узвалі́ць, ‑валю, ‑валіш, ‑валіць; зак., каго-што на каго-што.

1. Падняўшы што‑н. (звычайна цяжкае, грувасткае), пакласці, нагрузіць, наваліць. Узваліць мех на спіну. Узваліць куфар на воз. □ Сашка ўзваліў па плечы лодку, Вадзік узяў вёслы і вуды, і яны падаліся да возера. Гамолка. Чалавек дваццаць сялян, узваліўшы невад на сані, выходзіць на затокі. Колас. Павярнуўся [вознік], выскраб з-пад сябе сена і ўсё ўзваліў на Раю. Новікаў.

2. перан. Разм. Прымусіць выконваць якую‑н. работу, абцяжарыць работай. [Заранік:] — Мала паездак, дык на мяне яшчэ і сельгасаддзел узвалілі. Хадкевіч.

3. перан. Незаслужана абвінаваціць у чым‑н., прыпісаць каму‑н. што‑н. ганебнае. [Языковіч] узваліў на Зіну Дарошка бадай усю віну за недахопы ў брыгадзе. Кавалёў.

•••

Узваліць на плечы каго, чые, каму — тое, што і ускласці на плечы каго, чые, каму (гл. ускласці).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шы́рма, ‑ы, ж.

1. Складная перасоўная перагародка, якая зроблена з абцягнутых тканінай ці паперай рам-створак. Бязлітасная да сябе, рашучая, Лёдзя надзела ў прыемнай, за шырмай, шэры мультановы халат. Карпаў. // Заслона, якая адгароджвае частку пакоя і выконвае ролю такой перагародкі. Ад шафы да сцяны была павешана рабенькая крамная шырма. Кулакоўскі. Толік спіць у калысцы, за шырмай. Брыль.

2. перан. Той, хто (або тое, што) служыць для прыкрыцця сапраўдных мэт, спраў, намераў і пад. Дзе бог, там і распуста, — Пад крыльцам божым бруд ямчэй хаваць. Святошы ўмеюць шырму святасці саткаць Даволі густа. Корбан. — Я сказаў «фікцыя», — паўтарыў Шынкевіч.. Больш правільна будзе — шырма, за якою схаваны факты. Паслядовіч. Выходзіць, я ілгу! О не! Я вам не лялька для забавы, Я шырмай вашай бруднай справы Не стану!.. Заадно й мяне Звальняйце! Бачыла.

[Ням. Schirm.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сядзе́ць, сяджу́, сядзі́ш, сядзі́ць; сядзі́м, сядзіце́, сядзя́ць; сядзі́; незак.

1. Займаць такое становішча, пры якім тулава апіраецца на што-н. сваёй ніжняй часткай.

С. на лаўцы.

С. вярхом (на кані).

2. Знаходзіцца на якім-н. месцы, не рухаючыся (пра птушак, насякомых).

Ластаўкі сядзяць на правадах.

3. Знаходзіцца, быць дзе-н., у якім-н. месцы (пра жывых істот і прадметы).

С. цэлы дзень дома.

Куры сядзяць запёртыя.

Хлеб сядзіць у печы.

4. Знаходзіцца ў якім-н. стане або займацца чым-н.

С. без работы.

С. за камп’ютарам.

С. за чарцяжамі.

С. з хворым дзіцем.

С. за вязаннем.

5. Быць у зняволенні; быць пазбаўленым свабоды.

С. у турме.

С. на гаўптвахце.

6. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.). Знаходзіцца, размяшчацца дзе-н.

Шыбы ў вокнах сядзяць няшчыльна.

Пад сасной сядзіць баравік.

7. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.). Глыбока ўпіўшыся куды-н., аставацца там.

Стрэмка сядзіць у пальцы.

Куля сядзела вельмі глыбока ў назе.

8. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Пра адзенне: добра аблягаць фігуру.

Сукенка сядзіць прыгожа.

Вось дзе сядзіць хто-што ў каго (разм., неадабр.) — пра каго-, што-н., што прычыняе вялікія клопаты, непрыемнасці.

Сядзець у дзеўках (разм.) — доўга не выходзіць замуж.

|| наз. сядзе́нне, -я, н. (да 1, 3 і 4 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

поро́г в разн. знач. паро́г, -га м.;

днепро́вские поро́ги дняпро́ўскія паро́гі;

поро́г созна́ния психол. паро́г свядо́масці;

поро́г слы́шимости, слухово́й поро́г физиол. слыхавы́ паро́г;

светово́й поро́г физиол. светлавы́ паро́г;

стоя́ть на поро́ге сме́рти стая́ць на паро́зе сме́рці;

на поро́г не пуска́ть на паро́г не пуска́ць;

обива́ть поро́ги абіва́ць паро́гі;

не выходи́ть за поро́г не выхо́дзіць за паро́г;

переступа́ть поро́г пераступа́ць паро́г.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

