глушы́ць, глушу́, глу́шыш, глу́шыць; незак., каго-што.

1. Перашкаджаць слухаць.

Розныя шумы глушылі прамову, і нічога не было чуваць.

2. Рабіць нячутным, заглушаць.

Г. радыё.

3. Не даваць расці, перашкаджаць развіццю чаго-н.

Крапіва глушыла буракі.

Г. ініцыятыву (перан.).

4. Моцным ударам аглушаць, пазбаўляць прытомнасці.

Г. рыбу.

5. Выключаць (матор, машыну і пад.).

Г. матор.

6. Вельмі многа піць чаго-н. (пераважна пра алкаголь; разм.).

Г. гарэлку.

|| зак. заглушы́ць, -глушу́, -глу́шыш, -глу́шыць; -глу́шаны (да 1—3 і 5 знач.) і аглушы́ць, аглушу́, аглу́шыш, аглу́шыць; аглу́шаны (да 4 знач.).

|| наз. глушэ́нне, -я, н. (да 4 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

гасі́ць, гашу́, га́сіш, га́сіць; незак., што.

1. Спыняць гарэнне; тушыць.

Г. свечку.

2. перан. Перашкаджаць развіццю чаго-н.; заглушаць (жаданні, пачуцці).

Г. ініцыятыву.

3. Змяншаць ці спыняць дзеянне чаго-н. (спец.).

Г. хістанні.

Г. скорасць.

4. Рабіць што-н. несапраўдным, непрыгодным для далейшага ўжывання.

Г. доўг.

Г. паштовыя маркі.

5. Моцна ўдараць па чым-н. (разм.).

Г. абухом па дзвярах.

Гасіць вапну — дабаўляць вады ў вапну, каб атрымаць з яе белы парашок — будаўнічую гашаную вапну.

|| зак. загасі́ць, -гашу́, -га́сіш, -га́сіць; -га́шаны (да 1 знач.) і пагасі́ць, -гашу́, -га́сіш, -га́сіць; -га́шаны.

|| наз. гашэ́нне, -я, н.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

га́сіць, га́шу, га́сіш, га́сіць; незак.

Разм. З размаху біць, удараць па чым‑н. Мяняліся .. [рабочыя] ўсё часцей і часцей, малатабоец усё шпарчэй і мацней гасіў з-за вуха молатам. Чорны.

гасі́ць, гашу́, га́сіш, га́сіць; незак., што.

1. Спыняць гарэнне; тушыць. Гасіць агонь. □ Маці чакала сына і не гасіла лямпы. Каваль.

2. перан. Не даваць развівацца чаму‑н.; заглушаць (жаданні, пачуцці). Гасіць усмешку. □ [Аксіння] рашыла ісці напрамую і гаварыць так, каб Палікарпаўна не магла гасіць яе словы жартамі. Кулакоўскі.

3. Рабіць што‑н. несапраўдным; пагашаць. Гасіць доўг. Гасіць паштовыя маркі.

4. Памяншаць ці ліквідаваць што‑н., аслабляць дзеянне чаго‑н. Гасіць хістанні.

•••

Гасіць вапну — змешваць едкую (нягашаную) вапну з вадой, каб атрымаць будаўнічую вапну.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Патлу́міць1 ’пабалакаць, пагаварыць’ (Нас.). Да тлу́міць ’празмерна дакучаць гаворкай, шумам’, ’марочыць, задурваць галаву’, тлу́мны ’шумны, гаманлівы’, тлум ’шум, гоман’ (Шамякін), якія да польск. tłumić, tłumny, tłum < прасл. tъlp‑m (Брукнер, 572), роднаснага да польск. tłopić < прасл. tъlpa/tьlpa > бел. на‑тоўп. Семантычны пераход ’натоўп’ > ’шум, гоман’, як у гоман (прасл. gomonъ < гоц. gaman ’натоўп’) (Мартынаў, вусн. паведамл.).

