пячку́р, печкура, м.

1. Невялікая рачная рыба сямейства карпавых. Шараватыя печкуры капашыліся чародкамі на пяску. Броўка.

2. Абл. Пячнік. Старанна печкуры кладуць цагліны, Загнетак выведуць, правесяць Шнур. Куляшоў. Забаставалі печкуры на новай майстэрні. Мурашка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пячка́р (печка́р) ’пячнік’. Ад пе́чка (гл. печ) па тыпу лажкар ’майстар па вырабу ложак’ і пад., параўн. аналагічнае балг. печка́р ’чалавек, які робіць ці рамантуе печкі’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

му́ляр, ‑а, м.

1. Рабочы, які будуе што‑н. з каменя або цэглы. Муляр з цэглы дом кладзе, Сценка ў сценку роўныя. Астрэйка. Каб добра, якасна будаваць, трэба, каб у брыгадзе былі людзі некалькіх кваліфікацыій: цесляры, муляры, тынкоўшчыкі. Кулакоўскі.

2. Пячнік. [Вано] цэлыя дні стаяў каля муляра, які рабіў печ у хаце суседа. Самуйлёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ляплёнік ’таўстун, як вылеплены’ (міёр., З нар. сл.), ’няўдалы хлеб ці праснак’ (КЭС, лаг.), ’муляр, пячнік’ (смарг., Сл. ПЗБ). Утвораны паводле прасл. мадэлі: дзеяслоў + суфікс ‑enъ з дадаткам суфікса ‑ik‑. Да ляпі́ць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ляпі́та, лепі́тапячнік’, ’майстар нешта ляпіць з гліны’ (Янк. 1; маг., Нар. словатв.; КЭС, лаг.). Да ляпі́ць (гл.). Аб пашырэнні суфікса ‑іта, які з’яўляецца працягам балт. ‑i‑ta (Слаўскі, SP, 2, 38), на бел. моўнай тэрыторыі гл. Сцяцко (Афікс. наз., 44).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

цэме́нтавы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да цэменту; звязаны з вырабам цэменту. Цэментавы склад. Цэментавая печ.

2. Зроблены з цэменту; у склад якога ўваходзіць цемені. Хатка над балотамі стаіць на нізкім цэментавым падмурку. Колас. Пячнік кельняй размешваў у карыце цэментавы раствор і насвістваў песеньку. Лобан. // Пакрыты, змацаваны цэментам. Валодзька затушыў цыгарку аб цэментавае перакрыцце, што адкрылася паміж дошак узарванай падлогі. Радкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ляпе́ш1, лепе́ш, лэпе́ш ’праснак’, ’няўдалы, ацеслівы хлеб’, ’тоўсты блін з цёртай бульбы, змешанай з мукою’, ’нязграбны, тоўсты чалавек’ (Шат., Вешт., Янк. 1). Зах.-укр. лепу́х ’закалец на хлебе’. Да больш архаічнага ляпёх ’тс’ (гл.).

*Ляпе́ш2, лепе́шпячнік’ (мазыр., Шатал.). Прасл. рэгіяналізм, утвораны пры дапамозе суфікса ‑ešь. Да ляпі́ць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Му́ляр1, му́лір ’рабочы, які будуе з цэглы’, ’пячнік’ (ТСБМ, Яруш., Шн. 2, Шат., Касп., Бяльк., Сл. ПЗБ), ст.-бел. муляръ, мураль, мураръ ’тс’ (XV ст.) запазычаны са ст.-польск. mularz, murarz ’тс’, якія (як і іншыя слав.: палаб. mau̯rnĕk, каш. mulåř, н.-луж. muŕaŕ, в.-луж. murjer, muler, славац. murár) узыходзяць да с.-в.-ням. mūrer (Булыка, Лекс. запазыч., 89; Трубачоў, Этимология–1973, 179). Гл. таксама мур, мурава́ць. Сюды ж му́ляр ’птушка, якая робіць гняздо з гразі’ (Совещ. ОЛА — Гомель, 234) — у выніку семантычнага пераносу.

Му́ляр2 ’драўляны вугаль’ (хойн., Мат. Гом.). Да мі́лёр (гл.).

Муля́р ’жывапісец’ (глус., паўд.-усх., КЭС). Да маля́р, маляваць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пячку́р1 ’невялікая рачная рыба, Gobio gobio (L.), Cottus gobio L.’ (Жук., ТСБМ, Янк. 1), печку́р ’тс’ (ТС); сюды ж пячку́рыцца ’жыраваць’; параўн. укр. пічку́р ’тс’, рус. печку́р ’тс’, славен. piškúr ’рыба Cobitis fossilis, Petromyzon fluviatilis’, серб. пи̏шкур ’тс’. Відаць, у выніку збліжэння пяску́р ці піску́р (гл.) да пячо́ра, пячу́ра ’ямка ў рацэ; падмыты бераг’: ракі і рыбы вядуцца ў печорах (Бір.), параўн. аналагічнае пячку́р, печку́р ’берагавая ластаўка’, пячу́рка, пячу́рнік ’тс’ (ТС; ЛА, 1), гл. таксама ЕСУМ, 4, 420. Паўднёваславянскія словы ў выніку фанетычных дыялектных змен першапачатковага *piskorʼь ад *piskati (гл. пішчаць, піск), параўн. Бязлай, 3, 43; Сной₂, 518. Гл. пяшкур.

Пячку́р2пячнік’ (ТСБМ, Нас., Яруш., Гарэц., Касп., Др.-Падб., Юрч., Мат. Маг.); параўн. укр. пічку́р ’качагар, апальнік’. Паводле Блесэ (SB, 5, 17), з літ. pečkuris ’качагар’, што цяжка давесці (Лаўчутэ, Балтизмы, 147). Відаць, нельга разглядаць асобна ад пячку́р, печку́р ’хто любіць ляжаць на печы’ (Сцяшк., Др.-Падб., ТС), пячку́р ’лянівы кот, які не ловіць мышэй’ (дубр., ушац., Жыв. НС); хутчэй за ўсё, ад пе́чка, памянш. да печ (гл.) пад уплывам пячу́рка ’ніша ў печы для сушэння’, параўн. пячу́рнік ’хто любіць ляжаць на печы’ (Варл.), пячу́р ’тс’ (Сцяцко, НЛС). Гл. пячка́р. Украінскае слова выводзяць з печ і ку́рити (гл. курыць), параўн. і смалаку́р, гл. ЕСУМ, 4, 420.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)