цётка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

1. Бацькава або матчына сястра; жонка дзядзькі. Вярнуўшыся ў прыцемках з поля, .. [Аня] зайшла да Андрэевай цёткі. Мележ.

2. Разм. Дарослая жанчына наогул; зварот да старэйшай па ўзросту жанчыны. У калідоры стаялі Міколавы аднавяскоўцы — дзядзька Лявон і цётка Тэкля. Корбан. — Ты думаеш, цётка, я не ведаю? Усе ведаюць! А я не вмоўчу. Чорны.

•••

Голад не цётка — пра стан галоднага і таму непераборлівага ў ядзе чалавека (жывёлы).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цяць, тну, тнеш, тне; тнём, тняце; пр. цяў, цяла, ‑ло; заг. тні; зак. каго-што і без дап.

1. Ударыць, даць чым‑н. Каманду пастроілі і загадалі: «Марш!» Калі ж яна не скранулася з месца, былы гандляр яйкамі з бабскім віскам кінуўся на першага ў крайняй двойцы і з маху цяў яму прыкладам у грудзі. Брыль.

2. Балюча ўкусіць. Сабака моцна цяў за нагу. □ Блыха тне чалавека, ды і схаваецца ў кажушнай воўне. Дубоўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

эмо́цыя, ‑і, ж.

Пачуццё, перажыванне чалавека. Эмоцыя радасці. Эмоцыя гневу. □ — Вы разумееце, што ўсё гэта азначае? — Ці, як легкадумны хлапчук, вы, акрамя сваіх эмоцый, нічога ведаць не хочаце? — гаварыў Рымар. Арабей. І .. [салдату] хоць бы на гадзіну ў тыдзень-другі неабходна забыцца, перавесці свой зрок і слых на іншае, што выклікала б у яго больш прыемныя эмоцыі... Ракітны. // Разм. Знешняе праяўленне пачуццяў, перажыванняў. Чалавек эмоцый, Шыковіч не стрымаўся — і ўголас вылаяўся, калі прачытаў гэта. Шамякін.

[Фр. émotion.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ю́ны, ‑ая, ‑ае.

Вельмі малады, у маладых гадах (пра чалавека). На маёўку ў бліжнія бары завуць сяброўку юныя сябры. А. Вольскі. // Малалетні (пра дзяцей, падлеткаў — удзельнікаў якіх‑н. гурткоў, аматараў якога‑н. віду мастацтва і пад.). Юны тэхнік. Юны натураліст. // перан. Які толькі што з’явіўся, нядаўна пачаў існаваць, дзейнічаць і пад. Вечарамі самы юны горад нашай рэспублікі заліты электрычнымі агнямі. Грахоўскі.

•••

Юны ленінец гл. ленінец.

