сцягну́ць, сцягну́, сця́гнеш, сця́гне; сцягні́; сця́гнуты; зак.

1. каго-што. Цягнучы, зняць каго-, што-н. адкуль-н.

С. коўдру з ложка.

С. боты з ног.

2. каго-што. Цягнучы, перамясціць у другое месца.

С. валун з дарогі.

3. што. Звалачы ў адно месца (пра многае).

С. жэрдзе ў кучу.

4. каго-што. Сабраць, сканцэнтраваць у адным месцы.

С. атрады да лесу.

5. што. Нацягваючы, зблізіць, злучыць канцы чаго-н.

С. канцы лука.

6. што. Знесці што-н. далёка.

Дзеці сцягнулі кудысьці граблі.

7. каго-што. Украсці (разм.).

С. кнігу ў суседа.

Ваўкі сцягнулі авечку.

8. каго-што. Туга перавязаць, сціскаючы што-н.

С. шнуроўку. С. паскам сукенку.

9. (1 і 2 ас. не ўжыв.), каго-што. Пра сутаргу: звесці, скурчыць (разм., безас.).

Сутаргай сцягнула нагу.

10. часцей безас., што. Пачаць зацвердзяваць.

На дварэ мароз, гразь сцягнула.

11. безас., што. Пра ваду: зменшыцца.

Пасля паводкі ваду сцягнула.

|| незак. сця́гваць, -аю, -аеш, -ае (да 1—5, 8 і 9 знач.).

|| наз. сця́гванне, -я, н. (да 1—5 і 8 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

зберагчы́, ‑рагу, ‑ражэш, ‑ражэ; ‑ражом, ‑ражаце; пр. збярог, зберагла, ‑ло; зак., каго-што.

1. Захаваць ад псавання, знішчэння, знікнення і пад. — Ты скажаш камісару, што я сцяг зберагу да прыходу нашых. Гурскі. — Дакументы зберагчы не ўдалося, знішчылі, — уторыў бас. М. Ткачоў. // Не страціць чаго‑н., захаваць (пра стан, пачуцці і пад.). Зберагчы здароўе. □ Лена абяцала зберагчы тое каханне, зберагчы сваю маладосць і дзявочую вернасць. Ваданосаў. // Утрымаць, захаваць (у памяці, у сэрцы). Зберагчы ўспамін. □ Памяць старанна захавае .. [прыгоды] на ўсё жыццё, зберажэ навек. Грамовіч. Пры панах у цямноце жыла ты, Галадала і мерзла ў замець. І жыцця майго першую дату Не змагла зберагчы твая памяць. Арочка.

2. Уберагчы, засцерагчы ад небяспекі, непрыемнасці, смерці. Я знайшоў падкову пад кустом На лясной сцяжынцы выпадкова. Кажуць: да сцяны прыб’еш — і дом Ад няшчасця зберажэ падкова. Непачаловіч. Ноч, густая, як сажа, Зберажэ іх ад куль. Глебка.

3. Ашчадна расходуючы, сабраць, сэканоміць. Зберагчы трохі грошай.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

згарну́ць, згарну, згорнеш, згорне; зак., каго-што.

1. Скласці, скруціць што‑н., загінаючы краі. [Жанчына] згарнула хустку, у якую было загорнута дзіця, і, узяўшы яе, як бяруць дзяцей, хутка пайшла па дарозе назад. Шамякін. Сяброўкі згарнулі ватнік у скрутак і параілі аднесці яго ціхенька дамоў. Машара. // Загарнуць, закрыць. Згарнуць газету. □ Аліна згарнула кніжку. Кулакоўскі.

2. Разм. Зрабіць што‑н. скручваннем. [Якаў] выняў партабак, згарнуў папяросу і падаў партабак брату. Чарнышэвіч. Многія падаюць Стрыжаку капшукі з тытунём, але той паказвае, што сам згарнуць не можа — рукі звязаны. Вітка.

3. Зграбаючы, сабраць у адно месца. Згарнуць збожжа ў кучу. □ Адразу ж захліпнуўся і сціхнуў гармонік, гулякі згарнулі ў кучу сваё даміно, заціх гоман. Краўчанка.

4. перан. Паменшыць, скараціць (у колькасці, памерах, працягласці і пад.). Згарнуць будаўніцтва. // Часова скараціць або спыніць дзейнасць чаго‑н. Згарнуць прадпрыемства.

5. Склаўшы, надаць якое‑н. становішча (рукам). Ксавэр згарнуў рукі і стаў над Адамам. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пазбіра́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Сабраць, сканцэнтраваць у адным месцы ўсіх, многіх або ўсё, многае. [Рыль:] — Людзі, дзядзька Рыгор, ёсць. Пазбіраць іх толькі трэба ды на добрую дарогу паставіць ды даць ім добрага камандзіра. Колас.

