край 1, ‑ю, м.

1. Канечная лінія, якая абмяжоўвае якую‑н. паверхню, а таксама частка паверхні, што прылягае да гэтай лініі. Край стала. Край неба. □ Маша падышла, села на край ложка, палажыла руку на яго [Васілёву] галаву. Шамякін. Сымон Карызна выйшаў наперад, на самы край сцэны. Зарэцкі. / Пра канечную частку адзення, матэрыі і пад. Абрубіць краі хусцінкі. □ Даўгі бабчын андарак цягнуўся краем па падлозе. Мележ. // Самая аддаленая ад цэнтра частка чаго‑н.; ускраіна. Дом, дзе жыў Міхалка, стаяў на краі горада. Колас. Будынак урачэбнага ўчастка стаяў на краі вёскі. Шамякін. // Верхні абрэз сценак пасудзіны; верх якога‑н. паглыблення. Да самых краёў сырадой Запеніцца ў звонкай даёнцы. Аўрамчык. Калі [Зося] пачала піць, зубы дробна застукалі аб край шклянкі. Хомчанка.

2. Вобласць, мясцовасць, што вылучаюцца па якой‑н. характэрнай прымеце. Палескі край. Партызанскі край. Родны край. □ Паўночную частку Беларусі .. называюць краем блакітных азёр. В. Вольскі.

3. Буйная адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў СССР. Краснаярскі край, Прыморскі край.

•••

Пярэдні край — першая лінія размяшчэння агнявых пазіцый пяхоты ў раёне баявых дзеянняў.

Біць (ліцца) цераз край гл. біць.

З краю ў край; з краю да краю; ад краю да краю — па ўсіх напрамках, з канца ў канец.

Канца-краю не відаць (няма) гл. відаць.

Краем вока — мімаходам, вельмі кароткі час (бачыць каго‑, што‑н.).

Краем вуха — а) выпадкова, мімаходам (чуць пра каго‑, што‑н.); б) няўважліва, урыўкамі (слухаць каго‑н.).

Край свету — вельмі далёка.

Мая хата з краю гл. хата.

На краі гібелі (магілы) — у непасрэднай блізкасці са смяртэльнай небяспекай (быць, знаходзіцца і пад.).

На краі свету (зямлі) — дзе‑н. вельмі далёка.

На край свету — куды‑н. вельмі далёка, абы-куды (пайсці, пабегчы і пад.).

Непачаты край чаго — вельмі многа, без ліку. Непачаты край работы.

Хапіць цераз край гл. хапіць.

Цераз край — у вялікай колькасці, з лішкам. А хараства, а пекнаты — аж цераз самы край бывала. Дубоўка.

край 2, прыназ. з Р.

Разм. Каля, ускрай. Сядзець край стала.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

увабра́ць, убяру, убярэш, убярэ; убяром, убераце; пр. увабраў, ‑брала; зак., каго-што (пераважна ў пр. часе).

1. Паступова паглынуць (ваду, паветра і пад.); уцягнуць унутр; усмактаць. «Тут скрозь балоты, — пісаў нам Сяргей .. — Прыпяць не наспявае ўвабраць усю ваду». Хомчанка. [Алесь] уздыхнуў так, як быццам хацеў увабраць у сябе ўсё паветра, што было навокал. Броўка. [Камета] ўвабрала вельмі мала святла з навакольнае прасторы, але пры пэўнай спрактыкаванасці яе можна заўважыць простым вокам. Шыцік. // Падабраць, заправіць унутр чаго‑н. [Васіль] зашпіліў верхні гузік касавароткі і нават увабраў пад кепку непакорны віхорчык валасоў. Кулакоўскі. Доўгую белую кашулю [мужчына] увабраў у штаны і па штанах туга падперазаўся саматканым паяском. Галавач. // Уцягнуць, утуліць (шыю, галаву і пад.). Стаіць Рыгор Варанец у варотах .. Галаву ў каўнер увабраў. Крапіва. Волак увабраў шыю, адразу паменшаў і баязліва паглядзеў у вочы Блажэвічу. Няхай. Люся ўвабрала ў плечы галаву, сціснулася. Шашкоў. // Умясціць куды‑н. У клецях — тканіны ядвабныя, Футры, сувоіны кужалю... Усё, што пакоі прывабныя Сквапна ўвабраць не падужалі. Дзяргай. // перан. Успрыняць, засвоіць. Зямля бацькоў, Лагойшчына мая,.. На ўсё жыццё ўвабраў у сэрца я Тваіх кастроў і боек дым гаркавы. Гілевіч. Лабановіч увабраў у сябе погляды, думкі, настроі працоўнай сялянскай масы, з якой ён выйшаў. Казека. Музыка-сын спяваў на дзіва. У сваю душу ён увабраў І лісця подых палахлівы, І ціхі шэпт пушчанскіх траў. Кляўко.

