Пле́ўка, плёўка, пле́вачка, плі́ўка, плы́вка, плёвачка ’скурка’; ’накіп на паверхні нерухомай вадкасці, ’бросня’, ’дыяфрагма, перапонка, тонкі пласт чаго-небудзь’ (ТСБМ, Нас., Вешт., Сцяшк. Сл., Мік., Дразд., Шат., Сл. ПЗБ, ТС, Скарбы; рэч., Мат. Гом.; сміл., Стан.), ’паверхня (замест скуры) унутраных органаў’ (Варл.), ’плява ў мясе’ (Растарг.), ’дыяфрагма’ (брэсц., гродз., віц., ЛА, 1), ’вяршок малака пры яго варцы’ (ЛА, 4), пле́вы ’перапонкі на лапах гусей, качак’ (шчуч., беласт., Сл. ПЗБ). Укр. плі́вка ’мяздра’, ’плёнка’, ’плеўка на малацэ’, славац. plievka ’прыкветак’, plievočka ’лускавінка’. Гл. плява́.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пало́ва1 ’адна з дзвюх роўных частак чаго-н.; сярэдзіна якой-н. адлегласці, прамежку часу і пад.; асобная частка жылога памяшкання’, палаві́на ’тс’. Рус. поло́ва, полови́на, укр. полови́на, ст.-рус. половина. Палова ад прасл. polъ (аснова на й), дзе ‑ов‑ з ускосных склонаў з далейшым расшырэннем суфіксам ‑ін‑ (гл. Фасмер, 3, 312).

Пало́ва2 ’рэшткі, якія застаюцца пры абмалоце збожжа і ачыстцы зерня; мякіна’ (ТСБМ, Бяльк., Інстр. I), поло́ва (Выг., Бяссон.). Агульнаслав.: рус. поло́ва, укр. поло́ва, ст.-слав. плѣвы, польск. plewa, в.-луж. pluwa, н.-луж. plowa, чэш. pléva, pleva, славац. pleva, серб.-харв. пље̏ва, славен. pléva ’палова’, балг. пля́ва ’салома; назва Млечнага Шляху’. Прасл. pelva і peleva (рус. пелёва). Роднасныя ст.-прус. pelwo ’палова’, ст.-літ. pẽlus ’тс’, лат. pęlus, pęlavas, pęlęvas, pę̀lvas ’тс’, ст.-інд. palā́vās мн. ’палова’, лац. palea < *palēva ’тс’ (гл. Траўтман, 213; Мейе–Эндзелін, 3, 198; Фасмер, 3, 312, у яго ж гл. і інш. літ-py; Махэк, 459, Выгонная, Лекс. Палесся, 80 і наст.). Далей гл. палоць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Луст, лу́ста, лу́стка, лу́стачка, лу́стычка ’плоскі вялікі кавалак хлеба, сала і інш.’ (Нас., Чач., Мядзв., Гарэц., Яруш., Дразд., Шат., Бяльк., Растарг., Сцяшк., Клім., Вешт. дыс.; гродз., віц., Шн. 3; КЭС, лаг.; докш., Янк. Мат.; ТСБМ, ТС, Сл. ПЗБ), ’ежа, якую бралі з сабой у поле’ (Сл. ПЗБ), ’харч у дарогу’ (навагр., Жыв. сл.). Укр. лу́ста ’луста’, ’кавалак’, ’тонкі пласт’, рус. луст, лу́ста́, лу́стка ’луста’, ’шалупінне’; польск. łusta (крэсовае, Віленшчына); серб.-харв. старое lustra ’луска’, серб. лу̏стра ’перхаць’, чак. ’луска рыбы’, дуброўн. љу̏штра ’тс’. Прасл. lusta ’луска, плява, шалупіна’, ’адрэзаная скібка’, ’кавалак’ (Слаўскі, 5, 363), якое да і.-е. *leu‑ ’аддзяляць, адрываць, адразаць’ > louskā ’тое, што аддзелена’ (параўн. літ. lùstas ’луста хлеба’ і lùkstas ’лупіна, лушпайка’, лат. lauskas ’перхаць’ (гэтак жа Буга, Rinkt., 1, 286–287, 413, 460; Бернекер, 748; Фасмер, 2, 536; Скок, 2, 340). Зубаты (ASlPh, 16, 397), бачыў генетычную роднасць луста з літ. láužti ’ламаць’, ст.