Зуб1. Рус., укр. зуб, польск. ząb, луж., чэш., славац. zub, палаб. zǫb, славен. zȏb, серб.-харв. зу̑б, балг. зъб, макед. заб. Ст.-слав. зѫбъ, ст.-рус. зубъ (XI–XII стст.). Прасл. *zǫbъ ’зуб’ < і.-е. *gʼembh‑, gʼm̥bh‑, gʼombho‑s ’зуб’: ст.-інд. jámbhatē ’хапаць’, літ. žembiū ’разразаю’, ст.-інд. jámbha‑ḥ ’зуб’, грэч. γόμφος ’тс’, алб. dhëmb ’тс’, лат. zùobs ’тс’, літ. žam̃bas ’востры вугал’, ст.-в.-ням. kamb, суч. Kamm ’грэбень’, тах. A kam, B kerne ’зуб’. Роднаснае ст.-слав. зѧб‑сти ’прарастаць’, ’прадзіраць’, гл. зя́бліва. Трубачоў (ВЯ, 1957, 2, 90) узводзіць прасл. форму да і.-е. *gʼon‑bhos ’выступ, тое, што вырасла’ ад *gʼen‑ ’нарадзіцца’. Шанскі, 2, З, 111; Фасмер, 2, 106; БЕР, 1, 660–662; Скок, 3, 663; Траўтман, 369; Покарны, 369.

Зуб2 ’памылка пры тканні’ (чэрв., Нар. лекс.; Жд. 1). Рус. зуб смал. ’паласа каляровай тканіны’, краснаяр. ’прамежкі ў бёрдзе, скрозь якія працягваюць ніткі’, пск., цвяр. зубок ’тры ніткі ў ткацкай аснове’, польск. ząb ’нешта ў выглядзе кліна, зуба’. Такое ж значэнне, як у польск., вядома ў іншых слав. мовах. Бел. і рус. значэнні — фіксацыя аднаго з пераносных значэнняў зуб1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Селязёнка ‘каса, кроватворны орган жывёл і чалавека’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк., Пятк. 1), дыял. сало́зіца, сало́заўка ‘тс’: салозаўка грае (пра гук у жываце каня) (Ласт.). Укр. селезі́нка, рус. селезёнка, серб.-ц.-слав. слѣзена, польск. śledziona, в.-луж., н.-луж. słozyna, чэш., славац. slezina, серб.-харв. слезѝна, славен. slezȇn, slezȇna, балг. слез, сле́зен, макед. слезенка, слезина, ст.-слав. слѣзена ‘тс’. Праславянская форма ўзнаўляецца па-рознаму: *selezenь, *selzenь (Фасмер, 3, 594), *selzena (Брукнер, 531; Махэк₂, 554), *s(p)elzen‑ (Голуб-Копечны, 337). Ваян (ВЯ, 1960, 6, 66–67) прапаноўвае *sьlezena, паколькі *selzena ва ўсходнеславянскіх мовах дало б *солоз‑, што якраз і мае месца ў беларускіх дыялектных формах. Роднасныя ст.-ірл. sela ‘селязёнка’, авест. spərəzan‑, лац. lien, ст.-інд. plīhán‑, грэч. σπλήν, Р. скл. σπληνός ‘селязёнка’, літ. blužnìs, ст.-прус. blusne ‘тс’ (Траўтман, 256; Мее, 169 і наст.; Фасмер, там жа). Адзіная індаеўрапейская праформа не аднаўляецца з прычыны вялікага разыходжання паміж формамі ў розных мовах. Мяркуецца і.-е. *sp(h)elĝh‑ (en, ā), *splenĝh‑, *splēgh‑ (Покарны, 987); Борысь (615) праславянскую форму выводзіць з і.-е. *spelģh‑en‑ā. Прычына разыходжанняў — моўнае табу, або марфалагічнае спрашчэнне. Параўн. селязень. Падрабязны агляд праблематыкі гл. Бязлай, 3, 260; БЕР, 6, 615.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Слі́на ‘цягучая вадкасць у роце’ (ТСБМ, Гарэц., Ласт., Касп., Шат., Сл. ПЗБ, ТС, Сержп., Варл.), слі́ня ‘тс’ (Нас., Байк. і Некр., Сл. ПЗБ), слі́ніць ‘мачыць слінаю’ (ТС, Варл., Сцяшк.), ‘плакаць’ (Жд. 2, Варл.), сліня́ты, слінка́ты ‘слюнявы’ (Сцяшк. Сл.), слю́на ‘сліна’ (ЛА, 3), слю́ня ‘тс’ (Гарэц., Бяльк., ЛА, 3). Укр. сли́на, дыял. слюна́, рус. сли́на, слина́, слюна́, стараж.