Прыд ’выраз у ніжняй частцы бочкі ці цэбра, у які ўстаўляюць дно’ (Мат. Маг.), прыд, прыдо́к ’край у дне драўлянай пасудзіны’ (Нас.), прыды́ ’выразанае заторам шнуравіднае заглыбленне ўнізе драўлянай пасудзіны, куды ўстаўляецца дно’ (Мядзв.); з працягам і развіццём семантыкі прыд ’пруг, край палатна’: не садзіся на край красён — прыд адціснеш (Бяльк.). Разам са смал. прид ’ніжняя частка бочкі (разам з днішчам)’ утварае адзіны арэал. Узыходзіць да прасл. *pridъ, дзе pri‑ — прэфікс, а d‑ — нулявая ступень кораня *dě(ja)ti < і.-е. *dhe‑ ’ставіць, класці; рабіць, дзейнічаць’ ці *dati ’даць’ < і.-е. *dō‑, прадстаўленне, напр., у такіх праславянскіх лексемах, як *sǫ‑dъ ’суд; пасудзіна’, *obъ‑do ’скарбніца’, *na‑da ’надзея; настаўка, дадатак; сталь’ і інш. (падрабязна гл. Пятлёва, ОЛА, Исследов., 1994–1996, 207–209 з амаль вычарпальнай папярэдняй літ-рай; без уліку беларускага матэрыялу). У зах.- і паўд.-слав. мовах зафіксаваны фармальна ідэнтычныя лексемы, але з семантыкай, якая істотна адрозніваецца ад папярэдняй: чэш. příď ’пярэдняя частка; нос (судна)’, каш. přid ’даплата пры куплі’, балг. прид ’прыданае і пад.’, дыял. (Самоков) прит ’дадатак (пры размене)’, серб.-харв. при̂д, ж. р. при́да ’прыдача (пры абмене); прыбаўка (пры куплі-продажы)’, славен. prìd, prída ’карысць’, дыял. pŕda ’адзенне, якое нясуць за нявестай у дзень вяселля’ (< *pridъ ’тое, што прыбаўляецца, дадатак, карысць’, гл. Бязлай, 3, 120–121); стараж.-рус. придъ ’прыбытак, карысць’, ц.-слав. придъ ’абмен’ (’прыдача’). Семантычная калізія вырашалася па-рознаму. Так, Запрудскі (дыс., 86–87) узводзіў, як, дарэчы, і Скок (1, 382), серб.-харв. словы да прасл. *pridъ з коранем d‑, а бел. прыд прапанаваў суаднесці з брыды́ ’канцы клёпак ля дна кадушкі’ (гл.), дзе аглушэнне пачатковага б такое ж, як і ў пары бро́варпарыц. про́вар (Некр.), што, зразумела, вельмі няпэўна — і не толькі з-за адзінкавасці фіксацыі. Пятлёва, аналізуючы гэтыя лексемы з боку суадноснасці іх з семантыкай дзеясловаў *dě(ja)ti < і.-е. *dhe‑ ’ставіць, класці; рабіць, дзейнічасць’ і *dati ’даць’ < і.-е. *dō‑, лічыць, што *pridъ магчыма звязаць як з першым значэннем ’штосьці прыстаўленае, дададзенае, прыробленае’ альбо ’дададзенае, прыбаўленае’ (магчыма, пра днішча ці, дададзім, пра нос (судна), як у чэшскай), так і з другім — у гэтым выпадку гаворка пойдзе пра адзіны *pridъ з двума значэннямі ’прыдача, прыбаўка’ і ’ніжняя частка бочкі з днішчам’ (там жа, 209). Інакш БЕР, 5, 706–707, дзе балг., серб.-харв. і стараж.-рус. лексемы (іншыя славянскія не адзначаны) лічацца аддзеяслоўнымі ўтварэннямі ад прасл. *pridāti. Паводле Папоўскай–Таборскай (SEK, 4, 128), каш. přid ’даплата; дадатак’ і адпаведныя формы з гэтым значэннем у іншых славянскіх мовах, насуперак Трубачову (Слав. языкозн., V, 182), не звязаны са словам. Спецыяльна пра польск. дыял. przyd гл. Шыманскі, JP, 53, 1973, 48–50. Параўн. прыда́нае (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Малача́й1 ’трава, пустазелле’ (Сцяшк.), ’малачай, Euphorbia helioscopia L.’ (віц., гом., мін., Кіс.; слуц., Лекс. і грам.; Шат., Бяльк., Сл. ПЗБ), стаўбц. малатча́й (З нар. сл.), б.-каш. маладча́й (Мат. Гом.), малачня́к (браг., лоеў., хойн., Мат. Гом.), малача́к, ’тс’ (жлоб., Мат. Гом.; рэч., Нар. сл.), лельч. молочʼя́к ’тс’ (Нар. лекс., Жыв. сл.), малача́йнік ’тс’ (ТСБМ, Бяльк.), молочʼя́к ’малачай кіпарысы, Euphorbia cyparissias L.’ (стол., петрык., Бейл.). Укр. молочай, молочак, молочник, рус. волчье молоко, молочник, польск. mlecznik, mlecz (ostromlecz, wilcze mleko, wilczy mlecz, psimlecz, wilczomlecz), в.-луж. mlóčeń, mlóčenje, чэш. vlčí (zajačí, žabí, kaní, kozí, hadí, čertovo) mléko, mléč (žabí, hadí), славац. mliečnik, славен. mlȇčec, mléček, серб.-харв. млѐчика, млеча, mliječ, макед. млеч, балг. млечок ’малачай’. Да малако (гл.). Фармацыі з суфіксам ‑ай утвараюць бел.-укр. ізалексу. Усе вышэйпералічаныя слав. назвы звязваюцца з малаком у сувязі з тым, што расліна вылучае сок, падобны да малака, які мае востры, непрыемны смак, таму да назваў расліны дадаюцца азначэнні воўчы, сабачы, зайцаў, дʼяблаў і да т. п. (Махэк, Jména, 139). Аналагічна ў інш. мовах, параўн. ням. Wolfmilch.

