стачы́ць 1, стачу, сточыш, сточыць; зак., што.

1. Зняць верхні слой чаго‑н. або няроўнасці на чым‑н. Стачыць зазубіну на нажы.

2. Зрабіць вельмі тонкім, вузкім у выніку тачэння. Стачыць нажніцы.

стачы́ць 2, сточыць; зак., каго-што.

Прагрызці, пабіць у дзіркі, зрабіць непрыгодным. Крот стачыў луг. □ Чэрві стачылі дзічкі,.. яны сыпаліся зверху на мяжу, як з кошыка. Пташнікаў. // перан. Падарваць сілы, здароўе (пра хваробу, перажыванні і пад.). Ці то збалелася Вольчына душа, стачылі яе адзінота і сум, а можа пераканаў гарачы шэпт Арыны, але без доўгіх угавораў пагадзілася яна перабрацца да свякрухі. Б. Стральцоў. Разам .. [Міхась і Зося] гэтак, рука ў руку, прайшлі б, відаць, і ўсё жыццё, калі б Зосіных грудзей не стачылі ў астрозе сухоты. Сабаленка.

стачы́ць 3, стачу, сточыш, сточыць; зак., што.

1. Злучыць шыццём. Стачыць дзве полкі.

2. Зрабіць даўжэйшым, звязаўшы канцы. Стачыць два шнуры.

3. Спец. Злучыць, змацаваць пры дапамозе зваркі (лісты жалеза і пад.). Стачыць трубы.

•••

Стачыць канцы з канцамі — тое, што і звесці канцы з канцамі (гл. звесці).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)