сяка́ч ​1, секача, м.

1. Прылада, інструмент для раздрабнення, сячэння чаго‑н. Крыху счакаўшы, загрукаў сякач у карыце — гатавалася снеданне свінням. Колас. Лёдзя ачышчала мяса ад костак і потым драбіла яго секачом. Карпаў. Падбівае .. [цётка] нейкім секачом толькі што прытаптаны снег на тратуары. Мыслівец.

2. Спец. Механізм для разразання торфу на кускі.

сяка́ч ​2, секача, м.

1. Дарослы самец дзіка, марскога коціка. Тым часам старэйшыя парасяты робяцца падсвінкамі і, нарэшце, секачамі, але ўсё роўна пры бацьках застаюцца. В. Вольскі. Даніла забіў ударам дзіды матку, і тут стары сякач кінуўся на каня і зваліў яго разам з коннікам. Караткевіч. // Пра зуб дзіка. Дзе трушком, а дзе наўскач, Выскаліўшы зуб-сякач, Бег стары кабан надворны. Вітка.

2. Насякомае з пакрытым кароткімі валаскамі целам, якое жыве ў зямлі і з’яўляецца шкоднікам сельскагаспадарчых культур.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Андрэ́йка, андрэй, андручок, андрэйка‑калода, андрэйка‑канарэйка, андрэйка‑купарэйка, андрэйка‑лябёдка і інш. ’божая кароўка, Coccinella septempunctata’ (Шаталава, Веснік БДУ, 1970, 3, 65). Упадабненне імені — другасная з’ява, як і ў шэрагу іншых назваў насякомых, напр.: хвэдорко, пятрушачка, пэтрык, федарка, федрык, матрунька, пятрок, пэтрычок, пятрук, петрачка, петра, пытро і інш. Магчыма, назва паралельная да бэдрык, бэндрык, едрайко, едранец, вэдрык, ветрык, вадрык, відрык, параўн. польск. biedronka і wiodrunka. Напярэдадні дня св. Андрэя (29 лістапада) у палякаў моладзь варажыла пра будучага жаніха (andrzejki), а ў рускіх з гэтым днём звязаны народныя (павер’і аб надвор’і зімой (Даль, 1, 17); цікава адзначыць у сувязі з гэтым наўрад ці выпадковае выкарыстанне адной з назваў божай кароўкі ўкр. ведрик або бедрик у зімовых каляндарных песнях-шчадроўках. Але зімой, звычайна, андрэйкі не лятаюць, таму адзначым, што другі Андрэй святкаваўся 4 ліпеня. Усё гэта дае падставу для пераносу ўласнага імя Андрэй на насякомае і семантычных кантамінацый. Гл. ведрык.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вясня́нка 1 ’вяснушка на твары’ (ветк., Мат. Гом.), укр. весня́нки, рус. кастр., пск. веснянки ’тс’. Усходнеславянскае ўтварэнне, ад вясняны (гл.) < vesnьnъ і суф. ‑к‑а.

Вясня́нка 2 ’вясенняя песня’ (БРС), вяснянкі ’благавешчанскія вясеннія песні’ (Шн., 1), укр. веснянка ’вяснянка’, рус. веснянки ’вясеннія песні, якія спяваюцца ў карагодах ад благавешчання да ўзнясення’. Польск. wiośnianka. Новае запазычанне. Усх.-слав. лексема, утвораная ў выніку семантычнай кандэнсацыі выражэння вясенняя песня, як, напрыклад, чыгунка (< чыгуначная дарога).

*Вяснянка 3, весня́нка ’яравая пшаніца’ (Выг.). Да вясна́ (гл.). Утварэнне, аналагічнае да папярэдняга слова.

Вясня́нка 4 ’насякомае з сям’і Plecoptera’ (БРС). Запазычана, відаць, з рус. мовы. Названа так таму, што выхад з вады і вылет даспелых насякомых пачынаецца ранняй вясною.

