Аця́ць ’узяць’ (слуц., Абабурка, Лінгв. дасл., 4), ацяты ’агорнуты’ (Абабурка, там жа). З от‑яти, ст.-слав. отѧти ’адняць, забраць’, уяць узяць, убавіць’ (Нас.) і іншыя прыставачныя ўтварэнні ад прасл. jęti. Сюды ж, магчыма, узнятае шляхам дэкампазіцыі цяло́ ’схапіла, узяло’ ад цяць (от‑яти > о‑тяти), як няць ’схапіць’, ст.-рус. няти ’ўзяць’ (з vъn‑ęti, sъn‑ęti, гл. Ваян, RÉS, 22, 11; Слаўскі, 1, 536), параўн. зацяло (гаварыць) і заняло (мову), зацяты і заўзяты. Гл. ацяцца.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ка́бці, кабцікі ’від абутку’ (Караткевіч, КТС). Форма з азванчэннем ад польск. kapcie ’від прымітыўнага абутку са скуры або тканіны; стары стаптаны абутак, пантофлі’. Слова вядома ў чэш. гаворках і ў славац. мове (запазычана з польск.?). Укр. і рус. паўдн.-зах. (укр.?) капці, капцы. Слова з няпэўнай этымалогіяй; мяркуюць аб магчымым запазычанні з венг. карса ’ануча’, а польск. форма пад уплывам łapcie. Слаўскі (2, 52) прымае гэту версію як найбольш верагодную. Аб іншых прапановах гл. Слаўскі, там жа.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Карадзі́цца ’курчыцца, сімуляваць курч, капрызіць’ (Нас., Гарэц., Сл. паўн.-зах., Байк. Некр.), укр. кородигися ’скардзіцца на боль’, польск. kródzić ’укарочваць’ семантычна далёкае і, магчыма, не звязана з беларускай і украінскай лексемамі (Слаўскі, 3, 152). Падрабязна аб гэтай групе слоў Мяркулава, Этимология, 1973, 55–58. Фактычная адсутнасць лексемы на рускай моўнай глебе гаворыць або аб вузкай інавацыі, або аб запазычанні. Менш верагоднымі з’яўляюцца генетычныя суадносіны з літ. skursti ’чэзнуць, марнець’, skurdus ’хваравіты, кволы’ (Мяркулава, там жа, 57).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сасло́ўе ’грамадская група са спадчыннымі правамі і абавязкамі, якая склалася на аснове класавых адносін у дакапіталістычным грамадстве’ (ТСБМ). Запазычанне з рус. сосло́вие ’тс’ (Крукоўскі, Уплыў, 56). У рускай мове гэта старажытны кніжны славянізм эпохі другога паўднёваславянскага ўплыву, параўн. ц.-слав. съсловие ’саслоўе, згода’ (гл. Вінаградаў, Этимология–1966, 133 і наст.; там жа падрабязна аб развіцці семантыкі рус. сосло́вие). Царкоўнаславянскае слова разглядаюць як кальку грэч. συγκλητος ’той, які сазваны’ (Праабражэнскі, 2, 360) або σύλλογος ’сход, зборышча’ (Фасмер, 3, 726).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ту́люс — лаянкавае слова: Padlo! Tulus! (ваўк., Федар. 4). Слова цьмянага паходжання. Па форме і па тэрыторыі ўжывання блізкае да tuolis ‘чорт’ у т. зв. “Польска-яцвяжскім слоўнічку” (Зінкявічус, Балто-слав. иссл., 1983, 19). Апошняе залічана да балцкай лексікі, якая не мае ідэнтычных словаўваральных або семантычных адпаведнікаў у іншых балтыйскіх мовах. Паводле Зінкявічуса (там жа), можа быць звязана з імем прускага бога падземнага царства Patollus, Patollos, літ. Patulas < pa + *tula ‘зямля’, ст.-прус. talus ‘падлога з гліны’. Няпэўна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ту́шчы ‘худы, шчуплы, пусты, парожні’ (Ласт.), тушчэ́ць ‘марнець, знясільвацца’ (там жа). Суадносіцца з тшчы ‘пусты, дарэмны’, то́шчы ‘худы, шчуплы, пусты’ (гл.) у рознай ступені вакалізму, параўн. тухнуць, тхнуць, тохнуць, гл. Разам з прасл. *tъštь ‘парожні’, літ. tùščias ‘пусты, парожні, нікчэмны’, лат. tukšs ‘тс’, ст.-інд. tucch(y)ah ‘тс’ узыходзяць да і.-е. *teus‑/*tus‑ ‘парожні, апаражняць’ (Смачынскі, 696; Борысь, 92; ЕСУМ, 5, 612; Арол, 4, 91). Сюды, відаць, і ту́шчыцца ‘засмучацца ў час наступлення хваробы’ (гор., Мат. Маг.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

куды́, прысл.