Малача́й2, молоча́й ’адуванчык лекавы, Taraxacum officinale Web.’ (брэсц., гродз., мін., Кіс.; Бейл., ТС), молочʼяк ’тс’ (ТС). Укр. молочі́й, молочко́, моло́чник, моло́шник, рус. молоча́й ’тс’, польск. mlecz, в.-луж. mlóč, чэш. smetanka, усх.-чэш. mlíčí, славен. mlȇć, серб.-харв. мле́кача, макед. млечка. Усходнеславянскае. Да малача́й1 (гл.).

*Малача́й3, молочя́й ’лянок звычайны, Linaria vulgaris Mill.’ (Бейл.). Укр. молочі́й, моло́шничок, рус. тул. моло́чник. Бел.-укр. ізалекса. Да малача́й1 (гл.).

Малача́й4 жоўты ’падтыннік вялікі, Chelidonium majus L.’ (Дэмб. 1). Укр. молоча́й жовтий, молочник, молошник, рус. варон., ніжагар. молочай жёлтый ’тс’, польск. mlecz żółty, чэш. mlíč, hadí mlíč, hadí mlíčí, славац. psie mlieko, харв. žuta mličica, ням. Milchblume ’тс’. Да малача́й1.

Малача́й5 ’дзіцячая хвароба малочніца’ (Шат.). Бел. рэгіяналізм. Да малако (гл.). Аб суфіксе гл. Сцяцко (Афікс. наз., 145). Гл. таксама малочніца.