-рус. слина, польск. ślina, в.-луж., н.-луж. slina, чэш., славац. slina, серб.-харв. сли̏на, славен. slína, балг. сли́на, слю́нка, макед. слинка, ст.-слав. слина. Прасл. *slina, *slʼuna. Бліжэйшыя адпаведнікі ў лат. sliẽnas ‘слюні, густая слізь’, sliẽnât ‘пырскаць (пра сліну)’, sliẽkas ‘слюні’; да і.-е. *(s)lei̯‑ ‘слізкі, клейкі’, гл. Траўтман, 269; Мюленбах-Эндзелін, 3, 939; Міклашыч, 307; Покарны, 662–663. Бязлай (3, 260) параўноўвае яшчэ з формамі без пачатковага зычнага грэч. αλίνω ‘намазваю’, лац. linere ‘мазаць, пэцкаць’. Фасмер (3, 672) гэтыя паралелі лічыць сумніўнымі. Сной₁ (580) разглядае як роднаснае слізь, слізкі (гл.). Гл. яшчэ Махэк₂, 555; Скок, 3, 285–286; БЕР, 6, 880; Глухак, 562; Жураўлёў, Язык и миф, 200–201; Шустар-Шэўц, 1314–1315; Борысь, 616; ЕСУМ, 5, 300–301. Карскі (1, 19) тлумачыць формы з канцавым ‑ня уплывам мяккасці папярэдняга склада і дзеяслова слініць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

І́віна ’Salix caprea’ (Нас. Доп., Кліх., Бяльк., Кіс.), і́ва (Бяс., 114). Рус. и́ва, укр. и́ва, ги́ва (Грынч.), польск. iwa, iwina, дыял. wiwa, в.-луж. jiwa, н.-луж. wiwa, палаб. jeivó, чэш. jíva, славац. iva, славен. íva, серб.-харв. и̏ва, балг. и́ва, макед. ива. Прасл. *iva/*jьva (Трубачоў, Эт. сл., 8, 248) мае шматлікія адпаведнікі ў і.-е. мовах: літ. ievà ’чаромха’, лат. iēva ’тс’, прус. iuwis ’ціс’, ст.-в.-ням. iwa ’тс’, ірл. eo ’тс’, грэч. οἄ, οἴη ’Sorbus’, арм. aigi ’вінаграднік’ (апошнія з вакалізмам ‑o‑). Звязваюць з і.-е. *ei̯‑u̯o‑ ’чырванаваты’ (Покарны, I, 297; Слаўскі, 1, 473–474; Тапароў, 3, 100–101). Адсюль розныя значэнні ў і.-е. арэале: ’чаромха’, ’ціс’ ад колеру драўніны; ’рабіна’, ’вінаград’ па афарбоўцы ягад. Скок (1, 737) першасным лічыць значэнне ’ягада’. Гл. яшчэ Бернекер, 1, 438; Мейе, MSL, 14, 1906–1908, 479; Машынскі, Pierw., 61; Клюге, 153; Фасмер, 2, 113; Безлай, 1, 214. Махэк₂ (230) супастаўляе з ням. Weide ’вярба’, грэч. ἰτέα ’тс’ < «праеўрапейскага» *vīteuā. Трубачоў (Эт. сл., 8, 249), прымаючы збліжэнне з ням. Weide, прапануе звязаць з і.-е. коранем *u̯i‑/*u̯ei̯‑ ’віць’, адкуль *u̯ei̯‑u̯ā > *ei̯‑u̯ā. Бел. івіна ўтворана ад іва суф. ‑ін‑а, які падкрэслівае значэнне асобнай адзінкі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сце́жка ’вузкая пратаптаная людзьмі або жывёлай дарожка’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр., Касп., Шат., Пятк. 2, Бяльк., ТС), сце́жка, сце́шка, стэ́жка ’тс’ (Сл. ПЗБ), сте́жка ’прабор у валасах’ (Сл. ПЗБ), сцяга́ ’сцежка’ (Касп.), сціга́ ’тс’ (рас., Шатал.; Сл. ПЗБ), сцяжы́на ’тс’, ст.