ Да бою ўстаюць каталонцы, Стальныя ідуць батальёны. Купала. Камсамольцы, арлы маладыя, Непакорны, адважны народ. Сілай — мужныя, воляй — стальныя, — Мы гатовы ва ўсякі палёт. Тарас. // Які выражае цвёрдасць, рашучасць. — Што ж ты, Рытачка, рабіла? — панізіўшы голас, у якім зазвінелі стальныя ноткі, запытаўся Валодзя. Даніленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)