Патлуміць2, ‑цца ’падавіцца (у праклёнах)’ (Шат.). Укр. потлуми́ти ’заглушыць, задавіць’, ’пабіць’, ’знішчыць’. Да тлу́міць (гл.). Запазычаны з польск. tłumić (чэш. tlumiti з польск.). Польск. і славац. tlmiť з прасл. tъlmiti, роднаснага да літ. stel̃btiзаглушаць ценем (аб раслінах)’, stil̃bti ’слабець, гінуць ад заглушэння’, якое адпавядала б літ. фактытыву *stilbinti ’рабіць, каб што-небудзь слабела’ (Махэк₂, 646).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тушава́цца1 ‘стамляцца, задыхацца’: я буду тушавацца, бо трэба спяшыць (глыб., Рэг. сл. Віц.), сюды ж, відаць, тушы́цца ‘харчавацца вельмі дрэнна’, тушы́ць ‘карміць зусім дрэнна’ (Юрч. СНЛ), тушава́ць ‘кватараваць, быць на харчаванні’ (сен., Рэг. сл. Віц.), тушыва́цца ‘хвалявацца’, тушыва́ць ‘хваляваць, непакоіць’ (Яўс.). Няясна. Зыходзячы са значэння ‘задыхацца’, можна суаднесці з тхаць ‘дыхаць’, тушы́ць ‘гасіць, заглушаць’ (гл.), параўн. рус. дыял. туши́ть ‘сціскаць, ускладняючы дыханне’ (СРНГ), што належаць да дзеясловаў, якія адрозніваюцца ў колькасных адносінах паводле каранёвага вакалізму: прасл. *tušiti, *tъxnǫti, гл. Цемчын, Baltistica, 22, 2, 34.

Тушава́цца2 ‘саромецца, бянтэжыцца’ (ТСБМ). Запазычана літаратурным шляхам з рус. тушева́ться ‘тс’, больш звычайнага ў форме стушева́ться ‘збянтэжыцца’. Паводле КЭСРЯ (456), утворана ад тушевать ‘накладваць цені’ ў выніку даволі складанага пераносу значэння ‘рабіць менш прыметным’ → ‘адчуваць няёмкасць’. Арол (4, 123) адсылае непасрэдна да туш гл. туш2).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тлумі́ць ’марочыць, дакучаць’ (ТСБМ), ’збіваць з толку, задурваць, блытаць’ (Нас.), ’прыгнятаць’ (Ласт.), ’турбаваць’ (чэрв., ЛА, 3), ’заблытваць, збіваць з панталыку’ (Байк. і Некр.), ’ачмураць шумам’ (Касп.), ’псаваць, таптаць (пасевы); жартаваць, гаварыць абы-што’ (Нас.), ’дурыць’ (пух., Жд. 2; бялын., Янк. Мат.), ’несці лухту’ (Шымк. Собр.), тлумы́ты ’стрымліваць, затрымліваць’ (драг., Ск. нар. мовы), ст.-бел. тлуми́ти ’ўціхамірваць’, ’стрымліваць’ (1574 г., КГС), сюды ж тлумі́цца ’страчваць увагу, блытацца’ (Нас.), ’туліцца, жыць у цеснаце’, ’дурэць’, ’прадаваць, рабіць доўга’ (Мат. Гом.), тлуми́тис ’таўчыся’ (кобр., Горбач, Зах.-пол. гов.), тл́умны ’нястрыманы, шумны, неспакойны’ (ТСБМ), ’сварлівы, бесталковы’ (Байк. і Некр.). Параўн. укр. тлу́ми́ти ’знішчаць, нявечыць; заглушаць; біць, лупцаваць’, польск. tlumić ’прыглушаць, глушыць, прыгнятаць (пра агонь), стрымліваць; таўчыся, біцца’, ст.-польск. tlomić ’тс’, чэш. tlumit ’прыглушаць, стрымліваць, змякчаць’, славац. tlmiť ’тс’. З польск. tlumić ’прыглушаць, стрымліваць’ (Борысь, 635; Брукнер, 572; Махэк₂, 646; Куркіна, Этимология 1983, 24–26).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

глушы́ць, глушу, глушылі, глушыць; незак., каго-што.

