Боўдзіла 1 ’жэрдка, якой заганяюць рыбу ў сетку’ (З жыцця). Не вельмі ясны шлях утварэння гэтага слова. Няясна нават, ад якой асновы можна вывесці гэту назву. Паколькі ‑іла ўказвае на аддзеяслоўнае паходжанне слова, а адпаведнага дзеяслова няма, то, можа, трэба думаць пра зыходнае *боўціла (да боўт ’рыбалоўная прылада’, гл.). Але і ў гэтым выпадку марфалогія слова астаецца няяснай. Можна, праўда, думаць пра нейкі зыходны дзеяслоў тыпу *боўдзець, *баўдзець, *баўдзіць, які меў бы гукапераймальны характар. Параўн. рус. дыял. балди́ть гультайнічаць; часта паўтараць адно і тое ж’. Але параўн. і ўкр. бовдур ’комін; густы дым, хмара; жэрдка ў рыбаловаў (!); дурань’. Параўн. яшчэ літ. дзеяслоў báldyti ’стукаць’ (інтэнсіўная форма ад bélsti ’тс’, гл. Фрэнкель, 39). Версія пра зыходнае *боўціла, здаецца, падтрымліваецца словам бо́ўціла ’лаянкавае слова’. Параўн. баўдзі́ла.

Бо́ўдзіла 2 ’дурань’. Гл. баўдзі́ла.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ко́рпацца ’капацца, калупацца’ (ТСБМ, ТС, Сл. паўн.-зах., Жд. 3, Жыв. сл., Сцяшк., Мат. Гом.). Укр. корпати ’калупаць, павольна рабіць што-небудзь’. Параўн. бел. карпаць (гл.) у значэнні ’кепска шыць’ (Нас., 230). Апошняе звязана з рус. корпать ’зашываць адзенне, лапіць’ і іншымі славянскімі паралелямі: серб.-харв. кр́пати ’лапіць абутак і адзенне’, славен. kŕpati ’тс’, польск. karpać ’лапіць адзенне’, славац. krpať ’тс’. Прасл. kъrpati вытворны дзеяслоў ад kъrpa ’лапік’ (балг. кърпа ’анучка, лапік’, серб.-харв. кр̏па ’тс’, славен. kŕpa ’лапік’, серб.-харв. кр̏пље ’від абутку’, kŕplja ’тс’, чэш. krpec, славац. krpec, польск. kierpce ’тс’). З гэтым славянскім словам, якое збераглося толькі спарадычна, генетычна звязана вядомая балтыйская назва абутку: ст.-прус. kurpe, літ. kùrpė, лат. kur̄pe (Тапароў, K–L, 323–333). Цікава, што першасны дзеяслоў літ. kur̃pti мае значэнне ’кепска шыць, вязаць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лапанда́ ’чалавек, які пры сварцы моцна абы-што крычыць’ (КЭС, лаг.). Балтызм. Параўн. лат. pläpät, літ. plepėti ’балбатаць, лапатаць’. Аналагічна і лапанда ’балбатун, балбатуха’ (Сцяцко, Афікс. наз., 34). Там жа ёсць і дзеяслоў лапаюць. Нявыключана, што ён з лапанда. Магчыма, лапаніцьз’яўляецца скарочанай формай дзеяслова з блізкай семантыкай гарлапаніць. Аб суф. -da гл. Атрэмбскі, Gram., 268–270.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

*Вірыць, ст.-бел. вирити, вирить ’абвінавачваць’ (Гарб.). Дзеяслоў, утвораны пры дапамозе суф. ‑it‑i ад ві́ра 2 (гл.).

