Сунду́к ’куфар’ (мін., Сл. ПЗБ; Бяльк., Сцяц. Сл., ТС, Мат. Гом.), ’дарожная сумка’ (Сцяшк. Сл.), ’рамачны вулей’ (Анох.); перан. сунду́к, сунды́к ’пра тупога, абмежаванага чалавека’ (Мат. Гом.), на Смаленшчыне таксама санду́к ’тс’ (Дабр.). Дапускаюцца розныя шляхі запазычання мяркуемага цюркізма, у тым ліку праз рус. сунду́к ’куфар, скрыня’, дзе, магчыма, чувашскае пасрэдніцтва (Дабрадомаў, Бел.-рус. ізал., 40), або ўкр. сунду́к ’тс’, відаць, з палавецкага сундух (Тагіеў, Цюркізмы, 151). Але параўн. ст.-бел. сундукъ ’куфар’ (1598 г.) са стараж.-рус. сундукъ ’тс’ (Булыка, Лекс. запазыч., 104). Крыніцай можа быць кыпч. sunduq, тур. sandik крым.-тат. сандык ’тс’ < араб. ṣandûḳ, ṣundûḳ якія ўзводзяцца да грэч. συνδοχετον або συνδυκετον ’тс’; гл. Фасмер, 3, 803 з літ-рай; ЕСУМ, 5, 475 і наст. Малаверагодны ўплыў польск. sądek ’кадушка, кубел’, як мяркуе Цвяткоў, Запіскі, 2, 67.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Та́йстра ’клунак, хатуль, мяшочак’ (Нас., Гарэц.), ’кайстра, торбачка’ (Бяльк.), ’кайстра, торба, сакваяж, дарожны мяшок’, ’кашэль’, ’паднос’, ’сподак’ (Ласт.), та́йстрачка ’торбачка’ (Некр. і Байк.), ст.-бел. тайстра, стайстра ’кайстра; торба’ (1556 г., Булыка, Запазыч., 316; Ст.-бел. лексікон). Укр. та́йстра, дыял. стра́йста ’торба, з якой кормяць коней’, рус. смал. та́йстра ’вялікі мяшок’, тра́йста ’кашэль’, старое польск. tajstra ’мяшок для прадуктаў (паляўнічы, салдацкі)’. Запазычанне з польск. (ст.-польск.) tajstra (Булыка, там жа), якое Брукнер (564) адносіў да чэш. tanistra ’(вайскавы) ранец’ з далейшымі нямецкімі і лацінскімі роднаснымі паралелямі; падрабязней гл. Фасмер, 4, 12; Басай-Сяткоўскі, Słownik, 388, а таксама ка́йстра. Больш верагодны шлях, паводле Враб’е (Зб. Расэці, 994–995), праз украінскую з рум. tráistă ’торба, мяшок, сумка’. Карпацкі балканізм, параўн. алб. tráistë ’тс’, якое, у сваю чаргу, з візант.-грэч. τάγιστρον ’мяшок для фуражу’ (ЕСУМ, 5, 504).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ка́верзня ’бесталковы, хлуслівы’, накаверзнічаць ’схлусіць’ засведчаны ў Барысаўскім р‑не (Жакава, Совещание по ОЛА, 1975, 199). Укр. каверза ’хітрыкі, штука’, каверзник не выглядае як народнае, аднак Грынчэнка з паметай «Лебед. у.» прыводзіць слова каверзякати ’верзці лухту’. Рус. каверза вядома ў літар. мове (з 1641) і ў гаворках: пск., асташ., цвяр. каверза ’пра чалавека, які прыносіць іншым непрыемнасці’, перм., алан., арх. ’пляткар, пляткарка’, валаг. ’штукар’, алан. ’назола’, смален. кавирзу сплесть ’схлусіць, сказаць плётку, узвесці паклёп’. Усх.-слав. утварэнне ад коверзати ’плесці’, гл. кавярзаць. Семантыка празрыстая, параўн. рус. сплетня, польск. plotki. Бел. каверзь ’лухта’ можна параўнаць з рус. пск., асташ., цвяр. каверзь ’дрэнь, брыдота’ (параўн. адзначанае на той жа тэрыторыі каверзяниться ’пэцкацца’), ’пра пустога, нікчэмнага чалавека’; бел. каверзня ’пра бесталковае, хлуслівае’ з рус. пск., асташ., цвяр. каверзня ’неверагоднае, або такое, якое не заслугоўвае даверу, апавяданне’. Гл. кавярзень.