-бел. стежька ’тс’ (Альтбаўэр). Укр. сте́жка, рус. стезя́, дыял. зах., паўдн. стега́, стёжка, стараж.-рус. стьзя, польск. ścieżka, ст.-польск. stedzka, в.-луж. sćežka, н.-луж. sćažka, палаб. stadza, чэш. steze, stezka, славац. stezka, серб.-харв. ста̀за ’пешаходная дарожка’, славен. stezá ’тс’, stegná, stegné, stágna ’выган’ < ’палявая дарожка’; таксама ц.-слав. стьгда, стьгна ’вуліца’ (Дзячэнка), балг. стъ́гда ’дарожка’ (Куркіна, Этимология–1968, 98–99), ст.-слав. стьгда, стьгна ’вуліца, плошча’. Прасл. *stьza (або *stьdza) < *stьga ’дарожка, сцежка’ ў выніку 3‑й палаталізацыі, звязанае чаргаваннем з прасл. *stigati ’дасягаць’. Борысь (613) польск. ścieżka выводзіць з прасл. *stьžka, дэрывата ад прасл. *stьga, на якім не адбілася 3‑я палаталізацыя. Роднасныя лат. stiga ’сцежка; пешаходная дарога’, ст.-в.-ням. steg ’тс’ (< *stigaz), грэч. στίχος ’рад’; з іншай ступенню вакалізму гоц. staiga ’дарога’, ст.-в.-ням. steiga, алб. shtek ’сцежка’; гл. Траўтман, 286; Мюленбах-Эндзелін, 3, 1065–1066; Торп, 492; Фасмер, 3, 752; Покарны, 1017; Скок, 3, 331; Махэк₂, 577; Шустар-Шэўц, 1416–1417; ЕСУМ, 5, 406; Бязлай, 3, 317; Шывіц–Дулар, Зб. Мерку, 429–440.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сы́ты ’які не адчувае голаду’, ’укормлены, тлусты’ (ТСБМ, Нас., Ласт., ТС, Сл. ПЗБ), ’негалодны’ (Байк. і Некр.), ’тлусты, адкормлены’ (Касп., Пятк. 2, Мат. Гом., Нар. лекс., Сл. Брэс., Сцяшк., З нар. сл.), ’гладкі, тлусты’ (Жыв. НС), сы́тны ’сыты’ (ТС), сыць ’корм, страва, ежа; пажыўнасць’ (Ласт.), ’сытасць; укормленасць’ (Нас., Бяльк.), сы́ціць ’карміць, насычаць’. Укр. си́тий, рус. сы́тый, стараж.-рус. сы́тъ(и), польск. syty, в.-луж., н.-луж. syty, чэш. sytý, славен. sýty, серб.-харв. си̏т, славен. sit, балг., макед. сит ’тс’, ст.-слав. сытъ ’сыты’. Прасл. *sytъ, відаць, роднаснае літ. sótus ’сыты, багаты, сытны’, лат. sats ’сытны’, ст.-прус. sātuinei ’насычаеш’, лац. satis ’досыць’, гоц. sōpa ’сыты’, ст.-в.-ням. sat ’сыты’, грэч. άατος ’ненасытны’ (Траўтман, 250; Мюленбах-Эндзелін, 3, 809; Вальдэ-Гофман, 2, 481; Покарны, 876), аднак пры гэтым цяжка патлумачыць адрозненні ў вакалізме. Іншыя даследчыкі ў сувязі з гэтым збліжаюць *sytъ са ст.-інд. çávas ’сіла, моц’, авест. sava‑ ’тс’, сюды ж ст.-інд. çū́ras ’моцны’, авест. sura‑ ’тс’, грэч. κυρος ’сіла, моц’ (Зубаты, LF, 28, 89; Фрэнкель, JF, 50, 7 і наст.). Борысь (590) узводзіць да дзеепрыметніка і.-е. *sū‑to‑ ’напоўнены, поўны’, што да і.-е. *seu̯‑ ’напаўняцца’, параўн. хец. sumai ’напаўняе’, гл. таксама Бязлай, 3, 238–239. Абмеркаванне іншых версій гл. Фасмер, 3, 821; ЕСУМ, 5, 245; Глухак, 550.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сяга́ць ’ісці, рухацца’, ’прасцірацца, даходзіць да якой-небудзь мяжы, узроўню і пад.’ (ТСБМ), ’працягваць руку, каб што-небудзь узяць’ (Стан.), ’накіроўвацца’ (Сцяшк. Сл.), сіга́ць ’імкнуцца, жадаць, дамагацца’ (Варл.), часцей з прыстаўкамі: дасяга́ць, прысяга́ць (гл. прысяга), ст.