разло́жысты, ‑ая, ‑ае.

1. Развесісты, раскідзісты, шырокі (пра дрэва, крону, галіны і пад.). А колькі самабытнага хараства ў гэтых адзінокіх разложыстых дубах, раскіданых па краях лесу, і гэтых пышна-купчастых хвоях у полі. Колас. З-пад цяжкіх, разложыстых шатаў струменіць духмянае і чыстае, як крынічная вада, паветра. Гамолка. Ад шляху пайшла бярозавая алея і ўперлася ў разложысты сад. Пестрак. // Які пашыраецца, расходзіцца кверху; развілісты. Буйвалы, важна несучы разложыстыя рогі, павольна цягнулі скрыпучую арбу. Самуйлёнак. Сям-там выглядалі з-пад .. [лістоў] запозненыя, разложыстыя кветкі белых лілей. Арочка.

2. Шырокі, пакаты; адкрыты, роўны. Добры луг там быў, трава расла, як чарот. Месца ўдалае, роўнае, разложыстае. Скрыган. І толькі ўздоўж рэчкі Пітамкі ляжалі разложыстыя паплавы. Асіпенка.

3. Які далёка чуецца, адбіваючыся рэхам. Магутны разложысты выбух скалануў вагон. Паслядовіч. Неба над прыціхлымі хатамі і агародамі нізалі стрэлы маланак і расколвалі разложыстыя ўдары грому. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Бало́та ’багна; гразь, балота’ (БРС, Шат., Нас., Чуд., Яшкін, Бяльк.), ’месца, дзе заўсёды стаіць вада’ (Інстр. I, 15), ’сенажаць, луг’ (Сцяц., Сцяшк.), ’лес, галоўным чынам балотны’ (Касп.). Рус. боло́то, укр. боло́то, польск. błoto, чэш. bláto, ст.-слав. блато, балг. бла́то, серб.-харв. бла̏то і г. д. Прасл. bólto. Бліжэй усіх стаіць да слав. слова алб. baltë ’ціна, твань, багна, гліна, зямля’ (ілір. паходжання: параўн. паўн.-італ. palta, ламбард. palta, п’емонт. pauta). Далей параўноўваюць літ. báltas ’белы’ (выходзіць, *bolto — спачатку ’белае, светлая багна, балота’). Балта-слав. *bālta‑ ’белы’; ’балота’ (гл. Траўтман, 25) далей звязваюць з *bēla‑ ’белы’ (слав. bělъ; Траўтман, там жа). Гл. яшчэ Бернекер, 70; Фартунатаў, AfslPh, 4, 579; Буга, РФВ, 67, 232; Фрэнкель, 30 (пад balà), 32 (пад bálti); Махэк₂, 55; Слаўскі, 1, 37; Фасмер, 1, 190. Падрабязна аб слав. bolto ў слав. мовах гл. Талстой, Геогр., 144–150 і наст. Сюды і бало́цвіна ’невялікае балота’ (Яшкін).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Па́ша ’выган, месца, дзе пасецца жывёла; выпас’ (ТСБМ, Нас., Яруш., Др.-Падб., Бяс., Маш., Булг., Гарэц., Чуд., Мал., Шат., Касп., Варл., Сл. ПЗБ), ’трава на пашы’ (Клім., Бес., ТС), ’аранне, ворыва’ (Нас.), ’соты’ (кіраў., Нар. сл.), ’корм для пчол’ (раг., З нар. сл., Сл. ПЗБ), па́жа ’трава на папасе’ (глус., Янк. 1; ТС). Укр. па́ша ’корм для скаціны’, рус. па́ша́, бран., смал., і ёнаўск., прэйльск. ’луг, паша’, зах.-бран. ’ворыва’, польск. pasza (pasia, paś, paśń, pasznia, pasidło, pastwa) ’корм траваедных жывёл, лугавая расліннасць’, ’паша’, славац. páša ’паша’, ’корм (падножны)’, ’пасьба’, славен. páša, серб.-харв. па̏ша ’тс’, макед., балг. паша ’паша’. Прасл. paša < pas‑ja (Праабражэнскі, 2, 31; Фасмер, 3, 223; Махэк₂, 436; Скок, 2, 614). Да пасці, пасвіць, пастух (гл.). Палес. па́жа — у выніку кантамінацыі лексем паша і ежа. Кюнэ (86) выводзіць бел. лесему з польск. pasza. Няма падстаў. Значэнне ’соты’, ’корм пчол’ — табу.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

перапра́віць 1, ‑праўлю, ‑правіш, ‑правіць; зак., што.

1. Унесці якія‑н. змены, паправіць недахопы, памылкі ў чым‑н. Пераправіць лічбу «1» на «і». □ Сп’яна ахрысцілі кумы хлапчука Не бацькаўскім імем, а нейкім Панасам; Агледзеўшыся, пабрылі да дзяка, Ды нельга было пераправіць па часе. Танк. — Сыны [пана] не хацелі аддаць луг сялу, падкупілі каморнікаў, і тыя пераправілі планы. Якімовіч.

