сіфо́н, ‑а, м.

1. Выгнутая трубка (труба) з каленамі рознай даўжыні, якая служыць для пералівання вадкасці з адной пасудзіны ў другую з больш нізкім узроўнем. Сіфоны для разліўкі расплаўленага металу. Сіфоны для паліўкі зямлі.

2. Пасудзіна для сельтэрскай вады і іншых шыпучых напіткаў, якія выліваюцца праз трубку пад ціскам вуглекіслаты. [Тамара:] — Зайдзі да мяне, Антон. Я напаю цябе вадой. Толькі што прынеслі сіфон. І сіроп ёсць. Шамякін.

3. Спец. Прыстасаванне для павелічэння цягі ў топцы паравоза ў час стаянкі.

[Ад грэч. siphon — трубка, помпа.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Лю́стра1 ’адшліфаваная паверхня шкла, металу, здольная даваць адбіткі прадметаў, якія знаходзяцца перад ёю’, ’паверхня, плошча чаго-небудзь’ (Нас., Грыг., Гарэц., Бяльк., Касп., Растарг., ТСБМ, Яруш.; маг. КЭС), лю́стро ’тс’ (ТС), лустэрка, люстэрка, люстэрак, лю́страчка, лістэрка (Сл. ПЗБ, Нас., Бяльк., Шат., Касп., Мядзв., Сцяшк.; КЭС, лаг.; капыл. Жыв. сл.). Запазычана з польск. lustro ’тс’, якое з італ. lustro ’бляск, водбліск’ (Слаўскі, 4, 385; Кюнэ, 73; Арашонкава, БЛ, 12, 49). Сюды ж люстрава́цца, люстрава́ць ’блішчэць, адсвечваць’, ’адлюстроўвацца’, люстра́ны ’з бліскучай паверхняй’ > люстраніць (ТСБМ; Васілеўскі, БЛ, 10, 17). Гл. таксама ю́стра, ю́стро.

Лю́стра2 ’падвесны, асвятляльны прыбор з некалькімі крыніцамі святла’ (ТСБМ). З рус. лю́стра ’тс’, якое праз ням. Lüster або непасрэдна з франц. lustre ’тс’ < лац. lustrāre ’асвятляць’ (Фасмер, 2, 546; Крукоўскі, Уплыў, 79).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пла́нка ’клопат, куды ўстаўляецца млён’ (паўн.-усх., ЛА, 4), ’лёстка ў драбіне’ (дубр., ЛА, 4), ’вязы ў санях’ (дубр., ЛА, 2), ’дзверцы ў стаячым вулеі’ (чавус., клім., ЛА, 1); пла́нкі ’ручкі ў падушцы воза, да якіх прымацоўваюцца драбіны’ (віц., маг., брагін., рэч., ЛА, 2), ’доўгія бярвенні, што кладуцца уздоўж моста ля яго краёў для ўмацавання насцілу’ (Сцяшк. Сл.). З рус. пла́нка ’ліштва, дошчачка’, ’дошка, брус’, якое з нова-в.-ням. Planke ’дошка’, ’маснічына’ < с.-лац. planca ’тоўстая дошка’ < лац. phalanga ’насілы для пераноскі цяжкага грузу’ < ст.-грэч. φάλαγξ ’прадаўгаваты кавалак бервяна’, φάλαγγαι ’бэлькі, бярвёны’ (Фасмер, 3, 273; Васэрцыер, 174). Сюды ж бел. пла́нка ’палоска з дрэва, металу, тканіны’ (ТСБМ), ’вышытая паласа ў кашулі спераду ад каўняра ўніз’ (Касп.; ветк., гом., Мат. Гом.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Стату́й зневаж, пра тупога, бесталковага чалавека (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр., Мат. Маг., Юрч. Вытв.), ‘нязграбны чалавек’ (Мат. Гом.): стату́й ты карэтны! — лаянка (маг., Ліцв.), стату́й ‘фігура, вылепленая з чаго-небудзь або зробленая з пяску’ (Жд. 2), ста́туй, ста́туя ‘вылепленая фігура; боўдзіла’ (Касп.), ста́туй ‘чалавек высокага росту’ (Бяльк.), стату́я ‘вылепленая фігура; боўдзіла’ (Нас.), стату́й, стату́я ‘фігура з металу ці каменя; манекен’ (Сл. ПЗБ). Сюды ж, магчыма, і статэ́ва ‘высокая жанчына’ (Сл. рэг. лекс.). Запазычана з заходнееўрапейскіх моў, параўн. ням. Statue ‘скульптура, фігура’, франц., англ. statue ‘тс’ з лац. statua ‘статуя, калона’ ад statuo ‘стаўлю, засноўваю’, праз рускае або польскае пасрэдніцтва. Адаптацыя па роду па аналогіі з балван, ёлуп і пад. Гл. Фасмер, 3, 748; ЕСУМ, 5, 402. Значэнне ‘чалавек высокага росту’, магчыма, пад уплывам статны (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

кле́шчы, ‑аў; адз. няма.

1. Металічны інструмент у выглядзе шчыпцоў для заходу і трымання гарачага металу. Кавальскія клешчы.