2. Разм. З’есці ўсё без разбору, без астатку. [Зайцаў:] — Варэнікаў .. украінскіх з вішнямі я зараз бы цэлае вядро ўвабраў... Даніленка.

3. (са словамі «у сябе»). Уключыць у свой склад, аб’яднаць. Лясная брыгада ўвабрала ў сябе ўсіх людзей. Трэба было да вясны ссячы і прывесці ў парадак дзялянку. Ермаловіч.

4. што і за што. Разм. Моцна ўхапіць, схапіць што‑н. Увабраць кол. Увабраць за чуб.

5. Разм. Схапіць, захапіць. [Шабанок:] Дык от мы, утраіх, згаварыліся ўвабраць аднаго фашыста. Кучар. [Салдат:] — Нам, разведчыкам, і то рэдка ўвабраць удаецца такога важнецкага языка. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ша́пка, ‑і, ДМ ‑пцы; Р мн. ‑пак; ж.

1. Галаўны ўбор, звычайна цёплы і мяккі.

2. перан. Тое, што мае форму купала. Люблю я лес, адвечны бор, Дзе ўзносяць хвоі ўгору шапкі. Колас. Чым далей у лес, тым гусцей дрэвы, тым вышэй магутныя снегавыя шапкі. Лынькоў.

3. Верхняя, расшыраная частка чаго‑н., што мае стрыжань, ножку і пад. Толькі грыбы вылазяць, падымаючы на сваіх шапках пласт лясной прэлі. Чарнышэвіч. А грыбы сядзелі ціха, Так схаваўшыся ў мох, Што не толькі белых ног — Не відаць было і шапак. Глебка. // Верхняя круглая насенная частка сланечніку. Дзіўна. Адкуль у жыце мог з’явіцца сланечнік?! Ну так, сланечнік. Жоўтая шапка яго тоне ў налітых зернем каласах жыта. Дуброўскі. Не злазячы з сядла, Сяргей разгледзеў і малюнак: хлопчык і дзяўчынка палівалі сланечнік з вялікай залатой шапкай. Хомчанка.

4. перан.; чаго. Пра густыя, пышныя валасы. [Васіль] быў нават крыху вышэйшы за мяне, складны ў плячах, дужы ў руках, з пышнай шапкай светлых валасоў. Кавалёў.

5. Загаловак буйным шрыфтам, агульны для некалькіх артыкулаў у газеце, часопісе і пад. Усяго адразу не прачытаеш, таму пачаў праглядваць «шапкі» і ілюстрацыі. Кулакоўскі.

6. Верхні брус над дзвярамі, акном для мацавання іх. Вароты, як у людзей. Двайныя, з шапкай на шуллі, каб не пакрывіліся. Ермаловіч.

•••

Аж шапка паднялася на галаве — пра вялікі страх.

Аршын з шапкай гл. аршын.

Даць па шапцы гл. даць.

Закідаць шапкамі гл. закідаць.

Заламаць шапку гл. заламаць.

Зняць шапку гл. зняць.

Ламаць шапку гл. ламаць.

На злодзеі шапка гарыць — пра таго, хто міжвольна або выпадкова сам паказвае, выдае тое, што больш за ўсё хоча схаваць.

На разбор шапак гл. разбор.

Па Сеньку (і) шапка — варты не больш таго, што мае.

Спаць у шапку гл. спаць.

Шапка валіцца — вельмі высока. А ўгару зірнеш — Шапка валіцца. Колас.