2. Змяняючы, выпраўляючы недахопы, памылкі, паправіць усё, многае. Пераправіць усе запісы.

перапра́віць 2, ‑праўлю, ‑правіш, ‑правіць; зак., каго-што.

1. Перавезці, перавесці (звычайна цераз рэчку або якое‑н. цяжкае небяспечнае для праходу месца). Нарэшце.. камандаванне, пад прыкрыццём «кацюш», пераправіла цераз Бесядзь танкавую брыгаду. Чыгрынаў. — Гэй, там, на пароме! Перапраўце бедных падарожнікаў! Курто.

2. Адправіць, пераспаць каго‑, што‑н. у другое месца (звычайна скрыта або пераадольваючы якія‑н. цяжкасці). Частку зброі хлопцы пераправілі партызанскаму атраду. Васілеўская. [Ганна:] Максім Іванавіч, я думаю, што групу Іванчыка трэба пераправіць у лес... Кучар.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чарвя́к, ‑а; мн. чэрві, чарвей і чарвякі, ‑оў; м.

1. Беспазваночны жывёльны арганізм з доўгім мяккім целам, без канечнасцей і ярка выражанай галавы. Выходжу на луг, на Свіслач шыбую — Ды з вудамі, з хлебам, з чарвямі і босы. Колас. Сям-там відны былі аратыя, чорныя гракі хадзілі за імі, падбіраючы чар вякоў. Чарнышэвіч.

2. перан. Пра нікчэмнага, агіднага чалавека. [Насця:] — Дык гэта ты прадаў Андрэя? Чарвяк ты няшчасны! Погань ты! Шамякін.

3. перан.; чаго. Пра пачуццё або стан, які працяглы час турбуе, назаляе, падрывае маральныя сілы чалавека. Чарвяк цікаўнасці не даваў.. [жонцы] спакою. Дамашэвіч.

4. Спец. Зубчастае кола ў выглядзе шрубы.

•••

Дажджавы чарвяк — чырвоны земляны чарвяк.

Раснічныя чэрві — клас плоскіх чарвей з целам, пакрытым раснічкамі.

Шаўкавічны чарвяк — вусень тутавага шаўкапрада.

Замарыць чарвяка гл. замарыць.

Карміць чарвей гл. карміць.

Трапілася чарвяку на вяку гл. трапіцца.

Чарвяк есць (смокча) каго — пра душэўныя пакуты, сумненні, якія церпіць хто‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Паго́ня1 ’праследаванне таго, хто ўцякае, і тыя, хто праследуе’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., Касп., Яруш.), паго́н (Нас.), паго́нь (ТС) ’тс’. Рус. пого́ня, укр. пого́ня, пого́нь, ст.-рус. погон, погоня, погона (13 ст.), польск. pogoń ’тс’, серб.-харв. погон ’рухаючая сіла цягі’, славен. pogon ’пагоня’. Ад pogъnati (гл. гнаць) з рознымі суф.: ъ, ja, . Праславянская мадэль з іншай аналагічнай ступенню ў назоўніку.

Паго́ня2 ’невялікае балота’ (Шатал.), пого́ня ’невялікае балота, заліўны луг’ (Сл. ПЗБ), пого́ня ’месца, якое заліваецца вадой у час паводкі або пасля дажджу; сена, якое скошана на такіх месцах’ (Клім., 58), ’нізіна, балоцістая даліна’ (ТС), ’вузкая лагчына, месца сцёку вод пры вясновым раставанні і атмасферных ападках’, ’вузкая і доўгая нізінная мясцовасць сярод больш узвышанай’, ’вельмі густыя зараснікі, якія цягнуцца больш на балоце і нізкіх месцах’ (Талстой, Геогр., 196). Палескі геаграфічны тэрмін. Ад pogъnati з суф. ‑ja: утворана па праславянскай мадэлі з унутранай формай ’месца, дзе гоніць ваду’ (гл. Талстой, там жа).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тра́ўнік1 ‘старадаўняя кніга, якая змяшчае апісанне лекавых раслін’ (ТСБМ). Укр. тра́вник ‘гербарый’, ‘кніга пра лекавыя расліны’, рус. травни́к, тра́ве(я)ник ‘тс’. Да трава́ (гл.), першапачаткова, відаць, ‘чалавек, які знае лекавыя травы’, параўн. ст.-бел. травникъ ‘знахар, шаптун’ (ГСБМ).

Тра́ўнік2 ‘газон’ (Жд. 2; гродз., Яшк.). Відаць, з польск. trawnik ‘тс’. Параўн. аналагічна ўтвораныя чэш. trávník ‘газон’, славац. trávnik ‘тс’, ‘футбольнае поле’, славен. trávnik ‘газон’, ‘паплавец, лужок’, макед. тревник ‘газон’, ‘травяністы луг, поле’, харв. trâvnik ‘газон’ і пад.

Тра́ўнік3 ‘аднагадовае цялё’ (Касп.; лельч., Мат. Гом.), тра́ўніца ‘аднагадовая цялушка’ (Касп.). Фармальна ад тра́ўны ‘травяны’ (Стан.), да трава́ (гл.), г. зн. якія ўжо харчуюцца травой, пасуцца.