Вяснянка 5 ’апенька’ (б.-каш., Мат. Гом.), відавочна, ’летняя апенька, Pholiota mutabilis’. Да вясна́ (гл.). У дадзеным выпадку вясна азначала ’вясна і лета’, таксама як у балт. мовах. І наадварот, у некаторых слав. гаворках (напр., сілезскіх) lato ’перыяд вясны і лета’. Утварылася шляхам семантычнай кандэнсацыі з вясняная апенька. Сюды ж вясьнянкі ’вясеннія апенькі’ (Інстр. II).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Му́ха, муха́, му́шка ’двухкрылае насякомае, Musca’ (ТСБМ, Яруш., Бес., Касп., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС); шальч., круп. ’пчала, Apis mellifera’ (Сл. ПЗБ), ’крапінка’, ’частка прыцэльнага прыстасавання агнястрэльнай зброі’ (ТСБМ). Укр., рус. му́ха, польск., н.-, в.-луж. mucha, чэш. moucha, славац. múcha, славен. múha, серб.-харв. му̀ха, му̀ва, му̏шица, макед. мува, мувичка, балг. муха́, ст.-слав. моуха, мъшица. Прасл. mucha чаргаваннем галоснай звязана з mъšъka > мошка (гл.). І.‑е. адпаведнікі літ. mùsė, лат. mũsa, muša, лац. musca, ст.-грэч. μυῖα (< mus‑ja), алб. mizë, myzë, арм. mun (< mus‑no). Да і.-е. *mū‑/*mūs‑ ’муха’ (Міклашыч, 206; Траўтман, 191; Мюленбах-Эндзелін, 2, 673; Фасмер, 3, 19; Махэк₂, 376; Покарны, 752; Бязлай, 2, 205). Сюды ж: мухаві́к ’полаг ад мух’, му́шнік ’папера-ліпучка’, му́шына ’адна з мноства мух’ (Касп.), мухабойка (паст., Сл. ПЗБ). Значэнне ’пчала’ ёсць у чэш., польск., серб.-харв. мовах, як і ў франц. (mouche à miel) — табу. Параўн. аналагічна паўд.-усх. муха свята ’пчала’ (КЭС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ту́ркаўка 1 ‘турок, птушка атрада галубоў з бурым апярэннем, Streptopelia turtur, Streptopelia decaocto’ (ТСБМ, Касп.), ‘дзікі голуб’ (ТС), ту́ркоўка ‘голуб-турок’ (Мат. Гом.), ту́рчалка ‘тс’ (там жа). Параўн. укр. ту́ркавка ‘голуб звычайны’, рус. дыял. турлу́шка, турлы́шка ‘турчаўка’, польск. turkawka і trukawka ‘тс’. Утварэнні, што грунтуюцца на перадачы буркавання турр‑турр (Дарафееў, Птушкі), польск. turr‑turr‑turr і пад., гл. туркаць 1, тарчаць. Аналагічныя ўтварэнні ў іншых мовах: ст.-ісл. turture, ст.-англ. turtur(e), turtla, англ. turtle, в.-ням. turtulatūba, нова-в.-ням. Turteltaube, лац. turtur і інш. (Фасмер, 4, 124; Брукнер, 585; ЕСУМ, 5, 681; Борысь, 654).

Ту́ркаўка 2 ‘мядзведка звычайная, Gryllotalpa vulg. hatr.’ (Некр. і Байк., Касп., Мядзв., Скарбы, Рэг. сл. Віц.). Назва на базе гукапераймання: насякомае выдае гукі, падобныя да тур-тур: мядзведка ту́ркае (гом., Арх. ГУ); гл. наступнае слова. Сюды ж з іншай суфіксацыяй турка́ч ‘мядзведка’ (гродз., беласт., Сл. ПЗБ) і назвы насякомых: турка́ч ‘лічынка хрушча’ (Сцяшк. Сл.), ‘цвыркун’ (дзярж., Нар. сл.), параўн. польск. turkacz ‘мядзведка’, якое Брукнер (585) лічыць вытворным ад turkać, што чаргуецца з tark‑ (гл. таркаць).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Туро́к 1 ‘юрок або цыганчык — гульня і конусападобная цацка, якая круціцца на спічастым канцы, падганяецца маленькім (з тоненькага раменьчыка) бізунком’ (Нас., Яруш., Гарэц., Байк. і Некр.). Відаць, да тураць, туры́ць ‘хутка ганяць’, гл. Насовіч (644) тлумачыць паходжанне гэтага слова гукаперайманнем.

Туро́к 2 ‘закавулак’ (Бяльк.), ‘тупік, вуліца паміж хатамі’ (Растарг., Пал.), ‘вузкая прастора паміж печчу і сцяной, запечак’ (касцюк., ЛА, 4; слаўг., ЛА, 5). Параўн. укр. дыял. туро́к ‘заліў на рэчцы’ (Чарапанава, Геогр.). Не зусім ясна. Магчыма, звязана з турыць ‘заганяць, запіхваць’, гл.

