Тае́мнік1 ’шматгадовая травяністая расліна, якая паразітуе на каранях ляшчыны, вольхі і пад.’ (Байк. і Некр., ТСБМ), ’расліна Lathraea’ (Кіс.). Відаць, штучна створаная (не народная) назва ад тае́мны (гл.) на базе лацінскай назвы, якая паходзіць ад lathraeos ’хаваць’, параўн. тыпалагічна тоесныя ўкр. потаенниця ’расліна Lathraea squamaria L.’ (Аненкаў), серб. по̀та̑јница ’Lathraea’.

Тае́мнік2 ’патаемнае месца, тайнік’ (Нас.). Да тае́мны, гл. наступнае слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

спрат, ‑а і ‑у, М спраце, м.

Разм.

1. ‑а. Памяшканне, месца для захоўвання чаго‑н.; сховішча. Гаспадар сам выйшаў з хаты, Устрывожыўся ўвесь дом, Абышлі ўсе клеці, спраты.. Каб напасці хоць на след [хлопчыка]. Колас.

2. ‑у. Месца, дзе можна схавацца ад каго‑, чаго‑н.; прыстанішча. [Коласа] цешыла, што гэтае дрэва ўвачавідкі разрасталася і давала надзейны цень у спёку і спрат ад дажджу. Лужанін.

3. ‑а. Патаемнае месца для ўкрыцця чаго‑н.; тайнік. Тым больш, што цяпер.. [Алаізу] туды і моцна цягнула — паглядзець, ці ўсё там у парадку, ці не раскрыты яе спрат. Арабей.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Сло́пы ‘пахілы’: слопая страха (мін., Сл. ПЗБ); таксама тапонім Слопішча (Жучк., КТС). Фармальна слова можна звязаць з рус. ослоп ‘дубіна, кругляк; дурань’, дыял. ослопи́на ‘доўгая жардзіна’, стараж.-рус. ослопъ ‘дубіна, палка’; далей параўноўваюць з славен. poslȏpje ‘будынак’ (Міклашыч, 432); супраць супастаўлення з *chlopati ‘ляскаць, бразгаць’, як гэта меркаваў Мацэнаўэр (LF, 12, 172), Фасмер (3, 161). Бязлай (3, 91) дапускае роднасць з літ. slaptú, paslaptúтайнік, сховішча’, лат. slapsts ‘кут, сховішча’. Але словаўтварэнне (меркаваўся б дзеяслоў *слопіць) і семантыку вытлумачыць цяжка.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Спрат ‘начынне’ (Нас., Байк. і Некр., Сцяшк.), ‘памяшканне, месца для захоўвання, сховішча’, ‘месца, дзе можна схавацца’, ‘тайнік’ (ТСБМ, Варл., Сл. ПЗБ), ст.-бел. спрятъ ‘хатні скарб, гаспадарчыя прылады, начынне’ (Ст.-бел. лексікон). Паводле Булыкі (Лекс. запазыч., 186), ст.-бел. спратъ (спрадъ, спретъ) ‘інвентар, маёмасць, рэчы’, ‘прадмет дамашняга туалету’, ‘месца захавання’ з ст.-польск. sprzęt ‘тс’. Польскае слова з’яўляецца аддзеяслоўным назоўнікам ад прыставачнага sprątać, што да прасл. *prętati (гл. пратаць); параўн. Борысь, 572, адкуль, відаць, і спронт ‘шапік для посуду’ (Сл. рэг. лекс.). Няясныя адносіны да серб.-харв. спра̏т ‘паверх’, якое Путанец (Rasprave, 29, 242–245) разглядае як метатэзу *stropъ (гл. строп2), а вакалізм о > а тлумачыць уздзеяннем субстрата. Сумніўна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

сховішча, схоў, сховань, схованка, схаванка, схоўка, схова, схоўня, сховы (мн.), спрат, укрыцце, прыкрыцце, засада, тайнік, патайнік, патаемнік, яўка; нара (перан.)

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)

Та́йка ’сяброўка, таварышка’ (Бяльк., ПСл, Мат. Гом.), ’сяброўка (у звароце)’ (брагін., З нар. сл.; Нар. словатв.), ’сяброўка, якой давяраюць патаемныя думкі’ (Нар. Гом.), ’сардэчная сяброўка’ (слуц., маг., Стан.), ’зварот да жанчыны, пераважна да дзяўчыны’ (Ян., Растарг.), ’даверлівы зварот да дзяўчыны, жанчыны аднаго ўзросту’ (ТС), памяншальныя та́енька, та́ечка ’тс’ (Кос., ТС), та́ічка ’сяброўка’ (Мат. Маг.), ’таварышка, кума’ (Бяльк.), та́ечка ’даражэнькая, мілая, сяброўка, дзяўчынка’ (Растарг.), ’сяброўка, прыяцелька, паверніца тайн’ (Ласт.), сюды ж тэ́йка ’сяброўка, таварышка’ (калінк., Мат. Гом.). Параўн. укр. палес. та́я ’абазнаная ў шмат якіх тайнах жанчына; сяброўка-суседка’. Няясна; у народнай свядомасці звязваецца з таіць, тайна (гл.), параўн. не мажэ таіцца да й кажэ (Сержп.), та́йнік, тайка ’той, перад кім няма сакрэту, нічога тайнага’ (Ласт.). Аднак, відаць, не можа разглядацца асобна ад серб.-харв. tȃjka, tájko, tȃjko ’татка’, балг. тайко, те́йко ’татулька’, н.-луж. tejka ’бабуля’ і асабліва балг. дыял. а́йкъ ’сяброўка з маладых гадоў’: с нейъ бе́хме а́йки (БД, 5, 107), што належаць да т. зв. дзіцячых слоў гукапераймальнага паходжання, параўн. Шустар-Шэўц, 1502.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)