Мост, му͡ост, міст, мыст ’збудаванне для пераходу або пераезду цераз раку, канал, чыгунку’, ’падлога’, ’памост, насціл (у лодцы, на паду пад стог і інш.)’, палес. мосток ’ганак, сходцы перад уваходам у хату’, паўн.-усх. масткі ’падлога ў сенцах’ (ТСБМ, Нас., Бес., Яруш., Юрч., Др.-Падб., Грыг., Сцяшк., Касп., Бяльк., Ян., ТС, Сл. ПЗБ, Растарг., Мат. Гом., Мат. Маг.; КЭС, лаг.; ДАБМ, к. 336), нараўл. мост ’дно ў калодзежы’ (Нар. сл.), маставі́на ’дошка ці бервяно ў памосце’ (Др.-Падб., Ян.). Укр. міст, рус. мост, ст.-рус. мостъ, польск. most, н.-, в.-луж. móst, чэш., славац. most, славен. mȏst, серб.-харв. мо̑ст, макед., балг. мост, ст.-слав. мостъ. Прасл. mostъ. Не зусім яснае слова. Напэўна выходзіць са ст.-в.-ням. mast ’шост, мачта’, англасакс. moest ’тс’, ст.-ірл. maide ’палка’ (< *mazdi̯os) (Мерынгер, 21, 303; Фасмер, ZfSlPh, 2, 55 і інш.). Фасмер (2, 662) сумняваецца таксама ва ўзвядзенні прасл. mostъ да *mot‑tos ’тое, што пастаўлена, накідана, збудавана’ і ў збліжэнні яго з дзеясловам metati ’кідаць’, хаця Махэк₂ (374), выводзячы mostъ з mesti ’тс’, прыводзіць у пацвярджэнне літ. прыклад, дзе pamestas азначае ’перакінуты (праз раку)’ і аналагічна франц. jeter le pont ’збудаваць (г. зн. ’перакінуць, накідаць’) мост’. Сюды ж маставік ’мостабудаўнік’ (ТСБМ), якое з рус. мовы (Крукоўскі, Уплыў, 110), як, відаць, і маставая ’брукаваная або асфальтаваная вуліца’ (ТСБМ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

прыхава́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Зрабіць амаль нябачным; часова схаваць. Малады бярэзнік і альшэўнік атулілі буданы зялёным аксамітам, прыхавалі ад чалавечага вока. Шчарбатаў. Падчас бойкі ля універсітэта яшчэ мінулай восенню.. [Вольга] памагла мне апрытомнець і прыхавала наган, калі ён выпаў у мяне з кішэні. Карпюк. — А я пайду ставіць каня і прыхаваю ў пуньку бярвенне. Чорны. // Зберагчы для будучых часоў; пакінуць на запас. — Трэба нам быць гатовым на ўсё і хоць што-небудзь прыхаваць. Прыйдзецца ў лес бегчы, тады з лесу выходзіць, дык застанешся ў чым стаіш... Карпюк. — Не, брат Стары, тут і танней пражыць можна. Будзеш сабе сталавацца ў бацькі, можна і капейку прыхаваць. Колас.

2. перан. Схаваць, утаіць, скрыць што‑н. У Марыі кальнула ў сэрцы, але яна старалася прыхаваць гэта ад мацеры. Кулакоўскі. Каб прыхаваць сваю збянтэжанасць, я ўнурыўся ў школьны журнал, разглядаючы спісы вучняў мінулых гадоў. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паплаво́к 1, ‑паўка, м.

1. Частка вуды, якая ўтрымлівае лёску з кручком у час лову на патрэбнай глыбіні. Складаецца.. [вуда] з вудзільна, лескі, паводка, паплаўка, груза і кручка. Матрунёнак. Рыба не клявала, і круглы чырвоны паплавок нерухома ляжаў на вадзе. Чыгрынаў. // Прыстасаванне да рыбалоўнай сеткі, якое трымае яе на пэўнай глыбіні. Грымяць лябёдкі — і за бортам сетка, І рабізной на хвалях — паплаўкі. Звонак.

2. Надзьмуты паветрам прагумаваны мех, які выкарыстоўваюць як апору пры тэрміновым навядзенні мастоў, паромаў. Сапёры павялі.. пантонную пераправу. Гэта такі часовы мост, які трымаецца на паплаўках. Юрэвіч. Шыпяць паплаўкі, выходзіць з іх паветра, і ўсё ніжэй і ніжэй нахіляецца плыт. Лынькоў.

3. Прыстасаванне для ўзлёту і пасадкі гідрасамалётаў.

4. Спец. Асноўная частка некаторых прылад. Паплавок карбюратара.

паплаво́к 2, ‑лаўка, м.

Тое, што і паплавец. Перад самаю вёскаю вол забаставаў: звярнуў з дарогі на паплавок. Марціновіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

парале́льна, прысл. і прыназ.

1. Прысл. да паралельны.