-бел. сѧгнути: сѧгнулъ рукою (Альтбаўэр). Укр. сяга́ти, сягну́ти ’даставаць, хапаць’, рус. сяга́ть, польск. sięgać ’дасягаць, выцягваць руку’, в.-луж. sahać ’даставаць; ісці вялікімі крокамі’, н.-луж. segaś ’выцягваць руку; даставаць, хапаць’, чэш. sahať ’тс’, славац. siahať ’даставаць, хапаць’, серб.-харв. се̏гнути се ’пацягнуцца, працягнуць руку’, славен. séči ’тс’, балг. пася́гам ’працягваю руку’, макед. сега ’сягаю’, ст.-слав. сѧгнѫти ’працягнуць руку’. Прасл. *sęgti, *sęgati роднаснае літ. sègti ’зашпільваць’, sagà ’засцежка, гузік’, sãgas ’пятля’, лат. segt ’пакрываць’, ст.-інд. sájati ’прылягае, прымыкае’, ст.-перс. frahanjati ’вешае’, ірл. suanem ’канат’; да і.-е. *seg‑, *seng‑ ’вязаць, злучаць, датыкацца’; гл. Траўтман, 252; Покарны, 887; Фасмер, 3, 825; Скок, 3, 214; Шустар-Шэўц, 1264; Борысь, 547; супраць сувязі з літ. siekti ’сягаць, дасягаць’, síeknis ’сажань’ Міклашыч, 291; Махэк₂, 535, таксама Бязлай (3, 221) па фанетычных прычынах; гл. яшчэ ЕСУМ, 5, 495–496; Анікін (Этимология–1983, 48 і наст.) звязвае славянскае слова з герм. *sinkʷan, (параўн. гоц. sagqjan, ст.-в.-ням. senken, ст.-сакс. sincan і г. д.), у семантычным радзе яшчэ ёсць значэнні ’апускацца, асядаць; тануць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Таі́ць ’трымаць у тайне, хаваючы ад другіх, утойваць’ (Сл. ПЗБ, Нас., Ласт., Некр. і Байк., ТС), таі́цца ’скрываць; утойваць; хавацца, скрывацца’, таі́ті ’ўтойваць’, таі́тісʼе ’падпільноўваць, цікаваць’ (Вруб.), ’запірацца’ (Нас., ТСБМ, Некр. і Байк., Касп., Ласт., Сл. ПЗБ, Сержп. Прымхі, Варл., ТС, Ян.), ст.-бел. таити ’ўтойваць’ (XV ст., КГС). Укр. таї́ти, таї́тися, рус. таи́ть, таи́ться, польск. taić (się), в.-луж. tajić (so), н.-луж. tajiś (se), tawiś, чэш. tajit (se), славац. tajiť (se), славен. tajíti (se), серб.-харв. та́јити (се), tájati, харв., чак. tōjȁt, балг. та́я, макед. таи, ст.-слав. таити, таити сѧ ’хаваць, утойваць’. Да прасл. *tajiti, дыял. *taja̋ti (рэканструкцыя Фурлан у Бязлай, 4, 147), якія з’яўляюцца вытворнымі ад *taj ’таямніца, тайна’, ’таямніча, скрытна’ (роднаснага *tatъ ’злодзей’), параўн. старое серб.-харв. tȃj, tȁja, tãja ’таямніца’, ст.-слав. таи ’таемна, употайкі, скрытна’, чэш. taj ’таямніца; невядомае’. Махэк (634) прапануе, аднак, некалькі іншае развіццё: *tajǫ < *taj‑jǫ < *taj‑ī‑tei. Далейшыя сувязі бачаць у хец. tai̯ela ’красці’, ст.-інд. (s)tāyú‑ḥ‑ ’злодзей’, авест. tãiiu/tãyu‑ ’тс’, ст.-ірл. tāid ’тс’, грэч. τήτη ’нястача’, τητάω ’пазбаўляю, адбіраю, рабую’, якія працягваюць і.-е. *(s)tă‑i‑ (Покарны, 1010); гл. таксама: Фасмер, 4, 11; Борысь, 625; Чарных, 2, 224; ЕСУМ, 5, 503 з літ-рай; Рэйзак, 649.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мак ’мак, Papaver L.’ (ТСБМ, Кіс., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС), мін., брэсц., маг. мак‑цякун ’мак-самасей’, ’снатворны мак’ (Кіс.), тураў. глухі мак ’тс’ (ТС), макава расінка ’зусім мала’ (Шат.), макам ’рассыпаючыся дагаджаць’, ’беззваротна знікаць’ (Нас.), макам сядзець ’павольна расці’ (калінк., З нар. сл.). Укр., рус. мак; польск., н.- і в.-луж. mak; чэш., славац. mak, славен. màky серб.-харв. ма̏к, макед., балг. мак ’тс’. Прасл. makъ звязана з грэч. μὴκων, дарыйск. μᾱ́κων ’мак’, ст.-в.-ням. maho > новав.-ням. Mohn, с.-в.-ням. mān, ст.-сакс. mâgo, ст.-швед. val‑moghi, швед. vallmo (у якіх герм. *walha‑ ’аглушэнне, непрытомнасць’), ірл. meacon ’мак’ (Бернекер, 2, 9; Цупіца, Gutturale, 135; Траўтман, 166). Слова праеўрапейскае (або старажытнае азіяцка-міжземнаморскае) — гл. Махэк₂, 349; Эльквіст, 1305; Фасмер, 2, 560; Сабаляўскас, КСИС, 28, 1960, 70; Скок, 2, 359; БЕР, 3, 618–619). Покарны (698) выводзіць гэту лексему з і.-е *mak(en) ’мак’. Сюды ж ма́кавы, ма́кавый (ТСБМ, Бяльк.), макаві́нне, макавіннік, макавінё, макавеня, макавіеня ’сцябло з лісцем маку’ (гродз., беласт., Сл. ПЗБ; навагр., З нар. сл.; Федар. 6, Мат. Гом., Ян.), ’адрэзаныя вяршкі сцёблаў канапель з насеннем’ (Нас.), ма́кавішча, макаві́шча, ма́ковышчэ ’града, дзе рос мак’ (ТСБМ, слаўг., Яшк.; пін., Нар. лекс.), даць макаўца́ ’пстрыкнуць’ (Ян.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Медзь, міедь, мідь ’вязкі і коўкі метал чырванаватага колеру’, ’выраб з медзі’, ’медныя грошы’ (ТСБМ; драг., КЭС; Бес.). Укр. мідь, рус. медь, польск. miedź ’медзь’, н.-луж. měź ’тс’, ’бронза’, ’латунь’, в.-луж. mjedź ’руда’, а значэнне ’медзь’ — з чэш. мовы (Шустар-Шэўц, 12, 920); чэш. měď, славац. meď ’медзь’, славен. mẹ̑d ’медзь’, ’латунь’, серб.-харв. mjȅd, макед., балг. мед, ст.-слав. мѣдь ’медзь’. Прасл. mědь не мае генетычна блізкіх і.-е. адпаведнікаў. Яе збліжаюць са ст.-ісл. smiðr, ст.-в.-ням. smid ’каваль’, з ірл. mēin(n) ’метал руды’, ст.-грэч. σμίλα ’нож для вырэзвання’ (Міклашыч, 194; Аткупшчыкоў, Из истории, 157). Бернекер (2, 46) параўноўваў яе з ц.-слав. смѣдь ’цёмны, шэры’. Больш падрабязна літаратуру гл. Фасмер (2, 591), Покарны (697). Абаеў (Зб. Младэнаву, 321) выводзіць лексему mědь з назвы краіны Мідзія са ст.-іран. Māda‑ праз ст.-грэч. іян. Μηδία, з якой медзь іянійцы прывозілі ў свае калоніі на Чорным моры (Ольвія і інш.). Аналагічна лац. cuprum ’медзь’ < ст.-грэч. Κύπρος ’Кіпр’. Сюды ж медзякі ’медныя грошы’ (Яруш., ТСБМ) (відаць, з разм. рус. медяки), ме́дны, медзя́ны, медзяні́сты ’які мае адносіны да медзі: зроблены з медзі, падобны колерам на медзь або да іншых каляровых металаў’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., Сл. ПЗБ), ме́дзень ’медны кацёл’ (паўд.-усх., КЭС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)