Шапка-невідзімка — у казках — шапка, якая мае чарадзейную ўласцівасць рабіць нябачным таго, хто яе надзявае.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Сцягно́1 ’частка нагі ад клуба да калена’, ’бядровая частка тушы, кумпяк’ (ТСБМ, Шымк. Собр., Байк. і Некр., Касп., Бяльк., Растарг., Сцяшк., Сержп. Прымхі, ЛА, 3), сцягно́, сцягня́к ’тс’ (Сл. ПЗБ), сцягно́ ’мускул, мускульная частка рукі, нагі або жывата’ (Ласт.), ’мышца, мускул’ (брасл., Стан.), сцегно́, сцёгно́ ’нага вышэй калена разам з клубам’ (ТС), сцягня́к ’тс’ (Варл.), сцягні́к, сцягня́к ’тс’ (Мат. Гом.), стёгно ’шынка’ (лун., Шатал.), сцёгна ’шынкі лапаткі’ (Пятк. 1), стыгно́ ’бядро’ (Клім.), стыгня́к ’кумпяк’ (Сл. Брэс.), сцягно́, стʼогно́, стэгно́, сцʼегно́ ’свіная нага і кумпяк з яе’ (Вешт., ЛА, 4, Сл. Брэс.). Укр. стегно́ ’верхняя частка нагі’, рус. стегно́ ’бядро, ляжка’, старое польск. ścigno ’кумпяк’, ścięgno ’сухажылле’, в.-луж. sćehno, н.-луж. sćogno ’ляжка, кумпяк (у жывёл)’, чэш., славац. stehno, серб.-харв. сте́гно, славен. stégno ’сцягно’, ст.-слав. стегно, стьгно ’бядро’. Прасл. *stegno; першапачаткова, магчыма, *stьgno, на якое паўплываў дзеяслоў *stęgnǫti (Глухак, 583), гл. сцягнуць. Далей сувязі няпэўныя. Мікала (Ursl. gram., 2, 163) звязвае *stegno з лац. tīgnum ’брус; будаўнічы лес’, якое ўзнаўляецца як *tegnom і набліжаецца да стажар і роднасных, што прымаюць Фасмер (3, 751) і Шустар-Шэўц (2, 1271). Параўноўваюць з літ. steigara ’член, сустаў’, арм. ťekn ’плячо, верхняя частка рукі’, ст.-ірл. tóeb, tóib ’старана’, вал., карнуэлск., брэтонск. tu ’тс’, што Бязлай (3, 315) лічыць больш удалым семантычна, але недасканалым фанетычна. Гл. яшчэ Фасмер, там жа з аглядам літ-ры; Махэк₂, 576; ЕСУМ, 5, 405; Борысь (613) польск. ścięgno лічыць дэрыватам ад ściągać < ciągać ’цягаць’, якое было ўтворана па ўзору прасл. *stegno ’сухажылле’, параўн. балг. сте́гнат ’моцны, пругкі (пра мускулы)’ < сте́гна ’сцягнуць’.

*Сцягно́2, сцегно́, сцёгно́ ’верхняя або ніжняя палачка ў ніце’ (ТС), стегно́, стэгни́ца ’палавіна нічанкі, верхні або ніжні рад яе петляў’ (Уладз.), сюды ж, відаць, і ст.-бел. стьгнѣ мѣдне (“іх было толькі два”, XVI ст., Карскі 2–3, 334) з нявысветленым значэннем. Параўн. укр. дыял. стегно́ ’развора’ (Нікан., Трансп.), сте́гна ’бакавыя дошчачкі церніцы’. Да сцягнуць, відавочна, па функцыі (’што трымае ў расцягнутым або сцягнутым стане’).

Сцягно́3 ’старадаўняя страва, прыгатаваная з мукі і канаплянага малака’: u posnyja dni varyła sabie ściahnó (Варл.). Відаць, з дзягно ’ежа з канапель’ (гл.) з няяснай дэфармацыяй пачатку слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

садра́ць, здзяру, здзярэш, здзярэ; здзяром, здзераце; зак., што.

1. Адрываючы ад чаго‑н., аддзяліць, зняць (звычайна верхні слой чаго‑н.). Але ў галаве яго на скорую руку з’явілася новая думка: садраць з воўка скуру, покі ён не акачанеў — гэта будзе дзедаў трафей. Колас. Уладкаваўшыся, людзі распачалі работу. Рукамі садралі дзірван, адграблі пясок, і вось ужо сям-там забялелася крэйда. Штыхаў. // Разм. Скалупнуць прышч, больку. Садраць струп. // Разм. Пашкодзіць скуру, абдзерці. Садраць скуру на пальцы. // Счысціць, саскрэбці што‑н. з якой‑н. паверхні. На хаду, пакуль стружка не прыстыла да металу, Дывінец садраў яе жалезным кручком. Асіпенка.