Малача́й6 ’грузд перцавы, Lactarius piperatus’ (БелСЭ, 4; Сцяц.; карм., лельч., Мат. Гом.; уздз., Нар. словатв.), драг. молоче́й, кобр. молочі́йка (Жыв. сл.). Рус. калін. молоча́й ’гатунак капялюшных грыбоў’, польск. mleczaj ’грузд перцавы’, серб.-харв. млечница, славен. mlȇčec, балг. лютива млечница. Паўночнаславянскае. Да малако (гл.). Матывацыя: грыб выдзяляе сок, падобны да малака. Аналагічна ням. Milchpilz (= малочны грыб). Параўн. драг. малочны грыб ’грыб, які выдзяляе малакападобны сок’ (Жыв. сл.) і бел. млечнік ’грузд’.

*Малача́й7, мълъча́й ’рыбіна з малокамі’ (гарад., Нар. лекс.), ’семявая вадкасць рыб’ (паст., швянч., ігн., гродз., Сл. ПЗБ), чэрв. малача́йка ’тс’ (там жа), молоча́к ’сялёдка з малокамі’ (Бес.). Рус. анеж. молоче́й ’малокі рыб’, польск. mleczak. Бел.-рус. ізалекса. Да малако ’малокі’ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жыве́ц1 ’жывая рыбка, якая насаджваецца на кручок пры лоўлі буйной драпежнай рыбы’ (ТСБМ). Рус. живе́ц ’жывая насадка (у тым ліку рыбка, чарвяк)’, укр. живе́ць ’насадка ў выглядзе рыбкі’, польск. żywiec ’насадка, жывая рыбка; жывёла, прызначаная для забою; расліна Dentaria’, уст. ’чалавек жывога характару’, ’жывая істота’, славен. žívec ’жывая істота’, ’нерв’, серб.-харв. жи́вац ’нерв’, балг. живе́ц ’пульс; цэнтр; завусеніца, мяса пад пазногцем’. Ст.-рус. живецъ ’жывы чалавек’. Відаць, яшчэ прасл. утварэнне ад кораня *živ‑ і суфікса *‑ьcь‑ (як *starьcь), які ўтвараў наз. ад прыметнікавых асноў. Значэнне, відаць, ’істота, прабываючая ў жывым станс’ (у адрозненне ад *mrьtvьcь); першапачаткова магло не быць адрознення розных істот (параўн. *junьcь ’малады бычок; юнак’) з пазнейшай спецыялізацыяй.

Жыве́ц2 ’прырослая частка пазногця’ (Сл. паўн.-зах.). Польск. дыял. żywiec ’частка цела вала, напр., пад хвастом’, балг. дыял. живе́ц ’мяса пад пазногцем’, ’завусеніца’, жувѐц ’белая частка ногця’. Параўн. серб.-харв. жи́вац ’нерв’, балг. живѐц ’пульс’, славен. žívec ’нерв’, укр. живе́ць ’карэнні, парасткі, з якіх вырастаюць новыя расліны’. Відаць, рэфлекс прасл. *živьcь, маючага значэнне ’частка жывога цела’, ’жывая частка цела (у супрацьпастаўленні пазногцю)’, утворанага ад прыметніка *živъ суфіксам *‑ьcь.

Жыве́ц3 ’пласт грунту, з якога б’е крыніца’, ’месца, дзе сачыцца вада’ (Яшкін), ’жоўты пясок’, ’мох’ (Бяльк.). Рус. табол., гом., еніс., сіб. живе́ц ’крыніца, каля якой збіраюцца рыбы’, ’незамярзаючая рэчка’, укр. живе́ць ’крыніца’, ’пласт грунту’, польск. дыял. żywiec ’неўражайны пласт грунту’, в.-луж. žiwc ’палявы шпат’, чэш., славац. živec ’тс’, славен. žívec ’палявы шпат’. Магчыма, познепраслав. утварэнне *živ‑ьcь, дзе *živ‑ выступае ў знач. ’ваданосны’ (параўн. жываток, жывавод) для абазначэння ’крыніцы’, ’ваданоснага слою грунту’, адкуль перанос на пароду (пясок), на рэчку, балота (дзе расце мох).

