сакрата́р, ‑а, м.

1. Асоба, якая вядзе справаводства, канцылярыю якой‑н. арганізацыі або перапіску і справы прыватнай асобы. Сакратар канцылярыі. Асабісты сакратар. □ Дзядзька Рыгор сказаў сакратару, каб напісаў дзеду даведку. Якімовіч.

2. Асоба, якая піша пратакол сходу, пасяджэння і пад. Сакратар сходу, заслухаўшыся, нічога не пісаў. Шахавец.

3. Выбарны кіраўнік якой‑н. арганізацыі, якога‑н. органа. Сакратар райкома партыі. Сакратар Саюза пісьменнікаў. □ Камсамольска сакратар гаварыў маладым, звонкім голасам. Кавалёў. Сёння запрашаць на сход прыйшоў сам сакратар калгаснага партбюро Глеб Званец. Дуброўскі.

4. Асоба, якая загадвае арганізацыйна-выканаўчым аддзелам якой‑н. установы. Вучоны сакратар інстытута. □ Рэдактара яшчэ не было. Лабановіча прыняў сакратар рэдакцыі, малады, бялявы, прылізаны чалавек. Колас.

5. Драпежная птушка афрыканскага кантынента з доўгімі нагамі і чубам на галаве ў выглядзе гусінага пяра.

[Фр. secrétaire.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шэф, ‑а, м.

1. Разм. Кіраўнік якой‑н. установы, прадпрыемства і пад. у адносінах да сваіх падначаленых. І я адчуў, што падначаленыя Івану Ігнатавічу рахункаводы — рослая дзяўчына і хлопец з хітрымі вочкамі — не вельмі слухаюць свайго маўклівага шэфа. Хомчанка. Расказваў аб гэтым Максіму старшы сяржант астрожнай службы і шэф усіх надзорцаў у Лукішках Бародка. Машара. // Уст. У Расіі 18–19 стст. — высокая асоба, якая з’яўлялася ганаровым камандзірам вайсковай часці або афіцыйным апекуном вучэбнай установы.

2. (звычайна ў прыдатку). Старшы ў групе асоб аднароднай прафесіі, якія працуюць на адным прадпрыемстве, у адным цэху і пад. Шэф-повар. Шэф-пілот.

3. Асоба, установа ці прадпрыемства і пад., якія шэфствуюць над кім‑, чым‑н. Праз месяц з дапамогай шэфаў Васіль набыў для калгаса трохтонку. Шамякін. Шэфы з горада прывезлі падарункі — для ячэйкі шмат прывезлі кніг. Дудар.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

капіта́н, ‑а, м.

1. Афіцэрскае званне, якое ідзе за званнем старшага лейтэнанта. // Асоба, якая мае гэта званне. [Васіль] прайшоў праз усю вайну. Вырас, да капітана, камандзіра роты. Шамякін.

2. Начальнік, камандзір судна. Капітан карабля. □ — Вось падыходзіць да мяне капітан і пытае: «Як вы думаеце, дарагі Тапурыя, не будзе непагоды сёння на моры?» Самуйлёнак.

3. Кіраўнік спартыўнай каманды. Капітан футбольнай каманды.

•••

Капітан-лейтэнант — афіцэрскае званне ў ваенна-марскім флоце, якое ідзе за званнем старшага лейтэнанта. // Асоба, якая мае гэта званне.

Капітан 3‑га рангу — афіцэрскае званне ў флоце, якое ідзе за званнем капітан-лейтэнанта. // Асоба, якая мае гэта званне.

Капітан 2‑га рангу — афіцэрскае званне ў флоце, якое ідзе за званнем капітана 3‑га рангу. // Асоба, якая мае гэта званне.

Капітан 1‑га рангу — афіцэрскае званне ў флоце, якое ідзе за званнем капітана 2‑га рангу. // Асоба, якая мае гэта званне.

[Фр. capitaine.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ма́йстар, ‑тра, м.

1. Спецыяліст у якім‑н. рамястве, у якой‑н. галіне вытворчасці. Гадзіннікавы майстар. Буравы майстар. □ Мікалай Бугкавец — вядомы ў акрузе майстар па рамонту збруі — суткамі не разгінаўся над хамутамі. Курто.

2. Адміністрацыйны і тэхнічны кіраўнік асобнага ўчастка вытворчасці (цэха, змены і пад.). Зменны майстар. Дарожны майстар.

