покрыва́ться

1. (закрывать себя чем-л.) накрыва́цца;

покрыва́ться одея́лом накрыва́цца ко́ўдрай;

2. (усеиваться, заполняться по поверхности) пакрыва́цца; (обволакиваться) абклада́цца;

щёки покрыва́ются румя́нцем шчо́кі пакрыва́юцца румя́нцам;

не́бо покрыва́ется ту́чами не́ба пакрыва́ецца (абклада́ецца) хма́рамі;

3. перен. (иметь соответствие с чем-л.) пакрыва́цца;

4. страд. накрыва́цца; засціла́цца; кры́цца; пакрыва́цца; абіва́цца, абабіва́цца; паця́гвацца; абклада́цца, абкла́двацца; аху́твацца, аго́ртвацца; заглуша́цца; апла́чвацца; бі́цца; см. покрыва́ть;

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

бо́й, бо́ю, М у баі́; мн. баі́, баёў; м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. біцца (у 1 знач.); бітва, змаганне. Наступальны бой. Сустрэчны бой. Рукапашны бой. Поле бою. Разведка боем. Весці бой. Прыняць бой. □ Не паспеў Шутаў дапытаць палонных, як на паўднёвым баку [вёскі] узгарэўся бой. Мележ. У небе натужліва вылі і звінелі маторы, трашчалі кулямёты: недзе за хмарамі і дымам ішоў паветраны бой. Шамякін. Натапырыўшы пер’е.. [вераб’іха] падрыхтавалася да бою. Шуцько.

2. Барацьба, спаборніцтва. Кулачны бой. Бой быкоў. // перан. Барацьба з чым‑н., што перашкаджае ў жыцці, у працы. Тут моладзь з багнай бой вядзе. Смагаровіч.

3. Разм. Дзеянне паводле дзеясл. біць (у 7, 9 знач.). Стрэльба дакладнага бою. Барабанны бой. Бой курантаў.

4. зб. Разбітая, расколатая на кавалкі шкляная, гліняная і інш. пасуда, разбітыя прадметы.

•••

Бой-баба гл. баба.

Браць (узяць) з бою (боем) гл. браць.

Даць (даваць) бой гл. даць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

забі́цца 1, ‑б’юся, ‑б’ешся, ‑б’ецца; ‑б’ёмся, ‑б’яцеся; зак.

1. Ударыўшыся, разбіцца насмерць. Зваліўся з дрэва і забіўся.

2. Разм. Забрацца, схавацца куды‑н. [Унук] забіўся ў куток на печ і ціха плакаў там, каб не чулі. М. Стральцоў. Цяпер толькі б затаіцца, забіцца ў самы цёмны закутак, каб не знайшлі. Быкаў. // Заехаць, зайсці куды‑н. далёка. [Доктар] палічыў за лепшае забіцца ў гэты сапраўды глухі, далёкі ад чыгункі і добрых дарог гарадок. Васілевіч. Страх ахапіў .. [Патапчыка], і ён зноў кінуўся бегчы ў глыб лесу. Забіўся ў такі гушчарнік, што нельга было ісці. Чарнышэвіч.

3. Пранікнуць, папасці куды‑н. (пра ваду, пыл, снег і пад.). Асцё забілася за каўнер.

4. Засмеціцца, закупорыцца. Труба забілася пяском.

5. Паддацца забіванню, аказацца забітым, увагнаным у што‑н. Паля лёгка забілася.

забі́цца 2, ‑б’юся, ‑б’ешся, ‑б’ецца; б’ёмся, ‑б’яцеся; зак.

Пачаць біцца (у 1, 3 і 5 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыле́гчы, ‑лягу, ‑ляжаш, ‑ляжа; пр. прылёг, ‑лягла і ‑легла, ‑лягло і ‑легла; заг. прыляж; зак.

1. Легчы на кароткі час. Пакуль маці гатавала снедаць, Андрэй прылёг адпачыць. Чарнышэвіч. Максім зноў заняў сваю варту, а дзед Талаш і Мартын Рыль прыляглі не раздзяючыся. Колас. // Хаваючыся, прыняць ляжачае становішча. [Мінёры], толькі дабегшы да першых кустоў прылеска.., прылеглі. Брыль. Мікола ціха прылёг на сухі грудок, за густым альховым кустом, і стаіўся. Краўчанка.

2. Прытуліцца, прыціснуцца да чаго‑н. Гукамер [доктар] прыклаў да вуха, Да грудзей прылёг, паслухаў, Праяснілася чало: Сэрца біцца пачало. Крапіва.

3. Шчыльна прыстаць. Сукенка добра прылягла да таліі.