1. Перашкаджаць слухаць, пазбаўляць магчымасці чуць; аглушаць. Народ таўчэцца каля копкі, Па бруку б’юць падковы звонка, Грымяць павозкі, буды, колы, Аж проста глушаць балаголы. Колас.

2. Рабіць нячутным, бясшумным; заглушаць. Кірмашовы гук і голас глушылі музыку. Гарэцкі.

3. Перашкаджаць сваім ростам росту іншых раслін, пазбаўляючы іх святла і прасторы. Пырнік глушыць збажыну. □ Флоксы напалам з травой глушылі ўсё, што было каля іх і пад імі драбнейшага. Чорны. // перан. Перашкаджаць развіццю чаго‑н. Глушыць ініцыятыву.

4. Разм. Моцным ударам па галаве пазбаўляць прытомнасці; аглушаць. Прыкладам свайго маленькага карабіна .. [Шурка] глушыць аднаго з бандытаў, у другога страляе. Мехаў. // Ударамі па лёдзе або падводнымі выбухамі даводзіць (рыбу) да стану здранцвення. Глушыць рыбу.

5. Выключаць (матор, машыну і пад.). Глушыць трактар.

6. Разм. Многа піць чаго‑н. Глушыць гарэлку.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тушы́ць 1, тушу, тушыш, тушыць; незак., што.

Спыняць гарэнне чаго‑н.; гасіць. Сястра ўжо тушыла святло на калідоры. Асіпенка. Паравозы выпускала пару, тушылі топкі. Лынькоў. [Ігар] тушыў папяросу, тыкаючы яе ў дно сподка. Карпюк. // перан. Спыняць, заглушаць (якія‑н. пачуцці, каханне і пад.). Успамін пра брата астуджвае Васілісін голас, тушыць яе добрую ўсмешку, абуджае даўнюю крыўду і злосць. Васілевіч. Урэшце .. [Яраш] мог бы заклікаць на дапамогу сябра і разважлівую, спакойную Валянціну Андрэеўну, якая неаднойчы ўжо тушыла ўспышкі Галінай хваравітай рэўнасці. Шамякін. // перан. Не даваць развівацца, пашырацца чаму‑н. Хай льюцца песень грэлі Ад сэрца, ад душы. Яны людзей сагрэлі, Не буду іх тушыць. Пушча. / у вобразным ужыв. Зоры не паспявалі з’явіцца ўваччу, як успышка святла зноў тушыла іх. Чорны.

•••

Тушыць (гасіць) мяч — ударам зверху прызямляць (у валейболе, тэнісе і пад.).

Снег саломаю тушыць — рабіць якую‑н. бязглуздзіцу, глупства.

тушы́ць 2, тушу, тушыш, тушыць; незак., што.

Варыць на малым агні ў закрытай пасудзіне. Тушыць капусту. Тушыць мяса. Тушыць агародніну.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Тушы́ць1 ‘гасіць, спыняць гарэнне’ (ТСБМ, Нас., Некр. і Байк., Бяльк., Касп., Яруш., Сержп. Прымхі, ТС, Юрч. Сін., Вруб.): pierunovy ahoń hrech tuszyć (Пятк. 2), перан. ‘спыняць, заглушаць, не даваць развівацца’ (ТСБМ). Параўн. укр. туши́ти ‘гасіць, супакойваць’, рус. туши́ть ‘тс’, стараж.-рус. утушити ‘задушыць’. Прасл. *tušiti ‘тушыць, супакойваць, рабіць ціхім’ — каўзатыўны дзеяслоў у адносінах да *tuxnǫti (гл. тухнуць1), з якім знаходзіцца ў этымалагічнай сувязі (Борысь, 655), роднасны ст.-прус. tusnan ‘ціхі’, літ. tausýtis ‘сціхнуць (пра вецер)’, ст.-інд. tosáyati ‘супакойвае’, што да < і.-е. *tou̯s‑ ‘ціхі, мірны’ (Скок, 3, 528; Фасмер, 4, 128; ЕСУМ, 5, 687). Сюды ж адносіцца запазычанае са ст.-польск. tuszyć ‘спадзявацца, мець надзею’ ст.-бел. тушити, тушыти ‘тс’ (1577 г., ГСБМ) з развіццём значэння ад ‘супакойвацца, суцішацца’ да ‘спадзявацца’ (Борысь, 655; ЕСУМ, 5, 689), што можа лічыцца семантычнай інавацыяй часткі іранска-праславянскага моўнага арэала (Трубачоў, Труды, 2, 83).

