увабраць, убяру, убярэш, убярэ; убяром, убераце; пр. увабраў, ‑брала; зак., каго-што (пераважна ў пр. часе).

1. Паступова паглынуць (ваду, паветра і пад.); уцягнуць унутр; усмактаць. «Тут скрозь балоты, — пісаў нам Сяргей .. — Прыпяць не наспявае ўвабраць усю ваду». Хомчанка. [Алесь] уздыхнуў так, як быццам хацеў увабраць у сябе ўсё паветра, што было навокал. Броўка. [Камета] ўвабрала вельмі мала святла з навакольнае прасторы, але пры пэўнай спрактыкаванасці яе можна заўважыць простым вокам. Шыцік. // Падабраць, заправіць унутр чаго‑н. [Васіль] зашпіліў верхні гузік касавароткі і нават увабраў пад кепку непакорны віхорчык валасоў. Кулакоўскі. Доўгую белую кашулю [мужчына] увабраў у штаны і па штанах туга падперазаўся саматканым паяском. Галавач. // Уцягнуць, утуліць (шыю, галаву і пад.). Стаіць Рыгор Варанец у варотах .. Галаву ў каўнер увабраў. Крапіва. Волак увабраў шыю, адразу паменшаў і баязліва паглядзеў у вочы Блажэвічу. Няхай. Люся ўвабрала ў плечы галаву, сціснулася. Шашкоў. // Умясціць куды‑н. У клецях — тканіны ядвабныя, Футры, сувоіны кужалю... Усё, што пакоі прывабныя Сквапна ўвабраць не падужалі. Дзяргай. // перан. Успрыняць, засвоіць. Зямля бацькоў, Лагойшчына мая,.. На ўсё жыццё ўвабраў у сэрца я Тваіх кастроў і боек дым гаркавы. Гілевіч. Лабановіч увабраў у сябе погляды, думкі, настроі працоўнай сялянскай масы, з якой ён выйшаў. Казека. Музыка-сын спяваў на дзіва. У сваю душу ён увабраў І лісця подых палахлівы, І ціхі шэпт пушчанскіх траў. Кляўко.

2. Разм. З’есці ўсё без разбору, без астатку. [Зайцаў:] — Варэнікаў .. украінскіх з вішнямі я зараз бы цэлае вядро ўвабраў... Даніленка.

3. (са словамі «у сябе»). Уключыць у свой склад, аб’яднаць. Лясная брыгада ўвабрала ў сябе ўсіх людзей. Трэба было да вясны ссячы і прывесці ў парадак дзялянку. Ермаловіч.

4. што і за што. Разм. Моцна ўхапіць, схапіць што‑н. Увабраць кол. Увабраць за чуб.

5. Разм. Схапіць, захапіць. [Шабанок:] Дык от мы, утраіх, згаварыліся ўвабраць аднаго фашыста. Кучар. [Салдат:] — Нам, разведчыкам, і то рэдка ўвабраць удаецца такога важнецкага языка. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)