Катало́г ’каталог’ (ТСБМ). Рус. катало́г, укр. катало́г. У ст.-бел. мове лексема ў формах каталогъ, каталіогъ адзначаецца ў помніках з XVII ст. (гл. Булыка, Запазыч., 142). Ст.-бел. каталогъ, магчыма, адлюстроўвае грэч. κατάλογος, але форма каталіогъ хутчэй перадае польск. katalog (< лац.). Сучасны націск у бел. катало́г адпавядае рус. катало́г ’тс’. Гэта ўплыў франц. catalogue ’тс’. Першакрыніцай з’яўляецца грэч. κατάλογος ’пералік, спісак’. Упершыню запазычанае слова адзначаецца ў Генадзіеўскай бібліі 1499 г. у гіперкарэктнай форме каѳалогосъ. Гл. Шанскі, 2, К, 91–92.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Катастро́фа ’катастрофа’ (ТСБМ, БРС). Рус. катастро́фа, укр. катастро́фа. Запазычанне, магчыма праз пасрэдніцтва зах.-еўрап. моў з грэч. мовы. Параўн. рус. катастро́фа, якое, паводле Фасмера, 2, 209, узята непасрэдна з ням. мовы (Katastrophe < грэч. καταστροφή ’паварот, паваротны момант справы’). Але Шанскі (2, К, 93) лічыць рус. слова непасрэдным запазычаннем з франц. мовы ў першай палавіне XIX ст. (< франц. catastrophe < лац. catastropha < грэч.). Такія тлумачэнні, якія досыць істотна адрозніваюцца адно ад другога, сведчаць аб недастатковасці адных толькі этымалагічных меркаванняў і нераспрацаванасці гісторыі лексікі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Квіт ’пісьмовае пасведчанне аб чым-небудзь, квітанцыя, білет’ (ТСБМ, Нас., Грыг., Гарэц., Сл. паўн.-зах., З нар. сл., Жд. 3, КЭС, лаг., Касп.), ’хопіць, канец’ (ТСБМ, Касп., Нас., Бяльк.), ’вокліч незадавальнення чыім-небудзь нецярпеннем’ (Нар. лекс., Янк. БП). Апошняе ў выразе квіт тваёй міласці. Ст.-бел. квитъ ’квіт’ (з 1529 г.). Са ст.-польск. kwit ’тс’ (Булыка, Запазыч., 146). Польск. kwit у сваю чаргу з с.-лац. quitus ’вольны ад абавязкаў’ (магчыма, праз с.-в.-ням. quit ’вольны, аплачаны’) (Слаўскі, 3, 496).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ке́пала ’капун, капуха’ (Жыв. сл., Янк. Мат.). Гл. кепацца. Магчыма, утворана пры дапамозе суфікса ‑ала ад капаць (параўн. семантычна капун) з другасным пераносам націску на каранёвы галосны (ка́пала > ке́пала, а > е пад націскам) (параўн. Сцяцко, Афікс. наз., 93–94). Іншую версію прапануе Непакупны (Лекс. балтызмы, 29) з літ. kẽpalas ’булка хлеба’. Семантычнае разыходжанне ён тлумачыць наступным чынам. Тое ж літ. утварэнне з іншым суфіксам kepaĩšis, апрача значэння ’хлеб, ляпёшка’, мае яшчэ пераноснае значэнне ’мямля, размазня’. Гэтай версіі прытрымліваецца таксама Лаўчутэ (Балтизмы, 67).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Арама́т. Рус., укр. арома́т. Ст.-бел. ароматъ, ароматы (у друк. кн. XVII ст., Гіст. мовы, 1, 298), ст.-рус. ароматъ з ст.-слав. (толькі мн. л.!), ароматы < грэч. ἄρωμα, мн. л. ἀρώματα, родны скл. мн. л. ἀρωμάτων. Стараславянская форма адлюстроўвае грэч. мн. л. Паколькі ўжо ў Лексісе Зізанія арома́ты, націск, магчыма, выводзіць з грэч. ускосных форм, а не з франц. Параўн. Шанскі, 1, А, 146. Аб грэчаскай крыніцы бел. арамат гл. Булахаў, Курс суч., 163; Юргелевіч, Курс, 127; Гіст. лекс., 122.