2. Разм. Рэзкім рухам зняць што‑н. надзетае, прымацаванае і пад. Садраць боты з ног. Садраць шапку з галавы. Садраць аб’яву. Садраць абіўку з крэслаў. Садраць паганы. □ Нягучна буркаючы, ён садраў з Клімчанкі перапэцканы і пашкуматаны ў бойцы паўшубак. Быкаў. // Моцна дзьмучы, знесці з паверхні. Віхор страху садраў. / у безас. ужыв. Навальніцай дах садрала. / у перан. ужыв. Ранак быццам садраў покрыва з таго жыцця, да якога клікаў мяне Гаранька. Савіцкі.

3. Расціраючы на тарцы, здрабніць што‑н. Садраць бульбы на бліны. □ Адну бульбіну здзярэ [маці] на тарку, памыўшы толькі ад пяску, дабавіць да сухога стоўчанага лісця ад ліпы. Якая яшчэ зацірка выходзіла... Пташнікаў. // Здрабніць на тарцы ўсё дарэшты. Усю бульбу садралі.

4. Разм. У выніку доўгага карыстання зрабіць непрыгодным. Садраць венік нашчэнт.

5. Разм. Узяць непамерна вялікую плату за што‑н. Можна было падумаць, што пасля гэтага «заробку» бабка Анісся не здзярэ з нас па рублю за салёныя агуркі... Васілевіч. // Забраць шляхам вымагання. — Успомні, як ты [Варыла] пры панах распінаўся!.. Апошнюю кашулю хацеў садраць за розныя нядоімкі і штрафы. Бажко.

6. Разм. Спісаць жыўцом у каго‑н., выдаўшы за сваё. Садраць сачыненне. □ — Ну, я спішу ваш расклад, здзяру яго да літары... Дайце мне, калі ласка, паперы... Колас.

•••

Садраць магарыч — атрымаць хабар. Адсудзіць, нягоднік, дальбог жа адсудзіць і магарыч з пана Крукоўскага здзярэ. Бажко.

Садраць скуру (дзве, тры скуры) — тое, што і злупіць скуру (дзве, тры скуры) (гл. злупіць).

Садраць шкуру (дзве шкуры, сем шкур) з каго — тое, што і злупіць шкуру (дзве шкуры, сем шкур) (гл. злупіць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паро́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

1. Група свойскай жывёлы аднаго віду і агульнага паходжання, якая адрозніваецца ад іншых груп пэўнымі прыкметамі. Бельгійская парода коней. □ — Надышоў час укамплектаваць ферму авечкамі танкаруннай пароды. Стаховіч. Макарыха выцягнула з воза пеўня, развязала ногі і крылы, апусціла на зямлю. — Во, на развод прывезла, галанскай пароды. Асіпенка. // Разнавіднасць жывёл, якія сваімі асаблівасцямі ці агульнымі прыкметамі адрозніваюцца ад іншых жывёл. Парода сумчатых з’яўляецца адной з самых старадаўніх і яшчэ цяпер захавала некалькі відаў, да якіх належыць, напрыклад, вядомы аўстралійскі кенгуру. Маўр. // Разм. Пародзістасць. Ды пароды дужае Быў армейскі конь, Не сканаў асуджаны Куляю на скон. Куляшоў.

2. Разнавіднасць раслін. Дзесяткі парод дрэў, лісцяных і хвойных, разложыстых і вастраверхіх, то шарэнгамі, то купкамі спускаліся па схілах узгоркаў да рэчкі. Хадкевіч. // Сорт, гатунак раслін. Вывесці новую пароду вішань.

3. Разм. Катэгорыя людзей з якімі‑н. характэрнымі рысамі. Стары.. быў з пароды тых вясковых людзей, якія ніколі табе не пакажуцца адразу. Карпюк. Мы з пароды мужнай, працавітай, Гартавалі нас цяжкія бітвы. Панчанка. // Вонкавы выгляд, склад цела чалавека. Гэта быў мужчына вельмі мажны, высокі, з вялікімі рукамі, з буйнымі рысамі твару, непаваротлівы і, нават, здавалася, нясмелы, як гэта звычайна бывае ў людзей такой пароды. Скрыган.