Туро́к 3 ‘дзікі голуб-туркаўка, Columbia turtur’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Ласт.), слова перадае крык туркаўкі (галубкі). Гукапераймальнае ўтварэнне, параўн. таксама ту́ркаўка 1, ту́рчык (гл.).

Туро́к 4 ‘мядзведка, Glottotalpa vulg. hatr. ’ (Жд. 1, Рэг. сл. Віц., Сл. ПЗБ). Гукапераймальнага паходжання, параўн. таксама турчок, туркаўка 2 (гл.). Параўн. ілюстрацыю: турок — рыжэнькі, у зямлі тырчыць, турчыць ноччу на двары (Сл. ПЗБ).

Туро́к 5 ‘конік (насякомае)’ (Рэг. сл. Віц.). Гукапераймальнае ўтварэнне. Сюды ж, відаць, туро́к ‘жарабя’ (круп., Полымя, 1980, 8, 254), ‘падзыўная назва жарабяці’ (Мова Сен.). Ласкальна ад назвы насякомага?

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

паразі́т, ‑а, М ‑зіце, м.

1. Расліна або жывёліна, якая жыве на паверхні або ўсярэдзіне іншага арганізма і корміцца за яго кошт. — Ёсць, сынок, такая расліна — паразіт. Ам[я]л[о]й завецца. Яна не сама здабывае харч, а смокча сокі з бярозы. Мяжэвіч. Міхаленя сказаў, што малярыю выклікае паразіт-плазмодый, што цяпер малярыя лечыцца акрыхінам. Алешка. // Насякомае, якое жыве на целе чалавека і корміцца яго кроўю. Найчасцей .. [наглядчыку] даводзілася бачыць, як які-небудзь арыштант, зняўшы кашулю, садзіўся каля лямпы і пачынаў распраўляцца з паразітамі. Колас. / Аб словах. У Пранцыся на кожным кроку неяк самі па сабе прарываюцца шматлікія словы-паразіты. Ярош.

2. Той, хто жыве з чужой працы; дармаед. Радасць працы ва ўсіх творах маладога Купалы азмр[очв]аецца разуменнем таго, што гэта праца не на сябе, а на чужых, на паноў, што яна паднявольная, што з яе кормяцца паразіты. Івашын. Не хочуць ні вучыцца, ні рабіць, А паразітамі мяркуюць век пражыць. Валасевіч.

3. Разм. Ужываецца як лаянка.

[Ад грэч. parásitos — нахлебнік, дармаед.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Казу́лька ’божая кароўка’ (Шатал., З жыцця; Чач.), казулькі ’конікі палявыя’ (Федар. Рук.). Укр. козуля, козулька ’насякомае Cerambix’. Словаўтваральна празрыстая структура; цяжэй вытлумачыць як вытворнае ад каза 1, ці тут перанос назвы з казуля, вядомага ў розных значэннях. Параўн. у Федароўскага ў рукапісным слоўніку: kozaczki ’конікі палявыя’. Лексемы з апошнім значэннем могуць быць аўтаномнымі ўтварэннямі (паводзіны насякомага нагадваюць паводзіны жывёлы), магчыма, нават першаснымі для семемы ’божая кароўка’, напр., супадзенне назвы коніка і божай кароўкі ў бел. лельч. кавалік. Разам з тым міфалагічны кантэкст, які суправаджае розныя назвы Coccinella septempunctata як у слав., так і неслав. мовах, дазваляе меркаваць аб магчымай субстытуцыі назвы або міфалагічным варыянце, параўн. бел. кароўка, ярыца, укр. щедрик‑ведрик і рус. козуля, козурка, козюлька, коровка і інш. для сакральнага печыва з відавочнымі зааморфнымі адзнакамі.

Казу́лька ’маленькая лавачка’ (Касп.). Рус. козуля ’кароткая лавачка, зробленая так, што сучкі дрэва з’яўляюцца ножкамі’, казулька ’тс’, халм., пск. ’маленькая лавачка, на якую садзяцца, калі дояць карову’, маск. ’санкі, якія робяць са старой лаўкі’. Матывацыя назвы зразумелая (рожкі, зааморфная адзнака), аднак не вельмі ясна, утворана слова суфіксальным спосабам ад каза або тут перанос назвы ад казуля, параўн. інш. назву лавачкі каза (гл.). Статус інавацыі (усх.-слав.?) няясны.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

прыдушы́ць, ‑душу, ‑душыш, ‑душыць; зак.

