абярну́ць, абярну, абернеш, аберне; зак., каго-што.

1. Паваліць на бок або перавярнуць дагары; перакуліць. Абярнуць стол. □ А раніцай — ускруціць цябе шалёны вецер,.. гатовы сцены абярнуць і сячэ, цэдзіць па вокнах буйнымі халоднымі слязьмі. Пташнікаў. // Выліць, вываліць змесціва з пасудзіны і пад., паваліўшы яе на бок. Абярнуць малако. Абярнуць воз бульбы.

2. Павярнуць назад, убок. Абярнуць галаву. □ [Язэп] заснуў на санках падцягнуўшы пад сябе правую [ляйчыну] так моцна, ажно конь галаву абярнуў направа і за ноч вялізны круг вытаптаў у снезе на выгане. Бядуля.

3. Разм. Накіраваць (сродкі і пад.). Работа зробіцца, час пройдзе, а заробленыя грошы.. [Толя Базылькевіч] аберне на заняпалую гаспадарку. Чорны. [Віктар:] — Цяпер я бачу, што ўсё на свеце можна абярнуць на карысць чалавека. Маўр.

4. Прымусіць прыняць іншае аблічча, выгляд; ператварыць, змяніць, перавесці адну якасць у другую. І можа лепш пайсці па згоду, У жарт выпадак абярнуць. Колас. // У казках і рэлігійных павер’ях — ператварыць адну істоту, з’яву або прадмет з дапамогай чараў у іншую. Абярнуць чалавека ў воўка. □ «Абярні, бог, ворагаў маіх за здзекі У каменне нерухомае навекі». Дзяргай.

5. Схіліць да чаго‑н. Абярнуць у сваю веру.

6. Змяніць, прыдаць іншы напрамак (пра абставіны, ход якой‑н. справы). Адпомсцім ворагу мы ў жорсткай барацьбе, Абернем у пільнасць мы жалобу і трывогу. Гурло.

7. Абвергнуць чые‑н. думкі, погляды, перакананні і пад. Антон не хацеў паверыць у гэта [што Букаты не дараваў яму], спадзяваўся, што ўсё яшчэ можа неяк змяніцца, але маўклівая туга ў вачах Букатага абярнула слабую надзею, перакрэсліла яе і адкінула бязлітасна. Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

аргані́чны 1, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да арганізма (у 1 знач.); які характарызуецца жыццёвымі працэсамі; жывы. Арганічнае жыццё. Арганічны свет. Арганічная прырода. // Які ўтварыўся ў выніку разлажэння жывёльных і раслінных арганізмаў; які нагадвае сабой прадукт такога разлажэння. Чым далей у глыбіню возера, тым больш арганічных часцінак прымешваецца ў азёрныя адкладанні. Прырода Беларусі.

•••

Арганічная хімія гл. хімія.

аргані́чны 2, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да органа (у 1 знач.); які датычыцца ўнутранай будовы органаў чалавека. Арганічны парок сэрца.

2. перан. Унутраны, які датычыцца самой сутнасці, асноў чаго‑н.; непарыўна звязаны з чым‑н. Арганічнае адзінства тэорыі з практыкай. □ Сувязь паміж часткамі і цэлым настолькі арганічная, што варта пісьменніку змяніць імя героя, як светацені ў творы перамяшчаюцца. Адамовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разле́злы, ‑ая, ‑ае.

1. Які падраўся, пранасіўся, распоўзся (пра адзенне, тканіну і пад.). Разлезлы мех. Разлезлыя валёнкі. □ Потым [Іван] павольна пакрочыў, [пакідаючы] ў снезе разлезлымі, перавязанымі дротам ботамі няўклюдныя сляды. Навуменка. Зразумела, меў бы Шурка іншае адзенне, каб змяніць гэты разлезлы .. балахон, усё было б проста. Мехаў.

2. Вельмі прамоклы, размоклы. Міця Царыкаў ганяў камбайн па разлезлай гразі двара, а Кавалёва з Паньковым прыслухоўваліся да рытмічнага гулу матора. Дуброўскі. Машыну трэсла і кідала на разлезлых ад апошніх дажджоў ускраінных вулках, пакуль не ўз’ехалі на цэнтральную вуліцу. Хадкевіч. // Раскіслы. Салёны разлезлы агурок.

3. Разм. Які страціў фігуру, празмерна растаўсцеўшы; распоўзлы. Павязаная хусткай галава з насунутай на вушы пілоткай робіць немца падобным на старую разлезлую бабу. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разваро́т, ‑у, М ‑роце, м.

1. Дзеянне і стан паводле дзеясл. развярнуць (у 4 знач.) і развярнуцца (у 2 знач.).

2. Паварот з мэтай змяніць напрамак руху. Падляцеўшы да рачулкі, .. [самалёт] крыху знізіўся і зрабіў разварот. Даніленка. Нечакана перад самым ровам танк зрабіў разварот на дзевяноста градусаў. М. Ткачоў. // Выгіб, паварот, які ўтвараецца чым‑н. (дарогай, вуліцай і пад.). Трамвайныя лініі рабілі разварот і перасякалі асфальт вуліцы ў двух месцах. Пташнікаў.