Юны піянер — тое, што і піянер (у 4 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Знаць ’ведаць’. Рус. знать, укр. зна́ти, польск., в.-луж. znać, н.-луж. znaś, палаб. znot, чэш. znáti, славац. znať, славен. znáti, серб.-харв. зна̏ти, балг. зна̀я, знам, макед. знае. Ст.-слав., ст.-рус. знати ’ведаць’. Прасл. zna‑ti < і.-е. *gʼen‑, *gʼno‑ ’ведаць’: літ. žinóti, лат. zinât ’ведаць’, ст.-прус. po‑sinna ’пазнаю’, ням. kennen ’ведаць’, лац. co‑gnosco ’пазнаю’, ст.-інд. jānȃmi ’ведаю’, грэч. γιγνώσκω ’пазнаю’ і інш. Фасмер, 2, 100–101; Махэк₂, 717; БЕР, 1, 650; Траўтман, 371; Покарны, 1, 376. І.‑е. *gʼen‑ ’ведаць’ ад і.-е. *gʼen‑ ’нараджаць’ праз значэнні ’нараджацца, быць родзічам’ > ’ведаць чалавека’ Трубачоў, История, 154–157; Шанскі, 2, З, 101; іншы ход той жа сувязі: праз ’нараджаць’ > ’прымаць’ > ’даведвацца’ (Скок, 3, 658–659). Гл. яшчэ зяць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Плаку́н-трава́ ’від чальчаку (відаць, вербалісты). Lythrum salicaria L.’ (ТС; Ласт.). Да пла́каць і трава́ (гл.), параўн. іншую назву — слёзнік. Паводле Кісялеўскага (Аб некат. асабл., 30), назва звязана з павер’ямі: ад яго плачуць ведзьмы і чэрці (Ласт., 799); ён плача, калі ў чалавека журба (ТС) і інш. Тэрмін узнік пад уплывам украінскай і рускай моў, дзе ён больш распаўсюджаны, параўн. укр. плаку́н ’тс’, рус. плаку́н‑трава́ — гэтак названа шмат раслін: белы гарлачык, святаяннік, скабіёза, драсён звычайны, баркун белы, касач сібірскі, скрыпень вузкалісты і чатырохгранны, аер, ядрушка, валяр’ян, большасць з іх — вільгацелюбівыя, што датычыць святаянніка (Hypericum L.), то паводле павер’я, яго крывава-чырвоны сок прымушае плакаць нячыстую сілу (Фасмер, 3, 272–273); сюды ж і балг. плаку́н ’чальчак’ (запазычана з рус.?, гл. БЕР, 5, 299).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прах ’цела чалавека пасля смерці’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ, ТС), ’пыл’, ’зямля; пагібель’ (Нас.), ’гніллё’ (Ян.), ’мноства, шмат’ (ТС), пра́хі ’малаздольныя, гультаяватыя пачаткоўцы-нячысцікі, якія служаць на пабягушках у іншых нячысцікаў’ (Нік., Няч.). Запазычанне з ц.-слав. прахъ замест усх.-слав. порохъ (гл. Фасмер, 3, 355; ESJSt, 12, 697). Адносна шляхоў запазычання гл. Цвяткоў, Запіскі, 2, 61; Цыхун, Зб. памяці Талстога, 418. Значэнне пра́хі выводзіцца з ’мелкі, дробны’. Ускосная семантычная аналогія ў чэш. prachy ’грошы’, першапачаткова — ’дробныя грошы’ (гл. Махэк₂, 478). Паводле Нікіфароўскага (Нік., Няч., 33), эўфемізм да слова чэ́рці (гл. чорт), параўн. чэш. дыял. prachél ’чорт’. Значэнне ’мноства’ на базе значэння ’пыл’ (’многа, як пылу’). Відаць, не звязана з н.-луж. prach ’толькі што, якраз’, адносна якога гл. Шустар-Шэўц, 2, 1148. Далей гл. порах.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Саба́чы, прым. ад сабака1; часта як састаўная частка назваў некаторых раслін і грыбоў: саба́ччая мята ’мята палявая’ (Шат.), саба́ча, саба́чая, саба́ччая, саба́чча мята, соба́ча мнята ’мята вадзяная і палявая’ (Сл. ПЗБ), саба́ча мята ’мята перцавая’ (Жыв. сл.), саба́чы рамон ’рамонак’ (Бяльк.), саба́чы рамонак, саба́чы румянак ’тс’ (Сл. ПЗБ), саба́чча мыла ’вятроўнік вязалісты’ (Жыв. сл.), саба́чы баравік ’воўчы грыб’ (Сл. ПЗБ), саба́чыя грыбы ’неядомыя грыбы’ (Сцяшк. Сл., Жыв. сл.), саба́чы грыбок ’від грыба’ (Байк. і Некр.). Як заўважае Мяркулава (Очерки, 89), назвы такога тыпу існуюць у большасці індаеўрапейскіх моў. Значэнне прыметніка, утворанага ад назваў жывёл і птушак, звычайна выпустошана; ён указвае толькі на неядомасць або непрыдатнасць для чалавека гэтай расліны. Пра сінанімію сабачывоўчы гл. Жураўлёў, Язык и миф, 378–380.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Стату́й зневаж, пра тупога, бесталковага чалавека (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр., Мат. Маг., Юрч. Вытв.), ‘нязграбны чалавек’ (Мат. Гом.): стату́й ты карэтны! — лаянка (маг., Ліцв.), стату́й ‘фігура, вылепленая з чаго-небудзь або зробленая з пяску’ (Жд. 2), ста́туй, ста́туя ‘вылепленая фігура; боўдзіла’ (Касп.), ста́туй ‘чалавек высокага росту’ (Бяльк.), стату́я ‘вылепленая фігура; боўдзіла’ (Нас.), стату́й, стату́я ‘фігура з металу ці каменя; манекен’ (Сл. ПЗБ). Сюды ж, магчыма, і статэ́ва ‘высокая жанчына’ (Сл. рэг. лекс.). Запазычана з заходнееўрапейскіх моў, параўн. ням. Statue ‘скульптура, фігура’, франц., англ. statue ‘тс’ з лац. statua ‘статуя, калона’ ад statuo ‘стаўлю, засноўваю’, праз рускае або польскае пасрэдніцтва. Адаптацыя па роду па аналогіі з балван, ёлуп і пад. Гл. Фасмер, 3, 748; ЕСУМ, 5, 402. Значэнне ‘чалавек высокага росту’, магчыма, пад уплывам статны (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Су́піць ’хмурыць (бровы)’ (ТСБМ, ТС), ’хмурыць, моршчыць, сцягваць’ (Нас.), су́піцца ’пахмурна ссоўвацца (пра бровы)’, ’хмурыцца, дзьмуцца (пра чалавека)’ (ТСБМ, Нас., Ласт.), ’хмурыцца, змрачнець’ (ТС), ’паколваць і свярбець’ (мсцісл., З нар. сл.), моро́з су́піць ’адчуванне моцнага холаду’ (КСТ), су́піць холадам ’стан хворага, калі цела працінае холад’ (чач., ЖНС). Укр. су́пити, рус. су́пить ’хмурыць’, польск. sępić ’тс’, чэш. posupný ’хмуры’. Традыцыйна выводзіцца ад суп2 (гл.), паколькі ў гэтай птушкі нібы хмуры позірк, так ужо Міклашыч, 315; гл. Фасмер, 3, 48, 804; Махэк₂, 477; ЕСУМ, 5, 593. Аднак канцэнтрацыя ўвагі ў народнай мове на знешніх адчуваннях (мороз супыць яйцо, Нас.) дазваляе звязаць з харв. sȕpica ’дробны выраст на скуры’, якое Борысь (Etymologie, 408–409) выводзіць са *ščuplъ ’дробны, тонкі’ (гл. шчуплы, шчыпаць).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)