Жыве́ц4 ’дрэнна вырабленая скура’ (Сл. паўн.-зах.). Рус. ярасл. живе́ц ’жоўта-зялёны слой у скуры ў выніку недастатковага дублення’, укр. живе́ц ’слой у скуры’. Відаць, усх.-слав. ’утварэнне з суф. ‑ьць ад прыметнікавай асновы жив‑ у знач ’не высахлы’.

Жыве́ц5 ’шнур у ткацкім станку, да якога прывязваюць ніці’ (Сл. паўн.-зах.). Рус. паўд. живе́ц ’сырамятны рэмень, што прывязваюць да сядла ззаду’, укр. дыял. живе́ць ’раменьчык з драўляным кійком, што замацоўваюць да невада’, ’кальцо ў ярме’, ’раменьчык, вакол якога пляцецца пуга’. Усх.-слав. ці асобнае бел. утварэнне ад асновы жыв‑ы ’рухомы’ з суфіксам ‑ец (‑ьць).

Жыве́ц6 ’нявыляжалы лён’ (Сл. паўн.-зах.). Параўн. серб.-харв. жѝвѝца ’кастрыца’, рус. ніжнегар. живи́га ’нявыляжалы лён’. Улічваючы іншаслав. суадносныя словы з тым жа коранем, але іншымі суфіксамі, відаць, уласна бел. утварэнне з суф. ‑ец паводле тыпу гнілец, сырэц (гл. Сцяцко, Афікс. наз., 102). Аснова жыв‑ы бярэцца ў знач ’не засохлы, не завялы’ (ТСБМ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сугло́б ’сустаў, патаўшчэнне на суставах’ (усх.-палес., Б. Сачанка), ’гарбаты чалавек’ (Бяльк.), сугло́біна ’высокі сагнуты чалавек’ (Бяльк.), сугло́п, сугло́біна ’высокі, няўклюдны падлетак’ (кіраў., Нар. сл.), сугло́бісты ’сутулы’ (Ян.), сугло́бы ’пануры’ (Ласт.), сугло́біцца ’згорбіцца, скрывіцца’ (Варл.). Параўн. укр. сугло́б ’згіб, сустаў’, рус. смал. сугло́бый, сугло́ба ’хмурны чалавек, нелюдзень’; сюды ж польск. zgłoba ’перашкода, запор; клопат, турботы’, серб.-харв. зглоб ’тс’, славен. zglób ’тс’, балг. сглоб ’стык, злучэнне; сустаў’, макед. зглоб ’згіб; сустаў’. Прасл. *sǫglobъ/*sъglobъ — аддзеяслоўны дэрыват ад *sъ‑globiti ’злучыць’, параўн. укр. згло́бити ’злучыць клінам’, балг. сглобя́вам ’злучаць, складваць, прыводзіць у парадак’, прэфіксальнага дэрывата ад прасл. *globiti < прасл. *globa ’кол, шост, жэрдка’ (Борысь, Prefiks., 118–119; Фасмер, 3, 793). Развіццё значэнняў ’злучэнне, патаўшчэнне’, ’сагнуты, нахілены, гарбаты’ > ’той, хто глядзіць спадылба’. Гл. таксама ЕСУМ, 5, 466; ЭССЯ, 6, 131–134. Параўн. аглобля (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Су́карак (су́кырак) ’сукрутак, завіток, кучаравінка’ (Бяльк.), су́карка ’вузялок або пупырышка на крута ссучанай нітцы’ (Нас., ЛА, 5, Бяльк.), сука́ркі ’сукараткі’ (Сцяшк.), памянш. су́карачка ’тс’ (Нас.), сюды ж су́карыцца ’скручвацца ў закруткі’ (Нас.; мёрск., Сл. ПЗБ). Суфіксальнае ўтварэнне ад *сукар, параўн. су́кърына ’вузялок на крута звітай нітцы’, мн. л. су́кры (КСП), ’локаны’ (Касп.), якія суадносяцца з серб. дыял. сука́р ’цеста для слаёнага пірага ў скручаным выглядзе’, балг. дыял. су́кер ’пятля, вузельчык на ненацягнутай вяроўцы, нітцы і пад.’, сука́р ’ссучаная вяроўка’, ’чорная вяроўка, якой абвівалі анучы на нагах у пасталах, абмоткі’; што да прасл. *sukrъ, суадноснага з літ. sukrùs ’моцна скручаны’, гл. Цыхун, БЛ, 5, 47; Трубачоў, Слав. языкозн., V, 183 — усё да *sukati, *sъkati, гл. сукаць. Неабгрунтаваным падаецца меркаванне Бярнара (Бълг. изсл., 360) пра грэчаскае паходжанне балгарскіх слоў. Гл. таксама сукрак1, сукрыцца.