Недака́рак ’акурак’ (Ян.). Відаць, дэфармаванае недакурак (ад курыць), незвычайны вакалізм выкліканні ўплывам слоў тыпу недагарак ’галавешка, недагарэлае палена’ (Сл. ПЗБ, ТС), параўн. польск. niedogarek ’недагарэлае палена, лучына; папяроса’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Дрэ́чыцца ’дражніцца’ (Сцяшк.). Вакалізм у гэтым слове другасны. Зыходным з’яўляецца *драчы́цца ’тс’ (слав. *drǫčiti; агляд форм у Трубачова, Эт. сл., 5, 122–123). Гук э нібы «аднаўляецца» пад другасным націскам.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вэ́гаўка ’гушкалка’ (Сцяшк. МГ). Мабыць, фанетычная трансфармацыя слова *вага́ўка (да вага́цца ’калыхацца, гайдацца’). Вэ́гаўка атрымала свой вакалізм э́ па суадносінах тыпу багно́бэ́гна, барса́цьбэ́рсаць, вархо́лвэ́рхал (дзе пад націскам нібы «аднаўляецца» э).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ляжойка ’прыстасаванне з вяровак для ўзнімання на дрэва’ (круп., Сл. ПЗБ). Да ле́зці (гл.). Праблематычным з’яўляецца ‑ж‑ замест ‑з‑ (параўн. іншыя назвы гэтай рэаліі — лязіва, лазіва, лазня) і незвычайны вакалізм суфікса ‑ойк‑а (балтыйскі ўплыў?).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гар (м. р.?) (БРС, Шат.). Параўн. рус. гарь (ж. р.). Дакладная адпаведнасць бел. лексеме і па марфалагічнай характарыстыцы (м. р.!) ёсць у рус. уральскіх гаворках: гар ’непрыемны запах’. Усё да слав. *gorěti. Словы *garь, *garъ (?) адлюстроўваюць вакалізм a (< ō).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ро́сісць ’нешта дрэннае’ ў праклёне: Есьце, шоб вас паела росісць! (ТС). Да рось ’імгла, туман’ (гл.). Вакалізм суфікса *‑ostь пад уплывам украінскай мовы, параўн. укр. лютість, чемність, гл. таксама Карскі, 1, 160 (пра ‑ісць у гаворках). Гл. раса4.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гарчэ́ць ’рабіцца горкім’ (БРС, Нас., Сл. паўн.-зах.). Параўн. рус. горча́ть, укр. гірча́ти, серб.-харв. го̀рчати ’тс’ і г. д. Прасл. *gorьčati ’тс’ (утварэнне ад *gorьkъ ’горкі’). Гл. Трубачоў, Эт. сл., 7, 52. У бел. мове развіўся другасны па паходжанню вакалізм у тэме дзеяслова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Дрэнь ’дрэнь, дрэнны’ (БРС, Нас., Касп., Шат., Бяльк., Сл. паўн.-зах.). У дыял. і дрень (Бяльк.). Слова не вельмі яснага паходжання. Здаецца, можна лічыць, што яно роднаснае рус. дрянь ’тс’ (па адной версіі *дрань ад драть; па іншай з *дрябнь да дряблый; гл. Фасмер, 1, 546; Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 198). Вакалізм у бел. слове не зыходны, а трансфармаваўся па тыпу барса́ць: бэ́рсаць, ва(д)зга́ць: вэ́дзгаць, даўжа́р: дэ́ўжар. Хутчэй, аднак, зыходным з’яўляецца тып рус. дрянно́й, бел. *дранны́, адкуль пасля перанясення націску на першы склад «аднавіўся» вакалізм «э»: *дранны́дрэ́нны; адсюль ужо дрэнь. Параўн. польск. drań (Слаўскі, 1, 161). Бел. словы могуць паходзіць і прама ад *dranь, *dranьnъ (*dьranъ, *dьranьnъ) без палаталізацыі (*r > ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Глы́ба ’глыба’ (БРС). Слова вядома толькі ў рус. і бел. мовах (гл. Трубачоў, Эт. сл., 6, 160). Паводле Трубачова (там жа), роднаснае слову *glyza (гл. глы́за). Ранейшая версія (роднаснасць з лац. glēba ’ком зямлі’), якую прапанавалі Брандт, РФВ, 22, 119; Бернекер, 1, 310; Фасмер, 1, 147, не вельмі верагодная, паколькі тут назіраецца неаднолькавы вакалізм.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ве́ка ’века; павека’. Ст.-рус., ст.-слав. вѣко ’павека’, рус. ве́ко ’павека; розныя віды кошыкаў; вобад сіта або рэшата’, укр. ві́ко ’накрыўка скрыні, дзяжы і да т. п.’; ’павека’, польск. wieko ’накрыўка’, чэш. víko ’тс’, славен. véko, véka ’павека’. Прасл. *věko ’века; павека’ (< *vēko). Роднасныя: літ. vókas ’павека; накрыўка’, лат. vâks ’накрыўка’ (балт. словы адлюстроўваюць старое *vāk‑; параўнальна з слав. формамі тут іншы вакалізм, але чаргаванне ē : ā назіраецца і ў іншых выпадках). Магчыма таксама, што балт. мовы захоўваюць стары вакалізм, а слав. *věko (замест *vako) развілося пад уплывам слав. *vědi̯a ’павека’ (ст.-рус. вѣжа, ст.-слав. вѣжда ’тс’, балг. ве́жда, серб. ве̏ђа ’брыво’). Гл. Траўтман, 347–348; Фасмер, 1, 286. З прэфіксам *po‑ ўтворана слав. *po‑věka ’павека’, з прэфіксам *ob‑*ob‑věko (> *oběko + розныя суфіксы) ’абечайка’ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)