3. Чалавек, які дасягнуў высокага майстэрства ў сваёй справе. Майстар высокіх ураджаяў. Майстар мастацкага слова. Майстар манументальнай скульптуры. □ Творчасць Янкі Брыля, аднаго з выдатных майстроў беларускай прозы, ўяўляе вялікую цікавасць як для даследчыка-літаратуразнаўца, так і для крытыка. Кучар. // на што і з інф. Разм. Аб лоўкім, здатным да чаго‑н. чалавеку. І дзядзька майстар быў на штукі, І быў механік на ўсе рукі. Колас. Настаўнік быў майстрам апавядаць. Бядуля.

4. Званне, якое прысвойваецца выдатным спартсменам. // Асоба, якая носіць гэта званне. Майстар спорту.

•••

Майстар на ўсе рукі — пра чалавека, які ўмее ўсё рабіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пасава́ць 1, ‑суе; незак.

Падыходзіць, адпавядаць каму‑, чаму‑н. Голас .. [Любы] быў пявучы і таксама, як і твар, страшэнна не пасаваў да ўсяго яе выгляду. Чорны. Да яго постаці вельмі пасавала вайсковая форма, якую ён, як кіраўнік мясцовай групы «Стшэльца», надзяваў у кожнае свята. Чарнышэвіч. Тонкія рысы твару неяк не пасавала да такога дужага асілка, якім быў Андрэй. Ваданосаў.

пасава́ць 2, ‑сую, ‑суеш, ‑суе; незак., што і без дап.

Перадаваць адзін другому мяч, шайбу і пад. у спартыўнай гульні. Дзеці забаўляліся каля гімнастычнага гарадка, пасавалі мяч. Беразняк. Гульня пайшла яшчэ весялей, з жартамі і смехам. Хлопец у белай шапачцы стаяў насупраць Васіліны, пасаваў увесь час на яе, і яна спачатку хвалявалася. Савіцкі.

[Ад англ. pass — перадаваць.]

пасава́ць 3, ‑сую, ‑суеш, ‑суе; незак.

1. Пры гульні ў карты адмовіцца ўдзельнічаць у розыгрышы да наступнай раздачы карт.

2. перан.; перад кім-чым і без дап. Прызнаваць сябе бяссільным перад чым‑н.; здавацца. Я не хацеў пасаваць перад братам і, хаця абліваўся ўвесь потам, аж прыгнуўся — стараўся захапіць як мага шырэйшы пракос. Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыва́тны, ‑ая, ‑ае.

1. Які належыць пэўнай асобе, з’яўляецца чыёй‑н. уласнасцю; не грамадскі, не калектыўны. Прыватная кватэра. □ На гэты дзень было намечана перасяленне многіх будаўнікоў з прыватных кватэр у гарадскія дамы. Кулакоўскі. У Залкінда на панадворку часта гуляла дванаццацігадовая дачка Вета — вучаніца прыватнай гімназіі. Карпюк. // Не звязаны з якім‑н. прадпрыемствам, дзяржаўнай або грамадскае службай; які выконваецца для індывідуальнай асобы. Прыватная краўчыха. Прыватны заказ. □ [Эльза] ўжо знайшла некалькі прыватных урокаў у багатых сем’ях і цяпер жыве на сваім хлебе. Чарнышэвіч. // Які займаецца індывідуальным гаспадараннем. Прыватны ўласнік.

2. Які датычыцца каго‑н. асабіста, чыіх‑н. асабістых спраў; асабісты. Прыватная перапіска. Прыватная размова. □ Усе прыватныя тэлеграмы залежваліся, потым адпраўляліся поштай. Шынклер. // Які знаходзіцца за межамі грамадскай, вытворчай і інш. дзейнасці, не звязаны з ёй. Прыватнае жыццё. □ [Дзянісаў] тут не прыватная асоба, а кіраўнік экспедыцыі, і ён не мае права паддавацца сваім асабістым антыпатыям. Гамолка.

3. Які з’яўляецца часткай, дэталлю чаго‑н., адносіцца да частак чаго‑н.; не агульны. Ісці ў суджэнні ад прыватных з’яў да агульнага заключэння. □ Байка павінна даваць абагульненні, адлюстроўваць не які-небудзь прыватны факт, адзінкавае здарэнне. Казека. // Не характэрны, асобны, выключны. Прыватны выпадак. □ Гэта толькі прыватны, хоць і важны эпізод. Бугаёў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

халасты́, ‑ая, ‑ое.

