Галаве́нька1 ’апалонік (паўзун)’ (Шатал.). Наўрад ці ёсць сувязь са словамі тыпу галаве́нь (назва рыбы з вялікай галавой) ці галаве́нька ’спарыння’ (Шатал.). Хутчэй за ўсё трэба думаць пра нейкую кантамінацыю розных па значэнню, але падобных па форме слоў (*golv‑ ’галава’). А можа, гэта памяншальная форма (суф. ‑енька) ад галава?

Галаве́нька2 ’галавешка’ (Шатал.). Па паходжанню гэта памяншальная форма ад прасл. *golvьńa ’галавешка, факел і да т. п.’ (асноўная форма бел. *галаўня зафіксавана ў бел. мове вельмі слаба; яе няма ў большасці слоўнікаў; Трубачоў (Эт. сл., 7, 12) прыводзіць бел. галаўня, але адкуль?). Прасл. *golvьńa (рус. головня́, укр. голо́вня, польск. głownia, чэш. hlavně, hlaveň, ст.-слав. главьнꙗ, балг. главня́, серб.-харв. гла́вња і г. д.) лічыцца звязаным з прасл. *golva ’галава’ (г. з. н. першапачаткова ’галоўка палена, што гарыць’). Гл. Фасмер, 1, 429–430 (там і агляд ранейшай літ-ры). Менш пераконвае сувязь са ст.-інд. jurvati ’паліць’, jūrṇíṣ ’жар’ і г. д. Іншыя этымалогіі яшчэ больш няпэўныя. Падрабязны агляд славянскіх форм і абгрунтаванне сувязі з *golva гл. у Трубачова, Эт. сл., 7, 12–13.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Галаве́нь ’назва рыбы’ (БРС, Касп., Шат., Нас.). Параўн. рус. дыял. смал. голави́нь ’тс’. Паколькі гэтыя назвы ізаляваныя (сувязь з назвамі тыпу рус. дыял. головня́ ’галавень’ няпэўная, таму што рус. слова ж. р.), то, здаецца, пераконвае меркаванне Трубачова (Эт. сл., 7, 10) пра сувязь рус. голавинь з назвамі тыпу рус. гола́вль, голо́вль, го́лове́ль, укр. голове́ль ’тс’. Калі гэта так, мы можам прыняць дысіміляцыю лл > лн (*галаве́ль > галаве́нь). Зыходнай формай, якой Трубачоў надае статус праславянскай, з’яўляецца *golvjь (вытворнае з суф. ‑jь ад *golva ’галава’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сняце́й, снэтэ́й ‘сажа (хвароба хлебных злакаў)’ (бяроз., Шатал.), сніце́й ‘тс’ (івац., Нар. сл.), снытэ́й ‘тс’ (пін., Кольб.; стол., Нар. лекс.), сняты́й, сніт ‘тс’ (палес., гл. Выгонная, Лекс. Палесся, 76 і наст.), смяце́й, смяця́й ‘тс’ (гродз., Сл. ПЗБ), снітэ́й, снэтэ́й ‘тс’ (Сл. Брэс.). Укр. снить, сніті́й, сміті́й ‘тс’, польск. дыял. śnieć, в.-луж. sněc, snjeć, н.-луж. sněś, чэш. sněť, snět, серб.-харв. сни̏јет ‘тс’, смѐтлика ‘галаўня ў кукурузы’, славен. snẹ̑t, smet, smetljaj ‘галаўня ў збожжы’, балг. сне́тей ‘тс’. Прасл. *snětь, *snětъ ‘сажа’ Махэк₂ (564) лічыць звязаным з чэш. nítiti ‘распальваць агонь’, прасл. *gnětiti ‘запальваць’; гл. яшчэ Мяркулава (Очерки, 64), якая падкрэслівае натуральнасць семантычнага развіцца; ‘запаліць агонь’ → ‘абпаленае палена, галавешка’ → ‘раслінная сажа’; да семантыкі параўн. са́жа, рус. головня́, серб.-харв. га́ра, нова-в.-ням. Brand (ад brennen ‘гарэць’) ‘тс’. Менш верагодныя супастаўленні Шустара–Шэўца (1326–1327) з прасл. *snetъ ‘калода’ (гл. снет), а таксама рэканструкцыя прасл. *sъ‑gnětъ (Скок, 3, 297), супраць чаго Бязлай, 3, 279–280; гл. яшчэ Фасмер, 3, 698–699; Будзішэўска, Słown., 300; Міклашыч, 312; ЕСУМ, 5, 336–337.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)