3. Дзве сумежныя старонкі разгорнутай кнігі, часопіса, сшытка і пад. Разварот газеты. □ Гэта была карта — карта на ўвесь разварот часопіса. Ракітны.

4. Разм. Шырыня, размах у развіцці, у праяўленні чаго‑н. Разварот падзей. // Магчымасць разгарнуцца, праявіць сябе, паказаць сябе. [Баравы:] — Вось і мая такая думка: трэба не даваць .. [варажбітцы] тут ніякага развароту. Краўчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

развярну́ць, ‑вярну, ‑вернеш, ‑верне; зак., каго-што.

1. Дзейнічаючы з вялікай сілай, разваліць, разбурыць, раскідаць. З акна віднелася крыло вакзальчыка, цэлае крыло, другое развярнула бомба. Пестрак. / у безас. ужыв. [Бокуць:] — Бомбы разарваліся недалёка ад палатна чыгункі. Як развярнула зямлю, аж дрэвы з карэннямі павыварочвала. Гурскі. // Прывесці ў беспарадак, разварушыць; растрыбушыць. Бандыты развярнулі пасцелі, шаблямі рэзалі падушкі і высыпалі пух. Чарнышэвіч.

2. Рассунуўшы, раскруціўшы, зрабіць, пашырыць (дзірку, адтуліну і пад.). — Падай мне які-небудзь кол, я ім здолею развярнуць дзірку так, што нават і сам улезу. Маўр.

3. Павярнуўшы, змяніць становішча прадмета або напрамак яго руху. Піліп развярнуў машыну і, абмінуўшы вагончык, падкаціў пад паветку. Даніленка. Сакалоўскі развярнуў кулямёт і паслаў у бок фашыстаў доўгую чаргу. Хомчанка.

4. Спец. Размясціць у шырыню па лініі фронту. Развярнуць войскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перайсці́, перайду́, пяро́йдзеш, пяро́йдзе; перайшо́ў, -шла́, -ло́; перайдзі; пяро́йдзены; зак.

1. што і цераз што. Ідучы, перамясціцца на працілеглы бок чаго-н.

П. дарогу.

П. цераз раку.

П. граніцу.

П. межы дазволенага (перан.).

2. Прайсці з аднаго месца на другое.

П. ў другі пакой.

3. Змяніць работу, стан, месца знаходжання.

П. на новую работу.

П. на трэці курс.

4. каму і да каго. Дастацца каму-, чаму-н. ад каго-, чаго-н., стаць чыёй-н. уласнасцю.

Гэта хата перайшла нам ад бацькоў.

5. у што, да чаго, на што. Прыняцца за што-н. іншае, пачаць дзейнічаць па-іншаму.

П. ў наступленне.

П. да абмеркавання чарговага пытання.

П. на нелегальнае становішча.

6. (1 і 2 ас. не ўжыв.), у што. Ператварыцца ў што-н. іншае, стаць другім.

Дождж перайшоў у снег.

Сяброўства перайшло ў каханне.

7. (1 і 2 ас. не ўжыв.), перан. Уступіць, ахвяраваць што-н. каму-н. (разм.).

Няхай лепш маё пяройдзе.

|| незак. перахо́дзіць, -джу, -дзіш, -дзіць.

|| наз. перахо́д, -у, М -дзе, м. П. колькасці ў якасць.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

падпра́віць, ‑праўлю, ‑правіш, ‑правіць; зак., каго-што.

1. Паправіць крыху, у некаторых месцах; выправіць. [«Буржуй»] загадаў пафарбаваць вагон, падправіць дах, змяніць некалькі дошак у падлозе. Лынькоў. Лоўгач перачытаў.. [артыкул], трохі падправіў, замяніў асобныя словы і там, дзе гаворка ішла аб задачах зеленгаса, рашыў дапісаць цэлы абзац. Савіцкі. // Прывесці ў парадак, надаць належны выгляд. Малады ўрач сеў зручней, непрыкметна падправіў капялюш і плашч. Шамякін. Нават больш за сабой [Ніна] наглядаць стала. Косы падправіць, хустку прыгажэй завяжа. Галавач.

2. Разм. Аднавіць, палепшыць, наладзіць што‑н. разбуранае, заняпалае. Завод [Хурс] падправіў і пусціў так, як ішоў і раней. Чорны. Душа [Сузона] поўнілася спакоем і ўпэўненасцю: прыеду, за зямельку вазьмуся, падпраўлю гаспадарку. Галавач.

3. Разм. Крыху паправіць чыё‑н. здароўе; падлячыць. Аляксей заўважыў цяпер, што шчочкі.. [дачкі] нездарова блеклыя.., локцік завостраны, пальчыкі тонкія. «Трэба падправіць дзяўчынку», — падумаў ён з пяшчотаю і з жалем. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абле́зці, ‑зу, ‑зеш, ‑зе; зак.