1. Які не ўступіў у шлюб, нежанаты (пра мужчыну). Наш сусед, выкладчык музыкі ў інтэрнаце і кіраўнік самадзейнасці ўсіх навакольных устаноў і арганізацый, халасты хлопец гадоў пад сорак, амаль не даваў знаць аб сваім існаванні. Радкевіч. [Паліна:] Ты — дзяцюк халасты, а ў мяне тут — сям’я, Муж... Куляшоў. // Які складаецца з халасцякоў. Халастая кампанія. // Уласцівы халасцяку, халасцякам. Халастое жыццё. □ «Лёталі ў космас? Час і дзень. У халастым, а ці ў жанатым стане?» Барадулін.

2. Які не прыводзіць у рух механізма, машыны; не рабочы. Халастыя абароты. □ Як шалёны, завыў матор — задняе кола, згубіўшы счапленне з грунтам, засвістала на халастым хаду. Краўчанка. // Не звязаны з выкананнем карыснай работы. Халасты перагон вагонаў. □ Да мінімуму зведзены прастоі, халастыя прабегі. Механізатары змагаюцца за кожную мінуту рабочага часу. «Звязда».

3. Не здольны наравіць цэль; не баявы (пра стральбу). Не быў апошні выстрал халастым, Галовы склалі каты пад кусты... А я без памяці ляжаў на мяккім доле. А. Астапенка. — На граніцы, Ягорка, халастымі патронамі не страляюць. Шыловіч. // Які не мае кулі, шроту. Халасты зарад.

•••

На халастым хаду — упустую, марна.

Халасты прабег — пра транспарт, які ходзіць паражняком.

Халасты стрэл — пра бескарыснае дзеянне.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пан ’уладальнік маёнтка, памешчык (у дарэвалюцыйнай Расіі і ў капіталістычных краінах; асоба, якая належала да прывілеяваных (чыноўных, арыстракратычных) слаёў грамадства дарэвалюцыйнай Расіі’. Па́ни, пане́нка, па́ня, па́нскі, па́ні‑ма́тка, панава́ць, па́ніцца ’жыць па-панску, гультайнічаць’. З польск. pan ’тс’, як і рус. і ўкр. пан (Кюнэ, Poln., 84). Ст.-бел. панъ ’пан, памешчык, бог’ (1340 г.) < ст.-польск. pan; пани (пания, панья, паня ’пані’ (пач. XV ст.) < ст.-польск. pani (Булыка, Лекс. запазыч., 21). Слова зах.-слав. арэалу: польск., в.-, н.-луж. pan, чэш., славац. pán, ст.-чэш. hpán. Паводле Фасмера (3, 195), узыходзіць да *gъpan і звязана чаргаваннем са ст.-рус. жупанъкіраўнік акругі’. У іншых і.-е. мовах параўноўваюць са ст.-інд. gōpā́s ’пастух, вартавы’, gōpyáti, gōpayati ’ахоўвае, засцерагае’, gōpanam ’ахова’, грэч. γυπή κοίλωμα γῆς, нов.-в.-ням. Koben ’свінарнік’ (Гуйер, LF, 31, 105 і наст.; Младэнаў, 410). Брукнер (393) разглядае ст.-чэш. hpán як скарачэнне з županъ; апошняе ён лічыць аварскім элементам; супраць Фасмер (там жа). Махэк₂ (431) і Голуб-Копечны (263) тлумачаць panъ як карэлят м. р. да panьji, якое з *potnī — утварэнне ж. роду ад і.-е. pot‑ ’пан’. Трубачоў (Этимология, 1965, 73 і наст.) крыніцу слав. слова бачыць у ст.-іран. gopān ’пастух, вартаўнік стада’, якое з’яўляецца кампазітам з go‑ ’бык, карова’ і — nomen agentis ад pā‑ ’вартаваць’. На такую марфалагічную структуру і.-е. паралеляў яшчэ раней указваў Пізані (Paideia, 10, № 4, 1955, 262). Вялікую семантычную дыстанцыю Трубачоў тлумачыць дастаткова высокім становішчам пастуха ў жывёлагадоўчым грамадстве. Гл. яшчэ агляд літаратуры ў Трубачова, История терм., 184.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

кірава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак.

1. кім-чым. Карыстаючыся прыборамі, рычагамі і пад., рэгуляваць ход, рух, работу каго‑, чаго‑н. Кіраваць машынай. Кіраваць канём. □ Вадзік трымаў у руках вудачкі, Сашка кіраваў лодкай. Гамолка. // Рабіць уплыў на развіццё чаго‑н., на ход якога‑н. працэсу. — Не можам кіраваць сонечным святлом, дык трэба кіраваць зямлёю. Кулакоўскі. / Пра сродкі кіравання чым‑н. Па быстрыні човен імчыць, як маторка, толькі паспяваў, кіраваць вяслом. Гамолка.