2. Драўляная частка хамута, якая складаецца з дзвюх кляшчын. Запрагаў сам гаспадар. Залуцкі ажно залюбаваўся, як Хрупак спрытна закладаў у гужы дугу і пасля адным махам зацягнуў супоню, упёршыся каленам у клешчы. Чыгрынаў.

3. У ваеннай справе — акружэнне ворага з двух бакоў. Раздзяліў [Сцяпан] атрад на дзве групы — адну паслаў налева ў абход Глушца, а сам з групай пайшоў направа, каб такім абходным манеўрам мястэчка ўзяць у клешчы. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разе́ц, ‑зца, м.

1. Рэжучы інструмент для апрацоўкі металу, дрэва і іншых цвёрдых матэрыялаў. — [Жалеза] плыве пад разцом лёгка і мякка. Кулакоўскі. Пакуль не ступілася джала разца І рукі ад працы не зморацца, Я мушу пакінуць адбітак жыцця На камні, жалезе і золаце. Танк.

2. перан. Пра майстэрства, манеру, стыль якога‑н. скульптара.

3. Пярэдні зуб плоскай формы ў чалавека і некаторых жывёл. Губы прывычна сціскаюцца за разцамі, вушныя ракавіны шчыльна закрываюцца і, адапхнуўшыся ад берага моцнымі заднімі нагамі, .. [бабёр], як калодка, потырч бухае ў ваду. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

самаро́дак, ‑дка, м.

1. Рознай велічыні кавалкі металу (звычайна каштоўнага), якія сустракаюцца ў прыродзе ў хімічна чыстым выглядзе. Самародак плаціны. □ Знайсці сюжэтныя характары, дабрацца да іх бывае гэтак жа цяжка, як да нафты. А часам іх знаходзіш зусім выпадкова, як залатыя самаробкі. Шамякін.

2. перан. Чалавек, прыродныя здольнасці якога выявіліся самастойна, без сістэматычнай адукацыі, выхавання. Сымон ад нараджэння натура, надзеленая чулай душой і дапытлівым розумам, ён рэдкі талент, самародак. Навуменка. Чапаеў — селянін, самародак, велізарны ваенны талент якога змог разгарнуцца толькі ў канкрэтных умовах грамадзянскай вайны. «Беларусь».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мета́л, ‑у, м.

Хімічна простае рэчыва або сплаў, якім уласцівы бляск, коўкасць, добрая праводнасць цеплыні і электрычнасці. Лёгкія металы. □ Халаднаваты метал быў пакрыты васковай плёнкай тавоту. Паслядовіч. Метал, здавалася, сам знаходзіў літнік, каб папасці і забегчы ў форму. Скрыган. // Пра гукі, голас, якія нагадваюць металічны звон. Смелы, магутны, з металу скованы голас аэраплана залятае ў дзедаву хату. Колас.

•••

Высакародныя металы — золата, серабро, плаціна.

Каляровыя металы — усе металы і іх сплавы, акрамя жалеза і яго сплаваў.

Невысакародныя металы — металы, якія акісляюцца, ржавеюць.

Цяжкія металы — металы з удзельнай вагой звыш 5 грамаў.

Чорныя металы — чыгун, жалеза, сталь.

[Грэч. metallon.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паве́рхня, ‑і, ж.

1. Вонкавы бок (звычайна верхні) чаго‑н. Паверхня металу. Паверхня кары галаўнога мозга. □ Вячэрняе сонца свяціла ў пакой, і на паліраванай паверхні стала засталася чорная бліскучая палоска. Шыцік. // Верхні пласт, слой чаго‑н. Паверхня вады. Паверхня снегу. □ [Дождж] ласкава барабаніў па парусіне, шамацеў па паверхні ракі. Шамякін. // Сукупнасць гор, нізін; рэльеф. Раўнінная паверхня. Паверхня Беларусі. □ Паверхня Марса фатаграфавалася ў праменях рознага колеру. «Беларусь».

2. У геаметрыі — мяжа, якая аддзяляе геаметрычнае цела ад знешняй прасторы або ад іншага цела. Паверхня шара. Цыліндрычная паверхня.

•••

Выйсці (усплыць) на паверхню гл. выйсці.

Слізгаць па паверхні гл. слізгаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

на́пал, прысл.

Разм. Тое, што і напалам (у 1, 2 і 4 знач.). Наша хата была самай крайняй пры забалочанай лугавіне, якая грэбляй дзяліла вёсачку напал. Вітка. [Стары Салвесь] ніколі не думаў, што гэты водруб давядзецца дзяліць напал. Сабаленка. Направа абсеяныя шнуры: ярыну ўсю пакрывае свірэпка, жыта напал з гірсой і званцом. Купала.

напа́л, ‑у, м.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. напаліць.

2. Ступень свячэння напаленага цела. Напал ніці лямпачкі. Напал металу. Белы напал.

3. перан. Стан вялікага ўзбуджэння, хвалявання, напружання. Напал страсцей. □ Такі напал, такая сіла Былі ў пачуццях агнявых. Бялевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)