Самалёт ’цяжэйшы за паветра лятальны апарат з рухавіком і, звычайна, нерухомымі крыламі’ (ТСБМ). З рус. самолёт ’тс’ або адаптаванага польск. samolot ’тс’, што не выключае і самастойнае ўтварэнне ад сам (гл.) і лятаць (гл.), параўн. самапла́ў ’тс’ і заўвагу Бузука: «вельмі прыгожае наваўтварэньне, якое я чуў у Асіпавічах» (Буз., 257), гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вільчык1 ’верхні стык даху, страхі’ (КТС, БРС, Бяльк., Некр., Серб., Шушк., Сцяшк. МГ, Тарн., Інстр. I, шкл., КЭС; бых., парыц., Янк. Мат., Янк. I). Укр. палес. вільчык ’верх, грэбень саламянай страхі’. Рус. смал. вильчик ’грэбень страхі’. Да вільча́к (гл.).

Вільчык2 ’часціна коміна на падстрэшшы’ (Буз.); ’франтон’ (ДАБМ); ’вяршыня дрэва’ (ветк., хойн., Мат. Гом.). Утварылася ў выніку семантычнага пераносу (па сумежнасці, па падабенству). Да вільчык1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Спракуве́ку (спраку‑веку, спра́ку ве́ку) ‘спрадвеку, здаўна’ (Сержп., Ян.; карм., Сл. нар. фраз.; асіп., ваўк., чэрв., слуц., Сл. ПЗБ). Адваротны дэрыват ад спракаве́чны ‘старадаўні, шматвяковы’ (калінк., Арх. ГУ, Сцяшк. Сл., ТС), што да пракавечны ‘тс’ ад прок (гл.), параўн. ад праку ве́ку ‘здаўна’. Бузук (гл. Буз., 257) бачыў тут цікавы прыклад змены слова ў выніку ўтварэння рыфмы. З прычыны дээтымалагізацыі ўзніклі формы спрадка́ ‘спрадвеку’ (Ян.) ад продак (гл.), спрако́н ‘спрадвеку’ (Ласт.) — кантамінацыя спакон (гл.) і спракавечны, спракувеку.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ту́мар1 ‘багацей, багатыр’ (Нас., Байк. і Некр., Сцяшк., Буз., Мядзв., Нар. Гом., Рэг. сл. Віц., Бяльк., Юрч. Сін.), ‘пануры, нелюдзімы чалавек’ (Зайка Кос.), ‘самастойны, сур’ёзны чалавек’ (мёрск., ЖНС), ‘ваўкаваты, упарты чалавек’ (віл., Нар. сл.), ту́мыр ‘пахмурны чалавек, кулак’ (Буз.), ту́марка ‘багачка’ (Нас., Байк. і Некр.), ту́мырка ‘тс’ (Юрч.). Сюды ж таксама вытворныя ту́марнік ‘шчаслівы і задаволены ўсім чалавек’ (полац., Нар. лекс.), ‘негаваркі чалавек, няветлівы’ (маладз., Гіл.), ‘ваўкаваты, упарты чалавек’ (віл., Нар. сл.), ‘чалавек закрыты, ціхі, але здольны на ліхое’ (Аляхн.), ‘маўчун’ (лаг., Жыв. сл.), ‘пануры чалавек, нелюдзень’ (Вушац. сл., Варл., Сл. ПЗБ), ‘нелюдзь, хто пазбягае людзей’ (мядз., лаг., ЛА, 3), тума́рнік ‘вельмі маўклівы чалавек’ (Жд. 3, Буз.). Укр. палес. ту́мар ‘багаты чалавек, кулак’, рус. ту́мар ‘тлум’, ту́маром ‘разам, гуртам’, смален. тума́рь ‘скнара, скупы; багач’. Нягледзячы на шырокае распаўсюджанне, застаецца цьмяным па паходжанні. Насовіч (Нас., 644) разглядаў як слова, што ўзыходзіць да тма ‘тысяча’ (гл. цьма), тлумачачы семантыку рус. тысячник ‘багаты чалавек’, параўн. ту́мырства ‘багацце’ (Юрч. СНЛ). Бузук (ЗІФВ УАН, 13–14, 279), разглядаючы бел. тумар, мяркуе пра корань тум‑, да якога адносіць і ўкр. тума́ ‘хмуры, маўклівы чалавек’, што, мажліва, узыходзіць да праформы *tou̯m‑/*teu̯m‑, з якой можна звязаць і корань тьм‑, што часткова падмацоўвае этымалогію Насовіча. Першаснае значэнне ‘цёмны’ тлумачыць як названыя назоўнікі, так і назву рэчкі Тумараўка каля Бабруйска (там жа), параўн. і ўкр. дыял. ту́марка ‘яма ў возеры, глыбокая яма ў балоце’ (Чарапанава, Геогр.), паводле ЕСУМ, 5, 675 — не яснае па паходжанні. Параўн. таксама тумны, гл. Незразумелыя адносіны да цімярнік ‘вельмі скупы чалавек’ (гл.), з якім можа быць звязана рус. тюмир ‘пануры, нелюдзімы’, якое Равінскі (Черног., 2, 3) параўноўвае з серб. тму̀ро ‘хмура, змрочна’, гл. Петравіч, Зб. радова Педагошке академије у Никшићу, 1975–1976, 5–6, 66. Сюды ж рус. дыял. тюми́рь ‘замкнуты, негаваркі чалавек’ (СРНГ).

