Тлушч ’масляністае рэчыва, сала’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Сл. ПЗБ, Сцяшк.), ’тук (растопленае сала)’ (зах.-бел., ЛА, 4), тлуст ’тс’ (смарг., ЛА, 4), тлусць ’тс’ (Сцяшк.), клушч ’тс’ (Ласт.), сюды ж тлу́стасць ’сала, тук’ (Нас., Шпіл., Гарэц., Некр. і Байк., Сцяшк., Сл. ПЗБ; стаўб., З нар. сл., ЛА, 4), тлу́шчосць ’тс’ (пін., ЛА, 4). Запазычана з польск. tłuszcz ’тс’, утворана ад tłusty (*tl̥st‑jь, гл. Борысь, 636), параўн. тоўшч ’таўшчыня, сытасць’, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сыць1 ’сытасць, насычэнне’, да сы́ці ’ўволю, удосталь’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Юрч. Вытв., Федар. 4), сыць вам ’пажаданне тым, хто есць’ (Касп.), сыць Божа ’тс’ (ашм., Стан.), сыць ’укорм’ (Бяльк.), ’корм, страва, ежа; пажыўнасць’ (Ласт.), ’пералічэнне’ (Пятк. 2), ’спажыва’ (віл., Сл. ПЗБ), сы́це ’тук’, ’сытасць, укормленасць’ (Нас.), сы́цце ’харчовае задавальненне, смачная і пажыўная ежа’ (Нік. Очерки), ’насычэнне; тлустасць’ (Нас.), ст.-бел. сыть ’ежа, харч’: оставила от сыти своеи (Альтбаўэр). Укр. ситьтлустасць; сытасць’, рус. сыть ’ежа, корм’, ’сытасць’, ст.-слав. сыть ’сытнасць’, до сыти ’дасыта, уволю’. Прасл. *sytь < *sytъ (гл. сыты), варыянт з чаргаваннем у аснове захаваўся ў славен. dósti ’даволі’, серб.-харв. dȍsti ’даволі, вельмі’, польск. dość ’дастаткова’, в.-луж., н.-луж. dosć ’тс’. Гл. досыць.

Сыць2 ’расліна Cyperus L.’, сыць ілжывая ’асака, Carex pseudo-cyperus’ (Кіс.). Параўн. укр. дыял. сить ’расліна Cyperus L.’, рус. сыть ’тс’. Няясна; звычайна не адрозніваюць ад сіт, сі́тнік (гл.), параўн. укр. сіть ’сітнік, чарот’ (ЕСУМ, 5, 247). Гл., аднак, укр. дыял. сить ’ражкі, Claviceps purpurea Tul.’, якая мае на Палессі іншыя назвы, у тым ліку спары́ш ’тс’ (Лекс. Бел. Палесся), што дазваляе, насуперак ЕСУМ (там жа), звязаць назву з сыты (гл. сыць1), г. зн. багаты; які дае павелічэнне, напаўненне і інш. Адносна апошняга гл. Выгонная, Лекс. Палесся, 74–76.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ра́жка, ра́шка, ря́шка ’цэбар’; ’драўляная нізкая пасудзіна, у якой замешваюць есці свінням’ (докш., в.-дзв., трак., вільн., рас., Сл. ПЗБ; Сл. Брэс.), ’кубелец для сала’, ’вялікая міска, цэбар, у якім даюць есці свінням’ (Сцяшк. Сл., Бяльк.), ’банны посуд’ (Касп.), ’мерка для зерня, бульбы ў 1,5 пуда’ (ТС), ’начынне для памыяў’ (Бес.), ’цэбрык з адным вухам, перан. морда’ (ПСл), ’цэбар’, ’галава’ (Сцяшк. Сл., Ян., Мат. Гом.), ст.-бел. ряжка (1690 г.), ражка (1550 г.), сюды таксама ра́жа ’кубел’ (Мат. Гом.), рус. дыял. ря́жка, ря́шка ’памыйны посуд, таз’, ’банная шайка, вядзерца, чарпак’, ра́жка ’рагатка’, ’невялікая скаба, якая злучае клёпкі бочкі пры надзяванні абручоў’, ’падстаўка ў выглядзе рагаткі, стойкі’, ’карыта для кармлення свіней’, укр. ряжа, ряжка ’чан’. Сцяцко (Сцяц. Нар., 93–94) лічыць памяншальна-ласкальным утварэннем ад ра́га ’ражка’, зафіксаванага беларускімі слоўнікамі 20‑х гадоў XX ст., якое, у сваю чаргу, з’яўляецца лексіка-семантычным утварэннем ад ра́га ’струменьчык вады’: раг‑ьк‑а > ражка. Няпэўна, хутчэй наадварот. Некаторыя тлумачаць слова як утварэнне ад рад1 (гл.), параўн. абруд узводзячы яго да *ob‑rǫdъ (Праабражэнскі, 2, 241; Трубачоў, Слав. языкозн., V, 176; ЭССЯ, 29, 118). Фасмер (3, 537) лічыў такую этымалагізацыю недастаткова аргументаванай. Магчыма, мае сувязь з рэ́дкі, параўн. рус. ре́жа, ря́жа ’рыбалоўная сетка з рэдкім пляценнем’ (< *rědi̯a, гл. Фасмер, 3, 460), параўн. таксама ра́жанка (гл.). Значэнне ’шырокі твар, морда; вялікая галава’ хутчэй за ўсё, позняе запазычанне з рускай, параўн. ра́жесть ’прыгажосць’, ’паўната’, ’тлустасць’, ра́жий ’вялікі, буйны (пра рэчы, прадметы)’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