2. прысл., з прыназ. «з»; у знач. прыназ. з Т. Нароўні з чым‑н., на аднолькавай адлегласці ад чаго‑н. на ўсім працягу. Нарэшце падышлі да таго месца, дзе паралельна з абозам пралягала чыгунка. Машара. // Адначасова з чым‑н., суправаджаючы што‑н. Калгас выходзіць з прарыву, становіцца перадавым і дамагаецца высокага ўраджаю. Паралельна з гэтым у калгасе насаджваецца вялікі сад і будуецца электрастанцыя... Крапіва. Не захаваліся і тыя... сшыткі, якія вяліся пісьменнікам паралельна з дзённікам. «Полымя». Паралельна з будаўнікамі працуюць і мантажнікі. «Беларусь».

3. прыназ. з Д. Спалучэнне з прыназоўнікам «паралельна» выражае прасторавыя адносіны; ужываецца пры назве прадмета, на аднолькавай адлегласці ад якога на ўсім працягу што‑н. знаходзіцца, праходзіць. Самалёт яшчэ доўга ляцеў паралельна берагу. □ Ціха і асцярожна ідзём паралельна дарозе, пакідаючы будынак з правай рукі. С. Александровіч. Гасцінец пралягаў паралельна чыгунцы. Ставер.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пераліва́цца, ‑аецца; незак.

1. Перамяшчацца з аднаго месца ў другое (пра вадкасці). Чулася толькі булькатанне вады, якая пералівалася ў батарэях. Карпаў.

2. Вылівацца, цячы цераз край. Вада пераліваецца цераз плаціну. // перан. Выходзіць за межы чаго‑н. (пра пачуцці). [Злосць] поўніла ўсю .. [Сомікаву] істоту, пералівалася цераз берагі, пырскала, біла фантанам. Крапіва.

3. перан. Павольна і раўнамерна хвалявацца, калыхацца. Да долу гнуліся спелыя жыты, шапацелі, пераліваліся на сонцы шырокімі хвалямі. Гурскі.

4. Блішчаць, ззяць, адсвечваць, мяняючы адценні, колеры. Мігцелі, пераліваліся зоркі. Гамолка. Над галавою гарэла паўночнае ззянне. Светлыя хвалепадобныя палосы пераліваліся рознымі колерамі, рухаліся, плылі. Шамякін. // Гучаць з пералівамі. Заціх гармонік, замоўклі бубны, толькі пераліваліся яшчэ бомы на некалькіх тройках. Лынькоў.

5. перан. Ператварацца ў што‑н. другое. Увесь свой смутак канцэнтраваў .. [Віктар] на гэтым малазначным пункце, і смутак пераліваўся тады ў едкую шчымлівую крыўду. Зарэцкі.

6. Зал. да пераліваць (у 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

По́сах1 ’доўгі кій, на які апіраюцца пры хадзьбе; жазло святара’ (ТСБМ), по́сох ’кіёк, палка’, ’прылада, якой палохаюць і заганяюць рыбу ў сетку’ (ТС), ст.-бел. посохъ ’кій’ (Сл. Скар.), укр. по́сох, рус. по́сох, ц.-слав. посохъ, ст.-слав. посохъ ’тс’. Вытворнае ад *soxa ’расоха, разгалінаванне’, што дае падставы рэканструяваць першаснае значэнне ’палка з загнутым канцом’ (Праабражэнскі 2, 113). Гл. саха́.

По́сах2, пусо́х ’яйка (наседжанае)’ (хойн., Мат. Гом.). Відавочна, таго ж паходжання, што і паса́г (гл.), рус. поса́г, польск. posag, чэш. posah ’тс’. Насуперак прынятай этымалогіі, якая ўзводзіць пасаг да *sōg‑os, што звязана з літ. ségti ’прышпільваць, далучаць’ (Махэк₁ 385; Фасмер, 3, 338), мэтазгодна узводзіць да прасл. *sědti > *sěsti. У Брукнера (432) побач з усходнеславянскім посаг ’месца, дзе маладая сядзіць падчас шлюбнага абраду’ адзначаецца і варыянт посад, што лічыцца другасным, памылковым. Тым не менш, посаг і посад могуць быць варыянтамі адной формы, параўн. укр. осуга ’асадак’, рус. осяжать ’асядаць (пра асадак)’, вытворнае ад дублетных форм *sięg‑/*sied‑ і *sąg‑/*sad‑ (Анікін, Этимология–1983, 48), сюды ж ц.-слав. посагати, ст.-рус. посѧгативыходзіць замуж’. Такім чынам, гэта аддзеяслоўнае ўтварэнне з прыстаўкай по- ад *sěsti. Форма по́сох — вынік гіперправільнага окання ў корані ‑саг‑. Гл. паса́г. Відаць, не мае падстаў меркаванне Кліменкі (Язык, слово, действительность, 1, 139), якая звязвае по́сах ’яйка (наседжанае)’ з рэліг. святам Пасха і магчымымі трансфармацыямі гэтай назвы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)