4. Разм. Род, сям’я, радня. [Андрэй:] — Уся ваша парода корзунаўская такая. П. Ткачоў. Два маленькія худзенькія хлапчукі, зусім не падобныя на свайго асілка-бацьку. Толькі чорныя такія ж. «Штось цыганскае ў іх народзе», — гаварылі ў вёсцы. Шамякін.

5. Уст. Прыналежнасць да якой‑н. сацыяльнай групы; сацыяльнае паходжанне. Дваранская парода. □ [Сцяпан:] — Прыйдзе звод на кожнага, хто ў кулацкай народзе ходзіць. Лынькоў.

6. Мінерал або сукупнасць мінералаў, якія з’яўляюцца састаўной часткай зямной кары. Горкая парода. Цвёрдыя пароды. // Мінерал, які змяшчае ў сабе які‑н. больш каштоўны карысны выкапень.

7. О Бітумінозныя пароды — асадкавыя горныя пароды (пяскі, пясчанікі, вапнякі і інш.), у якіх ёсць прыродны бітум. Мацярынская пародаверхні слой горных парод, на якім пад уздзеяннем біялагічных і біяхімічных працэсаў, а таксама пад уплывам дзейнасці чалавека адбываецца ўтварэнне глебы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сце́рці, сатру, сатрэш, сатрэ; сатром, сатраце; пр. сцёр, сцерла; зак., што.

1. Тручы, зняць, счысціць што‑н. з паверхні; выцерці. Сцерці пыл са стала. □ Далонь лягла на халоднае шкло і сцерла лёгкую пару, што асела на ім. Савіцкі. Сцерці ржу з вінтоўкі .. не было чым. Кулакоўскі. Алесь скамянеў, а .. [Зіна] ўжо з-за брамкі весела крыкнула: — Не забудзьце памаду сцерці! Шыцік. // Сціраючы што‑н., зрабіць чыстым. Сцерла [Жэнька] стол, узяла ляльку Ганульку і выйшла з Петрыкам на руках на вуліцу. Крапіва. Галіна сцерла рукой лаву, прысела, паклала на стол сумачку, пасунула яе далей. Пташнікаў. // Выціраючы, саскрэбваючы, знішчыць (што‑н. напісанае, намаляванае і пад.). Дошка ў класе вісела на ранейшым месцы. З яе толькі сцерлі непрывычнае для нас рашэнне задачы па геаметрыі. Навуменка. Слоў на рэйхстагу не сцерці! Мы помнім пажар ягоны. Дарма пагражаюць смерцю Смертнікі хіжага Бона. Вялюгін. // перан. Знішчыць, згладзіць. Дзе ж вы, мае вясёлыя сябры? Як многа вас загінула дачасна .. Памяці аб вас З душы маёй ні выпаліць, ні сцерці. Глебка. Боль у сэрцы і час не сцёр. Стук у дзверы — маці павернецца. За жыццё — аддала б жыццё, Толькі сын хай дадому вернецца. Тармола.

2. Трэннем, дотыкам пашкодзіць скуру або верхні пласт чаго‑н. [Грэчка:] — Эх, усю нагу сцёр рубец. Мележ.

3. Тручы, раздрабніць, ператварыць у аднародную масу. Сцерці тытунь на парашок.

4. Трэннем апрацаваць (пра лён). Трэба было скарэй сцерці гэты лён, каб аслабаніць ток. Чарнышэвіч.

5. перан. Патраціць, змарнаваць без карысці час. Тады .. [Макар] і пайшоў за Ёсіпам, адбіўся ад калгаса, далей увайшло ў звычку туляцца. Гады сцёр, нічога не нажыўшы... Дуброўскі.

•••

Сцерці (змесці) з (твару) зямлі — вынішчыць, знішчыць. І Сцёпка яшчэ больш грозна блісне вачыма і зробіць намеры сцерці .. [Алёнку] з твару зямлі, пасля чаго імчыцца далей. Колас. Захопнікі прыйшлі ў маю краіну, Жадаючы з зямлі народ наш сцерці. Аўрамчык.