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Та́бель ’паслядоўны спіс, пералік; лісток паспяховасці вучняў’, ’дошка (або кніга) для ўліку прысутнасці на працы’ (ТСБМ), та́бэль ’тс’ (Некр. і Байк.). Укр., рус. та́бель ’табель’, польск., в.-луж. tabela ’табель; табліца’, чэш. tabela ’табліца’, славац. tabela ’табель; табліца’, славен. tabéla ’тс’, серб.-харв. табѐла ’тс’, макед. табела ’тс’, балг. табе́ла ’таблічка, дошчачка з надпісам’. У старабеларускай мове з 1710 г. фіксуецца памяншальнае табелька ’рэестр лічбавых дадзеных’ са ст.-польск. tabela (Булыка, Лекс. запазыч., 57), сучаснае табэ́лка ’табліца множання’ (Сцяшк. Сл.) з польск. tabelka ’таблічка’. Паўторнае запазычанне праз рус. та́бель, якое ад часоў Пятра I (табель о рангах) з нідэрл. tabel ’табліца; табель’ < лац. tabella ’дошчачка, таблічка’ < tabula ’дошка, табліца’, звязанага з умбр. tafle ’на дошцы’; (Фасмер, 4, 6; ЕСУМ, 5, 499). Аб далейшых сувязях гл. Брукнер, 562–563; Махэк₂, 633.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тамі́ць ’мучыць, знясільваць’, ’турбаваць, гнясці, нудзіць’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), ’мучыцца, знемагаць’ (Ян.), ’марыць, мучыць’ (Ласт.), ’мардаваць’ (Нас.), то́міць ’мучыць’ (Сл. ПЗБ), тамі́цца ’стамляцца’ (Нас., Сержп. Прымхі), томі́цца ’не гарэць агнём’ (ТС), сюды ж то́млены ’атрыманы тамленнем’ (ТСБМ), таме́нне ’мардаванне’ (Нас.), тамлёнка ’тушаная бульба’ (Мат. Гом.). Укр. томи́ти ’даводзіць да стомы, знясільваць; падвяргаць працягламу награванню’, рус. томи́ть ’мучыць; стамляць; парыць; награваць’, славен. дыял. tomljáti ’бадзяцца, сланяцца’, серб.-харв. то̀мити ’прыціскаць’, балг. томи́телен ’пакутлівы, нудны’, ст.-слав. томити ’мучыць’. З прасл. *tomiti ’мучыць’, роднаснага ст.-інд. tamáyati ’душыць, пазбаўляць паветра’, tā́myati ’страчвае прытомнасць, слабее’, лац. tēmulentus ’п’яны’, tēmētum ’хмяльны напой, віно’, ст.-ірл. tām ’хвароба; смерць’, tamaim ’спачываю (мёртвы)’, нова-в.-ням. dämisch, dämlich ’дурнаваты, ачмурэлы, прыгаломшаны’ (Чарных, 2, 249; Фасмер, 4, 75–76; ЕСУМ, 5, 595–596; Бязлай, 4, 196).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прэць ’гнісці, псавацца ад сырасці і цеплыні’; ’пацець, пакрывацца потам’, ’гатавацца’ (Ласт., Байк. і Некр., ТСБМ; брасл., шальч., даўг., гродз., астрав., Сл. ПЗБ; ТС), ’адмакаць’ (мядз., Сл. ПЗБ). Рус. преть ’пацець, прэць’, укр. прі́ти ’тлець, гніць, пацець, прэць’, польск. przeć ’пацець, буцьвець, прэць’, н.