з’е́хаць, з’еду, з’едзеш з’едзе; зак.

1. Едучы, спусціцца адкуль‑н. З’ехаць з гары на санках. □ З гары аж да моста з’ехалі лёгка і нячутна. Пташнікаў. // Саслізнуць, ссунуцца ўніз. [Ірынка] ўжо некалькі разоў з’ехала па лесвічных парэнчах, і ўсё было добра. Арабей.

2. Едучы, павярнуць куды‑н. З’ехаць з дарогі. □ Машына з’ехала ўбок і перавярнулася пад адкос. Чорны.

3. Выехаць, паехаць адкуль‑н. (звычайна далёка або надоўга). Сама Галя ніяк не магла заснуць. Думала: а чаму б ім сапраўды не з’ехаць туды, дзе іх ніхто не ведае, з’ехаць ад гэтай паняверкі, ад косых позіркаў. Сабаленка. [Мая] сабралася і пайшла да сваіх сябровак, але з палавіны дарогі вырашыла вярнуцца, забраць небагатыя рэчы і з’ехаць куды-небудзь. Дуброўскі.

4. Ссунуцца са свайго месца; збіцца, спаўзці. Шапка з’ехала на патыліцу. □ Белая хустка, завязаная пад барадой, з’ехала на шыю. Васілевіч. // Асунуцца, апусціцца ўніз. Грузным мяшком бандыт з’ехаў пад абгарэлы пянёк, адну руку падкурчыўшы пад сябе, а другой хапаючыся за прыламаныя галінкі. Кірэенка. [Зося] хацела апусціцца на лаву, страціўшы яснасць думак — што рабіць, і з’ехала на зямлю. Чорны.

5. перан. Разм. Непрыкметна, паступова перайсці на другую тэму, тон і пад. (у гутарцы, пісьме і пад.). Але пан Богут з’ехаў з тону І ўжо гаворыць чуць мякчэй. Колас.

6. каго або каму. Груб. Моцна, з размаху ўдарыць. Лезе пан да Бандароўны, Ўвесь гарыць, бы ў жары: Тая, жартаў не пазнаўшы, З’ехала па твары. Купала.

7. Разм. Пахудзець. З’ехаць на шыла. З нар. // Спасці, знікнуць (пра тлустасць). Як цяжка папрацаваў, дык сала з яго і з’ехала.

