Мянці́ць, мяньці́ць, ме́ньціць, меньці́ць, мэнті́ты, мынтэ́тэ ’вастрыць касу мянташкай’, ’многа гаварыць, лапатаць без толку’ (ТСБМ, Бір. Дзярж., В. В., Шат., Бяльк., Выг. дыс., Сл. ПЗБ, ТС; КЭС, лаг.; карэліц., Янк. Мат.; гродз., драг., КЭС), гродз. ’круціць хвастом’, нясв. ’біць’ (Сл. ПЗБ) і, магчыма, сюды ж ’есці’ (ТС). Паводле Грынавяцкене (Сл. ПЗБ, 3, 106), паходзіць з літ. menčiúoti ’вастрыць’. Не выключана самастойнае ўтварэнне ад ме́нта, мянця́ (ДАБМ, к. 264), як бел. лапатка — лапаткаваць. Гл. Урбуціс, Baltistica, 5, 65.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гульта́й ’гультай’ (БРС, Нас., Касп., Бяльк., Сцяшк., Жд. 1). Слова не вельмі яснага паходжання. Параўн. рус. гультяй, гультай ’тс’, укр. гультай, гільтай. Сабалеўскі (Slavia, 5, 448) выводзіў гэтыя словы з *гольтай. Фасмер (1, 473) звязваў гультай з гулять. Польск. hultaj, holtaj, паводле Слаўскага (1, 435–436), запазычана з укр., якое быццам паходзіць з даўняга *golьtajь *golьtjajь (так ужо ў Сабалеўскага), да *golъ ’голы’. Адносна суфіксацыі і магчымых балтыйскіх уплываў параўн. Мартынаў, Лекс. балтызмы, 24. Паводле Трубачова (Эт. Сл., 7, 171), зыходным з’яўляецца назва дзеяча тыпу *gulʼajь (ад *gulʼati) з суфіксам ‑jь. Формы тыпу гульта́й другасныя (з эпентэтычным ‑t‑). Няпэўна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вярцёлка 1 ’мінога рачная, Lampetra fluviatilis’ (Бяльк.); ’шчыпаўка, Cobitis taenia’ (слаўг., З жыцця). Назва паходзіць ад таго, што, ратуючыся ад небяспекі, рыба імгненна зарываецца ў зямлю (Яшкін, З жыцця, 124). Утвораны ад вярцець (гл.) і суф. Nomina instrumenti ‑лька (< lъ‑jь + k‑a).

Вярцёлка 2 ’зашчапка, засаўка ў весніцах’ (КТС). Да вярце́ць (гл.).

Вярцёлка 3 ’ямка ў рацэ’ (КТС). Да вярцець (гл.).

Вярцёлка 4 ’жанчына, якая шукае лёгкіх уцех’ (КТС). Рус. пск., цвяр. вертёлка ’шалахвостка’; ’баявая і хуткая ў рухах жанчына ці дзяўчына’. Да вярце́ць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Капі́ца 1, копы́ця, копіца ’часовая укладка сена, саломы’ (ТСБМ, Сцяшк., Крачк.; лоеў., добр., Мат. Гом.; свісл., маст., беласт., пруж., драг., пін., Сл. паўн.-зах.). Прасл. kopica < kopa > капа (гл.).