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ка́ліўка ’бручка, Brassica napus’ (ДАБМ, Касп., Мат. Гом.), каляўка ’тс’ (ДАБМ). Рус. асташ., пск., цвяр., наўг., пецярб. калевка ’тс’, наўг., пск., цвяр., велікал., уладз., калуж., а таксама ў рус. гаворках Прыбалтыкі каливка ’тс’. Рэгіянальнае ўтварэнне ад каліва ’бручка’, параўн. у такім значэнні наўг., пск., цвяр. калива. Структура апошняга слова не вельмі ясная; нельга прыняць меркаванне Смулковай, Балтызмы, 41, што крыніцай бел. слова з’яўляецца лат. kālis або літ. kõlis ’бручка’. Не выключаецца магчымасць утварэння слова на слав. тэрыторыі (параўн. варыятыўнасць лексемы: калика, калига, калива, каля і да т. п.). Адпаведная структура была ўжо ў мове, адкуль пайшла міграцыя тэрміна, магчыма, было некалькі зон, адкуль слова запазычана. Параўн. каліка (гл.). Бел. слова сустракаецца ў розных гаворках, што, відаць, сведчыць не столькі аб страце лексемы на большай тэрыторыі, колькі аб розных напрамках яе пранікнення.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Нябе́скі ’нябесны; блакітны, падобны колерам да светла-блакітнага неба’ (Нас.), нябескі, нябесны ’уласцівы небу’ (Яруш.), нябескі, небескі ’блакітны’ (Грыг., Сл. ПЗБ, Сл. ЦРБ), ст.-бел. небеский (1518 г.) ’нябесны; блакітны’ укр. небеський ’нябесны’, польск. niebieski ’нябесны; блакітны’, чэш. nebesky ’нябесны’, в.-луж. njebjeski ’тс’, н.-луж. njebjaski ’тс’, славен. nebeški, nebeski ’нябесны, цудоўны’, серб.-харв. не̏бески ’нябесны’, балг. дыял. небески ’тс’. Відаць, самастойнае ўтварэнне ад нябёсы, гл. неба; значэнне ’блакітны’ — арэальная інавацыя з цэнтрам на польскай моўнай тэрыторыі (параўн. яшчэ ст.-чэш. nebesky ’блакітны’), паводле Брукнера (359), з XV ст., якая распаўсюдзілася і на Беларусі. У сувязі з гэтым наўрад ці мае падставы сцвярджэнне аб запазычанні ст.-бел. небеский са ст.-польск. niebieski (Булыка, Лекс. запазыч., 185), параўн. іншыя формы: небескы птах, нбскы црь (XVI ст., Карскі 2-3, 229).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Плю́та1 ’слата’, ’дождж са снегам’, ’непагадзь’, ’пляга’ (Сцяц.; Янк. БП; шчуч., дзятл., кобр., драг., Сл. ПЗБ; Сл. Брэс.; Скарбы), ’ні то дождж, ні то снег’ (слонім., Нар. лекс.); ’слота’ (лях., зэльв., слонім., ЛА, 2). Ст.-бел. плюта ’непагадзь’ (1619 г.) са ст.-польск. pluta ’тс’, гэтаксама Мацкевіч (Сл. ПЗБ, 4, 21) узводзіць сучасныя словы да польск. pluta, якое Брукнер (419) выводзіць (у якасці скарочанага) з pluskota, а Банькоўскі (2, 613) і Ластоўскі (Крывіч, 4, 1923) — з прасл. *pľuta < pluskać < *plʼuskati > бел. плюскаць/ (гл.) < і.-е. *pleu‑t‑a < *płeu‑ ’імжэць (пра дождж)’.

Плю́та2 ’шкодны, патайны, нядобразычлівы чалавек’ (Скарбы), плюпю ’дрэнны чалавек’ (маст., Сл. ПЗБ). Балтызм. Параўн. літ. pinotas ’бадзяга’.