Сцерці на парашок — расправіцца з кім‑н. [Фашысты да абаронцаў крэпасці:] — Даём вам дванаццаць гадзін, — гучала над крэпасцю пагрозлівае папярэджання — Калі будзеце супраціўляцца, сатром усіх на парашок. Кухараў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Лісі́ца1, лісі́цы ’калодачка з дзіркамі, праз якія прадзяваюцца шнуркі ад панажоў’ (Жд. 1), ’ліштва з дзіркай, у якую ўстаўляецца жэрдка для адзення’ (ТС), ’планка, у якую ўстаўляецца верхні канец млёна’ (лід., Сл. ПЗБ), ’шпунт, тонкая планка паміж дошкамі дзвярэй’ (петрык., ельск., Нар. сл. і Сцяшк.; рас., Шатал.), ’палены з высечкамі пасярэдзіне, у якія ўшчэмліваюцца дошкі ці дзверы, калі іх клеяць ці калі ў іх заганяюць шпонкі’ (КЭС, лаг.), ’слупы з вінтамі, якімі выпрамляюць скрыўленую сцяну’ (жытк., Нар. сл.), ’прыстасаванне для сціскання бярвенняў у сцяне’ (вілен., Шн. 2; лях., Сл. ПЗБ; слуц., Нар. словатв.; стаўб., Жд. 2; Нас., Маш., Касп.), лун. ’бервяно, якім падпіраюць пахілены будынак’ (Шатал.), ’ціскі’ (чач., добр., Мат. Гом.), ’зажым, у якім што-небудзь заціскаецца пры дапамозе кліноў’ (Інстр. 2), ’металічная планка з паглыбленнем у верхнім камені жорнаў’ (шчуч., Сл. ПЗБ), ’ціскаўка, напаўрасшчэпленая дзеравіна’ (Некр.); ’жэрдка, якая злучае пярэднюю і заднюю восі воза або вузгалоўе воза’, ’папярэчына, якая звязвае жэрдкі плоту’ (Бломкв.), ’кіёк, адзін канец якога ўваткнуты ў дзірку навоя і не дае яму круціцца’ (в.-дзв., Шатал.); ’тоўстае палена, якое ўпоперак кладзецца на сані (падсанкі) для перавозкі бярвення’ (Бяльк., ТСБМ, Касп.; бялын., Янк. Мат.; в.-дзв., Шатал.), падпоры, якія ўжываюцца для паднімання драўляных збудаванняў’ (гродз., Шн. 2), ’папярочныя бэлькі, якімі прымацоўваюць вулей-калоду да дрэва’ (Маш.), ’цяжар, які прывязваецца ці прышрубоўваецца да канца пругла, каб лягчэй было выцягваць вядро з вадой са студні’ (Янк. 2); лісі́ца (або су́чка) ’дошчачка, што круціць валок кола калаўрота’ (КЭС, лаг.). Некаторыя з гэтых значэнняў маюць адпаведнікі ў іншых славянскіх мовах: укр. лисиці ’ціскі, шчамлёткі — для сціскання склееных дошак, для ўмацавання сцяны’, рус. лисица ’перакладзіна, якая злучае восі драбін’, ’бярвенні, якія ўмацоўваюць плыты’, ’сані’, польск. lisica, ст.-чэш. lisicě ’прэс’, славац. lisica ’капкан’, серб.-харв. лѝсица, славен. lisíca ’кайданы’, макед. лисица ’дзірка, у якой замацавана ярмо’, балг. лисица ’два загнутыя дручкі, якія злучаюць заднюю частку калёс з пярэдняй’. З прасл. lisica — ’ліса-самка’, пазней ’ліса наогул’, асобна ў слав. мовах ’розныя прыстасаванні, прадметы для сціскання’ — старая метафара (Слаўскі, 4, 279; Бязлай, 2, 144).

Лісі́ца2 ’жоўтая пляма на адзенні ад спалення’ (Нас.). Да ліса́вы (гл.). Утварылася ў выніку пераносу значэння паводле падабенства колеру.

Лісіца3, лісі́цы, лісі́чкі, лісі́цкі ’грыб лісічка, Cantarellus cibarius Fr.’ (ТСБМ, Бяльк., Касп., Сцяшк., Шат., Яруш., Янк. 2, Дэмб. I, ТС; уздз., Нар. словатв.; лельч., Мат. Гом.), шчуч. лісічык ’тс’ (З нар. сл.), лі́ска, лі́скі ’тс’ (пруж., уздз., Нар. словатв.; гарад. Сл. ПЗБ; светлаг., Мат. Гом.). Укр., рус. лисичка, чэш., славац. liška, славен. lisíčka ’тс’. Прасл. lisičьka метафара, перанос значэння ’ліс, ліса’ паводле колеру.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

пара́дак, ‑дку, м.