2. кім-чым. Быць на чале чаго‑н., накіроўваць дзейнасць каго‑, чаго‑н. Кіраваць дзяржавай. □ Мікалай Каржанец сам згадзіўся кіраваць гаспадаркай і на цвёрдыя ногі паставіць калгас. Бялевіч. // Накіроўваць чые‑н. ўчынкі, дзеянні, быць пабуджальнай прычынай, пачаткам чаго‑н. Пачуццё любві да роднай зямлі кіравала аўтарам, калі ён выступіў з крытыкай побыту і нораваў польскіх магнатаў, шляхты і іх абслугі. Казека. // Разм. Мець уладу над кім‑н., распараджацца кім‑н. Зараз жа знайшоў [Крушынскі] тлумачэнне: «Жонка кіруе старым...». Бядуля. // Дырыжыраваць хорам, аркестрам. Кіраваць аркестрам.

3. Разм. Тое, што і кіравацца (у 2 знач.). Брычка зварочвае на поплаў, кіруе проста да стагоў. Асіпенка.

4. каго-што. Разм. Паказваць каму‑, чаму‑н. пэўны напрамак; накіроўваць. Праз рачныя броды Кіраўнік атрада Кіруе падводы. Куляшоў.

5. чым. У граматыцы — патрабаваць пасля сябе пэўнага ўскоснага склону. Пераходныя дзеясловы кіруюць вінавальным склонам.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Сам ’сам, ніхто іншы’, у знач. наз. ’гаспадар, кіраўнік і г. д.’ (ТСБМ, Нас., Касп., Бяльк., ТС, Сл. ПЗБ), ’адзін, адзінокі’ (Сл. ПЗБ, Нар. лекс.), са́мы займ. ’той, ніхто іншы’, ’іменна такі, які патрэбен, падыходзіць (самая пара)’, ’той, што мае вышэйшую ступень якасці (самы вясёлы)’ (ТСБМ, Бяльк.), са́му, саму́ ’адзін, адзінокі’ (ТС), са́мо, са́ме ’толькі, як раз’, са́міе ’самі’ (Ян.), саме́нко, саме́нты ’якраз’ (Мат. Гом.). Сама‑ — першая састаўная частка складаных слоў, якая абазначае накіраванасць, здзяйсненне, працяканне дзеяння і інш.: самасе́й (да сеяць), самапа́сам ’самастойна, без нагляду’ (да пасці), самату́жкі ’маленькія санкі’ (да тужыцца), самакі́ша ’прастакваша’ (да кіснуць), самахоць ’па сваёй волі’ (да хацець) і інш. Агульнаславянскае; рус. сам ’сам; адзін’, укр. сам, са́мий ’тс’, стараж.-рус., ст.-слав. самъ, польск., в.-луж., н.-луж. sam, каш. som, чэш., славац. sám, серб.-харв. sȃm, славен. sȃm, балг., макед. сам ’сам’, ’адзін, адзінокі’. Прасл. *samъ, *sama, *samo. Паралелі ў ст.-інд. samás ’роўны, адзінкавы’, авесц. hama‑, hāma‑, ст.-пярс. hama‑ ’роўны, той жа самы’, гоц. sama ’той жа самы’, ст.-в.-ням. samo, ст.-англ. same, ст.-ісл. sómr ’падыходзячы, належачы’ і г. д., гл. Траўтман, 273; Торп, 432; Праабражэнскі, 2, 249; Фасмер, 3, 552; Сной₁, 553; усе ад і.-е. кораня somo/semo < і.-е. *sem ’адзін’. Трубачоў, Этимология–1965, 23, 65, падкрэсліваючы незалежнасць ужывання займеннікавага элемента ў славянскім і іранскім, лічыць, што авесц. hāmō не падцвярджае агульнасць інавацыйнага падоўжання ў гэтых мовах. Даўжыня галоснага ў славянскім слове паводле Махэка₂, 537 мае экспрэсіўны характар. Гл. яшчэ БЕР, 6, 453 і наст., Шустар-Шэўц, 2, 1266; Борысь, 538. Сюды ж прым. самаві́ты ’разумны’ (Нас., ТС), ’самастойны’ (Ян.), ’мажны, дзябёлы’, ’паважны, салідны’ (ТСБМ), самава́ць ’садзіцца на гак, шараваць плытам па гаку’ (навагр., Нар. лекс.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)