-луж. prěś ’засыхаць, вянуць’, параўн. таксама серб. *прети ’псавацца пад уплывам вільгаці і цеплыні’, рэканструяванае на падставе дзеепрыметнікаў испрѐл ’засушаны, завялы (пра садавіну, гародніну)’, пре̏лав ’падгарэлы’ (Огледна св., 65). Прасл. *preti, звязанае з *para, гл. пар (Фасмер, 3, 362; Шустар-Шэўц, 2, 1156; ЕСУМ, 4, 588; Бязлай, 3, 25). Роднасныя грэч. πρήυω, πίμπρημι ’палю, спальваю’. Персан (875; гл. Коген, Запіскі, 9, 84–85), Брукнер (442), Банькоўскі (2, 825) не аддзяляюць ад *perti (гл. пе́рці ’пхаць, папіхаць, моцна націскаць’), разглядаючы *pьrěti ’прэць’ як інхаатыўны дзеяслоў ад яго.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пуска́ць ’перастаць утрымліваць, дазваляць пайсці, зайсці і пад.’ (Нас., ТСБМ, Бяльк., Варл., ТС), ’кідаць’ (Варл.), пуска́тэ ’адступаць (пра зіму)’ (малар., Нар. лекс., Сіг.); у спалучэннях: пуска́ць ікру ’нераставаць’ (ЛА, 1), пуска́ты рошч ’пачынаць расці, пайсці ў рост’ (Клім.), пуска́ць дзе́раво ’сплаўляць лес’ (навагр., Нар. лекс.), пуска́ць агіта́цыю ’агітаваць’, пуска́ць вайну́ ’пачынаць вайну’ (уздз., Жд. 3), укр. пуска́ти ’выпускаць, адпускаць, упускаць’, рус. пуска́ть ’прапускаць, адпускаць’, дыял. пуска́ть икру́ ’нераставаць’, балг. пу́скам ’вызваляць, дазваляць пайсці, зайсці і пад.’, макед. пуска ’тс’. Лічыцца новаўтварэннем у адносінах да пусці́ць (< *pustiti) у выніку другаснай імперфектывацыі (так ужо Брант, РФВ, 24, 143) па узору лушчы́ць/луска́ць і пад.; рэгулярныя формы: рус. пуща́ть, польск. puszczać, серб.-харв. пу̏штати, славен. púščati, балг. пу́щам, чэш. pouštěti, славац. púšťať, в.-луж. pušćeć, н.-луж. pušciś (< *pustjati). Гл. пусціць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Разла́ты (разла́тый) ’сукаваты’ (Юрч. СНЛ), параўн. балг. разлат (ръзлат) ’роўны, расшыраны’, ’неглыбокі (пра пасудзіну)’, рус. дыял. разла́тый ’які расшыраецца, паступова павялічваецца ў шырыню’. Мяркулава (Очерки, 29) звязвае апошняе слова з укр. лататий ’шырокі’, рус. лата́тый горошек ’рагаты гарошак, які тырчыць у розныя бакі’ і далей з ла́та, ла́тка ’кусок матэрыі, латка’. Аднак для этымалогіі слова істотнае значэнне мае дзеяслоўная ізалекса, параўн. рус. разла́тить ’шырока растапырыць’ (разан.) і серб.-харв. razlatiti ’расшырыць, шырока адкрыць’, вытворнае ад latiti ’схапіць, сціснуць’ (Цыхун, БЛ, 5, 49). Апошняе да *latiti, роднаснае *latati і, нарэшце, *lětati (ЭССЯ, 14, 48–49), гл. лятаць, лата3. Пра адносіны *latiti і *lātāti гл. спец. Рыкаў, Зб. Лекаву, 325–327; пра сувязь *latiti і letěti гл. Немец, Slavia, 66, 319–324. Адносна ст.-слав. разлатыи гл. Геродас, Slavia, 49, 397–398.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)