Ка́піца 2 ’прывязка ў цэпе’ (рэчыц., Нар. сл.; браг., Шатал.), ’абруч, на які замужнія жанчыны накручвалі валасы’ (Малч.; кобр., Шн. 3). Польск. kapica, н.-луж. kapica, в.-луж. khapica, ст.-чэш. kapicě, славен. kápica, серб.-харв. ка̏пица, балг. капица. Паводле Слаўскага, 2, 54–55, лексема паходзіць з польск. kapica, якое з kapa і суфікса ‑ica.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лазу́тчык ’разведчык у тыле ворага, шпіён’ (ТСБМ), ст.-рус. лазут(ь)никъ, лазутьчикъ, рус. лазутчик ’тс’, лазу́та ’проська, жабрак’, якія Фасмер (2, 450) узводзіць да старога дзеепрыметніка lazǫtъ. Аднак славен. lazútati ’поўзаць, лазіць’, lazútelj ’бадзяга’ уносяць дадатковыя цяжкасці пры тлумачэнні асновы лазут‑. Бел. лексема запазычана з рус. мовы (Крукоўскі, Уплыў, 74). Параўн. таксама ст.-бел. лазукъ, лазука ’разведчык’ (XVI ст.), лазуцтво, лазучство ’бадзянне’, якія можна вывесці з лазити > лазіць (гл.). Ад лазук(а) паходзіць лазучыць ’віжаваць, шпіёніць, выведваць’ (Нас.), у процілеглым выпадку (< lazǫt‑) было б лазуціць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Армя́к ’даўгаполая вопратка з тоўстага сукна’ (БРС, Касп., Бяльк.; карту рэаліі гл. Малчанава, Мат. культ., 153), дыял. гармя́к. Рус. армя́к, укр. армʼя́к. Ст.-польск. giermak. Ст.-бел. з 1574 ермяк, ормяк, кгермак (Булыка, Запазыч.). Сучаснае беларускае з XIX ст. (Гіст. мовы, 2, 26), улічваючы пашырэнне на паўночным усходзе, з рускай. Рускае (у XVI ст. ормяк, ормячек), магчыма, з тат. əрмак: Фасмер, 1, 88. Старабеларускае, стараўкраінскае, старапольскае (адкуль кгермак у старабеларускай) запазычаны без рускага пасрэдніцтва. У цюркскіх слова паходзіць ад кораня ӧр ’віць’ плясці, вязаць’, адкуль ӧрмӓк гатунак сукна’ (Радлаў, Опыт, 1, 801, Др. Тюрк.). Супрун, Зб. Крымскаму, 127–128.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Казадо́й ’птушка Caprimulgus’ (БРС, ТСБМ). Нягледзячы на пашырэнне ў слав. мовах: укр. козодій, рус. козодой, польск. kozodój, чэш. kozodoj, славен. kozodòj, серб.-харв. ко̏зодој, балг. уст. козодой (лічыцца запазычаннем з рус. мовы), не з’яўляецца старажытным. Паходзіць з лац. caprimulgus ’птушка казадой’ і ’пастух, чалавек, які доіць коз’, capra ’каза’ і mulgere ’даіць’. Лац. слова адлюстроўвае старажытнае павер’е, што гэта птушка ўначы высмоктвае малако ў коз. Аб шляхах запазычання меркаваць цяжка; рус. козодой Фасмер (2, 279) лічыў або кніжнай калькай праз ням. Ziegenmelker з лац., або непасрэдна з лац. caprimulgus. Бел. слова — з рус. або польск. мовы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вінт 1 ’болт са спіральнай нарэзкай шруба’ (КТС, БРС). Укр. гвінт, рус. винт, макед., балг. винт ’тс’, чэш. народн. vint ’нарэзка шруба’. Запазычана з рус. мовы (Крукоўскі, Уплыў, 27) < польск. gwint ’вінт’ < ням. Gewinde ’нарэзка’, winden ’абвіваць, намотваць, круціць’ (Брукнер, 165; Шанскі, 1, В, 101; Фасмер, 1, 317). Цалкам магчыма, што бел. вінт паходзіць непасрэдна з польск. мовы. Сюды ж вінтавы́.

Вінт 2 ’частка рухавіка парахода ці самалёта ў выглядзе лопасцей, замацаваных на валу’. Запазычана з рус. мовы (Крукоўскі, Уплыў, 98).

Вінт 3 ’карцёжная гульня’ (БРС, КТС). Запазычана з рус. мовы; параўн. винт ’тс’ < ням. Gewinde. Да вінт 1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

-сі, часціца пры параўнальным злучніку чым: з грэцкой мукі лемешка лепей чим‑си с аржаной (Нас.), варыянт чим‑ся (там жа). Паводле Карскага (2–3, 491), паходзіць з указальнага займенніка *sь (гл. сей). Выказваюцца таксама меркаванні пра паходжанне аналагічных часціц у іншых славянскіх мовах з рэштак аптатыву дзеяслова *es‑ ‘быць’ (ESSJ SG, 2, 607) або з формы Д. скл. зваротнага займенніка *sę (Сабалеўскі, Slavia, 8, 485 і інш.), аднак для канкрэтных выпадкаў цяжка прыняць адназначнае рашэнне (агляд і абмеркаванне версій гл. у ESJSt, 13, 814). Варыянтнасць ‑сі/‑ся схіляе да думкі пра займеннікавае паходжанне форм. Гл. таксама -ся.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пралета́рый, пралета́р ’наёмны рабочы’, ’незаможны грамадзянін у Старажытным Рыме’ (ТСБМ). Для гэтых дзвюх форм магчымы дзве крыніцы запазычання. Пралетарый, відаць, праз рус. пролетарий ’тс’, якое праз ням. Proletarier узыходзіць да лац. prōlētārius ’грамадзянін, які служыць дзяржаве толькі тым, што мае дзяцей’ < prōlēs ’патомства, нашчадкі’ (гл. Фасмер, 3, 375). Форма пралета́р магла ўзнікнуць з польск. proletariusz у выніку адпадзення нязвыклага канчатка ‑usz, аднак, параўн. франц. prolétaire, з якога, відаць, чэш. proletář, польск. proletarz (Банькоўскі, 2, 782) і ўкр. пролета́р (ЕСУМ, 4, 596). Не выключана, аднак, што яна паходзіць ад пралетарый з усячэннем ‑ый. Пралетарыят з рус. пролетариат (Крукоўскі, Уплыў, 81).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)