4. Прыгнуцца. Ніжэй к сядлу казак прылёг, Махнуў стралою у вароты. Колас. // Пахіліцца дадолу ад ветру, дажджу і пад. (аб раслінах). Пахла сырой зямлёй; густая, мокрая ад расы маладая мятліца на дарозе прылягла да зямлі і парылася на сонцы. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спабо́рнічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Імкнуцца перасягнуць каго‑н. у чым‑н., старацца дабіцца лепшых вынікаў у чым‑н. Спаборнічаць у вучобе. Спаборнічаць у сіле і спрыце. □ Вавёркі не могуць спаборнічаць з бабрамі па аб’ёму корму, які яны нарыхтоўваюць. Самусенка. — Я вас выклікаў сюды не для таго, каб спаборнічаць у дасціпнасці, — гэтак жа памяркоўна, як і раней, казаў Паўловіч. Радкевіч.

2. Удзельнічаць у сацыялістычным спаборніцтве з мэтай дасягнуць высокай прадукцыйнасці працы. [Антось:] — Тэ-эмпы! Учора толькі прыехалі і ўжо спаборнічаюць. Паглядзім, паглядзім!.. Кулакоўскі. [Пракоп:] — Я ўжо брыгаду выбраў, спаборнічаць паспрабуем, хоць у іх па машыне пяць чалавек працуе, а ў нас чатыры. Карпаў.

3. Прымаць удзел у спаборніцтве (у 3 знач.). Спаборнічаць у стральбе з лука. □ — Не біцца, — зноў паправіла.. [Паўліка] сястра, — а весці бой на рапірах, спаборнічаць. Шыловіч.

4. Спец. Быць адным з бакоў у спаборным судовым працэсе.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

углы́біцца, ‑блюся, ‑бішся, ‑біцца; зак.

1. Пранікнуць, прасунуцца ўглыб, унутр чаго‑н.; удацца. Хлопцы выйшлі на другі канец Зазыбаў і ўглыбіліся ў бярэзнік. Навуменка. Раптам зубр .. сышоў з дарогі і падаўся да статка, які ўжо даволі далёка углыбіўся ў лес. Краўчанка. // Капаючы, рыючы, пранікнуць глыбей у зямлю. Будаўнікі метро ўглыбіліся на дзесяць метраў ў зямлю. // Стаць, зрабіцца больш глыбокім (пра вочы). Пан Вашамірскі пабляднеў. Вочы ўглыбіліся, сківіцы ходырам захадзілі. Бядуля.

2. перан. Засяродзіцца, цалкам аддацца якой‑н. справе. Васіль так углыбіўся ў свае думкі, што забыўся, дзе ён, куды ідзе. Колас. Прыйшоўшы ў калгас, я так углыбіўся ў севазвароты, што нават і забыўся аб усім. Кулакоўскі. Кавалёў з нецярпеннем узяў .. ліст, зірнуў на адрас, пазнаў родны почырк. Пісала жонка. Сеў ля стала, падсунуў лямпу і углыбіўся ў чытанне. Чарнышэвіч. // Унікнуць у тонкасці чаго‑н. Углыбіцца ў аналіз твора.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лёд (род. лёду, мн. ільды́, (после гласных) льды, род. ільдо́ў (льдоў)) м. лёд;

дрэйфу́ючы л. — дрейфу́ющий лёд;

ве́чныя льды — ве́чные льды;

паля́рныя льды — поля́рные льды;

сухі́ л. — сухо́й лёд;

бале́т на лёдзе — бале́т на льду;

л. крану́ўся — лёд тро́нулся;

бі́цца як ры́ба аб л. — би́ться как ры́ба об лёд;

на языку́ мёд, а на сэ́рцы л.посл. на языке́ медо́к, а на се́рдце ледо́к

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

Бу́кса1 ’бязрогая карова’ (Сцяшк. МГ). Няяснае слова. Ёсць дзве магчымасці тлумачэння: 1) метафара да бу́кса ’букса’ (гл.); першапачаткова ’карова з кароткімі, нібы абрубленымі (як «букса») рагамі’; 2) утварэнне (суфікс ‑s‑) ад дзеяслова *bukati () ’букацца, біцца лбамі’ (гл. бу́кацца); першапачаткова ’карова, якая букаецца, б’ецца лбом, а не рагамі’. Польск. дыял. buksa ’тс’ (паводле Варш. сл., 1, 231, няяснага паходжання). У літ. мове ёсць buksà ’бязрогая карова; чалавек без пальцаў’. У бел. мове запазычанне з літ.? Але ў Фрэнкеля гэтага слова няма наогул.

Бу́кса2 ’бручка’ (Бяльк., Кіс., Інстр. II, ДАБМ, 858–859, № 276). Слова, як і буксінка ’тс’ (гл.), усх.-бел. Бясспрэчна, мясцовае новаўтварэнне. Паколькі гэтай назва ізаляваная, то застаецца толькі адна магчымасць этымалагізавання: бу́кса ’бручка’ ўзнікла скарачэннем з буксінка ’тс’. Гл. Краўчук, БЛ, 1973, 3, 56.