-інд. loṣṭáh ’абломак, грудка зямлі, скіба’ (як і Петэрсан, ASlPh, 34, 370–384), rujáti ’ломіць’, ст.-грэч. ἀλυκτοπέδη ’неразрыўныя сувязі’. Параўн. таксама і асец. lux ’адрэзаны’, luxtä ’тс’ (мн.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пле́ва1, пле́вы, пле́ўкі ’высеўкі з грэчкі’ (смарг., ЛА, 4), ’мякіна, адходы пры паланні’ (ЛА, 2), пле́ўкі ’высеўкі’ (Сл. ПЗБ). Рус. пле́ва, пле́вы́ ’мякіна’, польск. plewa ’мякіна’, plewy ’пустазелле, смецце’, палаб. plåvoj, н.-луж. plowy, plowky, в.-луж. pluwy ’мякіна, адходы’, чэш. pleva, славац. pleva, славен. plẹ́va, серб.-харв. пле̏ва, макед. плева, балг. плява, плевица, ст.-слав. плѣва ’тс’. Прасл. *pelva роднаснае лат. pęlus, pęl(a)vas, ст.-прус. pelwo, літ. pẽlūs, pelaĩ ’мякіна’, лац. palea ’тс’, ’высеўкі’ (Траўтман, 213; Мюленбах-Эндзелін, 3, 198; Махэк₂, 459; Варш. сл., 4, 235; Бязлай, 3, 57). Апрача гэтай лексемы на ўсх.-слав. тэрыторыі пашырана полова, палова (гл.), якія адносяцца да прасл. *polva, у той час як у зах.- і паўн.-славянскіх пераважае *pelva (Банькоўскі, 2, 608).

Пле́ва2 ’перхаць’ (гарад., ЛА, 1; Касп.; гарад., віл., ЛА, 3), ’шалупінне скуры’ (гарад., віц., ЛА, 3), рус. пск., цвяр., наўг., калуж. пле́ва, плева́ ’перхаць’. Паводле Мяркулавай (Этимология–1970, 175) — да прасл. *pleva, роднаснага літ. plėvė̃ ’скурка, тонкая абалонка’ (Буга, Rinkt., 2, 302). Гл. папярэдняе слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Астро́ва ’лесвіца пры стойле’, ’нятоўстая елка з сучкамі па 10–15 см даўжынёй’ (Янк. I), астро́ўка ’тс’ (Янк. II), астро́ўка, астро́ўкі ’прыстасаванне ў выглядзе піраміды з сукаватых яловых жэрдак і калоў для сушкі сена, вікі, гароху, ільну і г. д.’ (Грынблат, Белор., 110; Касп.; Хрэст. дыял., 22, 30; Інстр. II); паводле ДАБМ, к. 234, пашырана на паўночны ўсход ад лініі Орша–Полацк; астраўё, астравіны (ДАБМ, 789, 790; Малчанава, Мат. культ., 38, фота на стар. 39). Слова са значэннямі, якія можна звесці да ’сукаваты, нятоўсты кавалак дрэва’, сустракаюцца і на іншых тэрыторыях, напр. у Палессі острывэц (стол.), острувля (маларыц.) ’ссечанае маладое дрэва з сукамі, па якому залазяць на дрэва да вулля’ (Анох.). Аналагічныя значэнні маюць словы і ў іншых славянскіх мовах: рус. дыял. остро́вье, о́стровь, острови́на, островник; укр. дыял. острова, острів, островʼяниця, острева, польск. ostrew, ostrewka, чэш. ostrev (малюнак гл. у Махэка), славац. ostrva, славен. ostr̂v(a), серб.-харв. о̏стрва. Не ведаем балг., мак., с.-луж. адпаведнікаў. Ад кораня *ostr‑ (гл. востры) з суфіксальным ‑ъv‑ (параўн. дрэва, плява і пад.); да гэтага кораня слова адносілі Міклашыч, 227; Даль, 1, 706; Брукнер, 386; Скок 2, 575. Па Махэку₂, 420, з *ostrъbъ, што патрабуе ўдакладненняў. Гл. астрога.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)