пераліва́цца, ‑аецца; незак.

1. Перамяшчацца з аднаго месца ў другое (пра вадкасці). Чулася толькі булькатанне вады, якая пералівалася ў батарэях. Карпаў.

2. Вылівацца, цячы цераз край. Вада пераліваецца цераз плаціну. // перан. Выходзіць за межы чаго‑н. (пра пачуцці). [Злосць] поўніла ўсю .. [Сомікаву] істоту, пералівалася цераз берагі, пырскала, біла фантанам. Крапіва.

3. перан. Павольна і раўнамерна хвалявацца, калыхацца. Да долу гнуліся спелыя жыты, шапацелі, пераліваліся на сонцы шырокімі хвалямі. Гурскі.

4. Блішчаць, ззяць, адсвечваць, мяняючы адценні, колеры. Мігцелі, пераліваліся зоркі. Гамолка. Над галавою гарэла паўночнае ззянне. Светлыя хвалепадобныя палосы пераліваліся рознымі колерамі, рухаліся, плылі. Шамякін. // Гучаць з пералівамі. Заціх гармонік, замоўклі бубны, толькі пераліваліся яшчэ бомы на некалькіх тройках. Лынькоў.

5. перан. Ператварацца ў што‑н. другое. Увесь свой смутак канцэнтраваў .. [Віктар] на гэтым малазначным пункце, і смутак пераліваўся тады ў едкую шчымлівую крыўду. Зарэцкі.

6. Зал. да пераліваць (у 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)