Плю́та3, плютьла ’нястрыманы на язык — нясе лухту, гаворыць не да месца’ (міёр., З нар. сл.). Балтызм. Параўн. літ. plūota ’пляткар, паклёпнік’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пляце́нь, пле́цень, пле́цянь, плэтя́нык, пляціэ́нік ’агароджа з пераплётных тонкіх галін’ (ТСБМ; Бір.; Шушк.; Сцяшк. МГ; Шат.; Сл. ПЗБ; Мат. Гом.; ТС; Бяльк.; паўн.-ўсх., КЭС), ’агароджа з тонкіх кійкоў’ (брэсц., мін., маг., рэч., ЛА, 4), ’частакол, штакет’ (зах.-бел., в.-дзв., ЛА, 4), ’палукаш’ (мін., бярэз., ЛА, 4), пляце́ня ’плот з жэрдак’ (лун., ЛА, 4), пле́цень ’галлё, якім заплятаюць пляцень’, ’пляцёнка’, плецені́к ’хлеў з плятнёвымі сценамі’ (ТС). Укр. плеті́нь, рус. плетень ’агароджа’, польск. plecionka ’агароджа з яловых галін’, чэш. pleteň (ж. р.) ’што-небудзь сплеценае’. Пераважна ўсходнеславянскае *pletьnʼь ’сплеценая агароджа’ < і.-е. *plek‑te‑/o‑ > plesti > бел. пле́сці (гл.), параўн., аднак, балг. плете́н ’каса’, плетени́к ’сцяна з пераплётных галінкамі калоў’ (Радопы). Сюды ж: пліце́нь ’танец’ (б.-каш., рагач., Мат. Гом.), пляце́нь ’вязаная посцілка па ложак’ (капыл., Жыв. сл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мат1 ’брыдкая лаянка’ (ТСБМ, Растарг., ТС), ма́та ’тс’ (ТС), ’голас’ (Нас., Бяльк.), ма́тавы голас ’роспачны, адчайны’ (Нас.), сесці ма́том ’не крануцца ў рост, не расці’ (напр., цыбуля) (ТС). Рус. пск., цвяр., смал., ярасл., арханг. мат ’крык, моцны голас’, наўг., валаг. ма́том ’вельмі моцна, вельмі многа’, наўг., ’мат’, ’прывід, страшыдла’, вяц. ’дурны’, матом ’адчайна, смела’. Бел.-рус. ізалекса. Паводле Мартынава (Бел.-рус. ізал., 70), лексема мат — запазычанне з гоц. moþs ’лютасць, шаленства, унутраная духоўная сіла’. Параўн. таксама ст.-англ. mōd ’смеласць’ і ст.-ісл. mōðr ’роспач’, ням. mit wildem Mut = рус. лихим матом.

Мат2 ’становішча ў шахматнай гульні’, ’безнадзейнае становішча’ (ТСБМ). З польск. ці рус., у якія праз ням. matt, schachmatt ці франц. échec et mat ’шах і мат’ < араб. eš šâh mât ’кароль памёр’ (Бернекер, 2, 25; Фасмер, 2, 579).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Млін ’млын’ (Нас., Мал., Чуд., Янк. 1-2, Бес., Сцяшк., ТС, Ян., Сл. ПЗБ; слонім., Арх. Бяльк.; касцюк., паўд.-усх., КЭС; зэльв., Жыв. сл.). Укр. млин, рус. кур., омск. млин, ст.-рус. млинъ, млинь, млынь, польск. mlyjno, młen, н.-, в.-луж. młyn, чэш. mlýn, славац. mlyn, славен. mlȋn (málin, mélin), серб.-харв. мли̏н, ма̏лин, ме̏лин, балк. ст.-слав. млинъ, мълинъ. Прасл. mъlinъ запазычана са ст.-в.-ням. mulī, mulīn ’тс’ (Чартко, Бел. лінгв. зб., 147; Жураўскі, Бел. мова, 62) або з нар.-лац. malīnum, molīna ’вадзяны млын’ (Міклашыч, 186; Мее, MSL, 14, 373; Рэшатар, AfslPh, 36, 541; Фасмер, 2, 632; Бязлай, 2, 189). Махэк₂ (369) ст.-в.-ням., з якога прасл. mъlinъ, выводзіць з с.-лац., а саму рэалію лічыць вынікам распаўсюджання рымскай культуры. Шальч. млінок ’флюгер’ (Сл. ПЗБ) з млін ’вятрак’ (паводле падабенства крылаў).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ка́пці ’лапці з вяровак’ (Сцяшк.), ’тапачкі з нітак’ (слонім., Сл. паўн.-зах.). Ст.-бел. капти ’хатнія туфлі’ (XVI ст.) запазычана са ст.-польск. kapcie < славац. kapce ’буркі’ < венг. kapca ’ануча’, ’лямцаваты абутак’. Апошняе можа быць славізмам (< ст.-рус. копытьца) або запазычаннем з тур. qapsaq ’матэрыял для абкручвання ног’, kapsamak ’абхопліваць, абдымаць’ (Слаўскі, 2, 51–52; Булыка, Запаз., 139).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)