Ту́мар2 ‘вялікі кавалак’ (Скарбы). Відаць, да ту́мар1 з семай ‘багацце’, ‘многа’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Віду́к1 ’мак-самасейка, мачок’ (БРС, КТС, Шн., 3., Бір. Дзярж., Сцяшк. МГ, Янк. БП), гродз. ’тс’, брэсц. ’снатворны мак’ (Кіс.); ’мак з разрытымі пры паспяванні галоўкамі’ (Некр., Карл.). Укр. видю́к, видю́х, видю́ха ’тс’, видун ’мак, Papaver rhoes L., насенне якога пры паспяванні высыпаецца з галоўкі’. Утворана ад дзеяслова viděti і суф. ‑uxъ, які на беларускай тэрыторыі пад уплывам балтыйскага прадуктыўнага суфікса ‑(i)ùkas змяніўся ў ‑ук (Цыхун, Лекс. балт., 51; Чэкман, Совещ. ОЛА (Гомель) 1975, 125–126). Гл. выдак.

Відук2 ’шляхецкі лапаць’ (асіп., Буз.). Няясна.

Відук3 ’частка плота (?)’ (КТС, К. Чорны). Няясна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прыва́л ’прыпынак у дарозе для адпачынку ў час паходу’ (ТСБМ): лежа́ць у прывал ’доўга вылежвацца’ (ТС), прыва́лка ’месца для прыпынку ў дарозе, прывал’ (Нас.), прыва́л, прыва́лак ’пагорак; высокі бераг’ (мядз., Нар. сл.; брасл., Сл. ПЗБ), прыва́лак ’нізкае месца ў канцы загона’ (брасл., ігн., Сл. ПЗБ), прыва́лак, пры́валок, пры́ве́лок ’прымурак — выступ печы, на якім можна сядзець або ставіць што-небудзь’ (Буз., ТС), ’прымастка, палаці каля печы’ (Сцяшк., Сл. рэг. лекс.), ’дошка, прыбітая ля печы’ (Жд.), прывале́нь ’прымак’ (гарад., Нар. лекс.). Да прывалі́ць ’прыперці, прыхіліць; прыкрыць, прыціснуць зверху, прыстаць, прычаліць (пра судна); прыйсці, сабрацца ў вялікай колькасці; з’явіцца, прыйсці (пра што-небудзь нечаканае або ў вялікай колькасці)’ (ТСБМ), да прасл. *privaliti, якое ад *valiti, гл. валі́ць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сумаро́к ’памяшанне, вар’яцтва’ (Янк. 1, Янк. 3.), су́марак ’змрок’ (Станк.), ’замарачэнне’ (Юрч. Вытв.), сума́рак ’шэрая гадзіна, змярканне’ (асіп., Буз.), суморо́ка, су́мрак, су́мракі, сумро́к ’тс’ (ЛА, 2), сюды ж сумаро́кі, сумаро́каваты ’суровы з выгляду, строгі, маламоўны’ (чырв., З нар. сл.). Укр. дыял. су́морок, рус. дыял. су́марак ’змярканне’, стараж.-рус. суморокъ ’тс’, ц.-слав. сѫмракъ, чэш. soumrak, славац. súmrak, серб.-харв. су̏мра̑к, славен. sọ́mrák ’тс’, балг. су́мрак ’змярканне’, макед. самрак ’тс’. Прасл. *sǫmorkъ, ад *sǫ‑ і *morkъ (гл. морак) (Фасмер, 3, 802). Борысь (Prefiks., 97) лічыць дэвербатывам ад *sъ‑mŕ̥k‑nǫti з тым самым коранем. Сюды ж сумро́к ’змрок’ (пух., ЖНС), відаць, з рэдукцыяй галоснага ў другім складзе або ўтварэнне з прыст. су- і *мрок < польск. mrok ’морак’, параўн. змрок (гл.). Формы су́мрак, су́мракі — запазычанне з рус. сумрак або з царк.-славянскай. Да семантыкі параўн. марочыць, марока (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тралява́ць1 ’транжырыць’ (Ласт.), тролёва́ць ’раздаваць, разбазарваць’ (ТС). Утворана ад гукапераймання тра-ля-ля ’весела спяваць’ > ’весела бавячыся, растранжырваць (грошы, маёмасць)’. Аналагічна ням. trällern ’весела напяваць’, літ. traliúoti ’спяваць тра-ля-ля’. Параўн. траляля́каць ’тс’ (Васілеўскі, Прадукт. тыпы, 73), трэ́ляць ’сноўдацца без пэўных заняткаў’: месец тролю́е чоловек у Сочах (ТС).