Бу́кса3 ’букса’ (БРС), ’жалезная ўстаўка ў коле’ (Арх. Бяльк., слонім., Маш., Маслен., Бяльк.). Рус. бу́кса, укр. бу́кса (як тэхнічны тэрмін), польск. buksa, buks. З ням. Büchse ’тс’ (да ням. слова гл. Клюге, 107). Варш. сл., 1, 231; Шанскі, 1, Б, 220–221. Параўн. ст.-бел. букса (XVII ст.; Булыка, Запазыч., лічыць яго паланізмам).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Марскану́ць ’рэзка адштурхнуць, піхнуць, шпурнуць, адкінуць’, ’ударыць, выцяць, хлыснуць, стукнуць нагою’, ’сцебануць’ (ТСБМ; карэліц., Нар. сл., Янк. Мат.; шчуч., Сцяшк. Сл.; клец., Жыв. сл.), ’кінуць, пабароць’ (Сцяц.), марска́ць ’хутка кідаць нешта дробнае’ (Шат.), марськану́ць ’уцячы наспадзявана для другога’, ’хутка з’ехаць’ (Бір. Дзярж.; бабр., КЭС); марсану́ць ’хутка ўцячы’ (Шат.), марскну́ць ’мільгануць’ (Яруш.), намарска́цца ’напрацавацца, затраціць многа сілы’ (Янк. 1), марса́ць ’часта махаць галавой (пра жывёлу)’ (Крыў., Са сл. Дзіс.). Укр. морсну́ти < морскати ’сцябаць, біць’, мо́рскатися ’бадзяцца’. Паўд.-рус. морсну́ть ’ударыць, сцебануць’, ст.-рус. мърсъкъ ’біч’, польск. merskać, myrsnąć ’сцябаць’, в.-луж. morskać, morsknyć ’сцебануць бічом’, чэш. mrskati ’сцябаць’, ’махаць, біць’, mrskati seбіцца, кідацца (у трызненні)’, ’плюхацца’, mrsknouti ’сцебануць’, ’жбурнуць, рэзка адкінуць’, mrsknouti se ’расцягнуцца (рэзка ўпаўшы на зямлю)’, ’раптоўна паварочвацца’, славац. mrštiť ’кінуць, жбурнуць’, mrskať ’мільгаць, біць бічом’. Дакладным адпаведнікам іх Махэк₂ (380) лічыць літ. šmìrkšterė́ti ’сцябаць бічом’. Прасл. mъrskati ’хутка рухацца’, якое Махэк₂ (380) і Махэк (SR, 10, 74) выводзіць з mьrskati. Апошняе Меркулава (Этимология–74, 60–61) разглядае як утварэнне з інтэнсіўным суфіксам ‑sk‑ ад прасл. merti ’біць’ (гл. Петлева, Этимология–72, 87, а таксама Куркіна, ОЛА–1972, 219–222).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Про́тар1 ’востры металічны пруток або іголка са зламаным вушкам, швайка’ (ТСБМ, Нас., Шат.; слонім., Арх. Бяльк.), ’кавалак хлеба ці мяса з іголкай у сярэдзіне (даецца сабаку, каб загубіць яго)’ (кір., Нар. сл.), про́тор, про́торг, про́тур ’швайка, іголка са зламаным вушкам; вялікая іголка’ (Шатал., Клім., Сл. Брэс., Выг., ТС, Сл. ПЗБ, Нар. лекс.), про́тыр, про́тырч ’іголка без вушка’ (навагр., Нар. сл.). Укр. про́тір ’іголка без вушка’, про́торг ’тс’. Аддзеяслоўные дэрываты ад праце́рці < прасл. *terti, *toriti (Патабня, РФВ, 3, 180; Праабражэнскі, 2, 136; Фасмер, 3, 384), гл. це́рці, то́рыць, інакш ЕСУМ, 4, 611: звязваецца са ст.-рус. протъргнути ся ’прарвацца, разарвацца’, што ад търгатибіцца, дрыжаць’, параўн. то́ргацца (гл.). Не выключана, што гэта другаснае збліжэнне.

Про́тар2 ’страта’ (Нас.), мн. л. про́тары ’выдаткі; расходы (звычайна па судовых справах)’ (ТСБМ, Чач., Нас.). Рус. про́тар, прото́ра, про́торь ’тс’, ст.-рус. проторъ ’расходы; страты’; відаць, сюды ж польск. przetór ’праход, прарыў’. Этымалагічна тое ж, што і про́тар1 (Фасмер, 3, 384). Спецыяльна аб гэтым слове гл. Варбат, Этимология–1971, 17. Да семантыкі параўн. запрато́рыць ’закінуць, захаваць; згубіць’ (ТСБМ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)