1. Правільная, наладжаная сістэма размяшчэння чаго‑н.; належны стан чаго‑н. Прывесці ў парадак кватэру. □ Ля хаты Кліма Мінчонка поўны парадак, тут не ўбачыш нічога лішняга, непатрэбнага. Кавалёў. [Вера і Канькоў] абышлі кашару, агледзелі бітоны, вёдры, саламарэзку. Усюды чысціня, парадак. Асіпенка. // у знач. вык. Разм. Правільна, добра; як належыць. Першае звяно эскадрыллі Мохарта праверыла работу матораў. Парадак! Алешка.

2. Устаноўлены лад, план, сістэма кіравання. Знішчэнне капіталізму, увядзенне асноў камуністычнага парадку стала асноўным зместам сацыяльнага прагрэсу. «Звязда».

3. Расклад, распарадак; спосаб. Шмат.. суседзяў .. [Пніцкага] таксама, як і ён, уцягваліся ў новы парадак жыцця, адрываючыся ад старога. Чорны. // Звычай. Маладая сама хадзіла да суседзяў — такі ўжо вядзецца здаўна ў беларускіх вёсках парадак, — запрашала да сябе на вяселле. Васілевіч. Насуперак заведзенаму парадку, прыгнечаны Максім Сцяпанавіч не паехаў адразу на дачу, а папрасіў Федзю збочыць спачатку дамоў. Карпаў. // Правілы паводзін, якія склаліся дзе‑н., закон. А за сталом маўчком сядзелі. Там хлопцы гыркацца не смелі, Бо там парадак вельмі строгі, Там падпілуюць табе рогі, Калі парушыш дысцыпліну. Колас.

4. Пэўная паслядоўнасць, устаноўлены ход чаго‑н., чарговасць. Алфавітны парадак. □ На адным участку прыдумалі, як змяніць парадак паступлення дэталяў на лінію. Шыцік. Віктар Сяргеевіч падышоў да хлопцаў і расказаў ім аб парадку работы: першая група спачатку пойдзе церабіць кусты і ачышчаць рабочую пляцоўку, другая, услед за ёй, будзе знімаць верхні здзірванелы пласт, трэцяя — глыбей урывацца ў грунт. Якімовіч.

5. Спосаб, метад, правілы ажыццяўлення чаго‑н. Парадак аплаты працы. □ [Важатая], расказала аб парадку прыёму ў піянеры і, урэшце, прадыктавала тэкст урачыстага абяцання. Якімовіч.

6. звычайна ў Р. Разнавіднасць, род, тып чаго‑н. Пытанні агульнага парадку.

7. Вайсковае пастраенне, строй. І танк наляцеў на парадкі пяхоты; крычалі ад жаху зялёныя роты. Вялюгін. Асобныя групы, калі маглі, прасочваліся праз баявыя парадкі карнікаў, і наносілі ім удары з тылу. Няхай.

8. Група блізкароднасных сямей у сістэматыцы жывёл і раслін.

•••

Парадак дня — пералік пытанняў, якія разглядаюцца ў пэўнай чарговасці на пасяджэнні, сходзе і пад.

Для парадку — а) для падтрымання, навядзення парадку; б) для захавання прынятых правіл, фармальнасцей.

Навесці (свае) парадкі гл. навесці.

Сваім парадкам — так, як заўсёды, як звычайна.

Такім парадкам — гэтак, так; такім чынам.

У адміністрацыйным парадку — паводле распараджэння органаў выканаўчай улады.

У рабочым парадку — у працэсе работы.

