Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Луг 6/429; 9/485; 12/38, 41
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУГ,
расліннае згуртаванне (біягеацэноз) шматгадовых траў, прыстасаваных да ўмоў сярэдняга ўвільгатнення. Травы нармальна развіваюцца ўвесь перыяд вегетацыі, без летняга перапынку, характэрнага для стэпаў. Займаюць каля 150—200 млн.га ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я (пераважна ў Еўропе) і ў Новай Зеландыі. Адрозніваюць мацерыковыя (сухадольныя ўвільгатняюцца атм. ападкамі, нізінныя — атм. ападкамі і грунтавымі водамі), заліўныя (на тэрасах рачных далін) і горныя (таксама высакагорныя). Агульная ўласцівасць Л. — утварэнне травастою і дзярніны (паверхневы слой глебы з каранямі і карэнішчамі траў). Маса падземных органаў раслін у 3—5 і болей разоў перавышае масу надземных. Характэрны травастой — асаковыя, бабовыя, злакі (мятлюжкакветныя), разнатраўе. Большасць прыродных Л. узнікае на месцы былых лясоў, балот, там, дзе кліматычныя і глебавыя ўмовы спрыяюць шматгадовым травам, а не дрэвам і кустам. Прыродныя Л. — важная крыніца каштоўных кармавых, харч., лек., меданосных, тэхн. раслін, рэзерват генет. фонду траў. Штучныя (сеяныя) Л. ўзнікаюць у выніку дзейнасці чалавека (напр., арашэнне стэпаў). Для павышэння прадукцыйнасці іх акультурваюць (ачышчаюць ад кустоў, падразаюць купіны, уносяць угнаенні і інш.). Выкарыстоўваюцца як сенажаці і пашы. На Беларусі Л. ўзніклі пераважна на месцы высечаных лясоў і хмызнякоў, з іх заліўных — 5,2%, мацерыковых — 94,8% (1996—97). Больш за 20 відаў рэдкіх лугавых раслін занесены ў Чырв. кнігу Беларусі: дрэмлік, касач сібірскі, першацвет веснавы, шпажнік чарапіцавы, ятрышнік мужчынскі і інш.
Літ.:
Санько П.М. Естественные луга Белоруссии, их характеристика и оценка. Мн., 1983;
Мееровский А.С., Касьянчик С.А. Опыт высокоэффективного использования пойменных лугов. Мн., 1986.
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Зялёны Луг (в., ускраіна Мінска) 5/12; 7/248 (к.)
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЯЛЁНЫ ЛУГ,
жылы раён у Мінску. Складаецца з 7 мікрараёнаў. Забудоўваецца з 1962; аўтарскі калектыў: арх. С.Богін, А.Воўк, Ю.Грыгор’еў, І.Грышчынскі, Л.Кліцунова, П.Кракалёў, Н.Краўкова, Э.Левіна, С.Мусінскі, І.Сітнікава, Л.Сакалова, А.Шалякін. Вызначаецца дасканалай аб’ёмна-прасторавай кампазіцыяй, функцыянальна-планіровачным і тэхнал. вырашэннем, высокімі арх.-маст. якасцямі забудовы і ўзроўнем добраўпарадкаванасці і азелянення тэрыторыі. Арх.-планіровачная структура заснавана на максімальным выкарыстанні маляўнічага рэльефу з яскрава акрэсленымі перападамі вышынь і штучнымі вадаёмамі. Траса канала (з вадаспадамі, паркавымі басейнамі, набярэжнай) фарміруе садова-паркавую вось. Забудаваны буйнапанэльнымі і цаглянымі жылымі дамамі. Дэкор фасадаў складаецца з разнастайных аздабленняў, пластычных экранаў лоджый, дэкар. сценак, каляровых панэлей.
Жылы раён Зялёны луг. Набярэжная штучнага вадаёма.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́ВІНА (Эла Пятроўна) (н. 7.11.1927, Кіеў),
бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1991). Скончыла Кіеўскі інж.буд.ін-т (1950). З 1953 працавала ў ін-це «Белдзяржпраект», з 1961 у ін-це «Мінскпраект» (гал. архітэктар праектаў). Асн. работы ў Мінску: серыі цагляных і буйнаблочных жылых дамоў; шматпавярховыя жылыя дамы на пр. Машэрава (1962—67), Лагойскім тракце (ад вул. Валгаградскай да вул. Гамарніка), па вул. Казінца, Рэспубліканскай, М.Багдановіча; гандл.-грамадскія цэнтры «Вільнюс» (1975), «Зялёны Луг 5» (1978), «Зялёны Луг 7» (1983); планіроўка, праектаванне і забудова мікрараёнаў Зялёны Луг 1, 2, 3, 5, 7 (1962—80-я г.), шляхаправоды на праспектах Ф.Скарыны і Машэрава (усе ў сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСІЛЬКО́ЎСКІ (Сяргей Іванавіч) (19.10.1854, г. Ізюм, Украіна — 7.10.1917),
украінскі жывапісец. У 1876—85 вучыўся ў Пецярбургскай АМ у М.Клота і У.Арлоўскага. Аўтар лірыка-эпічных пейзажаў, адметных мяккімі колеравымі спалучэннямі, жанравых і гіст. карцін («Раніца. Статак у стэпе», 1884, «Казацкі луг», 1893, «Казак і дзяўчына», 1894), манум. пано, альбомаў «З украінскай даўніны» (1900) і «Матывы ўкраінскага арнаменту» (1912, абодва разам з М.Самокішам).
Літ.:
Безхутрий М.М. Сергій Васильківський: Біогр. повість. Київ, 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІМАНІ́Т (ад грэч. leimōn луг),
аморфная або схаванакрышталічная сумесь гідраксідаў жалеза — гётыту, гідрагётыту, гідрагематыту, лепідакракіту з дамешкамі інш. мінералаў. Колер буры да жоўтага. Цв. 1—5,5. Шчыльн. 2,7—4,3 кг/м³. Паходжанне гіпергеннае або асадкавае. Развіты ў зонах акіслення рудных радовішчаў, латэрытных корах выветрывання, у асадкавых адкладах. Трапляецца ў выглядзе бурых зямлістых або нацёчных мас. Намнажэнні Л. ўтвараюць радовішчы жалезных руд высокай якасці. Трапляецца ў складзе бурых жалезнякоў, балотнай руды.