2. Падабраць, падняць усё тое, што ўпала, рассыпалася і пад. [Фаня:] — Трэба гэты гарох пазбіраць, а то тут можна ўпасці. Чорны. // Падабраўшы, скласці ў адно месца ўсё, многае. [Маці] схадзіла на гарод, пазбірала ў адну кучу альховыя тычкі, якімі падпірала ўлетку фасолю. Чыгрынаў. І калі хлопцы пазбіралі ды спалілі ўсё бліжэйшае галлё, тады толькі яны наваліліся на зямлю і паснулі. Маўр.

3. Скласці, саставіць з розных частак многа чаго‑н. Пазбіраць станкі.

4. Размясціць у выглядзе складак, зборак што‑н. або ўсё, многае. Пазбіраць складкі на сукенцы.

5. і чаго. Збіраць што‑н. на працягу нейкага часу. Пасля трэцяга ўрока ўся школа пайшла на высокі бераг пацешыцца з прыгажосці яснага дня, пазбіраць грыбоў. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сбить сов., в разн. знач. збіць, мног. пазбіва́ць; (скопить) прост. сабра́ць;

сбить с то́лку збіць (пазбіва́ць) з то́лку (панталы́ку);

сбить це́ну збіць цану́;

сбить спесь с кого́-л. збіць фанабэ́рыю (пы́ху) з каго́е́будзь;

сбить с ног збіць (пазбіва́ць) з ног;

сбить проти́вника с пози́ций воен. збіць праці́ўніка з пазі́цый;

сбить каблуки́ збіць (пазбіва́ць) абца́сы;

сбить ма́сло збіць ма́сла;

сбить до́ски збіць (пазбіва́ць) до́шкі;

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

зве́сці, звяду́, звядзе́ш, звядзе́; звядзём, зведзяце́, звяду́ць; звёў, звяла́, -ло́; звядзі́; зве́дзены; зак.

1. каго (што). Ведучы, спусціць зверху ўніз.

З. дзіця з лесвіцы.

2. каго-што. Перавесці, адвесці на другое месца, убок.

З. карову з дарогі.

З. сур’ёзную размову на жарт (перан.).

3. што. Знішчыць, перавесці; зрасходаваць (звычайна без карысці).

З. тараканаў.

З. многа лесу (высечы).

4. што. Наблізіць адно да другога, ссунуць, злучыць.

З. бровы.

5. каго (што). Сабраць у адно месца, дапамагчы або прымусіць сустрэцца ці сысціся з кім-н.

З. дзяцей у зал. З. знаёмых.

6. каго-што ў што. Злучыць у якое-н. новае цэлае.

З. даныя ў табліцу.

7. каго (што). Нацкаваўшы аднаго на другога, прымусіць пабіцца, пакусацца.

З. сабак.

З. спрачальнікаў (перан.).

8. што да чаго або на што. Давесці да чаго-н. нязначнага, малога, нескладанага.

З. выдаткі да мінімуму.

9. (1 і 2 ас. не ўжыв.), каго-што. Сагнуць, сцягнуць, скурчыць.

Сутарга звяла нагу.

Звесці са свету — загубіць, знішчыць.

Звесці ў рожкі (разм.) — пасварыць каго-н. з кім-н.; стукнуць ілбамі.

|| незак. зво́дзіць, -джу, -дзіш, -дзіць.

|| наз. звядзе́нне, -я, н. (да 1, 2, 4—9 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

лі́чба, ‑ы, ж.

1. Знак для абазначэння ліку. Арабскія лічбы (1, 2, 3 і г. д.). Рымскія лічбы (I, II, III і г. д.). □ Не ведаючы ніводнай літары, ніводнай лічбы, .. [Гінка] памятала ўсіх сваіх даўжнікоў. Корбан. Малая і большая стрэлкі насценнага гадзінніка сышліся там, дзе напісана лічба «11». Брыль.

2. Разм. Сума, лік. [Сакратар райкома:] — Для вашага калгаса, таварыш Бягун, такая лічба роўна кулю. Сергіевіч. Я спачатку падумаў, што не зразумеў абвешчанай мне лічбы і папрасіў напісаць яе на паперы. Лынькоў. // Паказчык чаго‑н., выражаны ў лічбах; разлік, падлік. [Паходня:] — Ты б усё аддаў, каб у зводцы стаяла самая высокая лічба выпрацоўкі на трактар. А ўсё астатняе, па-твойму, дробязь... Хадкевіч. — Яе сто пудоў махоркі вы можаце сабраць з гектара, а самае малое — чатырыста. І вось гэтую лічбу мы занясём у план. Кулакоўскі.

•••

Астранамічныя лічбы — пра вельмі вялікія лічбавыя велічыні.

Кантрольныя лічбы — лічбавыя колькасныя паказчыкі, якія ўстанаўліваюцца на пэўны тэрмін пры планаванні народнай гаспадаркі.

Круглыя лічбы — лічбы без дробавых адзінак; акругленыя лічбы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абабра́ць, абяру, абярэш, абярэ; абяром, абераце; заг. абяры; зак., каго-што.