Разм.

1. Страціць валасы, поўсць, пер’е. Аблез [Ігнат].., чэрап свеціцца голы. Мележ. // Выпасці, вылезці (пра валасы, поўсць). — Адна [жонка] свайму ж гаспадару чыгун кіпню на галаву выліла. Добра, што вада ўжо трохі выйшла парай, дык валасы ў чалавека аблезлі, скура за вушамі спяклася, а сам жыў астаўся. Кулакоўскі.

2. Страціць першапачатковую афарбоўку, выліняць, выцвісці. [Млынар Шэлегу:] — Калі можна, дарагі, то я яшчэ пару баначак фарбы прыхвачу. Аканіцы зусім аблезлі. Навуменка.

3. Змяніць скуру, абгарэўшы на сонцы. [Стафанковіч:] — Гэта ж трэба мець нечалавечую галаву, каб выседзець у гэтакай пякельнай моцы, як у яго там скура, разам з валасамі, не аблезе?.. Чорны.

4. Страціць верхні слой; аблупіцца; выцерціся. Бур’ян быў і на самім папялішчы — зялёны, густы, ён падыходзіў аж да печы, якая аблезла, завалілася ад дажджоў і снегу зусім. Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

развярну́цца, ‑вярнуся, ‑вернешся, ‑вернецца; зак.

1. Разваліцца, разбурыцца. Печ развярнулася ад выбуху.

2. Павярнуцца, каб змяніць становішча або напрамак свайго руху. Жывіца зухавата развярнуўся. Паслядовіч. Машына дала задні ход, развярнулася і пайшла ў глыбіню лесу. Пальчэўскі.

3. Спец. Размясціцца ў шырыню па лініі фронту, прыняць баявы парадак. // Перафарміравацца ў буйнейшую баявую адзінку.

4. Прыняць пэўны парадак. Журавы развярнуліся ў клін. Брыль.

5. Разм. Павярнуцца, адвёўшы руку ўбок. Дзядзька Цімох развярнуўся ды як даў Лявону поўху — той ледзьве з ног не зваліўся. Дубоўка. // чым, з чым (звычайна з адмоўем, словамі «як», «толькі» і інш.). Пра наяўнасць прасторы для пэўных рухаў (пры рабоце). Там з касою не развярнуцца. □ Вялікая печ, ложак паўз сцяну, стол і канапа. Яны займалі ледзь не ўсю хату, пакідаючы праход у другую палавіну і месца, як развярнуцца вілачнікам. Кудравец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Мяня́ць1, меня́ць ’абменьваць’, ’рабіць іншым’, мяняла, меняйло ’той, хто займаецца абменам грошай, адных рэчаў на другія’ (ТСБМ, Яруш., Сл. ПЗБ, ТС), міня́ньне ’абмен’ (Рам. 7). Укр. міня́ти, міни́ти, рус. меня́ть, ст.-рус. мѣняти, польск. mienić, mieniać, н.-луж. měniś, в.-луж. měnjeć, чэш. měniti, славац. meniť, славен. ménjati, серб.-харв. мијѐнити; макед. менизмяніць’, менува ’мяняць’, балг. меня, ст.-слав. мѣнити. Прасл. měniti, роднаснае да літ. maĩnas, mainaĩ ’мена’, лат. maĩnît ’мяняцца’, гоц. gamains, лац. commūnis ’агульны’, mainikáu̯ti ’займацца перакупніцтвам’, лат. maĩnît ’мяняцца’, ст.-інд. máyatē ’мяняе, і.-е. *mei ’тс’ (Міклашыч, 195; Бернекер, 2, 48; Фасмер, 2, 600; Бязлай, 2, 177–178).

Мяня́ць2 ’гаварыць абы-што, недарэчнае; малоць языком’ (свісл., Сл. ПЗБ), ст.-бел. мѣнити ’называць, казаць, гаварыць няпраўду, узводзіць паклёп’ (Літ. статут 1529 г.). Укр. поміни́ти ’абяцаць’, польск. nad‑mienić ’згадаць’, палаб. menăm, н.-луж. měniś, в.-луж. měnić ’думаць, меркаваць’, чэш. míniti, славац. mieniť, славен. meníti/méniti ’тс’, серб.-харв. кайк. meniti se, чак. miniti, шток. намијѐнити ’паправіцца’, доме́нути се ’дамовяцца’, макед., балг. у кампозітах, ст.-слав. мѣнити. Прасл. měniti ’помніць’. Паводле вакалізму з’яўляецца роднасным да ст.-в.-ням. meina ’сэнс, думка, меркаванне’, meinem ’думаць, меркаваць’, новав.-ням. meinen, ст.-ірл. māin ’жаданне’, ірл. moin ’погляд, адносіны’, уэльск. mwyn ’густ’. Да і.-е. *men‑ (Мее, MSL, 13, 364; Фрэнкель, 455; Покарны, 726; Бязлай, 2, 177; Махэк₂, 363).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)