Тралява́ць2 ’падцягваць драўніну з лесу да сплаву’, ’ісці, рухацца’, ’пракладваць дарогу’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Сцяшк., Адм., Сержп. Прымхі, Сл. ПЗБ), ’перавозіць з месца на месца’ (Чуд.), ’таптаць пасевы, ходзячы ўздоўж палос’ (Шат.), трылява́ць ’выводзіць бярвенні з лесасекі на чыстае, больш прасторнае месца’ (падзе., Нар. сл.; Буз.); тролева́ць, тролёва́ць, тралёва́ць, трэ́ляць ’выносіць, выцягваць з цяжкадаступных месцаў нарыхтоўкі (пра лес, ягады і інш.)’ (ТС), тра́ліць ’траляваць’ (брагін., Мат. Гом.). Выводзіцца з польск. trelować ’выцягваць бярвенні з вады на склад’, ’цягнуць плуг’, ’бурлачыць, цягнуць судна людзьмі або коньмі’, што да англ. trail ’цягнуцца, валачыцца’, ’буксіраваць’, ’таптаць траву’. Сюды ж тралява́нне ’дастаўка лесу на прыстань’ (Некр.), траля́р ’тралёўшчык’ (Мат. Гом.), тралёўка ’вывазка’ (Сцяшк.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Навоз1 ’загуменне, дарожка, якая ідзе ўздоўж вёскі па загуменнях, поле за загуменнем’ (Хрэст. дыял., 334; Сл. ПЗБ), ’дарожка ў вёсцы па-за будынкамі’ (Чуд.), ’вялікі ўчастак поля, на якім размешчана некалькі хутароў’ (нясвіж., Яшк.), ’месца за агародамі ўздоўж вёскі’ (слуц., Нар. сл.), навозы ’ўчастак поля ля вёскі’ (карэл., Янк. Мат.), навозам ’загуменнем, задамі, сцяжынкай за вёскай’ (Жд. 1); відаць, сюды ж навоз ’прыстань’ (рэч., Яшк.), навозь ’привоз на рынок’, якое параўноўваецца з чэш. ηάυοζ ’звоз, звожванне’ (Грыг.); параўн. таксама польск. nawóz ’тое, што навозяць для засыпкі калдобін, няроўнасцей’. Улічваючы апісальны выраз навозная дарога ’загуменная дарога’ (маладз., дзятл., Сл. ПЗБ), можна дапусціць утварэнне шляхам семантычнай кандэнсацыі: навозная дарога (шлях) > навоз, усё да везці, вязу.

Навоз2 ’гной’ (асіп., Буз.; ганц., Сл. ПЗБ; гродз., Сцяшк. МГ), навозны ’угноены’ (Сл. ПЗБ), ’звязаны з вывазкай гною’, параўн.: «между С. Иоанном и С. Петром играются на Белоруси навозныя толоки» (Фалют., 84). Разам з рус. навоз ’гной’ да вазіць, вязу, гл. Фасмер, 3, 34 («то, что навезено»).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ту́лаб (ту́лоб), то́луб, ту́луб ‘тулава чалавека’ (Дразд., ТС), ту́луб ‘цела мерцвяка без вантробаў’ (драг., З нар. сл.), ‘туша’ (Пятк. 3), ту́лоб ‘аснова лапця’, ‘аснова жака (венцера)’ (ТС), тулу́б ‘корпус жака’ (ПСл), ту́лап ‘тулава’ (Кал.), тулу́бішча ‘тс’ (асіп., Буз.), та́луб ‘вонкавая частка чаго-н.’: з гарбуза адзін талуб застаўся (Зайка Кос.), тулу́п ‘асноўная частка кашулі, без рукавоў’ (Лекс. Бел. Палесся), ту́луб ‘кажух’ (зах.-палес., ЛА, 4), ст.-бел. тулобъ ‘фігура, выява, балван’: тꙋлобъ его былъ з дерева мистерны​s рѣзаны​s (ГСБМ). Укр. ту́луб ‘цела чалавека або жывёлы’, а таксама ‘ствол, дрэва’; рус. дыял. тулубить ‘рашэціць сцены будынка дранкай і абмазваць іх глінай’; польск. tułub, tułup ‘тулава, корпус’, ‘цела чалавека без галавы і канечнасцей’ (запазычаны з усх.-слав. моў). Лексема, хутчэй за ўсё, паходзіць з прасл. *tulo/*tulъ ‘тулава, корпус’, параўн. стараж.-рус. туло ‘тс’, ст.-харв. (XVIII ст.) tulo ‘цела, тулава чалавека ці жывёлы’, чак. tûl, tulo ‘тс’, якое з першаснага *tou̯‑lo і ўзыходзіць да і.-е. асновы *teu̯(ə)‑/*tēu̯‑/*tū‑ ‘набрыняць, пухнуць’ (Покарны, 1, 1080; Борысь, 654). Гараеў (379) суадносіць лексему з тыл, гл. Праблему складае рэдкая суфіксацыя, параўн. кузуб і кузаў (гл.), што, згодна з Сабалеўскім (Лекцыі, 120) і Фасмерам (4, 118), дазваляе генетычна звязаць тулуб і тулаў, гл. наступнае слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)