1. Зняць плады з дрэва, куста і пад. Абабраць яблыкі. Абабраць маліны. // Вызваліць ад пладоў. Абабраць яблыню. Абабраць сад. // Пазнімаць рукамі што‑н. з чаго‑н. Моніч, адабраў з плашча салому, што начаплялася ў брычцы. Бажко. // Сабраць што‑н., беручы жменямі, зграбаючы ў што‑н. Абабраць муку з пода. Абабраць рой у раёўню.

2. Абакрасці, абрабаваць каго‑н. ці абабраць што‑н. ашуканствам, пазабіраць што‑н. у каго‑н. [Андрэй:] — Паны вязуць нарабаванае дабро... Сялян нашых абабралі... Чарот.

3. Разм. Пасля пошукаў спыніцца на чым‑н., выбраць каго‑, што‑н. Абабраць месца для маёркі. Абабраць спосаб жыцця. □ З паклонам і павагай [жаніхі] будуць прыязджаць у яе [Эльзы] маёнтак, і яна абярэ сабе самага знатнага і прыгожага. Шчарбатаў.

4. Абрэзаць, зняць лушпінне з чаго‑н. Абабраць бульбіну. Абабраць апельсін.

•••

(Абабраць) да ніткі гл. нітка.

Абабраць як ліпку — тое, што і абадраць як ліпку (гл. абадраць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́рваць 1, ‑рву, ‑рвеш, ‑рве; зак., што.

1. Выцягнуць, дастаць што‑н. рыўком; высмыкнуць. Вырваць пустазелле. Вырваць цвік. Вырваць зуб. □ Убачыўшы Алеся, Зіна спынілася, вырвала з Сямёнавай рукі далонь. Шыцік. // Выдраць, адарваць. Вырваць ліст з сшытка. // Выхапіць што‑н. у каго‑н. Вара.. усхапілася, падскочыла да Рыгоркі, вывала аловак і шпурнула далёка на сметнік. Дуброўскі. // перан. Разм. Вызваліць, выратаваць. Вырваць з няволі. Вырваць з палону. □ [Нэлі] верыла, што Білі не забыў пра яе, што ён вырве яе з гэтага пекла, што яны яшчэ знойдуць шчасце. Гамолка.

2. перан. Дабіцца чаго‑н. сілай, прымусам; Зрабіць што‑н. настойлівымі намаганнямі. Вырваць прызнанне. □ Ад арыштаванай за ўвесь час не вырвалі ніводнага слова. Якімовіч. [Яраш:] — Вырвалі мы.. [Зосі] кватэру, купілі мэблю, прывезлі яе з бальніцы. Шамякін.

3. Рвучы з коранем, сабраць ураджай чаго‑н. Вырваць лён, буракі.

•••

Вырваць з горла (з зубоў) — груба, нахабна дамагчыся чаго‑н.

Вырваць з коранем — зусім, канчаткова пазбавіцца ад чаго‑н.

Вырваць з мясам — адарваць з кавалкам тканіны (пра гузік і пад.).

Вырваць з сэрца каго-што — прымусіць сябе забыць каго‑, што‑н., перастаць кахаць каго‑н.

вы́рваць 2, ‑рве; безас., зак.

Званітаваць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скі́даць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

1. Скінуць што‑н. з чаго‑н. у некалькі прыёмаў. Скідаць дровы з воза.

2. Кідаючы, сабраць што‑н. у адно месца. Скідаць каменне ў кучу. □ Зрэзалі .. [сасну] з пня, ацерабілі. Не прыбралі ні верху, ні сукоў — не скідалі ў кучу. А летам тады — пажар... Пташнікаў. [Міхась] узяў рукзак, скідаў туды свае пажыткі, падхапіў на плечы і падаўся ў хмызняк. Ваданосаў.

3. Кідаючы ў адно месца (сена, салому), скласці стог. На Доўгім грудзе расце добрая дзяцеліна, дзікі гарошак. Калі лясгас дазволіць, яны, хлопцы, скосяць гэтую траву і скідаюць там стажок. Паслядовіч.

4. Разм. Зрабіць сяк-так якую‑н. будыніну. Папрацаваўшы гэтак усё лета, Ільюк пад зіму скідаў сабе хатку. Лобан. Асталася .. [Грасыльда] адна. Хату ёй скідалі сяк-так талакой. Пташнікаў. [Анішчук:] Трэба гумно якое скідаць, а то жыта няма дзе складаць... Гурскі.

5. Разм. Сшыць што‑н. на скорую руку. Я таксама маю світку. Маці скідала мне яе з бацькавай старой, і выйшла яна, як новая. Баранавых.

скіда́ць, а́ю, ‑а́еш, ‑а́е.

Незак. да скінуць.

•••

(Аж) з ног скідае (валіць) — пра вецер, буру і пад., што не даюць магчымасці ісці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)