МАЛ (паводле інш. крыніц, Ніскін, Ніскіня — маларослы чалавек; ? — 946),
князь драўлян у 1-й пал. 10 ст. Паводле «Аповесці мінулых гадоў», узначаліў паўстанне жыхароў г. Іскорасцень супраць спробы вял. кіеўскага князя Ігара паўторна сабраць даніну, у час якога Ігара забілі (945). Драўляне няўдала спрабавалі ажаніць М. з удавой Ігара кн.Вольгай. У 946 войска Вольгі захапіла Іскорасцень, М. паводле яе загаду пакараны смерцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЕ НАВУКО́ВАЕ ТАВАРЫ́СТВА (БНТ). Існавала з чэрв. 1942 да канца 1943 у Мінску. Створана ням.-фаш.акупац. ўладамі з дапамогай калабарацыяністаў. У склад прэзідыума БНТ уваходзілі І.Ермачэнка
(старшыня),
В.Іваноўскі, Ф.Юрда (намеснікі), Г.Касяк (вучоны сакратар), члены т-ва А.Адамовіч, П.Свірыд і інш.; «ганаровы прэзідэнт» — ген. камісар Беларусі В.Кубэ. Т-ва мела на мэце сабраць усе навук. кадры, што па розных прычынах апынуліся на акупіраванай тэрыторыі, і прымусіць іх працаваць на акупантаў. Аднак на працягу года дзейнасць БНТ плёну не дала. У чэрв. 1943 зноў абвешчана аб адкрыцці т-ва. Яго прэзідэнтам стаў Іваноўскі, намеснікамі — Лыноўскі і Масевіч. Ад бел. вучоных, якіх пад пагрозай рэпрэсій гітлераўцы сагналі на ўстаноўчы сход т-ва, патрабавалася распрацоўваць навук. тэмы, зыходзячы з задач ваен. часу. Перастала існаваць у выніку байкоту і супраціўлення вучоных.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УФІ́МСКАЯ ДЫРЭКТО́РЫЯ, Часовы ўсерасійскі ўрад,
антыбальшавіцкі орган улады ў Расіі ў 1918 у час грамадз. вайны і ваен. інтэрвенцыі. Створана 23.9.1918 у падкантрольным чэхаславацкім (гл.Чэхаславацкага корпуса мяцеж 1918) і белагвардзейскім войскам г. Уфа т.зв. Дзярж. нарадай (прадстаўнікі Камітэта членаў Устаноўчага сходу, Часовага сібірскага ўрада і інш. рэгіянальных урадаў); у кастр. 1918 пад націскам Чырв. Арміі пераехала ў г. Омск. Старшыня — правы эсэр М.Дз.Аўксенцьеў. У.д. спрабавала арганізаваць узбр. барацьбу супраць бальшавікоў і ўстанавіць сваю ўладу на тэр. Урала і Сібіры, планавала ў лют. 1919 зноў сабраць выбраны ў 1917 і разагнаны бальшавікамі Устаноўчы сход. 18.11.1918 адм. А.В.Калчак з дапамогай манархічна настроеных вайскоўцаў скінуў У.д. і абвясціў сябе вярх. правіцелем Расіі.
Літ.:
Гармиза В.В. Крушение эсеровских правительств. М., 1970;
Ларьков Н.С. Начало гражданской войны в Сибири: Армия и борьба за власть. Томск, 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАМО́НТ (франц. remonte ад remonter паправіць, папоўніць, зноў сабраць),
сукупнасць тэхніка-эканам. і арганізац. мерапрыемстваў, звязаных з падтрыманнем і частковым або поўным аднаўленнем спажывецкай вартасціасн. фондаў (сродкаў вытв-сці) ці прадметаў асабістага карыстання. Бывае бягучы, сярэдні і капітальны.