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Асмалі́ць ’абпаліць’ (Яруш.). Пачаткова ’пакрыць смалой’, а потым, у сувязі з тым што пры гэтым дрэва часта трымаюць на адкрытым агні, пераносна на іншыя прадметы — напр. парсюка ці гусь. Пераход вядомы і ў іншых славянскіх мовах. Адсюль: асма́лак ’галавешка’, асмалёнкі ’бульба з прыгаркай’ (Сцяц.); асмалёнак ’пра смуглага чорнавалосага чалавека’ (Сцяц.) адлюстроўвае яшчэ сувязь з чорным колерам смалы і абсмаленых прадметаў. Магчыма, што ва ўзнікненні слоў асмалёнкі і асмалёнак ёсць сувязь з коранем смаг‑ (параўн. смажыць), а сувязь з смала — вынік пазнейшай народнай этымалогіі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Асмо́л ’смалістая драўніна хвойных парод’ (БРС), ’пень, які выкопваюць для вырабу смалы’ (Інстр. III). Рус. осмол ’смалістая драўніна’, укр. дыял. осмів ’трухлявы пень’; рус. і ўкр. осмол таксама дзеянне па дзеяслову осмолить. Польск. osmoł ’жывіца, што цячэ са скалечанага месца на пню’, ’асмальванне’. Яшчэ усмал ’амярцвелая частка ствала, налітая смалой’ (Янк. I), укр. усмол ’тс’ (Ніканчук, Бел.-укр. ізал., 63). Утворана, магчыма, ад дзеяслова асмаліцца ’наліцца смалой’, бо іначай прэфіксальна-бяссуфікснае ўтварэнне цяжка растлумачыць. Сюды ж памяншальнае асмолкі ’смалістыя трэскі’ (Інстр. I).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Асфа́льт. У сучасным значэнні, відаць, праз рускую (Крукоўскі, Уплыў, 83) ці польскую мову (у пачатку XX ст.) з нямецкай (дзе з французскай) або з французскай, дзе праз лацінскую з грэчаскай (Фасмер, 1, 194–195; Шанскі, 1, А, 167–168). Але ў перакладзе Флавія сустракаем ст.-рус. асфальтъ (XII ст.). Традыцыя ўжывання слова ў рускай мове, відаць, не перарывалася, таму, магчыма, што дакладней лічыць сучаснае рускае працягам гэтага слова па паходжанню з грэч. ἄσφαλτος. Але ў беларускай мове традыцыя ўжывання слова, відаць, была перапынена.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

*Атверніцкая: «отве́рницкое наречие» (Рам.). Рус. отверница ’іншасказ’. Паводле Раманава, 9, 4: «гаворка называецца атверніцкай таму, што прататыпам яе тут была звычайная мова, але з «адварачваннем» складоў, г. зн. з перастаноўкай складоў, устаўкай паміж імі часціц». Параўн. яшчэ ў Даля отвертчивый ’хто ўмее адвярцецца’. Нельга быць упэўненым, што этымалогія Раманава не адлюстраванне народнай этымалогіі. Пры наяўнасці ў жаргонах значных гукавых змен цалкам магчыма ўбачыць у атверніцкі змену польск. ochwieśnicki (адкуль, паводле Арапава — РР, 1968, 4, 117; Этимология, 1964, 120, — рус. офеня, офенский). Гл. ахвес.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ату́1 ’вазьмі’ (паляўнічы выгук) (БРС), ату‑ату (Нас.). Рус. ату, укр. ату, атю ’тс’. Зафіксаваны ў рускіх слоўніках з 1789 г. Паводле Фасмера, 1, 96; Шанскага, 1, А, 174, з франц. à tout (тады беларускае, украінскае з рускай). Згодна з Праабражэнскім, 1, 10, гукапераймальнае. Магчыма (як у Рудніцкага, 41), складанае з a‑ту (параўн. ат, ась, ату2). Няясна.

Ату́2 ’выгук прыкрасці’ (Нас.). Рус. дыял. ату, атю (пск., смал.). Верагодна, з а‑ і займеннікавага ту (параўн. ату1; ат, ась, ацю).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)