1. пытальнае. У якім напрамку?, у якое месца? — Куды, дзядзька, ідзеш? — спытаў яго вартавы салдат. Якімовіч. — А цяпер куды? — спытала Святланка. — Дзе тое метро? Васілёнак. // У пытальна-клічных сказах, калі імкнуцца спыніць каго‑н. — Куды лезеш? Назад!

2. пытальнае. Разм. На што?, для якой мэты? Куды столькі грошай патрацілі?

3. неазначальнае. Разм. У якое-небудзь месца, куды-небудзь. — Дзе хлопцы? — Пайшлі ў кіно, а можа яшчэ куды падаліся.

4. адноснае. Ужываецца ў якасці злучніка: а) у даданых сказах месца (часам з суадноснымі словамі «туды», «там» у галоўным сказе). Святлела неба, і недзе там, куды бег паравоз, разгараўся ўжо новы дзень. Асіпенка. Куды вецер вее, туды галлё гнецца. З нар.; б) у даданых дапаўняльных сказах (часам з суадносным словам «тое» ў галоўным сказе). — Хто ведае, куды вядзе вось гэта шэрая вузкая дарога? Галавач; в) у даданых азначальных сказах. Усе чамусьці павярнулі галовы ў той бок, куды накіраваўся Грышка. Чарот; г) у даданым уступальным сказе ў спалучэнні з часціцамі «ні», «б ні». [Пытляваны:] А мяне куды ні пастаў, дык я ўсюды харош. Крапіва.

5. у знач. часціцы. Разм. У спалучэнні з вышэйшай ступенню прыметнікаў і прыслоўяў абазначае: значна, намнога. Гэта кніга куды цікавейшая за тую. □ — Гляджу я на нашу моладзь, і сэрца радуецца, — кажа ён. — Такія ўмовы для яе ўсюды створаны. Нам было куды цяжэй... «Звязда».

6. у знач. часціцы. Ужываецца пры пярэчанні або пры ўнясенні паправак да сваіх слоў (звычайна з паўтарэннем слова, якое аспрэчваецца). — Паедзеш у горад? — Куды там у горад! Працаваць трэба. // З давальным склонам асабовага займенніка і звычайна з інфінітывам ужываецца для вырашэння немагчымасці чаго‑н. Куды вам да яго! □ — Ай-ёй, куды яму беднаму без нагі... — пачала маці, але Міхась перапыніў яе. Брыль. А яму, дзеду Лукашу, куды было цягнуцца пехатою за блізкі свет. Якімовіч.

•••

Куды вочы глядзяць гл. вока.

Куды груган касцей не занясе гл. груган.

Куды каторы гл. каторы.

Куды ні кінь вокам гл. кінуць.

Куды ногі нясуць гл. нага.

Куды папала гл. папасці.

Не ведаць, куды (дзе) дзецца (падзецца) гл. ведаць.

Хоць куды (у знач. вык.) — добры ва ўсіх адносінах, да ўсяго прыгодны. Гэта ж не дом, а звон. Ды і астатнія пабудовы — хоць куды. М. Ткачоў.

Хто куды гл. хто.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паспрача́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

1. Уступіць у спрэчку з кім‑н. Злосць следчага выклікала ў Сяргея не страх, а жаданне паспрачацца і даказаць сваё. Машара. [Лемяшэвічу] прыемна было пабыць некалькі гадзін у прыгожых утульных пакоях з мяккай мэбляй, з’есці смачны дамашні абед, выпіць чаю, пагутарыць і нават паспрачацца з гаспадаром. Шамякін. // Пабіцца аб заклад. Проста паспрачаўся [Андрэй] з хлопцамі, што з’есць камяк снегу і нічога яму не будзе. Васілевіч. Яшчэ ў дарозе Том паспрачаўся, што зводзіць усіх у Мурманску ў кіно, і яны сядуць там побач з рускімі. Шамякін. // Пасварыцца, палаяцца. [Галя:] — Чаму не прывёў яго [Змітрака]. — А-ат, — зморшчыўся Іван. — Між намі прабегла чорная кошка. Што, не верыш? Учора былі памірыліся, ды сёння зноў паспрачаліся. Ваданосаў.