Р. тэхн. аб’ектаў (канструкцый, машын, вырабаў) робяць з мэтай аднаўлення іх спраўнасці і работаздольнасці. Бягучы Р. праводзяць пры неабходнасці ліквідацыі адказаў і няспраўнасці абсталявання. Уключае ліквідацыю дробных пашкоджанняў заменай або аднаўленнем асобных вузлоў і дэталей, рэгуліровачныя работы. Сярэдні Р. вядуць для аднаўлення зрасходаванага рэсурсу машын, абсталявання. Уключае частковую разборку прыстасавання, устараненне выяўленых дэфектаў, капітальны Р. асобных частак. Капітальны Р. прадугледжвае поўную разборку і дэфектацыю агрэгатаў, машын, абсталявання, замену або аднаўленне ўсіх зношаных дэталей, вузлоў і механізмаў, іх зборку, комплексную праверку, рэгуліроўку і выпрабаванне. Р. бягучы звычайна выконвае абслуговы персанал, сярэдні і капітальны — спецыялізаваныя службы і прадпрыемствы; асабістыя прадметы рамантуюць пераважна службы быт. абслугоўвання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЭЛЮ́СКІНЦЫ,
удзельнікі палярнай экспедыцыі на параходзе «Чэлюскін». Мэта экспедыцыі — прайсці Паўночным марскім шляхам за адну навігацыю на неледакольным судне, даставіць зімоўшчыкаў і грузы на в-аў Урангеля, сабрацьнавук. звесткі пра палярныя моры. «Чэлюскін» (пабудаваны ў Даніі ў 1933, водазмяшчэнне 7500 т, названы імем С.І.Чэлюскіна) выйшаў у рэйс 8.8.1933 з Мурманска ва Уладзівасток. У Берынгавым праліве судна было зацёрта льдамі, штормам вынесена ў Чукоцкае мора і 13.2.1934 расціснута вялізным ледзяным валам. Параход затануў за 100 км ад берага. У суровых умовах арктычнай зімы 104 удзельнікі экспедыцыі (начальнік О.Ю.Шміт, капітан судна У.І.Варонін) высадзіліся на дрэйфуючую льдзіну і праз 2 месяцы на самалётах былі вывезены на мыс Ванкарэм на ПнЗ Чукоцкага п-ва. У аперацыі выратавання, што працягвалася з 5 сак. па 13 крас. 1934, прымалі ўдзел лётчыкі М.В.Вадап’янаў, І.В.Даронін, М.П.Каманін, С.А.Леванеўскі, А.В.Ляпідзеўскі, В.С.Молакаў, М.Т.Сляпнёў, якія першымі ў СССР атрымалі званне Героя Сав. Саюза. Усе чэлюскінцы ўзнагароджаны ордэнам Чырв. Зоркі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРЫБУНА́Л СКАРБО́ВЫ,
адм. і судовая ўстанова ў ВКЛ, якая кантралявала даходы і выдаткі дзярж. скарбу, разглядала справы аб нявыплаце падаткаў дзяржаве. Бярэ пачатак ад утворанай на сойме 1591 скарбовай камісіі ВКЛ, у склад якой увайшоў вял. падскарбі, 4 сенатары і прадстаўнікі ад кожнага ваяводства. Пераемніцай камісіі стала створаная ў 1598 дэпутацыя сенатараў і соймавых паслоў, якая павінна была рэвізаваць скарб ВКЛ пачынаючы з 1591. Сойм 1613 у Вільні стварыў з тымі ж функцыямі Т.с., якому было даручана сабраць даўгі ў скарб ВКЛ з правам судзіць даўжнікоў па справах з 1609. У склад Т.с. ўвайшлі падскарбі, 6 сенатараў і прадстаўнікі ад ваяводстваў. У часы праўлення Жыгімонта III Т.с. склікаўся ў 1613, 1621, 1626, 1629 (двойчы) і 1631, у часы Уладзіслава IV — у 1633, 1635 і 1647. Засядаў Т.с. ў Вільні, у яго рабоце прымалі ўдзел і прадстаўнікі войска. Т.с. разглядаў суд. справы, што датычылі войска, скаргі цывільных на вайскоўцаў і наадварот, ажыццяўляў канфіскацыю тавараў і інш. Войска давала справаздачу па сваіх грашовых даходах і выдатках. У 1726 пастановай Гродзенскага сойма частка функцый Т.с. перададзена Трыбуналу Вялікага княства Літоўскага. Т.с. скасаваны ў 1764 з утварэннем Камісіі скарбовай ВКЛ.
Літ.:
Filipczak-Kocur A. Skarb litewski za pierwszych dwu Wazów, 1587—1648. Wrocław, 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЯ́ВА,
афіцыйнае паведамленне ў вуснай форме; пісьмовая просьба аб чым-небудзь. З. могуць падаваць як фіз., так і юрыд. асобы. Пісьмовая заява, пададзеная з захаваннем пэўных правіл справаводства, набывае сілу афіц. дакумента і падлягае разгляду ў вызначаныя заканадаўствам тэрміны. Вядомы З. і ў міжнар. праве ад імя дзяржаў і іх паўнамоцных прадстаўнікоў.
