Драко́н ’дракон’ (БРС). Рус. драко́н, укр. драко́н. У ст.-рус. мове (Максім Грэк) лічыцца запазычаннем прама з грэч. δράκων ’тс’. Паводле Фасмера (1, 534), у іншых выпадках у рус. мове гэта запазычанне з лац. dracō, ‑ōnis (< грэч.). Гл. яшчэ Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 183. Прыметнік драко́наўскі (драконаўскія законы) — запазычанне з франц. (магчыма, праз рус. мову) draconique або ням. drakonisch. У аснове ляжыць імя элінскага заканадаўца Дракона (Δράκων). Гл. Фасмер, 1, 535.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жак ’рыбалоўная прылада’. Рус. дыял., укр. жак ’тс’. Ст.-бел. жак ’тс’ з 1599 г. (Булыка, Запазыч., 113) з польск. żak ’тс’ < ням. Sack ’мяшок, кішэнь’ (Брукнер, 661). Рус. праз бел., укр. з польск. Фасмер, 2, 33. Герм. з лац. saccus ’мяшок, фільтр’ (у рымскія часы) < грэч. σακκος ’грубая тканіна’ < семіцк. saq ’тканіна з валасоў, мяшок’ (Дудэн, 582; Вальдэ-Гофман, 2, 458–459). Такое ж канчатковае паходжанне мае сак ’рыбалоўная прылада; адзенне’ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Журча́ць, журчэць ’цурчаць’ (Сл. паўн.-зах.). Рус. журча́ть, укр. журча́ти (параўн. дзюрча́ти ’тс’), в.-луж. žurčeć ’тс’, славац. žurčať ’тс’. Утворана ад гукапераймальнай асновы *geu‑, якая суадносіцца з *gō̆u̯‑ (гл. гук, гаварыць, гутарыць) з пашырэннем ‑r‑ і суфіксальным ‑k‑ (як гук) > ‑č‑ перад ‑ě‑ti. Гл. жук, жужэць. Паводле Шанскага (1, Д, Е, Ж, 300), гукапераймальнае журчь + ати (параўн. гурк, урчать, ворчать). Праабражэнскі (1, 238–239), Фасмер (2, 68) указваюць на гукапераймальны характар слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Заміна́ць ’перашкаджаць’. Рус. замина́ть ’перашкаджаць, прыпыняць’, укр. замина́ти (розмову) ’прыпыняць (размову)’, балг. замина̀вам ’ад’язджаць’, макед. замине ’ад’язджаць, мінаць’. Ст.-рус. заминати ’ўтойваць, перашкаджаць’ (XVII ст.). Параўн. рус. зами́нка ’затрымка’. Значэнне ’перашкаджаць’ у кораня, прадстаўленага ў дзеяслове мінаць ’праходзіць’ (гл.), вынікае пры спалучэнні з прэфіксам за‑, які мае шмат значэнняў, у тым ліку і значэнні прасторавага абмежавання (В. С. Ільїн. Префікси в сучасній українській мові, 1953, 87–94). Копечны, Zákl. zásoba, 206; Фасмер, 2, 624.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Засці́гнуць ’раптоўна захапіць, застаць’. Рус. застигнуть, укр. засти́гти, засти́гну, польск. zaścignąć, чэш. zastihnouti, славац. zastihnúť ’тс’, славен. zastígniti ’дацягнуць’, балг. застѝгна ’дагнаць, застаць’. Ст.-рус. застичи, застиг‑ ’знайсці, застаць’ (XVI ст.), ст.-бел. застичи ’тс’ (Скарына). Прасл. прэфіксальны дзеяслоў. Прасл. stignǫti звязана (з чаргаваннем галоснага) з сцёжка (гл.), узыходзіць да і.-е *steigh‑ ’ісці, падымацца’, літ. staigà ’знянацку’, лат. stiga ’след’, ням. steigen ’уздымацца’ і інш. Покарны, 1, 1017–1018; Фасмер, 3, 780.