•••

З глузду з’ехаць — страціць розум, развагу; адурэць, звар’яцець.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Тук1 ‘растоплены тлушч’ (Гарэц., Некр. і Байк., Варл., Шат., Касп., Жд. 1, 3, Бір.; бялын., Янк. Мат.; петрык., лун., Шатал.; мсцісл., драг., З нар. сл., Сл. ПЗБ, ЛА, 4), ‘ператопленае авечае сала’ (Сцяшк.), ‘рыбін тлушч’ (Ласт.), ‘сыць; пажыўная якасць харчовага прадукта, але не тлушч’ (Некр. і Байк., Нік., Оч.), ‘плодная сіла зямлі’: колы й сахары … не можна чысціць або мыць, бо ат гною не будзе ў зямлі туку (Сержп. Прымхі), то̂к ‘растоплены тлушч’ (маз., ГЧ), ст.-бел. тукъ ‘тс’ (ГСБМ): тукъ земли ‘зямное багацце’ (Скарына, ГСБМ). Укр. тук, рус. тук, стараж.-рус. тукъ ‘тлушч, сала’, ц.-слав. тукъ ‘сала, цвёрды тлушч’; польск., н.-, в.-луж. tuk ‘тлушч’, польск. паўн.-зах., каш. tuk ‘касцявы мозг’, чэш., славац. tuk, харв. чак. ту̏к, ту̂к ‘тлушч’, балг. тук ‘сала, тлушч, навар’, макед. тук ‘растоплены свіны тлушч’, ‘сок з печанага мяса’, ‘кружкі тлушчу на паверхні варыва’, ст.-слав. тоукъ ‘тлушч’, ‘тлустасць, плоднасць, сакавітасць’. Прасл. *tukъ ‘жывёльны тлушч’ — суфіксальны дэрыват з чаргаваннем галосных ад *tyti (гл. тыць), роднасныя: літ. táukas ‘кавалак сала’, ‘жывот’, taukaĩ ‘тлушч, сала’ < tùkti ‘таўсцець’, лат. tàuks ‘тлусты’, ст.-прус. taukis ‘сала’ < і.-е. *touk‑o‑s; ст.-англ. þīoh, þēoh, ст.-в.-ням. diech ‘тук’ < þeuhos < і.-е. *teukos — узыходзяць да і.-е. асновы *tū‑ ‘набрыняць’, ‘разбухаць, набухаць’ (Фасмер, 4, 116; Махэк₂, 660; Брукнер, 683; Скок, 3, 475; Борысь, 652–653; Буга, Rinkt., 2, 633; Каруліс, 2, 378; ESJSt, 17, 997; ЕСУМ, 5, 670). Сюды ж з абнаўленнем семантыкі суч. тук ‘мінеральнае ўгнаенне’ (ТСБМ).

Тук2 ‘дух’: од старого й тук неважны йдзе (ТС). Няясна; магчыма, да папярэдняга слова, якое набліжана да туск ‘пот, выпарэнне’. Параўн., аднак, серб. ту̏кнути ‘прыпахваць дрэнным пахам, смярдзець’, што, напэўна, адлюстроўвае варыянтнасць х/к у параўнанні з ту̏хнути ‘пратухаць, псавацца’; у беларускай мове, відаць, падобнае чаргаванне назіраецца пад уплывам балцкага субстрату, што дазваляе звязаць слова з тухлы, гл.