«ЗАЯ́ВА 32-х»,
даклад, накіраваны 1.2.1921 у Цэнтр. Бюро КП(б)Б 32 беларусамі-камуністамі [С.Г.Булат, П.В.Ільючонак, Я.П.Каранеўскі, А.С.Кудзелька, М.С.Кудзелька (М.Чарот), і інш.]. Быў спробай выпрацаваць праграму адраджэння Беларусі ва ўмовах пераходу ад грамадз. вайны да мірнага развіцця, улічваючы захоп Польшчай Зах. Беларусі, прапаноўвалася сабрацьбел. землі ў межах адзінага вытв.-гасп. і этнагр. арганізма і перадаць БССР тэрыторыі, якія засталіся ў складзе РСФСР у час грамадзянскай вайны. Эканам. адносіны з Сав. Расіяй меркавалася будаваць на аснове адзінага гасп. плана, з улікам гіст. асаблівасцей, рэсурса-сыравіннага забеспячэння Беларусі. Значная частка даклада прысвечана нац.-культ. пытанням: развіццю нац. асветы, школы, кнігавыдавецтва, фарміраванню нац. кадраў, пашырэнню ўжывання бел. мовы. Адначасова з дакладам яго аўтары звярнуліся 14.1.1921 з дакладной запіскай у ЦК РКП(б). У 1930-я г. ў час кампаніі супраць т.зв. нацдэмаў «Заява 32-х» была пастаўлена ў віну яе аўтарам як «контррэвалюцыйны акт», «нацыянал-дэмакратычны катэхізіс», «платформа, спісаная ў эсэраўскай арганізацыі» і большасць з іх рэпрэсіравана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРЫВА́ННЕ ДЗЕЯСЛО́ВА,
лексіка-граматычная катэгорыя, якая паказвае на завершанасць або незавершанасць дзеяння.
У бел. і інш.слав. мовах вылучаюць 2 віды Т.дз.: незакончанае. якое выражае працягласць. паўтаральнасць дзеяння без указання на яго вынік або мяжу («жыву, жыў, буду жыць») і закончанае, якое абазначае абмежаванасць дзеяння ў часе — пачатак або канец, завершанасць дзеяння. адзін з момантаў яго працякання («пражыў, пражыву»). Дзеясловы незакончанага і закончанага трыванняў з аднолькавым лексічным значэннем утвараюць пары («вучыць — вывучыць», «жаць — зжаць»). Утварэнне трывальнай пары можа ісці двума шляхамі: перфектывацыяй (ад дзеяслова незакончанага трывання ўтвараецца дзеяслоў закончанага трывання) або імперфектывацыяй (ад дзеяслова закончанага трывання ўтвараецца дзеяслоў незакончанага трывання). Трывальныя пары дзеясловаў утвараюцца пераважна з дапамогай прыставак («вячэраць — павячэраць») і суфіксаў («натхніць — натхняць»), чаргавання гукаў у словах («збіраць — сабраць», змены месца націску («накіда́ць — накі́даць»), суплетывізму асноў («гаварыць — сказаць»). Большасць дзеясловаў бел. мовы парныя паводле трывання («рабіць — зрабіць», «спазняцца — спазніцца»). Есць дзеясловы, што маюць форму толькі аднаго трывання — незакончанага («залежаць», «паважаць») або закончанага («абнародаваць», «схамянуцца»). Такія дзеясловы не ўтвараюць трывальныя пары і называюцца няпарнымі або аднатрывальнымі. У некат. дзеясловах значэнне закончанага і незакончанага Т.дз. супадае ў адной форме («атакаваць», «сігналізаваць»). Такія дзеясловы лічацца двухтрывальнымі. З катэгорыяй трывання цесна звязана катэгорыя часу дзеяслова.
Літ.:
Сучасная беларуская літаратурная мова: Марфалогія. 2 выд.Мн., 1980;
Беларуская граматыка. Ч. 1. Мн., 1985;
Шуба П.П. Сучасная беларуская мова: Марфаналогія. Марфалогія. Мн., 1987;
Сучасная беларуская літаратурная мова: Марфалогія. Мн., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФРЭНЕ́ЛЯ ДЫФРА́КЦЫЯ,
дыфракцыя сферычнай светлавой хвалі на неаднароднасцях асяроддзя, напр., на адтуліне ў непразрыстым экране, на непразрыстым дыску. Названа імем А.Ж.Фрэнеля, які вывучаў гэты від дыфракцыі святла.