Віры́ць ’утвараць віры, круціць, бурліць’; ’бурліць, кіпець, вірыцца’ (БРС, КТС). Польск. уст. wirzyć się ’віраваць’, чэш. vířiti ’кружыцца, узнімацца, віраваць’, славац. víriť ’кружыцца’, víriť sa ’кружыцца (пра снег, ваду, паветра)’. Утворана ад вір 1 пры дапамозе суф. ‑it‑i.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Дзя́га ’раменны пояс’ (Сцяшк.). Параўн. рус. дыял. дя́га ’скураны рамень’, ’сіла, рост’, укр. дыял. палес. дяг ’паласа лыка’, славен. déga ’рамень’, ст.-рус. дѧгъ ’тс’. Гэты назоўнік, як мяркуюць (гл. Трубачоў, Эт. сл., 5, 24–25), таго ж кораня, што і прасл. дзеяслоў *dęgtʼi, які захаваўся дрэнна (у кампазіцыі *obdęgati). З і.-е. моў параўн. літ. deñgti ’пакрываць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Падгру́ніць ’падбіць, падахвоціць’ (Касп.). Няясна. Адзіным магчымым фармальным супастаўленнем можа быць рус. грунь ’конская рысь; дробная рысь’ (grędnъ, гл. Трубачоў, ЭССЯ, 7, 148). Параўн. яшчэ бел. гру́нем ’бягом’ (Бяльк.) і грунём ’тс’ (Нар. сл.), а таксама рус. иди грунистей, г. зн. прыбаў ходу, рысі, і дзеяслоў грунить ’ехаць трушком’. Тады падаруюць першапачаткова ’падагнаць, паскорыць’, потым — ’падахвоціць, падбіць’,

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ачхна́цца ’апынацца’, ачхнаць ’быць, знаходзіцца’, ачхнанне ’месца знаходжання’, ачхнуць ’заехаць куды-небудзь, зайсці’ (Яўс.). Ітэратыўны дзеяслоў ад ачнуцца (гл.) з устаўным х, магчыма, пад уплывам блізкіх па значэнню слоў тыпу ачу́хацца, параўн. ачынацца ’апынацца’ (Гарэц.), трапляць, пападаць’ (Юрч.) і ачынуцца ’апынуцца, стаць, з’явіцца нечакана’; незваротныя формы пазнейшыя, узніклі як парныя да адпаведных зваротных з канкрэтызацыяй значэння.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кляката́ць 1 ’клакатаць, булькаць’ (Сл. паўн.-зах., Сцяшк., Яруш., Шат.). Укр. клекотати, рус. клектать ’тс’, польск. klek tać, klekotać ’стукаць, боўтаць’, чэш. klektati ’тс’, славац. klektať ’стукаць, грукаць’. Дзеяслоў толькі ў мовах усходнеславянскіх і заходнеславянскіх. Утварэнне на аснове назоўніка з -otъ‑суфіксацыяй. Параўн. клёкаце (гл.).

Кляката́ць 2 ’клекатаць (пра бусла)’ (Сл. паўн.-зах.). Гл. клякатаць 1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Дыхце́ць 1 ’пахнуць’ (БРС, Сл. паўн.-зах.), ’смярдзець’ (Сл. паўн.-зах.). Паходзіць з прасл. *dyxъtěti (дзеяслоў з экспрэсіўнай суфіксацыяй ‑ъtěti, роднасны *dyxati ’дыхаць’). Параўн. укр. дихті́ти, чэш. dychtěti, балг. дихтя́ (агляд форм у Трубачова, Эт. сл., 5, 200).

Дыхце́ць 2 ’уздувацца; няшчыльна прылягаць’ (Сл. паўн.-зах.). Сл. паўн.-зах. мяркуе, што гэта запазычанне з літ. diktė́ti ’набракаць, набрыньваць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Знудзі́ць ’зрабіцца блага, вырваць’. Рус. дыял. знуди́ть смал. ’давесці да благога стану’, цвяр., пск. ’балець, ламаць’, укр. знуди́ти ’надакучыць’, ’апрыкраць’, польск. znudzić ’надакучыць’, чэш. znuditi, славац. znudiť ’тс’, серб.-харв. сну̏ждити се ’надакучыць, выклікаць кепскі настрой’, макед. снужди се ’надакучыць’. Ц.-слав. изнѫдити ’выганяць, вырываць’. Прасл. jьz‑nud‑i‑ti — прэфіксальны дзеяслоў; гл. нудзіць ’адчуваць млосны стан’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)