Тра́ўнік4 ‘птушка чырвананожка, Tringa totanus’ (рэч., петрык., Мат. Гом.). Да трава́ (гл.), бо гняздуецца на сырых лугах і травяністых балотах, а травой не корміцца, гл. Дарафееў, Птушкі, 88. Тая ж матывацыя ў траўнічо́к ‘валасянка перасмешка-мармытуха, Sylvia curruca’ (Байк. і Некр.), параўн. славац. trávniček ‘слаўка’, і ў тра́ўніца ‘тля, раслінная вош’ (Байк. і Некр.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

зеляне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.

1. Станавіцца зялёным, пакрываючыся травою, лісцем. Луг пачаў зелянець. □ Зацвілі пралескі, сон, кураслеп, пачалі зелянець вербы і бярозы. Курто. // Быць зялёным, у зелені. Хоць гэты край знаходзіцца і досыць далёка ад экватара, але большасць дрэў і кустоў зелянеюць увесь год. Маўр.

2. Набываць зялёную афарбоўку, зялёны колер. За акном пачынала зелянець неба. Мележ. // Станавіцца бледным, мяняцца ў твары пад уплывам злосці, зайздрасці і пад. Зелянець ад злосці. □ Некалькі разоў твар Паліводскага зменьваў свой колер: то чырванеў, то зелянеў, то бялеў, то зноў чырванеў. Чорны.

3. Пакрывацца зеленню (у 4 знач.). Медзь зелянее ад часу.

4. Вылучацца сваім зялёным колерам; віднецца (пра што‑н. зялёнае). Навокал рассцілалася поле, яшчэ даволі стракатае: за жаўтлявым спелым жытам зелянела бульба, з другога боку — сінеў лубін. Шамякін. Прама за ракой стаяў адзінокі дуб, а крыху далей — зелянеў невялікі бярозавы гай. Шашкоў.

•••

У вачах зелянее (зелена) — пра з’яўленне зялёнага колеру, памутнення ў вачах (у стане млосці і пад.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разо́ра, ‑ы, ж.

1. Доўгая канаўка на паверхні зямлі, праведзеная плугам у час ворыва. Роўная істужка разоры ціха развіналася следам за Сёмкам, нідзе не адыходзячы ад мяжы на болей, чым ставала ўлегчыся вывернутай плугам зямлі. Гартны. Васіль таксама ездзіў з маткаю, прывучаўся трымаць плуг, праганяць разору. Кулакоўскі. Самая меншая Кулініна дачка борздзенька бяжыць уперадзе. Кідае ў вузкую разору палавінкі бульбін. Паўлаў.

2. Паглыбленне ў выглядзе канаўкі, зробленае плугам або лапатай на полі і агародзе для сцёку вады і для праходу. Арцём звярнуў на агароды, шуснуў у каноплі, адтуль разораю між капусты забег у падворак Юркі Труса. Колас. З дарогі звярнулі [Андрэй з Апанасам] на поле і ішлі разораю праз маладое жыта. Пестрак.

3. Прадаўгаватае паглыбленне ў чым‑н. Цякла тут з лесу невялічка Травой заросшая крынічка, Абодва берагі каторай Лазняк, ракітнік абступалі, Бруіліся ў цяньку іх хвалі І ў луг чуць значнаю разорай Ішлі спакойна між чаротаў. Колас. Скура на руках таўшчала, трэскалася на пальцах і далонях, пакідаючы глыбокія разоры. Мурашка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стачы́ць 1, стачу, сточыш, сточыць; зак., што.

1. Зняць верхні слой чаго‑н. або няроўнасці на чым‑н. Стачыць зазубіну на нажы.

2. Зрабіць вельмі тонкім, вузкім у выніку тачэння. Стачыць нажніцы.

стачы́ць 2, сточыць; зак., каго-што.

Прагрызці, пабіць у дзіркі, зрабіць непрыгодным. Крот стачыў луг. □ Чэрві стачылі дзічкі,.. яны сыпаліся зверху на мяжу, як з кошыка. Пташнікаў. // перан. Падарваць сілы, здароўе (пра хваробу, перажыванні і пад.). Ці то збалелася Вольчына душа, стачылі яе адзінота і сум, а можа пераканаў гарачы шэпт Арыны, але без доўгіх угавораў пагадзілася яна перабрацца да свякрухі. Б. Стральцоў. Разам .. [Міхась і Зося] гэтак, рука ў руку, прайшлі б, відаць, і ўсё жыццё, калі б Зосіных грудзей не стачылі ў астрозе сухоты. Сабаленка.

стачы́ць 3, стачу, сточыш, сточыць; зак., што.

1. Злучыць шыццём. Стачыць дзве полкі.

2. Зрабіць даўжэйшым, звязаўшы канцы. Стачыць два шнуры.

3. Спец. Злучыць, змацаваць пры дапамозе зваркі (лісты жалеза і пад.). Стачыць трубы.

•••

Стачыць канцы з канцамі — тое, што і звесці канцы з канцамі (гл. звесці).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)