Для спрашчэння разлікаў дыфракцыйнай карціны светлавы сферычны фронт разбіваюць на кальцавыя зоны (зоны Фрэнеля) так, каб адлегласці ад краёў кожнай зоны да пункта назірання адрозніваліся на палавіну даўжыні хвалі святла. Амплітуда светлавой хвалі ад кожнай зоны павольна змяншаецца з павелічэннем нумара зоны, а фазы ваганняў, выкліканых суседнімі зонамі ў пункце назірання. процілеглыя. Паводле Гюйгенса—Фрэнеля прынцыпу хвалі, што прыйшлі ад суседніх зон у пункт назірання, узаемна аслабляюць адна адну. Калі закрыць цотныя (ці няцотныя) зоны Фрэнеля, то атрыманая сістэма (зонная пласцінка) працуе як збіральная лінза (значна павялічвае асветленасць у пункце назірання і можа даваць відарыс). Калі падобную сістэму сабраць з празрыстых кольцаў спец. формы. то атрымаецца лінза Фрэнеля, якая дае паралельны пучок святла. Выкарыстоўваецца на маяках, у сігнальных ліхтарах і інш.
Літ.:
Степанов Б.И. Введение в современную оптику: Основные представления оптической науки на пороге XX в. Мн., 1989. С. 109—142.
Да арт.Фрэнеля дыфракцыя. Падзел фронту сферычнай хвалі на зоны Фрэнеля; Q — кропкавая крыніца святла: S — фронт хвалі; O — вяршыня фронту; P — пункт назірання; чырвоным вылучаны цотныя зоны Фрэнеля. Адлегласці ад аднайменных краёў суседніх зон да пункта назірання адрозніваюцца на палавіну даўжыні хвалі.Да арт.Фрэнеля дыфракцыя: папярочнае сячэнне сферычнай лінзы Фрэнеля. SO — галоўная аптычная вось лінзы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЙНА́ РЭ́ЧЫ ПАСПАЛІ́ТАЙ З РАСІ́ЯЙ 1609—18,
вайна за вяртанне Смаленскай зямлі і за ўтварэнне федэрацыі Рэчы Паспалітай з Маскоўскай дзяржавай. У сувязі з няўстойлівым становішчам у Маскоўскай дзяржаве баярская апазіцыя, жадаючы пазбавіцца ад цара Васіля Шуйскага, патаемна прапанавала царскую карону каралевічу Уладзіславу, сыну караля польскага і вял.кн.ВКЛ Жыгімонта III Вазы. Узнік план далучыць Маскоўскую дзяржаву да Рэчы Паспалітай у якасці члена федэрацыі. Зачэпкай для пачатку вайны было ўвядзенне швед. корпуса на чале з Я.Дэлагардзі на тэр. Расіі для барацьбы з атрадамі Лжэдзмітрыя II. Паколькі Жыгімонт III быў у стане вайны са Швецыяй, то ўвядзенне швед. войск у Расію і яе саюз са Швецыяй разглядаўся як варожы акт. У вер. 1609 пачалася аблога Смаленска, але толькі 13.6.1611 горад быў узяты. 4.7.1610 войска С.Жулкеўскага (6,5 тыс.чал.) разбіла рус. войска каля Клушына і падышло да Масквы, дзе ў выніку перавароту цар Шуйскі быў скінуты, а царом абвешчаны Уладзіслаў. Баяры, жыхары Масквы і інш. гарадоў прынеслі яму прысягу. У вер. 1610 войска Рэчы Паспалітай заняло Маскву. 1-е рус. апалчэнне ўзяць Маскву не змагло. У 1612 2-е апалчэнне на чале з К.Мініным і Дз.Пажарскім вызваліла Маскву, у лют. 1613 Земскі сабор абраў царом 16-гадовага М.Ф.Раманава. У наступныя гады Жыгімонт III спрабаваў заваёўваць землі на У, але фінансавыя цяжкасці не дазволілі сабрацьвял. войска. У 1617—18 Уладзіслаў сам узначаліў паход на Маскву, але штурм горада вынікаў не даў. Паводле заключанага Дэулінскага перамір’я 1618 да ВКЛ адыходзілі смаленскія (за выключэннем Вязьмы), да Польск. каралеўства — ноўгарад-северскія і чарнігаўскія землі. Каралевіч Уладзіслаў захаваў тытул «цара маскоўскага і ўсяе Расіі».
А.П.Грыцкевіч.
Да арт. Вайна Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18. Аблога Смаленска беларуска-польскім войскам у 1610. Гравюра Г.Келера.