2. Спрачацца некаторы час. Пакуль яшчэ трохі паспрачаліся пасля галасавання, пакуль усе разышліся, на вуліцы сцямнела. Кулакоўскі. Прапанова сустрэць новы год разам — спадабалася [хлопцам і дзяўчатам].. Крыху паспрачаўшыся, вырашылі: дзе большы пакой, там і быць вечару. Шахавец.

3. перан. Пазмагацца, паспаборнічаць з кім‑, чым‑н. Вось побач з поездам ляціць варона, нібы ёй хочацца паспрачацца ў быстрыні з ім. Колас. Ты крычыш, мора, а я Не магу паспрачацца з табою, Ты завеш, мора, а я Тваіх даляглядаў баюся. Кірэенка. І кожны, хто бачыў Клумава, верыў: такі чалавек можа паспрачацца са смерцю. Новікаў. // Зраўняцца, стаць нароўні з кім‑, чым‑н. Па мяккасці гумару, па зайздросным пачуцці мастацкай меры, уменні дасканала стварыць вобраз .. песня можа паспрачацца і з лепшымі паэтычнымі ўзорамі фальклору. Ліс.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыла́дзіць, ‑ладжу, ‑ладзіш, ‑ладзіць; зак.

1. што. Прымацаваць, прырабіць што‑н. да чаго‑н.; прыбудаваць. Прыладзіць аглоблі да саней. □ Габрыня падышла да музычнай скрыначкі, выбрала металічны кружок, прыладзіла яго да скрыначкі, завяла і пусціла. Колас. — Калі будзеш дома жыць, дык хоць сенцы якія прыладзім з дошчак ці другое што... Цесна... Галавач. // каго-што. Пакласці, размясціць што‑н. дзе‑н. звычайна зручна, ёмка. Гаспадыня сама выбрала ўсё найлепшае, навязала ў настольнік даволі вялікі вузел, прыладзіла яго сабе на плечы. Шамякін. Вулей прыладзілі на козлы, у ногі палажылі пляскаты камень. Колас. Таццяна прыладзіла свае начоўкі і ўзялася за бялізну. Зарэцкі.

2. што. Зрабіць прыгодным для выкарыстання ў якіх‑н. мэтах. Я пачысціў рыбу, а стары прыладзіў сошкі і падвесіў над агнём кацялок. Ляўданскі. Дома [Патапчык] сапраўды прыладзіў прэнт на завалу ў конскі хлеў, і гэта яму спадабалася. Чарнышэвіч. // Падрыхтаваць. [Лявон:] Вы тут пасядзіце, а я пайду і мігам прыладжу ўсё к дарозе. Купала.

3. што. Зрабіць адпаведным па памерах, падагнаць. Жанчыны прымералі, падправілі, прыладзілі яго [адзенне]. Маўр.

4. перан.; каго. Разм. Уладзіць каго‑н. на якое‑н. месца, на якую‑н. пасаду. Працуючы на заводзе, прыладзіў туды і сына, але цераз тры гады, навучыўшы сына рамяслу, пастаяў, каб падаўся сын у студэнты. Галавач. «Куды б яго прыладзіць, у ездавыя — там таксама патрэбна паваротлівасць, а больш, куды можна перавесці ва ўзводзе?» Мележ. Старэйшы сын Белавуса.. забраў брата Аляксея ў Пецярбург і недзе там прыладзіў у афіцэрскую школу. Скрыпка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Сту́калка ‘гульня ў пераганкі’ (гродз., Нар. словатв.). Да стукаць ‘стукаць’, тут ‘адзначаць сваё першынства стуканнем’: хто жывей прыбяжыць, прыстукаецца (Нар. словатв.). Параўн. засту́каць ‘застаць на месцы’, сінонім закава́ць ‘дакрануцца да гульца ці да “кону” рукой пры гульні ў жмуркі, хованкі і інш.’ (там жа). Відаць, не звязана непасрэдна з сту́каўка ‘адзін з відаў азартнай гульні ў карты’ (ТСБМ), а таксама з рус. сту́калка, польск. stukałka ‘тс’, што, паводле Трубачова (Труды, 1, 797), з’яўляецца калькай ням. Pochspiel ‘тс’, ад pochen ‘стукаць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)