1. каго. Пазбавіўшы магчымасці дыхаць, выклікаць чыю‑н. смерць; задушыць. Уначы [Вуйскі] прыдушыў .. фашыста і, забраўшы ўсе дакументы, выехаў на яго машыне. Шамякін. Браток абяцаў памагчы сваёй далёкай сваячцы, а як сцямнела, заманіў на выган і прыдушыў яе. Асіпенка.

2. каго. Прыціснуўшы, забіць каго‑н. або нанесці траўму, пашкоджанне каму‑н. Урэшце ўсё гэта надакучыла ільву, і ён прыдушыў дзіцянё сваёй цяжкай лапай. Маўр. Некалькі з іх [бярвёнаў] абвалілася, прыдушыўшы тэлефаніста. Мележ. / у безас. ужыв. — Браткі, таварышы! — закрычаў Чыжык. — Прыдушыла! Ратуйце! Лупсякоў. // Прыціснуўшы, сціснуўшы, задушыць (насякомае). На потную нагу сеў авадзень. Пані халатам прыдушыла яго. Бажко.

3. перан.; каго. Давесці да стану прыгнечанасці; падзейнічаць прыгнятальна. Адчуванне адзіна зручнай і безнадзейна ўпушчанай магчымасці зусім прыдушыла .. [Рыбака]. Быкаў.

4. перан.; што. Не даць магчымасці праявіцца, развіцца (з’яве, пачуццю, адчуванню і пад.). Прыдушыць смех. □ У мяне і ў самога слёзы падпіралі пад самае горла, але я іх прыдушыў у сабе і сказаў як мага спакайней: — Не трэба, мама, плакаць. Сабаленка. Неўтаймоўную дзіцячую фантазію [Генькі] не прыдушыла жалезная пята вайны. Паслядовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ліша́й 1 ’хвароба скуры’ (ТСБМ, Шат., Сцяшк., ТС, Сл. ПЗБ), ’лішайнік’ (ТСБМ, ТС). Укр. лиша́й ’хвароба скуры’, рус. лиша́й ’лішай’, цвяр., пск. ’гнойны струп на галаве’, польск. liszaj, liszal ’хвароба скуры’, liszajec, liszaje ’лішайнік’; н.-луж. lišaj, lišajca, lišawka, lišawica, в.-луж. lišej, lišawa, чэш. lišej, lišaj, ганацк. leší ’хвароба скуры’, славац. lišaj, lišäj ’тс’, ’мёртвая галава (насякомае)’; славен. lišȃj, серб.-харв. ли̏шај, lȉšalj, макед. лишај, балг. ли́шай, ли́шей ’лішайнік’, ’лішай’. Прасл. lišajь ’хвароба скуры, скурная высыпка, прышчынак’ > ’лішайнік’ (Слаўскі, 4, 489–490; у Скока (2, 308): ’лішайнік’ > ’скурная хвароба’, што здаецца менш верагодным) утворана ад прасл. lix‑ъ (гл. лі́ха) і суф. ‑ějь (Фасмер, 2, 506; БЕР, 2, 444–445). Махэк₂ (336) генетычна супастаўляе разглядаемую лексему са ст.-грэч. λειχήν ’лішай’ (< λείχω ’ліжу’), у якой, аднак, цяжка растлумачыць пераход xʼ < gh̯, і знаходзіць аснову яе ў мар.-славац., ганацк. liša ’агонь, полымя’ (параўн. літ. liepsnà ’полымя’ < і.-е. *leip‑siā — хвароба пачыналася пачырваненнем скуры. Аднак ён не адмаўляе і паходжання лексемы ад прасл. lix‑ъ.

Ліша́й 2 ’толькі’ (Федар. 1), рус. паўн. лиша, лишо, лише ’толькі, як толькі’ і семантычна блізкія рус. лишь, укр. лише, лиш ’толькі, усяго толькі’, ’як толькі’. Усх.-слав. Узыходзіць да формы параўнальнай ступені н. роду лише ад лихо < lixъ. Да ліха (гл.). Канчатковае ‑й з’яўляецца займеннікавай і прыслоўнай прасл. часціцай ‑i (‑jь), параўн. аналагічна серб.-харв. ondaj, tadaj, славен. tukaj, včeraj, польск. tutaj, dzisiaj, укр. тогдий, тудий, тутичкай (ESSJ SG, 1, 107, 314, 315).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)