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Звя́га ’прыстасаванне; надакучлівы брэх сабакі’, маг. ’брахлівы сабака; пра чалавека’ (Янк. Мат.). Рус. дыял. звя́га, смал., пск. ’гаўканне; брэх лісы’, ’сварка’, ’бурчанне’, вяцк. ’надакучлівы чалавек’, цвяр., пск., алан. ’пустаслоў’, укр. звяга ’гаўканне, сварка’. Ст.-рус. звяга ’непатрэбная балбатня’ (Курбскі, XVI XVII стст.). Прасл. дыял. zvęga ўзыходзіць да і.-е. кораня *gʼhu̯en‑ з балта-слав. падаўжэннем ‑g‑. Роднасныя літ. žvéngti, лат. zvìegt ’іржаць’. Гл. звяк, звінець. Покарны, 1, 491; Траўтман, 374; Фасмер, 2, 88.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Зе́нка ’зрэнка’ (Бяльк.), зе́нкі ’зрэнкі’ (Касп.), ’вочы’ (Жд. 2), зелкі (?) ’вочы’ (Яўс.). Рус. дыял. зе́нки, зе́ньки ’зрэнкі’, укр. зі́ньки. З суфіксам ‑к‑a ўтворана ад незахаванага ст.-рус. *зѣна (адкуль і зяніца, гл.), што адлюстроўвае прасл. zěna, якое ўтворана з суфіксам ‑n‑ ад кораня zě‑, звязанага з ззяць, зяваць (гл.). Фасмер, 2, 94; Шанскі, 2, З, 89; (Саднік-Айцэтмюлер, 336; Скок, 3, 656; БЕР, 1, 635; Махэк₂, 714; Копечны, Slavia, 29 (1960), 187). Гл. зрэнка.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Палака́ць ’паласкаць’ (Сцяшк. МГ, Бір. Джярж., Сл. ПЗБ), полокаць (ТС). Укр. полокати, ст.-слав. плакати, польск. płukać, в.-луж. płokać, чэш. plákati, plächatiх славац. pläkať, серб.-харв. плакати, плачем ’паласкаць, абмываць’, славен. plȃkati ’прапалоскваць’, балг. плакни ’паласкаю’. Прасл. polkati. Фасмер (3, 315) дапускае гукапераймальнае паходжанне, як і ў паласкаць (гл.). Параўн. яшчэ Махэк₂ (453), які ўказвае на першапачатковае значэнне ’біць (сябе ў грудзі)’. Сувязь з рус. плохой і плакаць (гл. Праабражэнскі, 2, 96) лічыцца сумніцельнай.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Палоўня ’месца, адгароджанае ў гумне для збожжа’ (Сцяшк. Сл.), ’адрына’ (Нар. сл., пінск.), половня ’хлеў, дзе зімой захоўваюць сена’ (Сл. Брэс.), палбу́нік ’адрына’ (ДАБМ, 789), полбу́ньік ’месца для захавання паловы’ (Шушк.), ’адрына’ (Тарнацкі, Studia). Рус. половень, половня ’маленькая сушня на таку’, укр. половень ’імшанік’, чэш. дыял. plevna ’маленькі хлеў, прыбудова для захавання паловы’, серб.-харв. пле̏вница ’тс’. Да палова2 (гл.) (Фасмер, 3, 312; Махэк₂, 459). Сюды ж палувенка, палу́нька, палу́ня, палу́нік (Сцяшк. Сл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Памост ’узвышша ў выглядзе пляцоўкі, насланай з дошак; падлога’ (ТСБМ, Шат., Янк. 3., Сл. ПЗБ, Гарэц.), ’падлога’ (Касп., Сцяшк. МГ, ДАБМ, 954; Шпіл., Хрэст. па бел. дыялекталогіі, 334, Бір. дыс.), ’падстаўка з хворасту пад дуплянкі’ (Мат. Гом.), помосто́к ’ступенькі перад уваходам у дом’ (Шушк.). Рус. помо́ст, укр. помо́ст, ст.-рус. помостъ ’падлога, дах, ярус; рыначная плошча’, помостити. Фасмер (3, 323) лічыць ад po‑ і мост (гл.), але магчыма і аддзеяслоўнае ўтварэнне ад памасціць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)