Касы́нка, ’касынка, хустачка’ (ТСБМ, БРС, Сцяшк.). Слова, вядомае толькі ва ўсх.-слав. мовах. Акрамя бел. мовы, гэта лексема ёсць у рус. і ўкр. Параўн. рус. косы́нка ’хустачка трохвугольнай формы на галаву, па шыю’ (зафіксавана ўжо ў Ганчарова, Ляскова і іншых пісьменнікаў). Укр. коси́нка, якое прыводзіць Шанскі без указання крыніц, можа быць русізмам. Паводле Бернекера, I, 585, звязана з прыметнікам *kosъ ’косы’. Шанскі (2, К, 356) удакладняе, што касы́нка — гэта непасрэднае вытворнае ад іменніка рус. косыня ’касынка, хустачка’, якое яшчэ сустракаецца ў дыялектах і з’яўляецца дэрыватам ад прыметніка косой суфіксам ‑ын‑я. Гл. яшчэ Трубачоў, Эт. сл., 11, 179–180.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кашо́лка ’плецены выраб з лучыны, лазы і пад. для захоўвання і пераноскі чаго-н.’ (ТСБМ, БРС, Касп.). Параўн. рус. дыял. кошо́лка. Паводле Фасмера, 2, 360, звязана з рус. коше́ль, кошеле́к, укр. коші́ль, серб.-харв. ко́шље ’агароджа’, славен. košulja ’кашолка’, польск. koszałka і далей, з рус. кош ’плеценая кашолка’, укр. кіш, бел. кош ’скрыня ў млыне’, балг. кош ’вялікая кашолка’, чэш. koš, польск. kosz, ст.-слав. кошь і г. д., прасл. *košь < *kosio‑, роднаснае з лац. qualum ’плеценая кашолка’ (*quaslo‑). Гл. Бернекер. 1, 586 і далей; Траўтман, 119. Параўн. яшчэ кашэ́ль (гл.). Гл. яшчэ грунтоўныя меркаванні Трубачова, Эт. сл., 11, 187–189.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ашчэ́яшчэ’ (Кліх, Шат., Сцяшк., Жд., Тэксты, 144), рус. дыял. ощо, пск. още, балг. о́ще, макед. уште. Тэарэтычна можа ўзыходзіць да прасл. ošče, параўн. ст.-рус. още (побач з ešče, ješče, jьšče, iščet гл. Слаўскі, 1, 368 з літар.), аднак ужо Карскі (1, 304; 2–3, 66) дапускаў пазнейшае паходжанне беларускага слова з ješče са стратай пачатковага j, параўн. вядомае ў гэтым арэале адпадзенне j, в і г у пачатку слова: акрас ’якраз’, ачай (< ячай) ’адтуліна ў верхнім камені жорнаў’, авёрка ’вавёрка’, ашчына ’вашчына’, алстук ’гальштук’ (Сцяц. Нар.), аром ’ярмо’ (слуц., Рэгіян. асабл., 54), рус. пск. ащерица ’яшчарка’ і пад. Гл. яшчэ.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Барка́н1, парка́н ’плот, агароджа’ (Касп., Шушк., Шн., Маш., Інстр. II). Укр. барка́н, парка́н ’тс’. Запазычанне з польск. parkan ’тс’ (а гэта з венг. párkány, параўн. Брукнер, 396). Гл. яшчэ Булыка, Запазыч., 237.

Барка́н2, барканчу́к ’дзіця незамужняй жанчыны’ (Маш.). Метафарычнае ўжыванне слова барка́н ’агароджа’? Першапачаткова, відаць, пейаратыўная назва (’дзіця, што нарадзілася пад плотам’). Але хутчэй зыходнай формай, зразумела, з’яўляецца барканчу́к (вытворнае суфіксам ‑чук ад барка́н ’агароджа’), адсюль скарачэнне барка́н.

Барка́н3 ’від тканіны’ (Нас.). Рус. барака́н, барка́н. Першакрыніца — араб.-перс. barrakan. Форма барка́н, як лічыць Фасмер, 1, 123, зыходзіць да гал. barkaan. Гл. яшчэ Брукнер, 15.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жу́хлы ’нясвежы, няяркі’, жу́хнуць ’рабіцца жухлым’ (ТСБМ). Рус. жу́хлый, жу́хнуть. Безляй (Radovi [Akademija Nauka і Umjetnosti Bosne і Hercegovine], XXXV, Odjeljenje društvenih nauka, knj. 12, 1969, 88) прапануе ўзводзіць рус. жухнуть, бел. жухнуць ’высыхаць’, як і славен. дыял. júhniti ’буркнуць, пікнуць’, да і.-е. *dheus‑ ’пыліць, дуць’, якое дае побач з рэфлексам *dux (гл. дух) яшчэ і рэфлекс *djux‑, што і даў жухнуць. Параўн. і.-е. назвы няяркіх фарбаў, якія дае Покарны (1, 270) пад *dheus‑, ст.-інд. dhūsara ’колер пылу’, лац. fuscus ’цёмна-карычневы, жоўта-чорны’, англ. dusk ’змрочны, цёмны. Для словаўтварэння з суфіксамі ‑л‑ (прыметнік) і ‑ну‑ (дзеяслоў) параўн. бляклы, блякнуць. Параўн. яшчэ тусклы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бінда́с ’сякера, якой адколваюць тоўстыя трэскі’ (Касп., Інстр. II, Мядзв.). Укр. биндас. Праз польск. bindas (да польскага слова гл. Брукнер, 27) з ням. Bindaxt; гл. Шалудзька, Нім., 21. Гл. яшчэ бі́ндус. Ст.-бел. биндас ’кірка’ (XVI ст., Булыка, Запазыч.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Валды́р ’пухір, гуз’ (Касп.). Фасмер (1, 338) лічыць слова няясным. Бел. валдыр, магчыма, з’яўляецца русізмам (рэгіянальным запазычаннем). Не выключана бел. валдыр < вадыр ’пухір, гуз, нарыў’; параўн. рус. волдырь ’вадзяны пухір’. Гл. яшчэ Праабражэнскі, 1, 91; Шанскі, 1, В, 147.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лы́сіца1 ’птушка лысуха, Fulica atra’. Да лы́сы (гл.). Птушка мае на ілбе белую лысіну. Гл. яшчэ лыска, лысоха ’тс’.

Лы́сіца2 ’неўрадлівае поле’ (калінк., Выг.), ’непакрытае расліннасцю месца’ (маг., мін., Лемц.). Да лы́сы (гл.). Параўн. і лысіна ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вэ́нґрын ’той, хто кастрыруе’ (Сцяц.), вэ́нґер ’канавал’ (Шатал.). Вэ́нґрын ’канавал’, бясспрэчна, паходзіць ад этнічнай назвы венграў. Параўн. слав. *valachъ ’валах, румын; канавал; конь’. Аб сувязі падобных назваў (для канавала) з этнічнымі гл. Брукнер, 600; Махэк₂, 675. Параўн. яшчэ вэ́нгра.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Го́нар ’гонар’ (БРС, Шат., Касп.). Запазычанне з польск. мовы (параўн. польск. honor ’тс’ < лац. honor). Слова вядома ўжо ў ст.-бел. мове (гл. Булыка, Запазыч., 84). Параўн. яшчэ рус. го́нор ’тс’ (XVII–XVIII стст.) < польск. < лац. (Фасмер, 1, 437).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)