Тук3 — пра ціхі стук (мсцісл., Нар. лекс.). Як і стук (гл. стукаць) — гукапераймальнага паходжання, палаталізаваны варыянт цюк (гл.), параўн. чэш. ťuk, ťuky ‘стук-стук’. Аналагічна літ. táukšt ‘стук, грук’. Сюды таго ж паходжання дзеяслоў ту́каць ‘кляпаць касу’ (Касп.), ‘стукаць’ (Сцяшк.), ‘біцца (пра сэрца), стукаць, удараць’ (Гарэц., Др.-Падб., Сцяшк.), параўн. серб. дыял. ту̏кнути ‘паціху стукнуць’ (Фасмер, 4, 116; Махэк₂, 660; ЕСУМ, 5, 671), а таксама аддзеяслоўны назоўнік інтэнсіўнага дзеяння ту́кат ‘тупат’ (Адм., Сцяшк.), параўн. чэш. ťukot ‘стук, грук’ (Махэк₂, 660), і вытворны дзеяслоў тукаце́ць ‘стукаць’ (Зайка Кос.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трыбу́х (трабу́х, трябу́х) ‘страўнік’ (ТСБМ, Федар. 4, Бяльк., Касп., Варл., Сцяшк., Сл. Брэс., Пятк. 2, Растарг.), ‘страўнік у жывёл’ (Сл. ПЗБ, ЛА, 1), ‘кіндзюк; страўнік жывёлы, начынены грэцкай кашай са шкваркамі альбо з кавалачкамі сала’ (Ласт., Малч.), ‘вантробы’ (Байк. і Некр., Др.-Падб., Сл. Брэс.), ‘сальцісон’ (Сл. Брэс.), трыбухі́ ‘вантробы (страўнік, кішкі і інш.)’ (Нас., Гарэц., ТСБМ, Ласт., Пятк. 2, Байк. і Некр., Мат. Гом., Мат. Маг., Юрч. Вытв.), трыбухе́ ‘тс’ (Скарбы), трыбушкі́ ‘ўнутранасці дробных жывёл, якія ўжываюцца ў ежу (парасячыя, індычыя, рыбныя)’ (Нас.), трыбу́х/трыбушо́к ‘пуп у птушак’ (гродз., ЛА, 1), трыбу́х ‘пуза, чэрава’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., Байк. і Некр., Вруб.), ‘вялікі жывот’ (Сл. ПЗБ, Скарбы, Жд. 1); ст.-бел. требухи ‘трыбухі, вантробы’ (ГСБМ), ц.-слав. трибухъ ‘страўнік, жывот’; сюды ж трыбуха́ч ‘пузаты чалавек’ (в.-дзв., Шатал., Сцяц.; маладз., Янк. Мат.; клец., Нар. лекс., ТСБМ, Сцяшк., Сл. Брэс.), ‘чалавек з вялікім жыватом’ (карэліц., ЖНС; гарад., Сл. ПЗБ); трыбухле́й ‘брухач, пузан’ (зэльв., Нар. словатв.; івац., Сл. ПЗБ); трыбушы́шча ‘таўстун’ (Юрч. СНЛ); трыбушы́на ‘цела, тоўстае чэрава’ (Нас.), трыбу́шнік ‘падчарэўе (сала з ніжняй часткі свіной тушы)’ (дзятл., ЛА, 4), трыбушня́ ‘трыбухатая’ (Сцяц.), трыбуха́тасцьтлустасць’ (Юрч. СНЛ). Укр. требу́х ‘чэрава’, ‘страўнік’, ‘вантробы жывёлы’, ‘свіны страўнік, начынены мясам і правялены’, требу́ха́ ‘тс’, трибу́х ‘тс’, трембуха́ч ‘пузан’; рус. требуха́ ‘вантробы’, польск. дыял. trybuch, terbuch ‘чэрава, пуза’, н.-луж. tarbuch ‘тс’, усх.-чэш. terboch ‘тс’, ст.-чэш. teřbuch, teřich (у якім ‑řich пад уплывам břich ‘пуза, чэрава, жывот’), славац. terbuch, trebucha ‘падбародак’, ‘вялікае пуза, чэрава’, славен. trébuh ‘жывот, пуза, кішэчнік’, trebûšec, trebûšek, trebûšič ‘тс’, рэз’ян. tríbu, trebuh, treibuh ‘чэрава, пуза’ (XVI ст.), харв. tr̀buh, чак. trbȕh, серб. тр́бух ‘жывот, кішэчнік’, ‘пуза’, тр́ба ‘страўнік’, тр́бу, трбу̏а ‘тс’, балг. тръбу́х, тъ́рбух ‘жывот, пуза’, макед. трбув ‘жывот; страўнік’, ст.-слав. тръбухъ ‘рэшткі з вантробаў’, ‘кішэчнік’. Этымалогія і рэканструкцыя праславянскай формы няпэўныя (ESJSt, 17, 995). Прасл. *tьrbuch, згодна з Карскім (1, 188), адпавядае найбольш распаўсюджанай форме беларускага слова; рус. требух таксама можна вывесці з прасл. *tьrbuxъ; да апошняга ўзводзяцца некаторыя паўд.-слав. лексемы. Для славенскай мовы адпаведным з’яўляецца *trěbuxъ (Сной у Бязлай, 4, 217–218), для н.-луж. характэрна *tъrb‑ , а для зах.-слав. моў — *terb‑ (пасля метатэзы плаўных з *treb‑). Дапускаючы прасл. *terbuxъ/*tьrbuxъ, Куркіна (ОЛА, Исследов. 1984, 275) тлумачыць семантыку слова як ‘вантробы забітага звера, з якіх даставалі (“выцярэблівалі”) ‘мяса’, гл., аднак, супрацьлеглае дзеянне ў трабі́ць ‘набіваць у трыбух’: трабіць і трабіць трабух (Мова Сен.). Экспрэсіўная суфіксацыя, як у *kъlbuxъ (Глухак, 637), параўн. каўбу́х ‘страўнік жывёлы’ (Сл. ПЗБ), гл. коўб2. Іншыя версіі з’яўляюцца менш пераканаўчымі. Сюды ж, відаць, таксама трыбушно́ ‘сытна, трывала’ (ТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)