Тушы́ць2 ‘варыць на малым агні ў закрытай пасудзіне’ (ТСБМ, Нас., ТС, Касп.). Укр. дыял. туши́ть ‘тс’, рус. туши́ть ‘тс’, польск. дыял. túszyć, побач з tusić, dusić ‘тс’, харв. túšiti, балг. задуша̀вам ‘тс’. Гістарычна фармальна ідэнтычнае прасл. *tušiti (гл. тушыць1); варыянтнасць асновы слова ў розных славянскіх мовах тлумачыцца кантамінацыяй ці застаецца няяснай (Скок, 3, 528; Слаўскі, 1, 180; Махэк₂, 135).

Тушы́ць3 ‘рабіць тухлым’, тушы́цца ‘рабіцца тухлым’ (Юрч. СНЛ). Да ту́хлы (гл.) з чаргаваннем х > ш.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

душы́ць 1, душу, душыш, душыць; незак., каго-што.

1. Пазбаўляць каго‑н. жыцця, сціскаючы горла, насільна спыняючы дыханне. [Ваўкі] часта падкопваліся пад хлявы і душылі авечак. Бядуля. // Наваліўшыся на каго‑н., моцна прыціскаць, прычыняць боль. Паліцэйскія з дзікай лютасцю накінуліся на Петрычука і пачалі біць, душыць яго. Анісаў. // перан. Прыгнятаць, не даваць развівацца чаму‑н. Царызм жорстка душыў культуру прыгнечаных народаў, падаўляў іх імкненне да нацыянальна-культурнага развіцця. Казека.

2. Перашкаджаць дыханню. Душыў каўнер нявыбеленае сарочкі, адчуваліся лёгкія мурашкі ўздоўж потнай спіны. Нікановіч. // Падступаць пад горла, пазбаўляючы магчымасці свабодна дыхаць (пра смех, кашаль і пад.). Кашаль душыць. // перан. Моцна ўзбуджаць (пра пачуццё злосці, гневу і пад.). Нянавісць да Стафанковічаў душыла Любу. Чорны.

3. перан. Прыгнятаць, гнясці, мучыць (пра думкі, перажыванні і пад.). Міколу душыла трывога за брата. Якімовіч. — Нейкая туга на дзеўку навалілася. Нешта душыць яе. Памізарнела, аж страх бярэ, — скардзіцца маці суседкам. Бядуля.

4. Заглушаць, не даючы праявіцца. Нехта ўсхліпвае побач, нехта душыць прыглушаныя слёзы. Лынькоў.

5. перан. Разм. Карміць пастаянна адной і той жа стравай. А гаспадыня ўсё нас бульбай з кіслым малаком душыць. Крапіва.

6. Мяць, расплюшчваць. Душыць ягады. // Расплюшчваючы, знішчаць. Душыць вусеняў. // Збіваючы з ног і падбіраючы пад сябе, калечыць, нішчыць. Танк душыў ворагаў.

душы́ць 2, душу, душылі, душыць; незак., каго-што.

Апырскваць або націраць духамі, адэкалонам. Душыць валасы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)