зелянець, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.
1. Станавіцца зялёным, пакрываючыся травою, лісцем. Луг пачаў зелянець. ▪ Зацвілі пралескі, сон, кураслеп, пачалі зелянець вербы і бярозы. Курто. // Быць зялёным, у зелені. Хоць гэты край знаходзіцца і досыць далёка ад экватара, але большасць дрэў і кустоў зелянеюць увесь год. Маўр.
2. Набываць зялёную афарбоўку, зялёны колер. За акном пачынала зелянець неба. Мележ. // Станавіцца бледным, мяняцца ў твары пад уплывам злосці, зайздрасці і пад. Зелянець ад злосці. ▪ Некалькі разоў твар Паліводскага зменьваў свой колер: то чырванеў, то зелянеў, то бялеў, то зноў чырванеў. Чорны.
3. Пакрывацца зеленню (у 4 знач.). Медзь зелянее ад часу.
4. Вылучацца сваім зялёным колерам; віднецца (пра што‑н. зялёнае). Навокал рассцілалася поле, яшчэ даволі стракатае: за жаўтлявым спелым жытам зелянела бульба, з другога боку — сінеў лубін. Шамякін. Прама за ракой стаяў адзінокі дуб, а крыху далей — зелянеў невялікі бярозавы гай. Шашкоў.
•••
У вачах зелянее (зелена) — пра з’яўленне зялёнага колеру, памутнення ў вачах (у стане млосці і пад.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)