Усё ў парадку — а) у добрым стане, у спраўным выглядзе. [Механік:] — Не заводзіцца [машына]. Праверылі яе, здаецца, усё ў парадку, а вось капрызіць. Мяжэвіч; б) добра. — Ну як, Пятровіч, справы? — звярнуўся ён з парога яшчэ. — Ды ўсё ў парадку, Сцяпан Іванавіч. Пальчэўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Какалю́ка ’кій з самаробнай папярочкай’ (Дразд.). Дакладных адпаведнікаў як быццам няма. Бел. слова знаходзіцца ў празрыстай сувязі з клюка ’тс’, параўн. рус., укр. клюка ’тс’ прасл.: в.-луж. kluka ’крук’, серб.-харв. кљу̏ка ’крук і інш.’ і г. д. Галосны ‑а‑ ў другім складзе ў выніку праяснення прыгуку (у форме каклюка) або, што не выключана, указвае на ўплыў іншай лексемы (тыпу какоўка ’папярочка’). Аналагічнае рус. пск. коколячка ’драўляны цвік, на які вешаюць умывальнік’, аднак відавочна, што калі галосны ‑(j)а‑ тут быў і ў зыходнай лексеме, генезіс яго іншы. Можна думаць, колячка адпавядае таксама пск. колка ’драўляны цвік, на які вешаюць шапкі, рушнікі і да т. п.’, дэмінутыў ад кол, параўн. бран., смал., кур. і інш. колок ’драўляны цвік у якасці вешалкі’. Калі гэта так, пск. слова ўтворана хутчэй за ўсё рэдуплікацыяй першага складу.’ Верагодна думаць і пра архетып кляч‑ (кокляч‑), параўн. кастр. клячик ’маленькі клін, драўляны гваздок’, ярасл. ’драўляная палачка, на якой вісіць аўчына, калі яе мнуць’. Пры такім тлумачэнні і бел. і пск. словы, як аналагічныя па ўтварэнню (коклюка, коклячка), можна параўнаць з рус. коклюха ’палка, дубінка’, коклюшка (паўдн.-урал.) ’папярочка ў лапаце’, аднак, рус. паралель патрабуе агаворкі. Па сутнасці, толькі адзінкавыя значэнні рус. коклюха (форма наогул рэдкая), коклюшка суадносяцца з семемамі, адзначанымі ў клюка, клюшка. Параўн. коклюшка ’палкі; рукаятка, верхні канец якой зроблены шыйкай з перахватам; верацяно з пражай; цэўка ў кроснах; карункі; вузел, якім сцягваецца пасярэдзіне перавясла і да т. п.’ і клюка, клюха ’дарожная палка, посах; качарга, крук; палка з загнутым канцом і інш.’, ключка ’невялікая палка або мыліца з загнутым верхнім канцом’, клюшка ’палка з загнутым канцом; качарга; драўляныя жэрдкі з загнутымі канцамі, якія падтрымліваюць латок у даху; дзерава, вырубленае з коранем і інш.’, гл. падрабязней СРНГ, 14, 88–89; 13, 319–320, 326–327. Падобныя недакладнасці вымушаюць сумнявацца ў прапанаваным яшчэ Мацэнаўэрам чляненні ко‑клюха, аднак і для версіі кокл‑юва за адзінкавымі прыкладамі (параўн. астрах. кокляк ’камень, кусок дрэва, качарга і да т. п. на дне рэчкі, за якія можа зачапіцца вудачка’) нельга знайсці падтрымку. Старыя параўнанні Праабражэнскага, 1, 331, з літ. kãklas ’шыя’, грэч. κύκλος ’круг, калясо’ ўяўляюцца таксама мала верагоднымі. Да бел. і пск. слоў яўна далучаецца і алан., арханг. коклёвка, коллевка (апошняя форма не вельмі надзейная, гл. СРНГ, 14, 88) ’палка з крывым верхнім канцом для апоры; кульба (звычайна ў старцаў), аднак нельга не адзначыць, што і тут вычляненне другой часткі слаба пацвярджаецца семантычна, — рус. калуж., пск. клёвка ’матыга, молат’, іншыя варыянты толькі ўскосна дазваляюць меркаваць аб сувязі гэтых слоў і вычлененай часткі клевка. Апрача гэтага, не вельмі ясна і з’яўленне ко‑ ў разгдядаемых словах, паколькі ўмоў для рэдуплікацыі быццам бы няма. Таму тут нельга выключыць уплыў лексікі з блізкай семантыкай, у структуры якіх аналагічная першая частка (ко‑) з’яўляецца заканамернай. Фасмер (2, 282) меркаваў аб прэфіксе ко‑ ў адносінах да рус. коклюха, але як у тым выпадку, так і ў дачыненні да бел. слова такую версію нельга прыняць, паколькі гэта лексіка не з’яўляецца тыповай у шэрагу ўтварэнняў з такім суфіксам.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)